Вы тут

У Доме прэсы прэзентавалі кнігі, прысвечаныя генацыду беларускага народа


Вялікая Айчынная вайна займае асаблівае месца ў гістарычнай памяці народа. І асобнай старонкай у той жудаснай гісторыі мінулага з’яўляецца генацыд беларускага народа. Напярэдадні Дня Перамогі ў Доме прэсы прэзентавалі выданні, прысвечаныя гэтай тэме. Прадстаўнікі выдавецтва «Беларусь» і аўтары прэзентаваных выданняў таксама абмеркавалі пытанні: што робіцца ў сучаснай Беларусі для ўвекавечвання ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, якія меры прымаюцца, каб абараніць усеагульную Перамогу ад спроб фальсіфікацыі і многае іншае.


— Выпуск кніг пра Вялікую Айчынную вайну, гісторыю Беларусі — заўсёды ў прыярытэце ў нашага выдавецтва. Апошнія два гады запыт у чытачоў на кнігі, якія асвятляюць гэту тэму вырас у разы. Тыраж кнігі ў нас у сярэднім 1,5–2 тысячы экзэмпляраў, і калі раней ён рэалізоўваўся год-два, то цяпер тыражы кніг, якія ўзнімаюць гэтую тэму, разыходзіцца за некалькі месяцаў, — распавядае загадчык аддзела рэкламы выдавецтва «Беларусь» Анжэла Садоўская. — Напрыклад, калі казаць пра кнігу «Хатынь», якая выйшла напрыканцы лютага, то мы ўжо паставілі пытанне пра яе перавыданне. А значыць, запыт на гэтую літаратуру сёння вялікі, прычым гэта датычыцца не толькі замоў публічных бібліятэк, але і ў цэлым кніжнага гандлю. І тое зразумела, бо, ведаючы гісторыю, прасцей разабрацца ў падзеях, якія адбываюцца сёння. А другая прычына — усе нашы кнігі, па сутнасці, — адзін вялікі дакумент, дзе змешчана вывераная інфармацыя. Гэтыя кнігі адкрываюць вочы на многія рэчы, захоўваюць нашу гістарычную праўду.

Сёння ў выдавецтве рыхтуюцца да выхаду яшчэ некалькі рукапісаў, якія ў найбліжэйшы час таксама папоўняць шэраг кніжных крыніц пра Вялікую Айчынную вайну. І кнігі гэтыя разлічаны на розную аўдыторыю. Выдаўцы клапоцяцца, каб такія выданні былі даступныя не толькі беларусам, але і гасцям нашай краіны. Так, выданні прадстаўлены, напрыклад, у сувенірнай краме Мірскага замка і ў іншых месцах, каб у максімальна вялікай аўдыторыі з’явілася магчымасць даведацца праўду пра падзеі той вайны.

— Адна з навінак нашага выдавецтва — гэта кніга «Свяшчэнная памяць Вялікай Перамогі», галоўны пасыл якой у тым, што не існуе больш ці менш знакавых помнікаў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной. Кожны аднолькава важны і мае значэнне. І наша галоўная задача сёння — захаваць памяць пра іх. Гэта і робіцца з боку дзяржавы, калі рэстаўрыруюцца мемарыяльныя комплексы, вядзецца даследчыцкая работа, — адзначае загадчык рэдакцыі па выпуску навукова-папулярнай і даведачнай літаратуры выдавецтва «Беларусь» Вольга Давідовіч.

Акрамя гэтага, упершыню прэзентавалі зборнік дакументаў і матэрыялаў аб злачынствах нацыстаў і іх памагатых, якія былі здзейснены на тэрыторыі Мінскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Усё гэта сабралі ў кнігу «Без тэрміну даўнасці». У ёй можна знайсці інфармацыю пра палітыку нацыстаў на акупаваных тэрыторыях Беларусі, пра пасляваенныя расследаванні нацысцкіх злачынстваў. Усяго такіх зборнікаў шэсць, па кожнай вобласці нашай краіны. Прэзентаваны зборнік мае чатыры дадаткі, адкуль можна даведацца пра месцы прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва на тэрыторыі вобласці, спіс месцаў масавага знішчэння яўрэяў, а таксама спіс буйных карніцкіх аперацый і звесткі пра сельскія населеныя пункты, якія былі знішчаны нацыстамі поўнасцю або часткова з насельніцтвам ці без яго.

Асаблівай увагі вартае і выданне «Шталаг № 354». Яно прысвечана стацыянарнаму лагеру для савецкіх ваеннапалонных. Кніга з’явілася ў выніку сумесна прынятага рашэння Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта і Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ефрасінні Полацкай аб тым, што наспела неабходнасць стварэння навукова-папулярнага выдання, прысвечанага «Шталагу 354», які дзейнічаў на тэрыторыі ваеннага гарадка ў перыяд з 1941 да 1943 года.

— Праца па напісанні кнігі вялася даволі хутка, але матэрыял для яе мы з калегам па крупінках збіралі на працягу 10–15 гадоў. Скажу шчыра, што гэта не было для нас самамэтай першапачаткова, таму што кірунак маёй навуковай дзейнасці крыху іншы. Плюс цяжкасць зключалася ў тым, што няма прамых дакументаў. Але галоўнай мэтай было паказаць не толькі гісторыю стварэння і функцыянавання лагера для ваеннапалонных, але і трагедыю чалавека на вайне. Не менш важнай мэтай было наша жаданне персаналізаваць, паказаць лёсы людзей, якім чынам захоўвалася памяць пра той час, пра загінулых на тэрыторыі «Шталага 354», — згадвае кандыдат гістарычных навук, загадчык кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай, аўтар кнігі Алеся Корсак. — У кнізе мы асаблівую ўвагу ўдзяляем гісторыям медыцынскага персаналу, паказваем стратэгіі выжывання і супраціўлення палонных. На мой погляд, упершыню ў айчыннай гістарыяграфіі мы ўзнімаем тут праблему жанчын-ваеннапалонных у гэтым лагеры... І праца па ўвекавечванні памяці намі працягваецца.

Алена ДРАПКО

Фота дадзена Домам прэсы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.