Вы тут

Чым небяспечны жук-даўганосік і як змагацца з гэтым шкоднікам


Даўганосік, або жук-слонік — гэта невялікі жучок-шкоднік, які пашкоджвае садовыя і пакаёвыя расліны. Такая назва насякомаму была прысвоена з-за яго доўгага хабатка. Працягласць жыцця жука — адзін год. Увосень ён хаваецца на зімоўку. Халодную пару жук чакае пад апалай лістотай і камякамі зямлі. Калі паветра пачынае награвацца, казюрка пакідае прытулак, каб вывесці наступнае пакаленне.


Фота: pixabay.com

Ахвярай даўганосікаў часцей становяцца наступныя культуры: суніцы, клубніцы, маліны, ажыны, яблыня, абрыкос, груша, сліва, вішня, персік.

Даўганосікі — адно з найбольш шматлікіх сямействаў атрада цвердакрылыя. Усяго на сёння вядома больш за 50000 відаў жука.

Агульнае для ўсіх відаў — будова пярэдняй часткі галавы, якая атрымала назву «галаватрубка» з-за сваёй выцягнутай формы. Сямейства дзеліцца на каратка- і даўгахобатных. Даўгахобатныя насякомыя звычайна размяшчаюцца на лістках і частках расліны, што знаходзяцца вышэй ад паверхні глебы. Караткахобатныя галоўным чынам жывуць у зямлі. Лічынкі насякомых з кароткім хобатам развіваюцца ў грунце, у якасці корму выкарыстоўваючы карэньчыкі.

Найбольш распаўсюджаныя віды

Малінавы кветаед. Харчавацца пачынаюць са з'яўленнем першай зеляніны. Калі суніцы і маліны набяруць бутоны, самкі віду прагрызаюць ход узбоч і кладуць па яйку ў бутон. Затым самка падгрызае кветаножку, з-за чаго тая абломваецца і бутон з яйкам падае. Праз тыдзень з яйка выходзіць лічынка, якая жыве і сілкуецца ў бутоне крыху больш за тры тыдні. Пасля ўтвараецца кукалка. Прыкладна праз 10 дзён з'яўляецца малінавы кветаед.

У сярэдзіне ліпеня можна назіраць масавы выхад. У канцы месяца насякомае пачынае шукаць сховішча для зімоўкі. Адна самка кветаеда адкладвае каля сотні яек, якія спачатку пашкоджваюць суніцы, а потым атакуюць маліны.

Паўднёвы шэры даўганосік. Гэты ўсёедны жук умее лятаць. Харчавацца пачынае пры з'яўленні першай зеляніны, часцей на азімых. Пераходзіць на кукурузу, бурак, сланечнік. Пашкоджвае і пустазельную траву.

Пасля зімоўкі, якую насякомыя праводзяць у грунце, часцей на полі пасля кукурузы на глыбіні прыкладна 0,5 м, яны выбіраюцца з-пад зямлі і спароўваюцца дзён праз дзесяць. Пасля таго самка адкладвае ў глебу каля 300 яек на глыбіню 20 см. Адкладванне робіцца невялікімі групкамі — да 10 яек. Кормам для лічынак служаць карані раслін, якія яны ядуць 60-70 сутак. У стадыі кукалкі насякомае праводзіць каля 20 дзён. У пачатку жніўня з'яўляюцца дарослыя асобіны.

Костачкавы кветаед. Небяспечны шкоднік, які пашкоджвае костачкавыя культуры. Дарослыя асобіны сілкуюцца лісцем і пупышкамі. Лічынкі жывуць у костачкавых пладах такіх дрэў: сліва, чаромха, вішня, чарэшня.

Увесну, калі зямля праграваецца да 9 °C, перазімавалыя насякомыя выпаўзаюць з грунту і пачынаюць актыўнае харчаванне. Калі завязваюцца маладыя плады, самка прагрызае яшчэ мяккую абалонку костачкі і адкладвае яйка. Развіццё праходзіць у костачцы. Каб малады жук мог выбрацца, на працягу прыкладна двух дзён ён павінен прагрызаць цвёрдую абалонку. Калі кветаед пакідае плод, то залазіць у глебу і рыхтуецца да зімоўкі.

Вялікую шкоду могуць нанесці даўганосікі, якія сілкуюцца лісцянымі і іглічнымі пародамі. Таксама непрыемнасцяў дадасць даўганосік свірнавы — які пашкоджвае збожжавыя культуры ў перыяд іх росту і захоўвання збожжа.

Як змагацца з даўганосікамі

Каб пазбавіцца ад шкодніка, варта прыкласці пэўныя намаганні. Ёсць некалькі спосабаў дасягнення выніку.

  • Старайцеся саджаць суніцы, маліны і іншыя культуры, якія любяць пашкоджваць даўганосікі, у розных кутах саду, каб жуку складаней было перабірацца з аб'екта на аб'ект.
  • Народным сродкам з'яўляецца апрацоўка бутонаў квітнеючых раслін водным растворам гаспадарчага мыла, парашковай гарчыцы ці драўнянага попелу. Пры гэтым прымяняецца пульверызатар.
  • Яшчэ адзін народны сродак — высадка «ахоўнай паласы» з часнаку і цыбулі: гэтыя расліны высаджваюцца вакол пашкоджаных культур, іх рэзкі пах адпудзіць шкоднікаў. Для мацнейшага эфекту стрэлкі цыбулі рэгулярна зразаюцца.
  • Калі даўганосік ужо завёўся, змагацца з ім трэба больш радыкальна: апырскваць інсектыцыдамі. Раствор павінен трапіць на бутоны (дадзеная апрацоўка праводзіцца за тыдзень да цвіцення і некалькі разоў паўтараецца на працягу лета). Гэта ж адносіцца да пакаёвых раслін, калі ўлетку кветкавыя гаршчкі выстаўляюцца на свежае паветра. Але апрацоўка ўжо квітнеючых раслін не дасць чаканага эфекту.
  • Без якіх-небудзь прэпаратаў ад шкоднікаў можна пазбавіцца, стросшы іх на газету або плёнку, засланую пад пашкоджанай раслінай, і знішчыўшы. Рабіць тое лепш раніцай, пакуль жук спіць. Даўганосік не лятае, а пасля начной прахалоды крыху затарможаны.
  • Увосень, робячы прыборку ў садзе, трэба сабраць і спаліць рэшткі пашкоджаных жуком раслін, каб знішчыць насякомых, якія зімуюць у іх. Вакол дрэў зямля добра перакопваецца, а ствалы чысцяцца ад моху і сухой кары, дзе таксама могуць знаходзіцца лічынкі даўганосіка.

Апрацоўка пры дапамозе інсектыцыдаў з'яўляецца прычынай таго, што і пчолы не садзяцца на апрацаваную расліну, каб апыліць яе. Неабходна своечасова праводзіць прафілактыку заражэння, каб не застацца без ураджаю.

Даўганосіка адпудзіць попел, які вясной рассыпаюць вакол дрэў і кустоў. Не любіць ён і пахкую траву, раскладзеную ў міжраддзях і на градках. Падыдзе палын. Своечасовае выдаленне пустазелля, прыборка расліннага смецця, разумнае суседства культур і іх севазварот прадухіляць паражэнне раслін шкоднікам.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?