Вы тут

У БРСМ паведамілі, якім маладзёжным будоўлям прысвояць статус абласной


Мабыць, студатрадаўскі рух — самы папулярны сярод студэнтаў і навучэнцаў. У гэтым годзе беларускія студэнцкія атрады святкуюць 60-годдзе. Пачалося ўсё яшчэ ў СССР, у камсамоле, калі ў 1963 годзе першыя студэнцкія атрады з нашай краіны паехалі працаваць ва Уральскую вобласць Рэспублікі Казахстан. Пра гэта нагадаў другі сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Прохараў.


Фота: pixabay.com

Гаворачы аб сучаснасці, ён зазначыў, што дзякуючы каласальнай падтрымцы кіраўніка дзяржавы БРСМ удалося не толькі захаваць, але і прымножыць гэты рух, вывесці яго на новы ўзровень. Сёння Беларускія студэнцкія атрады — вялікая і дружная сям'я. Гэта каманда аднадумцаў, у якой кожны баец адчувае надзейнае плячо таварыша, свой атрад. Гэта ўнікальная магчымасць канкрэтнымі справамі ўнесці асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны.

Вядома, усе важныя знакавыя аб'екты Беларусі ўзводзіліся і добраўпарадкоўваліся непасрэдна з удзелам студэнцкіх атрадаў. Гэта і БелАЭС, і рэканструкцыя Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь», стадыён «Дынама», «Мінск-Арэна», Нацыянальная бібліятэка Беларусі і многія іншыя. Безумоўна, аб новым узроўні працы гавораць і лічбы. Толькі ў 2022 годзе Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў БРСМ здолеў працаўладкаваць у складзе атрадаў звыш 42 тысяч хлопцаў і дзяўчат па ўсёй краіне.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Беларусі студэнцкія атрады могуць працаваць круглы год — са студзеня да снежня ўключна. «У рамках промапраекта «Выбіраем студатрад» на 1 мая заяўкі на работу ў студэнцкіх атрадах падалі 19 366 чалавек. Па стане на 13 красавіка заключаны 224 дагаворы на 4314 чалавек, — расказаў Аляксандр Прохараў. — У пераліку арганізацый, якія прымалі, аб'ектаў, відаў работ і колькасці працоўных месцаў для ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў, зацверджаных райгарвыканкамамі, адміністрацыямі раёнаў Мінска, унесена 1250 аб'ектаў на 38 329 працоўных месцаў. Летась гэтая лічба дасягала крыху больш за 35 тысяч працоўных месцаў. З 1 студзеня да 1 мая ў складзе 184 атрадаў працаўладкавана 3017 чалавек».

Паводле слоў Аляксандра Прохарава, на сёння вызначаецца, якім маладзёжным будоўлям у 2023 годзе прысвояць статус абласной (Мінскай гарадской). Ужо вырашана, што ў Віцебскай вобласці гэта будзе будаўніцтва паліклінікі ў новым мікрараёне Оршы, у Гродзенскай — рэканструкцыя комплексу будынкаў гарадской клінічнай бальніцы № 3 абласнога цэнтра пад Гродзенскі абласны клінічны анкалагічны дыспансер.

Самая актыўная фаза, калі атрады масава пачнуць работу, — на летніх канікулах, пасля здачы сесіі. «Мы дадзім старт трэцяму працоўнаму семестру і працягнем рэалізацыю буйных рэспубліканскіх працоўных праектаў «Атлант», «Аўтазаводзец», «Трактарабудаўнік». Упершыню мы падпісалі пагадненне з «Гомсельмашам», і 200 чалавек будзе працаваць у Гомелі на гэтым важным прадпрыемстве. Мы выйшлі на новы ўзровень супрацоўніцтва з Беларускай чыгункай (працоўны праект «Дарога магчымасцяў»). Сотні хлопцаў і дзяўчат гэтым летам будуць працаваць праваднікамі пасажырскіх вагонаў, манцёрамі пуцей, слесарамі рухомых саставаў. Мы задзейнічаны ва ўсіх сферах — сем профіляў атрадаў: будаўнічыя, сельскагаспадарчыя, педагагічныя, сэрвісныя, вытворчыя, экалагічныя, медыцынскія».

Беларускія студэнцкія атрады зарэкамендавалі сябе сваёй адказнасцю і працавітасцю не толькі ў краіне, але і за яе межамі. Сёння БРСМ актыўна развівае міжнароднае працаўладкаванне. Падпісаны пагадненні і сфарміраваны сэрвісныя і педагагічныя атрады ў расійскіх аздараўленчых цэнтрах «Арляня», «Марская хваля». Працягваецца супрацоўніцтва з Раскосмасам. Байцы другі год запар паедуць будаваць важны аб'ект Саюзнай дзяржавы — касмадром «Усходні». Вялікі буйны міжнародны медыцынскі працоўны праект стартуе на Кузбасе.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».