Вы тут

Новы зборнік Васіля Андрэевіча «Я веру!» выйшаў у выдавецтве «Альтэрнатыва»


Бываюць аўтары, якім верыш. Так у мяне склалася з паэтам Васілём Казачком, чыя творчасць сагравае непадробнымі пачуццямі і перажываннямі, глыбінёй і прыгажосцю, радасцю жыцця і імкненнем, абапіраючыся на маляўнічае слова, несці людзям святло.


Новы зборнік Васіля Андрэевіча пабачыў свет сёлета ў выдавецтве «Альтэрнатыва». «Я веру!» — сцвяджае аўтар ужо ў назве кнігі, і мы, уважлівыя чытачы, верым разам з ім: у перамогу дабра над злом, у шчаслівы лёс для нашай Радзімы і мілагучнай мовы продкаў, у існаванне сапраўднага кахання і непераадольную сілу паэтычнага слова.

У зборнік увайшлі вершы 2008—2022 гадоў, і дапаўненнем да іх сталі карціны, напісаныя Васілём Казачком, на каляровых уклейках. Такой непадробнай любоўю да навакольнага свету вее ад гэтых выяў! І ў кожным малюнку — любоў да роднай Беларусі, да малой радзімы — Століншчыны, дзе помніць продкаў кожнае дрэва…

Увогуле ж, кніга паэта і мастака складаецца з 7 раздзелаў: «Шануй і барані продкаў карані» (вершы, прысвечаныя Радзіме, беларускай мове і няпростаму яе лёсу, веры ў Бога), «Жыццё — кароткае імгненне» (творы, што апісваюць розныя этапы жыццёвага шляху аўтара і людзей, з якімі яму выпадала сутыкацца), «Мелодыі кахання» (у гэты раздзел, сярод іншага, уваходзяць тэксты песень), «Паэзіі чароўная краіна» (роздум над таямніцай творчасці і прысвячэнні любімым класікам — Караткевічу, Багдановічу, Гілевічу, Купалу, Геніюш…), «Прыроды непаўторныя малюнкі» (пейзажная лірыка), «Дванаццаць месяцаў — дванаццаць скарбаў» (паступовае знаёмства з кожным месяцам года; прычым верш, прысвечаны, напрыклад, сакавіку, быў напісаны ў сакавіку 2022-га, маю — у маі і гэтак далей) і «Грузінскія матывы» (натхненнем для аўтара стала гасцінная Грузія, дзе, аднак, ніколі не будзе так добра, як дома).

Варта акцэнтаваць увагу яшчэ і на звароце паэта да такіх формаў вершаскладання, як санет і трыялет.

У сваіх творах Васіль Казачок закранае самыя злабадзённыя праблемы сучаснасці. Ён — сапраўдны патрыёт, заклапочаны будучыняй роднага краю:

Я гісторыі сваёй не зракуся,

Мову продкаў назаўжды зберагу.

Калі жыць —

                  то толькі для Беларусі,

А памерці — толькі за Беларусь!

Паэт заклікае нас жыць удумліва, шчыра, па законах сумлення: «Жыццё людское — не нябесны рай, // Але пражыць яго достойна варта» — і падказвае адзіна правільны шлях: «О чалавек, гані прэч Сатану! // Ідзі да Веры ў Храм, ідзі да Бога!»

Не можа не задумвацца паэт і над сваім пакліканнем, над тым, што такое Паэзія. У адным з вершаў ён дае некалькі азначэнняў гэтаму не да канца даследаванаму паняццю. Вось толькі некаторыя з іх: «Паэзія — хлеба скарынка ў дарозе… Паэзія — слова народнага скарбы… Паэзія — шлях з забыцця ў бяссмерце». Хораша
і трапна!

А быць паэтам — увогуле справа нялёгкая, нават самаахвярная:

Спазнаўшы ўсе паэзіі сакрэты,

Я вам скажу:

              «Сапраўдны той паэт,

Хто цягне ўпарта

                           на Галгофу свету

Крыж праўды,

       каб палепшыць гэты свет».

А як прыгожа і вобразна апісвае Васіль Казачок навакольны свет — нібы малюе! Калі чытаеш пра яго дождж: «Сумная сімфонія дажджу // Нотай развітальнаю гучыць. //
Каршуном вятрыска наляціць, // Сеючы самоту і нуду»,
— нібыта адчуваеш кроплі на сваіх руках…

А чаго варты эпітэты «белабуславая» і «белабярозавая»! Хіба можна дакладней і прыгажэй ахарактарызаваць нашу Беларусь?

На заканчэнне дадам толькі адно: калі вы шукаеце сапраўдную паэзію, звярніцеся да новай кнігі Васіля Казачка, не верыць якому проста немагчыма!

Настасся НАРЭЙКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».