Вы тут

Чым быў адметны абласны марафон «Рэквіем спаленым вёскам».


Магілёўская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна мае багаты вопыт арганізацыі і правядзення буйных карпаратыўных мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці. Намаганнямі бібліятэкараў вобласці створаны інфармацыйны рэсурс «Жывая памяць пакаленняў», прадстаўлены на ўсіх бібліятэчных рэсурсах і на афіцыйным сайце Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта. Летась адбыўся абласны патрыятычны марафон «Мы будзем шанаваць ваш подзвіг вечна», прымеркаваны да Дня Перамогі і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Практыка пацвердзіла эфектыўнасць сумеснай працы, і да 80-годдзя Хатынскай трагедыі было абвешчана аб правядзенні абласнога марафону «Рэквіем спаленым вёскам».


Фота: БелТА.

«Партызанская вайна мае свае перавагі: яна дае нам магчымасць нішчыць усё, што паўстае супраць нас», — так 16 ліпеня 1941 г. на нарадзе з кіраўнікамі рэйха Гіт- лер фактычна сцёр межы паміж барацьбой з народнымі мсціўцамі і забойствам мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі СССР. Цаной гэтых слоў сталі тысячы жыццяў беларусаў і сотні спаленых вёсак. 186 вёсак не змаглі адрадзіцца і зніклі назаўжды, бо былі знішчаны з усімі жыхарамі, уключаючы маці і грудных дзяцей, нямоглых старых і інвалідаў. Асабліва стараліся ў «барацьбе з бандытамі» галаварэзы з зондэркаманды штурмбанфюрэра СС Оскара Дзірлевангера. Пасля бою ці партызанскай дыверсіі яны прыходзілі ў вёску, спальвалі яе і забівалі ўсіх жыхароў. Крывавым падраздзяленнем Дзірлевангера спалена больш за 180 вёсак, забіта звыш 30 тысяч мірных беларусаў. Яны працягвалі паліць вёскі і забіваць жыхароў, нават калі не атрымлівалі такога загаду. Так, 19 ліпеня 1942 г. цалкам была спалена вёска Вятранка Быхаўскага раёна ў 260 двароў, забіта 287 жыхароў, хаця батальён атрымаў загад толькі знайсці збіты самалёт.

Хатынь, спаленая 22 сакавіка 1943 г. карным атрадам Дзірлевангера, стала сімвалам трагедыі ўсіх беларускіх вёсак і пакут ні ў чым не вінаватых мірных жыхароў — ахвяр бесчалавечнай расправы нацыстаў і іх памагатых. Гэта гісторыя толькі адной беларускай вёскі. Падобныя Хатыні былі ў кожным рэгіёне. У вёсцы Боркі Кіраўскага раёна 15 чэрвеня 1942 г. праведзена самая буйная за ўсю гісторыю Вялікай Айчыннай вайны аперацыя па знішчэнні мірных жыхароў. Карны атрад Дзірлевангера за адзін дзень расстраляў і спаліў 2027 мірных жыхароў вёскі Боркі і шасці прылеглых пасёлкаў. Хатынь і Боркі сталі прататыпамі знішчаных вёсак для мастацка-дакументальных фільмаў і кніг. Каб захаваць памяць аб трагічных падзеях Хатыні і соцень спаленых вёсак, Магілёўская абласная бібліятэка арганізавала абласны марафон «Рэквіем спаленым вёскам», у якім прынялі ўдзел усе публічныя кніжніцы вобласці. На іх сайтах пад аднолькавымі банерамі апу- блікаваны планы мерапрыемстваў з указаннем месца правядзення і часу.

У рамках марафону былі прадстаўлены выстаўкі, тэматычныя экспазіцыі ў бібліятэках і сацыякультурных установах рэгіёнаў, праведзены комплекс мерапрыемстваў: акцыі, гадзіны памяці, гадзіны гісторыі, наведванне мемарыялаў, сустрэчы з відавочцамі тых падзей, гісторыкамі, якія расказалі пра трагедыю спаленых вёсак, генацыд у гады Вялікай Айчыннай вайны. Асобны блок мерапрыемстваў падрыхтаваны для размяшчэння ў віртуальным асяроддзі: на YouTube, TikTok, сацыяльных сетках. У бібліятэках, установах адукацыі, на прадпрыемствах, для жыхароў маланаселеных вёсак праводзіліся прэзентацыі кніг «Генацыд беларускага народа»,

«Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці», створаных на аснове матэрыялаў і дакументаў, атрыманых Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь у межах крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа ў гады вайны. Толькі ў абласной бібліятэцы прайшло 22 мерапрыемствы, удзельнікамі якіх сталі 792 чалавекі: студэнты Беларускага інстытута правазнаўства, навучэнцы электратэхнічнага, політэхнічнага, медыцынскага каледжаў, абласнога ліцэя № 3, вучні старэйшых класаў школ №№ 2, 15, 40, 45 Магілёва, выхаванцы Магілёўскай дзяржаўнай школы закрытага тыпу і іншых навучальных устаноў.

