Вы тут

Друкаваць найлепшае, або тры кіты літаратурна-мастацкай перыёдыкі


З 2021 года ў склад выдавецтва «Мастацкая літаратура» ўвайшлі дзяржаўныя літаратурна-мастацкія часопісы «Маладосць», «Полымя» і «Нёман». Што змянілася ў рэдакцыйнай палітыцы, чым выданні жывуць сёння, расказалі іх галоўныя рэдактары.


Вольга Рацэвіч, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць»

Сёння часопіс «Маладосць» — гэта каляровае, стылёвае і цікавае выданне, у якім заўсёды рады таленавітай, адданай роднаму слову моладзі. Мы знялі ўзроставы цэнз для сваіх аўтараў, а таксама вярнуліся да традыцыйнага напаўнення часопіса, і цяпер на яго старонках артыкулы вядомых даследчыкаў, архівістаў, журналістаў суседнічаюць з інтэрв’ю з маладымі мастакамі, спробамі пяра і прафесійнай прозай.

З мінулага года пачалі рубрыку «Старонка родная» і здзівіліся, як актыўна маладыя аўтары сталі пісаць нам пра малую радзіму — вёскі, гарады… Відавочна, тэма гістарычнай памяці маладым блізкая. Не так і рэдка моладзь у сваіх творах разважае пра жыццё і смерць.

Калі казаць пра жанравую разнастайнасць паэзіі, то аўтары ўсё больш адыходзяць ад класічных форм і выбіраюць свабодную форму верша. Шмат тых, хто піша ў так званай «тэхніцы патоку свядомасці» (без выкарыстання вялікіх літар і знакаў прыпынку). Некаторыя, наадварот, звяртаюцца да цвёрдых форм: санета, трыялета, лімерыка, запазычанага ў японцаў хайку. Маладыя празаікі ў сваю чаргу аддаюць перавагу апавяданню, радзей — аповесці і зусім рэдка — раману. Як вынік самакапання ды самааналізу ўсё часцей узнікаюць рэфлексіі, імпрэсіі, мініяцюры, эсэ, заснаваныя на ўражанні ад той ці іншай з’явы. Міфалагічныя казкі, фантастычныя нарысы, дакументальна-мастацкія біяграфіі — усё гэта ёсць у «Маладосці».

Красавіцкі нумар прымеркаваны да 70-годдзя часопіса, мы прэзентуем яго на сустрэчах з аўтарамі і чытачамі. Стараліся зрабіць яго па-святочнаму асаблівым: адказалі на правакацыйныя пытанні паэта, празаіка, дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алеся Бадака; узялі інтэрв’ю ў Галіны Разанавай — удавы паэта Алеся Разанава; а яшчэ пагаварылі з паэтэсай Раісай Баравіковай пра каханне, зорнае неба ды будучыя кнігі. Да таго ж вядучы архівіст Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Таццяна Кекелева падрыхтавала эксклюзіўны матэрыял — лісты за 1953—1958 гады супрацоўнікаў часопіса «Маладосць» аўтарам.

На далейшую перспектыву, як і заўсёды, плануем напаўняць часопіс цікавымі матэрыяламі, адкрываць новыя імёны, спрыяць і дапамагаць маладым. А ў канцы года будзем падводзіць вынікі конкурсу ад часопіса «Маладосць» — на найлепшы празаічны твор для юнацтва і моладзі. Узрост удзельнікаў неабмежаваны, а аб’ём тэксту не павінен перавышаць чатыры аўтарскія аркушы. Творы лаўрэатаў конкурсу складуць зборнік прозы, які пабачыць свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Віктар Шніп, галоўны рэдактар часопіса «Полымя»

Часопісу «Полымя» сто гадоў, і мы па меры магчымасцей імкнёмся захоўваць даўнія традыцыі гэтага паважанага выдання. Так, на працягу дзесяцігоддзяў аснову зместу нашага часопіса нязменна складае сучасны літаратурны працэс — проза і паэзія. Зразумела, час ідзе, змяняюцца аўтары, супрацоўнікі, змяняюцца галоўныя рэдактары, абнаўляецца канцэпцыя, але асноўнае застаецца: галоўная наша магістраль — гэта беларуская сучасная літаратура і яе найлепшыя творцы і творы. 

Тым не менш за сто гадоў на старонках часопіса шмат што змянілася. З’явіліся новыя жанры і фарматы, а некаторыя, наадварот, сышлі ў нябыт. Так, апошнія гадоў пятнаццаць актыўна развіваецца кірунак навуковых публікацый. У нашым выпадку гэта ВАКаўскія артыкулы, якія дазваляюць літаратуразнаўцам абараняць дысертацыі, пацвярджаць навуковыя званні. Фармат для часопіса адносна новы, раней такога не было.

