Вы тут

Студэнты беларускіх універсітэтаў праехалі па месцах баявой славы заходняга прыгранічча


У рамках маршруту наведалі пагранічную заставу, форты і доты часоў Першай і Другой сусветных войнаў, месцы баёў на Аўгустоўскім канале. Карэспандэнт «Звязды» праехала з удзельнікамі экспедыцыі па ўсіх пунктах.


Сонечным ранкам маладыя людзі і выкладчыкі занялі свае месцы ў аўтобусе і накіраваліся па запланаваным маршруце. Наш шлях ляжаў у бок заходняй граніцы, абаронцы якой першымі сустрэлі ворага ў чэрвені 1941 года. Каля гарадскога мемарыяла «Граніца ў агні» правялі мітынг. Помнік героям-пагранічнікам быў устаноўлены ў 2006 годзе на сродкі, сабраныя пагранічнікамі і грамадскасцю. Удзельнікі рэспубліканскай студэнцкай патрыятычнай акцыі «З лампадай Вечнага агню» ўшанавалі памяць герояў хвілінай маўчання, а затым паклалі гваздзікі і запалілі лампадкі.

— Акцыя праходзіць другі раз. Ініцыятар яе — прафесар, загадчык кафедры гісторыі Беларусі Сяргей Піваварчык. Дэканат прапанаваў зрабіць акцыю міжвузаўскай, рэспубліканскай. Такім чынам, у нас сёлета ў ёй прымаюць удзел прадстаўнікі БДУ, БДПУ імя Максіма Танка, а таксама тры гродзенскія ўніверсітэты. Да нас прыехалі разам са студэнтамі дацэнты, выкладчыкі, кандыдаты гістарычных навук. Лічым акцыю дарэчнай у сувязі з тым, што яна пачалася ў Год гістарычнай памяці і працягнута сёлета, у Год міру і стваральнай працы. Праводзім напярэдадні 9 Мая, каб студэнты пабывалі на месцы баёў і прасякнуліся гераічнымі падзеямі. Для маладога пакалення пачуццё патрыятызму вельмі важнае. Думаю, што наш маршрут будзе яшчэ і цікавым, а фармат захаваем і надалей, — паведаміла намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Я. Купалы Таццяна Баярчук.

Трэба дадаць, што Сяргей Піваварчык стаў не толькі ініцыятарам акцыі, але і мадэратарам маршруту. Дзякуючы яго расповедам, удзельнікі экспедыцыі ўявілі карціну тых падзей, даведаліся, што адбывалася на заходняй мяжы ў далёкім 1941 годзе.

Праз кіламетраў 15 ад Гродна робім прыпынак і сыходзім з трасы ўбок, метраў на 500. Тут знаходзіцца помнік «Маці, якая смуткуе». Скульптура ўстаноўлена ў сярэдзіне 1960-х гадоў, да 20-годдзя Перамогі. Якраз у гэты перыяд 9 Мая становіцца выхадным днём і пачынаюць узводзіцца помнікі ў гонар загінулых. Пазней сталі дадаваць табліцы з імёнамі, якія ўдалося ўстанавіць.

Таксама тут знаходзіцца мемарыяльны знак у памяць першай у Гродне падпольнай групы Мікалая Волкава. Ён быў ваенным інжынерам, будаваў фартыфікацыйны раён, у Гродна прыехаў, каб забраць сям'ю, але пачаліся баявыя дзеянні. Разам з жонкай і іншымі гараджанамі стварыў першую падпольную групу. У лютым 1942 года ўсе члены групы былі расстраляны. Імем Мікалая Волкава названа школа ў Гродне.

Сяргей Піваварчык прыводзіць факты знішчэння фашыстамі мірных жыхароў. Менавіта на гэтым самым месцы забілі каля трох тысяч чалавек. Само месца было выбрана невыпадкова. На пачатку Першай сусветнай вайны тут вяліся работы па будаўніцтве фартыфікацыйных аб'ектаў. Форт быў узведзены, але ніякай ролі тады не выконваў. Яго глыбокія равы выкарысталі немцы для пахавання жыхароў навакольных населеных пунктаў. На ўзгорку высяцца два крыжы. Адзін — у памяць воінаў, якія загінулі ў Першую сусветную вайну. Другі сведчыць аб мірных ахвярах. Да лета 1943 года тут праходзілі карныя акцыі па знішчэнні мясцовых жыхароў, падпольшчыкаў, ваеннапалонных. Калі было відавочна, што немцы церпяць паразу, яны сфарміравалі спецкаманды, якія «зачышчалі» сляды сваіх зверстваў, у тым ліку і на гэтым месцы. Абласной пракуратурай праводзілася расследаванне дзеянняў гэтай каманды.

Марыя Бандарэвіч, студэнтка 1-га курса гістфака БДУ, падзялілася сваімі першымі ўражаннямі. Яна лічыць, што наведаць памятныя месцы абароны Першай і Другой сусветных войнаў — важна і пазнавальна.

— Экспедыцыя вяртае нас у часы, якія нельга забываць, — лічыць студэнтка. — Асэнсоўваеш, якой цаной падорана нам сённяшняе жыццё, наколькі мы адказныя за будучыню. У знак падзякі мы запальваем лампадкі і кладзём кветкі.

