Вы тут

Творчасць Янкі Маўра абмеркавалі эксперты ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі


10 мая мы адзначылі 140-годдзе пісьменніка, які паклаў пачатак фантастычнаму і прыгодніцкаму жанрам у беларускай дзіцячай літаратуры, — Янкі Маўра. Пра постаць і творчасць знакамітага папярэдніка, а таксама пра стан сучаснай літаратуры для дзяцей іншла гутарка ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі.


Каб стаць добразычлівым  уладаром Сусвету

Алена Стэльмах, старшыня секцыі дзіцячай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі:

— На небасхіле беларускай літаратуры імя Янкі Маўра асабліва заўважнае. Гэты чалавек не перастае здзіўляць і цяпер сваёй неардынарнай асобай, няўрымслівым пошукам нечага новага і незвычайнага. Таму ён блізкі да нашага сучасніка.

Гэта ж трэба, так напісаць пра экзатычныя краіны, быццам там нарадзіўся, настолькі пранікнуцца няпростым жыццём тутэйшага люду, стварыць такія псіхалагічныя характары сваіх герояў. Пісьменнік паказвае прыклад таго, як трэба пашыраць веды пра далёкае і незнаёмае. Гэта толькі ўзбагачае чалавека, робіць яго добразычлівым уладаром Сусвету.

Хаця, безумоўна, Янка Маўр выключна любіць сваю радзіму, пра якую піша з цеплынёй і гонарам: «Шмат куткоў, не горшых ад заморскіх. Ёсць пушчы, не менш цікавыя, чым далёкія трапічныя лясы».

Як вядома, рамантыкам, а можа, нават і летуценнікам, ён быў з дзяцінства. Марыў вандраваць, выпрацоўваў маршрут, падрыхтаваў непрамакальны сшытак для запісаў. У пэўнай ступені здзейсніць жаданае дапамог яму веласіпед, куплены на першыя заробкі настаўніка.

Як бы пісьменнік пазайздросціў цяперашнім магчымасцям кожнага з нас адкрываць для сябе Беларусь: і транспарту хапае, і шматлікія дарогі, сцяжыны клічуць спазнаваць таямніцы роднага краю.

У сваіх апавяданнях, мініяцюрах — на прыкладзе, здавалася б, простых жыццёвых сітуацый — пісьменнік, як знаўца душы, спрабуе даць адказ на пытанне: у чым чалавечае шчасце? Чытаць такія творы немагчыма без трапяткога хвалявання. Такім чынам, Я. Маўр не толькі захапляе пакаленні дзяцей сваімі кранальнымі гісторыямі, але і служыць прыкладам творцам- паплечнікам, як пісаць, каб набыць доўгае жыццё ў літаратуры.

Па канонах прыгодніцкага жанру

Мікола Чарняўскі, дзіцячы пісьменнік:

— Першыя пісьменнікі, якіх я ўбачыў не на партрэтах, а, як кажуць, жыўцом, былі Артур Вольскі і Янка Маўр. Называю іх у той паслядоўнасці, як адбылося. А сустрэўся я з імі ў ліпені 1960 года ў рэдакцыі часопіса «Вясёлка», куды мяне, учарашняга школьніка, прывяла нечаканая нагода. Усё адбывалася па канонах прыгодніцкага жанру, як у творах Янкі Маўра, якія я чытаў і перачытваў, з-за чаго нават пайшоў на злачынства, хоць, можа, і дробнае, але ж вартае сораму, — узяў і не здаў у нашу вясковую бібліятэку — хату-чытальню — яго кніжкі «Амок» і «У краіне райскай птушкі». Дзякуй, што інвентарызацыяй там, відаць, ніхто не займаўся, таму гэтая прапажа нікому не кінулася ў вочы.

Яшчэ мушу прызнацца, што згаданай сустрэчы магло б ніколі не адбыцца, калі б не мой літаратурны сверб.

— Хто тут ідзе ў «Вясёлку»? — пацікавіўся на хаду чалавек, які мне нагадаў Артура Вольскага.

Калі я зайшоў у пакой, заўважыў яго адразу і не паверыў сваім вачам: няўжо гэта сам Янка Маўр? Такі, як на партрэце! Высокі, хударлявы, з яшчэ даволі прыстойнай чупрынай пасівелых валасоў, у белай, вышытай на грудзях кашулі, ён мне здаўся ў той міг адным з герояў беларускіх народных казак, да якіх я быў ахвочы і якія выходзілі ў цудоўным аздабленні мастака Анатоля Волкава. А Янка Маўр моўчкі адкланяўся красуні, што сядзела за машынкаю, падаў на развітанне руку Артуру Вольскаму, потым спыніўся перада мною, быццам аб нечым раздумваючы, працягнуў руку мне і ўзяўся за ручку дзвярэй.

— Гэта быў Янка Маўр? — яшчэ не верачы такому шчасцю, перапытаў я ў Артура Вольскага.

