Вы тут

Паглядзець і паўдзельнічаць у працэсе вытворчасці лёну


Лён з'яўляецца для беларусаў не толькі візітнай карткай краіны, але і каштоўным рэсурсам тэкстыльнай вытворчасці. Нездарма гэтую культуру называюць «паўночным шоўкам», а вырабы з беларускага лёну карыстаюцца вялікім попытам ва ўсім свеце. Мала хто ведае, які шлях праходзіць семечка да гатовага ручніка, а вось на Аршаншчыне можна не толькі паглядзець на працэс вытворчасці, але і стаць непасрэдным яго ўдзельнікам.


На беларускай зямлі лён вырошчваўся са старажытных часоў. З валакна ткалі палатно і шылі адзенне, стваралі прадметы быту, майстравалі цацкі для дзяцей. Блакітныя кветкі лёну ўпрыгожваюць сучасны герб Беларусі, з'яўляюцца сімвалам стваральнай працы, а таксама сімвалам дабра і дастатку. Пра лён спявалі, яму прысвячалі вершы, складалі прыказкі і прымаўкі. У народзе казалі, што «Лён усіх адзявае» і «Лён — кашуля ў полі». Чыстае і светлае льняное адзенне служыла эмблемай цноты і маральнай чысціні, таму дзяўчына, выходзячы замуж, надзявала сукенку, зробленую з ільнянога матэрыялу.

На радзіме беларускага лёну — у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці — сёлета распрацавалі новы экскурсійны маршрут «Ад кветкі да ручніка», галоўнымі мэтамі якога з'яўляюцца папулярызацыя вытворчага турызму, захаванне народных традыцый рамяства беларусаў і далучэнне да іх падрастаючага пакалення. Праект, арганізатарамі якога сталі Аршанскі райвыканкам і фізкультурна-спартыўны клуб «Орша», накіраваны на паказ не толькі вытворчага працэсу, а на поўны цыкл — ад вырошчвання да гатовых вырабаў.

Новы экскурсійны маршрут, які быў створаны сёлета, прэзентавалі на XXV Міжнароднай выставе-кірмашы турыстычных паслуг «Адпачынак-2023», якая праходзіла ў красавіку ў Мінску. Па сцежках новага «льнянога дыліжанса» ўжо праехала некалькі груп зацікаўленых турыстаў з усёй краіны, цяпер праект пачынае набіраць папулярнасць.

Аўтобусна-пешаходная экскурсія пачынаецца з наведвання рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Інстытут лёну» НАН Беларусі ў вёсцы Вусце Аршанскага раёна. Спецыялісты лабараторый раскажуць аб селекцыі лёну, асаблівасцях яго вырошчвання і росту. У летні перыяд наведвальнікаў запросяць на эксперыментальны ўчастак інстытута, каб любы жадаючы змог убачыць, як цвіце лён. Там жа знаходзіцца музей, дзе паказана гісторыя Аршанскага краю і ўсёй краіны.

Адтуль маршрут вядзе ў Аршанскі дзяржаўны ліцэй тэкстыльшчыкаў. У гэтай профільнай навучальнай установе рыхтуюць кадры для Аршанскага льнокамбіната. Вучні прадэманструюць турыстам мадэлі адзення, пашытага з ільняных тканін, пакажуць класы, абсталяваныя майстэрні, узоры прадукцыі, якую самі вырабілі. Гэта яшчэ адна мэта экскурсійнага маршруту — прафарыентацыя.

Наступны пункт — флагман айчыннай тэкстыльнай індустрыі «Аршанскі льнокамбінат», дзе лён ператвараюць у пражу і тканіну. Прадпрыемства з'яўляецца адзіным у Рэспубліцы Беларусь і самым буйным у краінах СНД ды Еўропы вытворцам ільняных тканін і вырабаў з лёну. Доля экспарту прадукцыі ў агульным аб'ёме вытворчасці складае больш за 80 працэнтаў і экспартуецца ў больш як 40 краін свету. Для жыхароў Аршаншчыны камбінат — гэта сэрца горада і раёна са слаўнай гісторыяй і вялікім пройдзеным шляхам ад мануфактуры да буйнога прадпрыемства. У суправаджэнні спецыяліста вытворчасці экскурсанты маюць магчымасць прагуляцца па цэхах прадпрыемства, паназіраць за вытворчым працэсам.

Заканчваецца падарожжа ў фірменнай краме «Дом лёну», якая з'яўляецца адной з найбуйнейшых у Беларусі. Там прадстаўлены вялікі асартымент сталовай і пасцельнай бялізны, тканін, хатняга тэкстылю і калекцыі адзення. Асабліва магазін карыстаецца попытам у гасцей з іншых краін, для якіх вырабы з лёну — экзотыка.

Экскурсія на аўтобусе арганізавана для груп ад 20 чалавек, працягласць яе — некалькі гадзін. Маршрут разлічаны на ўсе ўзроставыя катэгорыі — цікавае знойдзецца і для дзяцей, і для дарослых.

«Напрамак прамысловага турызму сёння актыўна развіваецца, гэта выдатная магчымасць пазнаёміць беларусаў і замежных гасцей з кухняй вытворчых флагманаў нашай краіны. Кожны рэгіён стварае ў літаральным сэнсе ўнікальныя турыстычныя маршруты, якіх не знойдзецца ў іншай мясцовасці, беручы за аснову мясцовыя жамчужыны вытворчасці. Такой на Аршаншчыне з'яўляецца льнокамбінат, ад якога і пайшлі профільныя карані іншых аб'ектаў маршруту «Ад кветкі да ручніка». Але гэта не адзіны варыянт прамысловага турызму ў раёне. Станцыя «Орша», якая з'яўляецца найбуйнейшым чыгуначным вузлом Беларусі, таксама прапаноўвае зацікаўленым турыстам пазнаёміцца з гісторыяй і гераічным шляхам станаўлення, бо ў гады вайны пад Оршай дзейнічала вядомая падпольная група Канстанціна Заслонава. Такі напрамак карыстаецца вялікім попытам у жыхароў і гасцей раёна, таму імкнёмся ўдасканальваць і пашыраць турыстычны патэнцыял», — адзначыла начальнік аддзела спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Сняжана Брузгіна.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота: sb.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.