Вы тут

«Трывожны водсвет ваенных пажараў так і не пагас у іх радках». Жыццёвы шлях Юрася Свіркі


«Шэпчуцца ліўні»...​ Як быццам само неба нашаптала яму назву першай кніжкі.  Не адзін дзень, не адну ноч, пэўна, слухаў ён каля расчыненага акна музыку ліўня — ціхую і пяшчотную,  як спеў каханай, каб так, у двух словах, перадаць і настрой душы, і рытмічны пульс сэрца і голасу.


Тады, у канцы пяцідзясятых гадоў мінулага веку, кніжкам давалі гучныя назвы. І зборнік вершаў Юрася Свіркі «Шэпчуцца ліўні» вылучаўся сярод іх: такая лірычная назва і здзіўляла, і прыцягвала ўвагу. Хто ён, паэт з такім голасам? Адкуль родам? Дзе жыве і працуе?

Не ў кнізе і не ў часопісе, а ў насценнай студэнцкай газеце ўпершыню прачытаў я верш Юрася Свіркі — пра байца-франтавіка з блакітнымі вачыма. Ён загінуў, а ў свеце, захмараным і задымленым вайною, стала болей блакіту. Лірычны верш на такую сур’ёзную тэму адразу запаў у памяць. Тады я, студэнт-першакурснік, і падумаць не мог, што мы пасябруем — разам будзем працаваць на Рэспубліканскім радыё, ездзіць на сустрэчы з чытачамі, дарыць адзін аднаму свае новыя кнігі.

На радыё, у літаратурнай рэдакцыі, плённа працавалі сябры-аднадумцы: Анатоль Залеўскі, Юрась Свірка, Валянцін Мыслівец, Казімір Камейша. Не ў кожнай вёсцы была школа, бібліятэка. І літаратурна-мастацкія часопісы «Полымя», «Маладосць», «Нёман» не ўсюды даходзілі да чытачоў. А радыё гаварыла, бадай, у кожнай хаце. Уключай — і слухай новыя творы беларускіх пісьменнікаў: вершы, апавяданні, п’есы, нарысы. Радыёчасопіс «Паэзія» выходзіў у эфір, можна сказаць, мільённым тыражом. І галоўным рэдактарам яго доўгія гады быў ён, Юрась Свірка.

Нарадзіўся Юрась Свірка 6 мая 1933 года на Бягомльшчыне, у вёсцы Маргавіца. Сям’я была вялікая — восем дзяцей. Бацька Мікалай Іванавіч — інвалід, удзельнік Грамадзянскай вайны. Маці, Акуліна Пятроўна, свету белага не бачыла за работаю: накарміць і адзець такую сям’ю было нялёгка. Душу адводзіла, спяваючы над калыскаю, за пражаю, на лавачцы каля весніц — з вясковымі жанчынамі. І голас быў, і народныя песні не забываліся з часам. Так, з песняю, і век пражыла, цешачы дзяцей, меншага, Юрася, найболей. Пасля ён шкадаваў, што не запісаў матчынага голасу на плёнку.

Уяўляю магільны зляжалы грудок.

Май жыццю дорыць гукі і сокі.

Спеў матулі маёй трапяткім жаўруком

Прарастае ў блакіце высокім.

Бягомльшчына — партызанскі край. У час варожай блакады людзі хаваліся ў лесе, на балотах, жылі ў буданах і зямлянках. Хлапчуком перажыў усё гэта і Юрась Свірка, потым доўга хварэў, лячыўся. У паэтычных радках — дакументальная дакладнасць: «Вайна ўсе забавы перакрэсліла, спаліла і маленства, і сяло». Любоў у яго не абстрактная, а зямная: да чалавека, да птаха, да дрэва. А праз іх ужо ў цэлым да людзей, да прыроды, да Радзімы. У кніжках няма лірычнага героя, усюды ён сам, аўтар: у кожным вершы б’ецца яго сэрца, трапеча яго душа, гучыць яго голас — спакойны, радасны, сумны.

З эсэ паэта Казіміра Камейшы:

«Не часта паэты трымаюцца адной нейкай тэмы, ён жа часцей за ўсё спяваў пра родны лес, пра сваю лясную Бягомльшчыну. Акордамі ў яго вершах перахлістваюцца і шчырае замілаванне непаўторным лясным хараством, і той пякельны боль, які несла нашаму краю бязлітасная вайна. Ён сказаў аднойчы: “Я — атожылак долі сялянскай”. Яго лясное паходжанне не дазваляла шукаць нейкія іншыя параўнанні для сваёй паэтычнай асобы. Менавіта атожылак, жылісты, гнуткі, але не зломісты расток роднага дрэва, які добра адчувае і карані сваіх бацькоў, і родную глебу, і ўсё, што вышэй яе, да самага неба. Атожылак, скіраваны да жыцця. Гэтак жа і словы, як той атожылак, песціў, гадаваў ён у сваіх вершах, пакуль не разрасліся яны ў карэністую і кроністую баравіну».