Наступны прыпынак — пагранічная застава імя Героя Савецкага Саюза Віктара Усава. Гэта адзіная застава Гродзенскай пагранічнай групы, якая знаходзіцца на месцы заснавання ў 1940 годзе. У першы дзень вайны тут завязаўся жорсткі бой. На месцы гібелі камандзіра цяпер устаноўлены памятны знак, а яго рэвальвер захоўваецца ў музеі заставы. На тэрыторыі знаходзіцца брацкая магіла з імёнамі загінулых, але прозвішчы многіх не ўдалося ўстанавіць. Падзеі 1941 года ўразілі юнакоў экспедыцыі.

— Вельмі каштоўна пачуць гістарычны расповед на месцы падзей. Мы даведаліся, дзе сустракалі ворага абаронцы краіны. Тут і крэпасці ўмацоўвалі, і рыхтавалі горад да абароны. Шмат даведаліся пра подзвіг пагранічнікаў. Байцы на гэтым невялікім кавалку зямлі трымалі абарону некалькі дзён, — падзяліўся студэнт гістарычнага факультэта БДУ Аляксандр Первышаў.

— Мы ведаем подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці, а вось подзвіг пагранічнікаў Гродна малавядомы. Між тым, застава ваявала, і зараз яна працягвае несці службу, — дадаў студэнт 2-га курса гістфака БДПУ імя М. Танка Сяргей Гуліс.

Удзельнікі экспедыцыі пазнаёміліся з побытам на заставе. Намеснік начальніка заставы Мікіта Тарасаў расказаў аб тым, як нясе службу асабісты склад. Маладым людзям паказалі віды зброі, новы камплект адзення, у склад якога ўваходзіць шлем і бронекамізэлька з чатырма ступенямі абароны. Вага такога камплекта з баявымі патронамі і рацыяй — 25 кілаграмаў, яны расійскай вытворчасці і паступілі літаральна нядаўна. Перад гасцямі выступіў кінолаг са сваім выхаванцам — 12-гадовай аўчаркай Нілам. Ахвотных пракацілі на квадрацыкле.

Ад заставы імя Усава накіраваліся на Аўгустоўскі канал. Прыпынак на шлюзе Дамброўка. Відавочна, што пачаўся турыстычны сезон. Цеплаход «Нёман» адправіўся ў чарговы заплыў.

— Аўгустоўскі канал стаў перадавым рубяжом так званай лініі Молатава — новай сістэмы дзяржаўнай граніцы, якая ўзнікла пасля падзелу Польшчы ў 1939 годзе. Гэта тэрыторыя — поле бітвы на пачатку вайны. Нямецкаму батальёну спатрэбіліся два дні, каб прайсці гэты ўчастак — з 22 да 24 чэрвеня. Тут гінулі байцы гродзенскага гарнізона, — расказаў Сяргей Піваварчык.

Уся наша група ў складзе каля 50 чалавек прайшла ўздоўж канала ўглыб Аўгустоўскай пушчы. Выйшлі на былы дот. Месца не глухое, сюды пракладзены турыстычны маршрут, ёсць сцежкі і сходні. Паблізу два доты, аб іх гістарычнай каштоўнасці сведчаць адпаведныя таблічкі. Аб'екты пад аховай дзяржавы. У такім доце знаходзіліся 20—30 чалавек. Захаваліся здымкі нямецкіх салдат каля аднаго з іх. Ворагу не проста было іх захапіць. Як правіла, толькі пасля таго, як загінулі ўсе абаронцы. Беларускія інжынерныя войскі пасля вайны вымалі адтуль неразарваныя снарады. Аскепак аднаго з такіх снарадаў відаць у бетоннай сцяне.

— Доты злучаны паміж сабой акопамі, пасля вайны тут былі знойдзены астанкі камандзіра, які застаўся невядомым. Колькі абараняўся гэты дот — невядома, але, згодна з крыніцамі, гарнізон прымаў бой, адарваны ад сваіх частак, — паведаміў наш праважаты. — Таму мы аддадзім даніну памяці гэтым абаронцам і запалім у іх памяць нашы лампадкі.

Які гістарычны багаж для асэнсавання сябе і грамадства можа даць такая экспедыцыя? Ці паўплывала гэта падарожжа на свядомасць яго ўдзельнікаў? На думку студэнткі факультэта гісторыі і грамадазнаўства БДПУ імя М. Танка Юліі Стыгі, такія акцыі важныя для захавання гістарычнай памяці. Гэта месцы болю і пакуты. Для будучых педагогаў важна адчуваць гэты сэнс, каб перадаць яго будучым вучням, а магчыма, і наведаць аб'екты з новымі пакаленнямі.

— Мы часта гаворым пра ваеннае мінулае, а тут мы на месцы, можам усвядоміць глыбіню таго, што адбывалася. Гэты вопыт вельмі важны як з пункту гледжання прафесіі, так і ўласнай свядомасці. Тут мы дакранаемся да таго, што перажывалі байцы. Гэта памяць аб мільёнах ахвяраў вайны — як абаронцаў, так і мірных жыхароў. Гэта наша агульная гісторыя, якая закранае кожнага, і яе нельга забываць, — выказаў меркаванне студэнт факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Я. Купалы Мікіта Ляўковіч.

Уражаннямі падзялілася намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка Ларыса Савіч. На яе думку такая экспедыцыя ў натуральнай прасторы дапамагае падтрымаць гістарычную памяць і дае спадзяванні на тое, каб у ціхай і талерантнай Беларусі ніколі не паўтарыліся тыя жудасныя падзеі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».