Вы тут

У НББ працуюць дзве неверагодныя выставы — «Прысвячэнне майстру» і «Палітра вясны»


Многія выставачныя пляцоўкі Мінска апошнім часам адмаўляюцца ад наўмыснай сур’ёзнасці, цяжкаважнасці ў любых праявах. Калі не лічыць некалькіх праектаў, прысвечаных тэме Вялікай Айчаннай вайны і святу Перамогі, гледачам застаюцца толькі рэтраспектыўныя і тэматычныя экспазіцыі, якія дазваляюць сістэматызаваць веды ў тым ці іншым кірунку, сфарміраваць погляд на пэўныя з’явы ў мастацтве, вызначыцца з адносінамі да канкрэтнага аўтара. Такімі ўяўляюцца дзве выстаўкі з тых, што часова працуюць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.


Дар’я Раманенка «Алея» (першая частка дыптыха «Першы снег»), 1992 г.

Адна з экспазіцый — «Прысвячэнне майстру» — адкрылася зусім нядаўна. Дэманструецца жывапіс — работы былых вучняў гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка. Прымеркавана рэтраспектыўная выстаўка да юбілею Івана Восіпавіча — у снежні будзе святкавацца 120-годдзе народнага мастака БССР. Дарэчы, праект упісваецца ў пэўны шэраг падобных: апошнім часам розныя мастацкія школы імкнуцца прадставіць па-за сваімі сценамі творчасць знакамітых (і не толькі) выпускнікоў.

Нягледзячы на ноткі патэтыкі ў назве, выстаўка атрымалася даволі сціплай. Найперш здзівіла невялікая колькасць работ, а таксама аўтараў. Усё ж навучальную ўстанову ў свой час скончылі многія мастакі, якія праславіліся ў Беларусі і за мяжой. Сярод жывапісцаў, карціны якіх трапілі ў праект, — Марта Шчэрбіч, Яўгенія Душэнка, Дар’я Раманенка, Паліна Зарыцкая, Наталля Лук, Паліна Белая, Анастасія Пяткевіч, Аляксандра Рыбчынская, Марта Рудчык, Анастасія Каржанеўская. Гэтую неспадзявана жаночую кампанію дапаўняе Глеб Герасімаў. Відавочна, склад падобнай экспазіцый мог бы быць нашмат шырэйшы. Да таго ж з рэальнасцю не супадае анансаваны прамежак часу — перыяд творчасці вучняў гімназіі-каледжа — 1970—2020-я гады. Насамрэч часавы дыяпазон прадстаўленых работ — 1980-я да пачатку 2000-х. Усё гэта да размовы пра сціпласць, пэўную абмежаванасць, нястачу.

Зоя Луцэвіч. З серыі «Вясна», 2020 г.

Што тычыцца зместу, то пераважаюць рамантычныя кампазіцыі з адчувальным уплывам міфа. Асаблівая ўвага ў творах надаецца гісторыі: перад вачыма паўстаюць Мірскі замак, Чырвоны касцёл, Траецкае прадмесце… Чаканых прысвячэнняў гістарычным персаналіям не знайшлося, акрамя партрэта мастачкі Алены Лось (твор Паліны Зарыцкай 2004 года). Пра сучаснасць, то-бок, пра час, у які давялося тварыць таму ці іншаму мастаку, гаворка таксама вядзецца, але асцярожна і няўпэўнена, зноў жа — з аглядкай на даўніну. Тлумачыцца гэта не столькі павагай да мінулага радзімы, колькі кантэкстам — усё ж гэта работы пачаткоўцаў, якія вывучалі гісторыю і асэнсоўвалі культурную спадчыну. Прынамсі, апошняе часам атрымлівалася рабіць вельмі ўдала.

Выстаўка «Прысвячэнне майстру» будзе працаваць да 10 верасня. Работы размешчаны ў галерэі «Мабільная» (кальцавы калідор 3 паверха).

Болей грунтоўнай атрымался тэматычная экспазіцыя «Палітра вясны». Няхай нікога не здзіўляе знаёмая назва — гэта традыцыйны праект-віншаванне Нацыянальнай бібліятэкі, прымеркаваны да Дня жанчын і прызначаны расказаць пра абуджэнне прыроды, падзяліцца радасным і нават святочным настроем.

Святлана Каткова «Вясновы настрой», 2000 г.

Жывапісная «Палітра вясны» прадстаўляе прафесійнае мастацтва, знаных майстроў. Дэманструюцца работы прадстаўніц мастацкай дынастыі — Святланы Катковай і Зоі Луцэвіч, маці і дачкі. У экспазіцыі іх творы не перамешвалі, такім чынам падзяліўшы яе на дзве самастойныя часткі. Гэта было неабходна па некалькіх прычынах, і адна зусім відавочная: нельга разбіваць серыі карцін (напрыклад, Зоя Луцэвіч прадставіла серыю «Вясна»). Да таго ж такое адасабленне — даніна павагі самабытнай мастачцы Святлане Катковай, якая пайшла з жыцця ў 2020 годзе.

У выніку атрымалася вельмі жыццесцвярджальная выстаўка, здольная падарыць эмоцыі, натхненне, сілы. Натуральна, яна дэманструе дзве розныя школы жывапісу, якія ніякім чынам не канфліктуюць паміж сабой. Разнастайныя букеты кветак, багатыя на колеры і адценні, рэдкія адметныя героі, задуменныя, таямнічыя, прыгожыя, а галоўнае, святло, якое незалежна ад скарыстаных тэхнік выпраменьваюць карціны, — тое адлюстраванне двух розных аўтарскіх светаў, якія так ці іначай суседнічалі і працягваюць быць побач.

Выстаўка «Палітра вясны» хутка за­вяршае сваю работу. Афіцыйная дата закрыцця — 10 мая.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?