Вы тут

Магчымасць зрабіць віртуальную вандроўку па старажытным Навагрудскім краі


Літаратурнае краязнаўства — гэта не проста спецыфічнае адгалінаванне літаратуразнаўства, а найперш дадатковая крыніца інфармавання, папаўнення гуманітарных, літаратурных ведаў у сувязі з вывучэннем малавядомых фактаў, якія тычацца жыцця і творчасці мастака з улікам пэўнай геаграфічнай лакацыі. Разгляд асобы або творчасці пэўнага пісьменніка нашмат выйграе пры звароце да лакальных (рэгіянальных) аспектаў: паданняў, легенд, традыцый таго краю, які стаў крыніцай натхнення, прама або ўскосна паўплываў на выбар мастацкіх прыярытэтаў, на эстэтычныя складнікі твора.


Па сведчанні акадэміка Д. С. Ліхачова, «зразумець літаратуру, не ведаючы месцаў, дзе яна нарадзілася, не менш цяжка, чым зразумець чужую думку, не ведаючы мовы, на якой яна выказана. Ні паэзія, ні літаратура не існуюць самі па сабе: яны вырастаюць на роднай глебе і могуць быць зразумелыя толькі ў сувязі з усёй роднай краінай». Крыніцы, з якіх мастак чэрпае матэрыял для творчасці, знаходзяцца ў стадыі ўзаемапранікнення, узаемадапаўнення і спрыяюць узбагачэнню мастацкай палітры твора, яго вобразна-метафарычнага ладу, зместава-каштоўнаснай глыбіні. Менавіта даследаванне, раскрыццё адметнасцей пэўнай мясцовасці, краю, дзе жыў і тварыў пісьменнік, дазваляе канкрэтызаваць, праясніць тыя або іншыя бакі яго біяграфіі, творчасці, спасцігнуць асаблівасці светапогляду і мастацкага стылю, паглыбіцца ў характар творчай індывідуальнасці.

Для ўзнаўлення цэласнага вобраза краю істотнымі з’яўляюцца не толькі мастацкія творы, але і мемуары, дзённікавыя запісы, матэрыялы эпісталярнага характару, дарожныя нататкі. Сведчанні пісьменнікаў, краязнаўцаў, нарысістаў, эсэістаў таксама дапаўняюць адно аднаго, спрыяюць пазнанню краю з розных бакоў. Усё гэта істотна ўплывае на якасць літаратурна-краязнаўчай працы, яе навукова-пазнаваўчую каштоўнасць.

Шмат з пералічанага і аднесенага да неабходнага і запатрабаванага складніка літаратурнага краязнаўства творча выкарыстана ў новай кнізе вядомага краязнаўцы і публіцыста Алеся Карлюкевіча «Навагрудчына. Літаратурнае гняздо Беларусі». Кніга адкрывае для чытача магчымасць зрабіць віртуальную вандроўку па старажытным Навагрудскім краі, які стаяў каля вытокаў беларускай дзяржаўнасці, убачыць гісторыка-літаратурны партрэт Навагрудчыны. А ён дастаткова размаіты, багаты на творчыя постаці, на знакамітыя асобы, якія сілкаваліся жыццядайнымі сокамі гэтай славутай зямлі, натхняліся на высокія справы, на духоўнае ўзбагачэнне. У пантэоне дзеячаў, якія тым або іншым чынам спрычыніліся да культурнага поля Навагрудскага краю, — імёны Грыгорыя Цамблака, Фёдара Еўлашоўскага, Іосіфа Вельямін-Руцкага, Міхаіла Слёзкі, Станіслава Незабітоўскага, Яўхіма Храптовіча, Яна Чачота, Антона Глінскага. Але Навагрудак перадусім нязменна атаясамліваецца з жыццёвым і творчым лёсам Адама Міцкевіча — беларуска-польскага пісьменніка, публіцыста, паэта, драматурга, эсэіста, перакладчыка, педагога, празаіка. Беручы пад увагу сведчанні берасцейскага міцкевічазнаўца Леаніда Несцерука, аўтар узнаўляе асобныя старонкі жыцця і творчасці вялікага нашага суайчынніка, слушна сцвярджаючы, што Навагрудак, Навагрудчына, уражанні дзяцінства, няпросты лёс уласнай сям’і, расчараванні ў юнацкім каханні, фальклорная, этнаграфічная навагрудская памяць, легенды роднага краю — усё гэта стала асновай малых і буйных твораў класіка сусветнай літаратуры. Цікавымі і змястоўнымі ў гэтай сувязі падаюцца развагі Кастуся Цвіркі. А. Карлюкевіч падрабязна ўзнаўляе дэталі адной паездкі, згадваючы ўражанні з вандровак па міцкевічаўскай Навагрудчыне свайго старэйшага калегі, якімі ён падзяліўся ў нарысе «Да ўзгоркаў тых лясных…»