Паэт і сам прызнаецца ў аўтабіяграфіі, што найлепшыя вершы напісаў дома, у сваёй Маргавіцы. Радкі наплывалі і тады, калі касіў сена ў лузе, і тады, калі хадзіў па грыбных баравінах, і тады, калі слухаў успаміны старэйшых пра ваеннае ліхалецце.

Чародка галубоў

У небе не знікае —

Нібы лістоўкі зноў

Над партызанскім краем.

Гэта і пра яго, Юрася Свірку, думаў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, калі пісаў прадмову да трохтомнай «Анталогіі беларускай паэзіі»: «Не толькі памяццю сэрца, але і асаблівасцямі светаўспрымання гэтыя паэты засталіся навечна прывязаны да перажытага ў падлеткавым або ў дзіцячым узросце. Трывожны водсвет ваенных пажараў так і не пагас у іх радках, чаму б яны ні прысвячаліся».

Разам смуткавалі мы, праводзячы ў апошні шлях пісьменнікаў — старэйшых, ветэранаў вайны і маладых, нашых сяброў. Памятаю, неяк пасля памінак Юрась Мікалаевіч сказаў: «Хлопцы, калі хто-небудзь з нас цяжка захварэе, мы скінемся па гадку — і хворы ачуняе, вернецца з бальніцы. Будзем і далей працаваць разам, спрыяць адзін аднаму». У гэтым паэтычным пажаданні — увесь чалавек, яго душа, яго жыццёвае крэда.

Праца, сямейныя клопаты ўсё радзей адпускалі з Мінска. Шчыміць у вершы спавядальны радок: «Хвайнякі мяне не пазнаюць…» Для старых дрэў тут, на радзіме, ён свой — помняць яго з дзяцінства. А для маладзенькіх хвоек, ялінак, бярозак ён ужо госць, які прыехаў з горада грыбы збіраць. І паэт нібыта каецца, без віны вінаваты, і перад землякамі, і перад птахамі, і перад дрэвамі. І ціхая, светлая журба ў вершах кранае мацней, чым гучныя словы клятвы.

Можна і ўсміхнуцца. Аднаго разу я прагаварыўся, што мой вясковы равеснік з лясных дрэў ведае толькі бярозу і елку. У бярозы — белы ствол, а елка сама прыходзіць да яго ў госці на Новы год. Юрась Мікалаевіч здзівіўся, не паверыў: «А ясень, граб, асіна?» — «Для яго гэта — цёмны лес», — скаламбурыў я. І папрасіў, каб ён падпісаў для майго земляка сваю «Баравіну». Няхай хоць так, праз кніжку, пазнаёміцца з дрэвамі, якія растуць у лесе.

Акварэльна-чыстыя вершы прысвечаны вернай спадарожніцы жыцця — каханай, жонцы, маці, бабулі. І ціха журбоцяцца, плачуць яны, лірычныя радкі, над яе магілаю, у пазнейшых успамінах. Час ідзе, за годам год мінае, але «не ўсё ў душы перабалела». Сумна ўсміхаўся, прыгадваючы, як малая дачушка некалі раўнавала: «Мамы не аддам. Яна мая. Не лезь у наш пакой». Смуткуе з паэтам сама прырода: стала меней святла на зямлі.

Вершы для дзяцей час ад часу друкаваліся ў часопісах «Бярозка» і «Вясёлка», у калектыўных зборніках. І назву для сваёй дзіцячай кніжкі Юрась Свірка, пэўна, у лесе падгледзеў, прыдумаў — вобразную, казачна-загадкавую: «Гарачы стажок». Не з травы, высушанай на сонцы, ён, гэты стажок, а мурашыны. Так варушацца, так мітусяцца працавітыя мурашы, што іх стажок сапраўды аж кіпіць, здаецца, як вада ў катле. Дзеці прыбралі ў хаце, разам з бацькам падарылі маме кветкі, і яна расцвіла ўся, як памаладзела. З усмешкай кажа тата: «Падарылі маме свята!» Паэт і сам дарыў вучням і настаўнікам свята, чытаючы ў школе такія светлыя вершы.