Урок памяці «Хатынская аповесць Сяргея Селіханава», які знаёміў з гісторыяй стварэння мемарыяльнага комплексу «Хатынь», сабраў найбольшую колькасць удзельнікаў. Скульптар, народны мастак БССР Сяргей Селіханаў прайшоў франтавымі дарогамі ад Масквы да Берліна і па-асабліваму перажываў ваенныя падзеі. За скульптуру «Непакораны чалавек» — сімвал найвялікшай трагедыі, без якога немагчыма ўявіць Беларусь, — ён стаў першым беларускім мастаком, удастоеным Ленінскай прэміі СССР.

У бібліятэках вобласці адбылося звыш трохсот мерапрыемстваў для амаль 6,5 тысячы наведвальнікаў усіх узростаў. Удзельнікамі сустрэч сталі прадстаўнікі раённых і гарадскіх улад, адказныя за выхаваўчую і ідэалагічную работу. Ва ўсіх бібліятэках і важных са- цыякультурных установах рэгіёнаў ладзіліся выстаўкі, праводзіліся тэматычныя мерапрыемствы: «Хатынь — святыня нацыянальнай памяці» ў фае Глускага цэнтра культуры і вольнага часу «Арыён», «Хатынь… Памятаць, нельга забыць!» у кінатэатры «Крыніца» горада Горкі. Інтэрактыўную пляцоўку «Забыццю не падлягае», арганізаваную Клічаўскай раённай бібліятэкай у сярэдняй школе № 1 імя Героя Савецкага Саюза П. А. Крываноса, наведаў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

У рамках марафону ўспаміналі населеныя пункты Магілёўскай вобласці, якія зніклі назаўжды. Важна было данесці да ўдзельнікаў, што ў кожным раёне Магілёўшчыны была свая Хатынь. Толькі ў Бабруйскім раёне 17 вёсак былі спалены поўнасцю, а восем — часткова. За сувязь з партызанамі 23 мая 1943 г. фашысты спалілі вёску Вітава Хоцімскага раёна, а яе жыхароў сагналі ў Рослаўскі канцлагер.

Супрацоўнікі Круглянскай бібліятэкі прынялі ўдзел у раённым праекце грамадзянскай ініцыятывы «Боль без тэрміну даўнасці» па ўшанаванні памяці жыхароў вёскі Бярозка Круглянскага раёна, спаленай у кастрычніку 1942 г.: займаліся пошукам інфармацыі, раздрукоўкай фатаграфій, архіўных дакументаў, афармленнем «хатымузея», навядзеннем парадку на прылеглай тэрыторыі.

У бібліятэках Глускага раёна ўспаміналі масавы расстрэл яўрэяў на Мыслачанскай гары, зверскае забойства Олі і Валодзі Чалапан з вёскі Амур, якім на той час не споўнілася і чатырох гадоў. Сярод 186 неадроджаных беларускіх вёсак — глускія Паршчаха, Белая, Восы, Калёсы, Масты, Тоўсты Лес...

Наведвальнікі Шалаёўскай бібліятэкі-клуба Кіраўскага раёна пасля тэматычнага мерапрыемства наведалі брацкую магілу, дзе пахаваны 286 дзяцей, жанчын і старых вёскі Збышын, закатаваных і жывымі спаленых галаварэзамі Дзірлевангера 21 чэрвеня 1942 г. Успаміны жыхароў, якім цудам удалося выратавацца, апублікаваны ў дакументальным зборніку «Я з вогненнай вёскі» А. Адамовіча, Я. Брыля і У. Калесніка.

У рабоце з дзецьмі і моладдзю актыўна выка- рыстоўваліся сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Спецыялістамі Дрыбінскай бібліятэчнай сеткі з дапамогай сэрвісу Google Карты створана інтэрактыўная карта «Спаленыя вёскі Дрыбіншчыны», распрацавана анлайн-віктарына «Хатынь: трагедыя і памяць» (размешчана ў сацыяльнай сетцы Instagram).

Маладымі спецыялістамі для ТikТоk створаны тэматычныя відэаролікі. Бібліятэкары Клімавіцкага раёна запусцілі чэлендж «80-годдзе Хатынскай трагедыі», які размешчаны ў сацыяльных сетках і на YouTube-канале бібліятэкі. У сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» арганіза- валі паэтычныя чытанні «Пра боль Хатыні ў вершах», сеткавую акцыю «Памяці Хатыні прысвячаецца…» Кіраўская раённая бібліятэка арганізавала конкурс чытальнікаў «Гучаць званы Хатыні», у якім прынялі ўдзел 64 жыхары раёна рознага ўзросту. Крычаўская раённая бібліятэка правяла паэтычны марафон «Помнім: 80 гадоў Хатынскай трагедыі». Сіламі бібліятэкараў і членаў народнага аматарскага аб’яднання «Літа- ратурная гасцёўня “Крынічка” Касцюковіцкай раённай бібліятэкі імя І. Чыгрынава праведзены паэтычны рэквіем «Гудуць званы Хатыні», удзельнікамі якога сталі навучэнцы раённай гімназіі і мясцовыя паэты.

Галіна ДЗЯТЛАВА, галоўны бібліятэкар Магілёўскай абласной бібліятэкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».