Асаблівую папулярнасць набыў фармат круглых сталоў. На другое паўгоддзе на старонках выдання ўжо запланаваны два. Першы з іх — «Глыбінка ці глыбіня?», у якім удзельнічаюць старшыні абласных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Кожны па-свойму бачыць поспехі, праблемы і перспектывы ў літаратурнай сферы. Пасля мяркуецца круглы стол «Чым жывеш, бібліятэка?», у якім возьмуць удзел пісьменнікі і супрацоўнікі бібліятэк Беларусі. Праблемы, узнятыя выступоўцамі, можна вырашаць супольнымі намаганнямі бібліятэкараў і літаратараў. Тэма вельмі важная, бо цяпер кнігі даходзяць да чытачоў часцей не праз кнігарні.

Асноўная задача, якую ставяць перад сабой рэдактары «Полымя», — друкаваць найлепшае з таго, што напісалі нашы пісьменнікі. Калі рэцэнзіі, то самыя грунтоўныя, калі аповесці, значыць першага гатунку. Галоўнае — трымаць тыя ўзровень і аўтарытэт, якія заўсёды былі ў часопіса. На жаль, ні Іван Шамякін, ні Васіль Быкаў, ні Уладзімір Караткевіч, ні Міхась Стральцоў нам новых твораў не дадуць, а напісанае сучаснымі аўтарамі далёка не заўсёды прачытваецца так жыва, як ранейшае. Але такі час, і мы павінны гэта разумець. Усё праходзіць, напісанае застаецца.

Што тычыцца тэм, якія цікавяць аўтараў… Магу прыгадаць раман-версію Уладзіміра Гаўрыловіча «Любі бліжняга твайго…», публікацыя якога запланавана на другое паўгоддзе 2023-га. Гэты твор пра наш час, пра 20-я гады XXI стагоддзя. У сваю чаргу Віктар Праўдзін у рамане «Непераможаны злом», запланаваным на канец года, апавядае пра тое, што было сто гадоў таму, але звязана з сучаснасцю. Паэзія ж заўсёды нечаканая. Вершы ў падборках розныя. Аўтары, зразумела, стараюцца выказваць і боль нашых чытачоў, і быць голасам людзей, якія жывуць на нашай зямлі, якія перажываюць за тое, што адбываецца ў свеце, што робіцца ў нас.

Наталія Касцючэнка, галоўны рэдактар часопіса «Нёман»

На працягу 77 гадоў існавання часопіса «Нёман» яго канцэпцыя амаль не змянілася. Галоўнай задачай было і застаецца фарміраванне дастойнага кантэнту, арыентаванага на духоўна-маральнае развіццё грамадства. Пры адборы для публікацыі аддаецца перавага высакаякасным літаратурным і публіцыстычным творам як вядомых, так і малавядомых аўтараў, якія адстойваюць агульначалавечыя каштоўнасці, ідэалы гуманізму і міру. Уважлівае, чулае стаўленне да сучаснага чытача, да яго інтарэсаў і запатрабаванняў таксама з’яўляецца адной з галоўных задач, якую ставіць перад сабой рэдакцыя часопіса.

У другім паўгоддзі плануем прапанаваць чытачу раман Георгія Марчука «Год дэманаў» аб няпростых адносінах у творчым асяродку навуковай інтэлігенцыі, а таксама раман Зінаіды Дудзюк «Год 1812», героі якога праходзяць дарогамі вайны супраць напалеонаўскай агрэсіі. Чакае чытача і сустрэча з героямі аповесці Зіновія Прыгодзіча «Цяпло позняй восені» аб драме непадзеленага кахання. Алесь Камароўскі ў сваёй аповесці «Пенальці» раскажа пра станаўленне беларускага футбола. З прозай выступяць таксама Фёдар Конеў, Віктар Казько, Людміла Рублеўская, Мікола Намеснікаў, Алена Чыжэўская, Анатоль Мельнікаў і іншыя, паэзіяй — Анатоль Аўруцін, Алесь Бадак, Раіса Баравікова, Фёдар Гурыновіч, Таццяна Лейка, Міхась Пазнякоў, Лізавета Палеес, Віктар Шніп і інш.

Чытачоў могуць зацікавіць круглыя сталы «Рэдактары аб надзённым» з удзелам дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алеся Бадака і рэдактараў часопісаў «Полымя», «Нёман», «Маладосць», а таксама «Дерзай сказать», дзе пісьменнікі будуць гаварыць пра тое, пра што нельга маўчаць сёння.

Тэмы, што хвалююць чытача, самыя разнастайныя, але перавага аддаецца творам псіхалагічным, філасофскім, якія найбольш глыбока і праўдзіва адлюстроўваюць сучаснасць, уздымаюць вострыя праблемы сённяшняга дня. Адметнасцю выдання з’яўляецца вялікая разнастайнасць літаратурных і публіцыстычных жанраў. Раманы — як сучаснай тэматыкі, так і гістарычныя, — аповесці, апавяданні, эсэ, лірычныя мініяцюры, мемуарная літаратура, дзённікі, паэмы і вершы, нарысы і артыкулы, круглыя сталы і інтэрв’ю, рэцэнзіі на новыя кнігі беларускіх пісьменнікаў…

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».