Агучаныя і расквечаныя родным словам, шумяць у вершах лясы, звіняць крыніцы, залацяцца жытнёвыя нівы, зелянеюць мурожныя лугі. Паэт вырас сярод людзей, якія размаўлялі, спявалі, маліліся Богу на роднай мове. І яго навучылі гаварыць і думаць на гэтай мове. І ён дзячыць ім, сваім сучаснікам, новымі кнігамі. І да нашчадкаў звяртаецца, каб не забывалі:

У нас сваіх хапае слоў

Крамяных, росных, васільковых —

Ад мурагу і ад лясоў,

Ад светлых высяў жаўруковых.

З аўтабіяграфіі Юрася Свіркі:

«Калі б патрабавалася адказаць, якія вершы любіш, зазначыў бы: выпакутаваныя, сціслыя, спакойныя. Мне здаецца, калі паэт свядома піша гучныя радкі, то ён думае, што ўсе глухаватыя і яму трэба крычаць. Не люблю вершаў-галаваломак з прэтэнзіяй на глыбакадумнасць, не люблю вершаў без жыццёвай асновы і лёсу. Пераканаўся, што лепш пісаць па гарачых слядах паэтычнай задумы. Накіды, пакінутыя ў запісной кніжцы, з часам астываюць. І немагчыма двойчы прымусіць сваю душу вяртацца да першапачатковага настрою і хвалявання».

«Біяграфія памяці» — так назваў Юрась Свірка адну з кніг. Жыццё сваё і жыццё сучаснікаў, людзей розных пакаленняў, стала біяграфіяй яго памяці. З часам і лёс продкаў праясняецца, таксама западае ў памяць. Шырэе тэматычны абсяг, глыбее паэтычны летапіс у кнігах «Вечнасць», «Баравіна», «Крэўнасць», «Люблю і веру», «Памятная вярста», «Паўшар’е блакіту»… За лёсам роднай Маргавіцы, за лёсам роднага Бягомля бачацца іншыя вёскі і гарады. Верш да верша, кніга да кнігі — і паўстае перад вачыма ўся наша Беларусь. Прыгожая. Працавітая. Гераічная.

Я шчаслівы,

Што сонца тваё, Беларусь, сагравае,

Што жыву на зямлі

Не скаронай ніколі, нікім.

І не першы, відаць,

Я матуляй цябе называю

І хачу,

Каб назвала ты сынам сваім.

Шчырае і красамоўнае яно, гэтае прызнанне з кнігі «Узаемнасць», за якую паэт атрымаў Літаратурную прэмію імя Аркадзя Куляшова.

За гады творчай працы на радыё і ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» Юрась Свірка стаў малодшым сябрам старэйшых пісьменнікаў і настаўнікам многіх пачаткоўцаў, аўтараў першых кніжак. Ён гатовы быў падзяліцца апошнім, а сам ніколі не скардзіўся на жыццё, не прасіў дапамогі. Крылатым стала яго выслоўе: «Перажывай моўчкі». І ў вечнасць сышоў ціха, без сведак, на дачы. Нас, сваіх сяброў і чытачоў, сабраў, каб развітацца, у дзень пахавання.

Я ўспомніў яго даўняе пажаданне. І не напісаў паволі, рыфмуючы радкі, а проста выдыхнуў свой жалобны санет.

Нясу за крыжам твой жывы партрэт,

Жалобнай стужкай коса перавіты.

А ты не бачыш нас, жалобнай світы,

Нібыта вершы думаеш, паэт.

Уславіў і жыццё, і родны свет,

Пайшоў ад сосен баравых, ад жыта,

Ад свят скупых, ад шэрых будняў быту —

Ніхто не кіне злога слова ўслед.

 

З маленства даражыў зямной прапіскай.

На развітанне не ўсміхнуўся блізкім,

Сябрам не змог здалёк падаць руку.

Каб зналі, што дыхне магіла склепам,

Мы скінуліся б, дружа, па гадку —

І жыў бы ты яшчэ пад светлым небам.

Добра, калі ўспамінаюць цябе жывыя — сучаснікі і нашчадкі. Іх памяць — як святая малітва, як імянная свечка ў храме, каб не сірацілася душа ў вечнасці. Водсвет яе кладзецца і на вершы, напісаныя ў розныя гады жыцця. Я бяру ў рукі кніжку з сяброўскім аўтографам, чытаю лірычныя радкі. І думаю пра яго, Юрася Мікалаевіча, як пра жывога: стаіць недзе каля расчыненага акна, слухае, як шэпчацца начны лівень.

Мікола МАЛЯЎКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.