З вядомых літаратараў, якія пакінулі значны след у гісторыі літаратуры і мелі дачыненне да Навагрудскай зямлі, аўтар згадвае імёны Вінцэся Каратынскага, Ядвігіна Ш., Янкі Купалы, Якуба Коласа, Язэпа Драздовіча, Янкі Нёманскага, Максіма Танка, Валянціна Таўлая, Янкі Брыля, Фёдара Янкоўскага, Уладзіміра Калесніка і інш. Нароўні з добра вядомымі дзеячамі беларускай літаратуры і культуры ў кнізе прадстаўлена шмат імёнаў, якія застаюцца малавядомымі ці наогул невядомымі для сучаснікаў. Чытача, несумненна, зацікавіць асоба Самсона Пярловіча (1923—2001) — чалавека няпростага жыццёвага лёсу, якому давялося шмат перажыць і зведаць як падчас нямецкай акупацыі, так і ў савецкі час. У 1947 годзе ва ўзросце 24 гадоў ён быў арыштаваны і асуджаны на дзевяць гадоў зняволення за верш «Паднімецца крыўда». Па сведчанні Алега Лойкі, «Цанава проста не мог паверыць, што ў Беларусі змог з’явіцца нейкі там маладзён, што супраць Сталіна верш напісаў, асмельваецца бунтаваць супраць падхалімаў, якія “скуляць пра росквіт жыцця, пра свабоду”, не заўважаючы ахвяр беспрычынных расправаў, гвалту над народам, нечуванай крыўды». Прыводзячы на старонках кнігі некалькі вершаў паэта і высока ацэньваючы іх, аўтар называе яго Вялікім Паэтам Навагрудчыны. Сімптаматычным выглядае і той факт, што з Навагрудчынай быў звязаны і лёс ураджэнца Любчы Чэслава Сенюха, аўтара перакладу паэмы Я. Коласа «Новая зямля» на польскую мову.

Вёска Вераскава Навагрудскага раёна — радзіма філосафа, крытыка, літаратуразнаўца Уладзіміра Міхайлавіча Конана. Аўтар змясціў у кнізе «Баладу Уладзіміра Конана» Віктара Шніпа, які назваў слыннага вучонага «Дон Кіхотам з навагрудскай зямлі». У кнізе, дарэчы, прыводзяцца цікавыя дзённікавыя згадкі паэта пра свае вандроўкі на Навагрудчыну.

Уласнае творчае судакрананне з Навагрудкам маецца і ў вядомага празаіка, публіцыста, перакладчыка Анатоля Бутэвіча. Гісторыя Навагрудчыны па-мастацку ўзноўлена ў рамане пісьменніка «Каралева не здраджвае каралю, або Каралеўскае шлюбаванне ў Новагародку», дзе падаюцца сямейна-жыццёвыя перыпетыі караля польскага і найвышэйшага князя літоўскага Ягайлы, яго шлюб са сваёй зямлячкай Соф’яй Гальшанскай. У рамане «Паміж Княствам і Каронай. Ад Крэва да Кракава» — своеасаблівым дакументальным працягу папярэдняга рамана — прасочваецца лёс і перыпетыі жыцця тагачасных палітычных і дзяржаўных дзеячаў беларускай зямлі. А. Карлюкевіч прыводзіць шмат фрагментаў сваёй гутаркі з вядомым раманістам, дзе ідзе размова пра прычыны, матывацыі, акалічнасці звароту да гісторыі беларускіх зямель і асобных старонак Вялікага Княства Літоўскага.

Сярод нястомных рупліўцаў, якія робяць славу Навагрудчыне, аўтар згадвае імя вядомага даследчыка Міколы Гайбы, аўтара такіх кніг, як «Сэрцу мілая Айчына: вобраз радзімы ў творчасці Адама Міцкевіча», «Могілкі і пахаванні ў Навагрудку», «Навагрудак: гістарычны нарыс», «Сем вежаў Навагрудка». Ацэньваючы незвычайную маштабнасць зробленага, А. Карлюкевіч слушна адзначае, што дзякуючы руплівасці найперш такіх асоб, як Мікола Гайба, з улікам таго, што яны жывуць непасрэдна ў мясцінах, гісторыка-асветніцкіх цэнтрах, пра якія пішуць, складваецца красамоўны і аб’ектыўны радзімазнаўчы партрэт нашай Айчыны.

Адзначаючы, што літаратурна-краязнаўчыя міцкевічаўскія маршруты ў Навагрудку, на Навагрудчыне пастаянна знаходзяцца ў полі зроку музейшчыкаў, гісторыкаў літаратуры, арганізатараў турыстычна-экскурсійнай працы, аўтар слушна заклікае пашыраць і паглыбляць абсягі гэтай высакароднай справы. На яго думку, для гэтага варта выдаць адмысловыя падарожныя даведнікі, турыстычныя карты з мінімальным суправаджальным тэкстам.

У пасляслоўі да кнігі А. Карлюкевіч, крытычна ставячыся да зробленага і ўсведамляючы ўсю складанасць пошукава-даследчай працы, мяркуе працягнуць свае росшукі, каб выявіць усе постаці і адрасы, так ці іначай звязаныя з навагрудскім літаратурным краязнаўствам, папоўніць краязнаўчую карціну Навагрудчыны. Але і тое, што прапануецца чытачу, уяўляе несумненную цікавасць для тых, хто неабыякавы да гісторыі свайго краю, гісторыі старажытнай Навагрудскай зямлі.

Валерый МАКСІМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».