— Янка Маўр, — з нейкім асаблівым пачуццём адказаў той. — А якія кніжкі Янкі Маўра ты чытаў? — Ён адразу загаварыў са мною на «ты», і ад гэтага, прызнаюся, у маёй душы стала спакайней і неяк цяплей. Здалося, што я размаўляю з пісьменнікам, з якім ужо не адзін раз бачыўся.

— Амаль усё, што ён напісаў, — паспяшаўся запэўніць я Артура Вітальевіча, — «Палескія рабінзоны», «ТВТ», «Сын вады», «Амок», «У краіне райскай птушкі». Ён мой любімы пісьменнік.

— Малайчына, што любіш кнігі Янкі Маўра, — пахваліў Артур Вітальевіч. — Я таксама любіў чытаць яго кніжкі. I цяпер люблю. — Потым перавёў гаворку на іншае.

А я... Ці мог я нават у сне прадбачыць пасля той выпадковай сустрэчы ў рэдакцыі часопіса «Вясёлка», што калі-небудзь таксама змагу назвацца пісьменнікам, траплю на той таямнічы востраў, і мае творчыя здабыткі, мае пошукі будуць адзначаны ганаровай літаратурнай прэміяй, якая носіць яго імя? Вядома ж, не мог. Адно турбуе цяпер: ці так прыцягвае і даходзіць тваё слова да сэрца чытача, як слова Янкі Маўра?

…І напісаў сваю кнігу

Аляксандр  Піскуноў, пісьменнік:

— Кніга «Палескія рабінзоны» ператварыла многіх дзяцей у рамантыкаў, якія разумеюць усё хараство простага вольнага жыцця сярод прыроды. Апавяданне пра цалкам рэальныя прыгоды Мірона і Віктара чытаецца на адным дыханні. Помню, як заміралі самыя няўрымслівыя вучні, калі ў трэцім класе наша настаўніца ўслых чытала «Палескіх рабінзонаў» замест урокаў фізкультуры, якія нельга было правесці ў слотны восеньскі дзень на вуліцы. Упэўнены, што многія далучыліся і да чытання ўвогуле пасля гэтай кніжкі, адоленай самастойна, а потым не раз перачытанай. У бібліятэках яна заўсёды была растрапанай ад дотыку многіх рук.

Могуць сказаць, што сёння, калі хлапчукі праседжваюць гадзінамі перад экранамі тэлевізараў і камп’ютараў, гэтая старая добрая кніжка страціла сваю актуальнасць. Не, ніколі не паверу ў гэта. Так, кожнаму — сваё. Хтосьці абыякава адкладзе яе ўбок. Пашкадуем такога. Затое ў іншых кніга закране рамантычную струнку ў душы, і яна будзе звінець усё жыццё.

Калі я сам далучыўся да творчасці, то пачаў з невялікіх апавяданняў і казак пра нашу родную прыроду. Мне хацелася расказаць пра звяроў і птушак так, каб і дзеці, і дарослыя па-сапраўднаму знаёміліся з імі, даведваліся пра асаблівасці іх жыцця і паводзін. Пазней, дзякуючы ўспамінам пра «Палескіх рабінзонаў», напісаў і сваю кнігу, прысвечаную гэтай тэме, — «Воўчы куток». Яе героі — двое дарослых і хлапчук — вырашылі пажыць у лесе з мінімальнай колькасцю рыштунку і харчавання. Толькі ў юнацтве ўласціва марыць аб цяжкасцях, толькі тады і дадзена іх пераадольваць. Праўда, юнацтву бракуе досведу. Затое яго можна запазычыць з кніг.

Чараўнік з краіны маленства

Таццяна Швед, дырэктар ДУ «Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска»:

— Творы Янкі Маўра па-ранейшаму застаюцца ў полі чытацкіх сімпатый — з пачатаку бягучага года выдача кніг Янкі Маўра склала больш за 500 экзэмпляраў. Бібліятэкары ўважліва сочаць, каб неабходныя выданні меліся ў наяўнасці. Прыемна, што нас падтрымліваюць і выдавецтвы — «асвяжаюць» нашы фонды. Напрыклад, у 2022 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» былі выдадзены «Аповесці і апавяданні» — па дазаказе дзіцячых бібліятэк.

Шмат твораў Я. Маўра ўключаны ў зборнікі і хрэстаматыі. Сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда» з’явіліся «Творы для дадатковага чытання ў 7 класе». Выдавецтва «Вышэйшая школа» выпусціла серыю «Чытай і слухай», у якой да юбілею пісьменніка выйшла кніга Янкі Маўра «Аповесці і апавяданні» з QR-кодам на кожным выданні. Спецыяльны код дапамагае не толькі чытаць, але і слухаць у аўдыяфармаце творы людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

Праводзяцца і мерапрыемствы, прысвечаныя Я. Маўру: «Аб вялікай літаратуры для маленькіх», «Дзіцячых сэрцаў уладар», «Капітан дзіцячых падарожжаў» і інш. У бібліятэках шырока прадстаўлена выставачная дзейнасць па творчасці пісьменніка: «Вялікая сіла фантазіі…», «Чараўнік з краіны маленства», «Мудрэц з душой хлапчука», «Пачынальніку беларускай дзіцячай літаратуры прысвячаецца…», «Беларускі рабінзон», «Дзіцячых сэрцаў уладар», «Майстар беларускай прыгодніцкай літаратуры» і інш.

