Вы тут

У Мінску да юбілею часопіса «Маладосць» адбылася святочная імпрэза


Святочная імпрэза, прысвечаная юбілею літаратурна-мастацкага часопіса «Маладосць», адбылася ў філіяле сталічнай бібліятэкі № 3 імя У. Маякоўскага.


Без падарункаў у гэты дзень не абышлося: шчырыя ўсмешкі гледачоў і ўдзельнікаў творчай сустрэчы ды яшчэ адзін незабыўны штрых да фарбаў штодзённасці. Нават сама нябесная канцылярыя прыўнесла свае карэктывы — як жа ўрачыста сонечныя прамяні разліліся па шэрых колерах імжыстага дня! І ўжо не парасоны ды калужынкі, а ўлагоджаныя цяплом ходнікі вялі да дзвярэй бібліятэкі ўсіх, хто пажадаў адзначыць дзень нараджэння «Маладосці» разам.

З добрым настроем і прыемнымі навінкамі завіталі і ганаровыя госці. Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Вольга Рацэвіч распавяла пра гісторыю выдання, яго традыцыі і сучаснасць, прадэманстравала чарговы нумар — юбілейны. Што хвалюе і што захапляе супрацоўнікаў, паведаміла Ксенія Зарэцкая, якая апынулася на пачатку свайго працоўнага шляху ў якасці рэдактара аддзела прозы. А вось Юлія Алейчанка, рэдактар аддзела паэзіі, прадставіла зборнік прозы «Цень зоркі», выдадзены да знамянальнай даты. У кнігу, якую ўклала Юлія, увайшлі творы 25 маладых беларускіх празаікаў. З некаторымі з іх і пазнаёміліся наведвальнікі бібліятэкі. Нягледзячы на свой юны ўзрост, аўтары паказалі высокі пісьменніцкі ўзровень. Прысутныя з зачараваннем слухалі гісторыка Андрэя Кімбара, філолага Паліну Басалыгу, аспіранта Ягора Жукоўскага, выпускніцу журфака Кацярыну Назараву.

А як жа замілавальна дрыжалі ў руках літаратараў старэйшага веку часопісы з даўно патрапанымі старонкамі! Іх першыя запаветныя нумары... «Маладосць» 80-х, 90-х... Цяпер ужо члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Цвірка, Генрых Тарасевіч, Яўген Пясецкі, Таццяна Каленік, Лідзія Возісава чыталі новыя, больш «выхаваныя» творы.

Падтрымалі святочную хвалю члены літаб’яднання «Слова» Таццяна Плашчынская, Марыя Мучынская, Таццяна Шурынава, Рыгор Ліцвін, Васіль Анжэлка, Аляксандр Якаўчык. Некаторыя з іх толькі-толькі здзейснілі першыя паэтычныя спробы і, верагодна, загадалі жаданні ўбачыць свае творы на старонках часопіса.

Яна ЖУРАВЕЙ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.