3 сакавіка ў кінатэатры «Цэнтральны» прайшло мерапрыемства з нагоды Сусветнага дня пісьменніка, цэнтрам увагі якога стаў Янка Маўр — «Капітан дзіцячых падарожжаў». Супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі № 1 распавялі юным кінагледачам пра лёс і літаратурную дзейнасць творцы, які па праве лічыцца «бацькам» беларускай дзіцячай літаратуры.

«Перагарну старонку і бягу да геаграфічнай карты»

Анастасія Ленская, вучаніца 11 класа Атраднаўскай сярэдняй школы Любанскага раёна:

— Першае маё знаёмства з пісьменнікам выклікала здзіўленне: імя беларускае — Янка, а прозвішча нейкае замежнае — Маўр. Гэта пазней я даведалася, што пад такім псеўданімам друкуе творы Іван Міхайлавіч Фёдараў. Усё сваё жыццё пісьменнік, педагог пісаў для дзяцей, сваімі кнігамі выхоўваў чытача. Асабліва кранае павага творцы да дзяцей, выключная тактоўнасць. Ён быў псіхолагам і добра разумеў дзіцячую душу. Думаю, што ў гэтым дапамагала і праца настаўнікам. Як прызнаваўся сам пісьменнік, ён «чуў біццё чалавечага сэрца».

На мой погляд, быць дзіцячым пісьменнікам вельмі складана. Важна не толькі расказаць цікавую гісторыю, заінтрыгаваць, але і навучыць чытача, прымусіць задумацца. Усё маё дзяцінства прайшло з кнігамі Янкі Маўра. Іх перачытала вялікую колькасць. Перагарну наступную старонку і хуценька бягу да геаграфічнай карты шукаць востраў. Зайздрошчу добрай зайздрасцю вучням, у якіх выкладаў геаграфію Іван Міхайлавіч, бо ён «як тонкі мастак-акварэліст маляваў вядомыя і невядомыя краіны».

Колькі сябе помню, чытаю кнігі. Ёсць творы, прачытаўшы якія ў дзяцінстве, помніш іх усё жыццё. Да такіх адносяцца аповесці і апавяданні Янкі Маўра, якія не страцілі сваёй папулярнасці і праз стагоддзе.

Цікавосткі ад Васіліны Міцкевіч,  праўнучкі Янкі Маўра:

  • Да дзіцячай літаратуры Янка Маўр ставіўся вельмі сур’ёзна, бо маленькі чытач — самы патрабавальны і ўважлівы, часам знаходзіць недакладнасці і памылкі, на якія не звяртаюць увагі дарослыя.
  • Мала хто ведае, што Янка Маўр пераклаў на беларускую мову «Прыгоды Тома Соера» Марка Твэна, некаторыя казкі Ганса Хрысціяна Андэрсена, творы Рэдзьярда Кіплінга, Жуля Верна.
  • У трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» прататыпам аднаго з герояў — Івана Тадорыка, чалавека з «выдатнымі здольнасцямі», — быў Іван Фёдараў (Янка Маўр).
  • Янка Маўр вучыў дзяцей любові да кніг, а таксама да сімфанічнай і опернай музыкі. Сам ён выдатна іграў на скрыпцы, яго дзеці вучыліся іграць на фартэпіяна.
  • Янка Маўр надаваў вялікае значэнне кнізе як скарбніцы ведаў. Да вайны яго бібліятэка лічылася адной з найлепшых у Мінску. Яе складалі энцыклапедыі Бракгаўза і Эфрона, першы выпуск Вялікай Савецкай Энцыклапедыі, «Жыццё жывёл» Брэма, кнігі вядомых вандроўнікаў.
  • У 1934 годзе на Усебеларускім конкурсе дзіцячай кнігі Янка Маўр атрымаў першую прэмію за аповесць «ТВТ». Адным з першых яе чытачоў быў Янка Купала.
  • Якуб Колас падтрымліваў Янку Маўра не толькі маральна, але і матэрыяльна. Ён выслаў яму грошы, неабходныя для вучобы малодшай дачкі — Наталлі. Пасля вайны яна стала нявесткай Якуба Коласа — пабралася шлюбам з яго малодшым сынам Міхасём.
  • Янка Маўр быў ганаровым старшынёй арганізацыі беларускіх эсперантыстаў, веў актыўную перапіску з эсперантыстамі розных краін.
  • Дзякуючы мове эсперанта пісьменнік атрымаў матэрыялы для рамана «Амок».

Падрыхтавала Марыя ЛІПЕНЬ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.