Вы тут

Жывы ўдзельнік ВАВ пісьменнік Віктар Арцем’еў шчыра аб жудасцях вайны


У нашы дні шмат кажуць і пішуць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, дэманструюць на тэлеэкранах актуальныя мастацкія кінастужкі. Вось толькі даносяць іх да слухачоў, чытачоў, гледачоў у большасці сваёй так, нібыта вайна — не велізарнае чалавечае гора са шматлікімі ахвярамі, разбурэннямі, а нейкае маштабнае батальнае мерапрыемства, у якім нічога асабліва страшнага быццам і няма. У вайсковай з іголачкі форме, з новымі аўтаматамі ружовашчокія хлопцы б’юць фрыцаў у хвост і ў грыву, добра харчуюцца, а ў перапынках паміж баямі ахвотна весяляцца ды гуляюць у любоў з медсёстрамі, сувязісткамі, абслугаю пры палявых шпіталях. Не жыццё, а маліна. Можна ў паходна-палявых умовах у сваё задавальненне не толькі жыць, але і паспяхова ваяваць, да таго ж перамагаць.


Віктар Арцем’еў у пасляваенны час. Фота з асабістага архіва Віктара Арцем’ева.

На самай справе, рэальныя тагачасныя абставіны былі зусім іншымі, асабліва ў самым пачатку гітлераўскага нападу. І аб гэтым праўдзіва распавядаецца ў кнігах савецкіх пісьменнікаў, фільмах савецкіх кінарэжысёраў, якія самі ўдзельнічалі ў той страшнай вайне, спаўна зведалі на ўласнай скуры ўсе яе жахі. Асобныя творцы, праўда, часам прыхарошвалі тыя ці іншыя падзеі, здаралася нават, утойвалі некаторыя негатыўныя факты, якія не пасавалі да пераможнай канцэпцыі савецкай рэчаіснасці. Але ў цэлым ад аб’ектыўных тагачасных падзей, наколькі ведаю ад саміх франтавікоў, якім быў і мой бацька, яны, па вялікім рахунку, не адступалі.

Тых творцаў, на вялікі жаль, сярод нас амаль не засталося. І даносіць сённяшняму пакаленню ваенную праўду без скажэнняў, надуманых подзвігаў альбо сюжэтаў проста ўжо няма каму. Таму ўспаміны жывых сведкаў, а іх адзінкі, зараз асабліва дарагія, надзвычай важныя для нашчадкаў. Адзін з такіх сведкаў — ураджэнец хутара Чарэйцаў Круг Шклоўскага раёна, магіляўчанін і пісьменнік Віктар Іванавіч Арцем’еў, якому 21 сакавіка споўнілася 96 гадоў.

Творчасць патрыярха беларускай літа­ратуры прадстаўляць не трэба. Яна добра вядома ўсім аматарам краязнаўча-даследчай літаратуры, сучаснай публіцыстыкі. Тым болей, што пісаў ён і працягвае пісаць пра канкрэтных людзей, рэальныя гістарычныя падзеі, якія адбываліся ў нашым Прыдняпроўскім краі. У гэтым яшчэ раз пераканаўся, калі вядомы ветэран — сведка тых вельмі далёкіх, але незабыўных падзей, працаўнік тылу ў ваеннае ліхалецце — даслаў мне свае ўспаміны «Жизнь ничего не стоила». Іх яму дапамаглі падрыхтаваць і выпусціць у свет Г. М. Дзятлава, І. В. Малініна — супрацоўніцы Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна. Там змешчана ўся праўда жыцця на акупаванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі Магілёўшчыне, паказаны крывавы генацыд шматпакутнага беларускага народа.

Пісьменнік пасля невялікай прадмовы адразу распавядае пра сваё дзяцінства і бацькоў, пра жыццё напярэдадні вайны, пра тое, як на пяты ці шосты дзень нямецкага нашэсця ўбачыў паядынак двух самалётаў — савецкага і варожага. Калі адзін з іх загарэўся, хлопчык не сумняваўся, што полымя ахапіла менавіта нямецкую машыну, бо непахісна верыў: нашы лётчыкі непераможныя. Толькі, як потым даведаўся, быў падбіты і згарэў наш чырваназорны самалёт, а яго экіпаж загінуў.

Хлопчыку ўрэзалася ў памяць адступленне савецкіх войскаў праз вёску Радзішына. На ўсход тады рухаліся толькі невялікія групы нашых салдатаў і камандзіраў з тых вайсковых падраздзяленняў, якія гітлераўцы адолелі на Бярэзінскім і Дняпроўскім рубяжах. Яны ішлі стомленыя, галодныя, у запыленым брудным адзенні, але са зброяй у руках. Прасілі вады, а вясковыя жанчыны выносілі ім не толькі ваду, але і хлеб, малако, у каго што мелася. Байцы не збаўлялі хады, пілі, елі, дзякавалі кабетам за спагаду.

Такая карціна ніяк не вязалася з нядаўнімі прапагандысцкімі запэўніваннямі ў тым, што калі Чырвонай Арміі давядзецца ваяваць, то ваяваць яна будзе на варожай тэрыторыі, сваёй жа зямлі не аддасць ні пядзі.

Віктар Арцем’еў. Фота з сайта vestnikmogileva.by.

Нельга без дрыжыкаў чытаць аб злачынствах фашыстаў у Старых Чамаданах і адначасова не захапляцца мужнасцю, гераізмам нашых байцоў. У названай вёсцы чырвонаармейцы змагаліся самааддана. Калі скончыліся боепрыпасы, яны пайшлі на ворага ў рукапашную. Толькі сілы былі няроўнымі.

Пасля жорсткага, крывавага бою параненых, якія выжылі, ды кантужаных савецкіх байцоў немцы сагналі ў вялізны хлеў, дзе ўжо знаходзіліся сотні мірных людзей, зачынілі звонку вароты, а за­тым падпалілі будынак, расстрэльваючы вязняў з кулямётаў.

Недзе праз год у тых жа Старых Чамаданах нямецкія галаварэзы спалілі жывымі за дапамогу партызанам шасцярых вяскоўцаў па прозвішчы Шайнікавы.

Шакіруюць сваім трагізмам расстрэлы грамадзянскага насельніцтва ў вёсцы Ордаць. Там на вачах у бацькі з маці, моцна адлупцаваных шомпаламі, немцы забілі стрыечнага брата аўтара мемуараў — Ісака Дзмітрыевіча Пруднікава. Сіротамі засталіся яго маленькія дочкі. Знішчылі ў той дзень гітлераўцы і шмат яўрэяў.

Жыццё безабароннага насельніцтва ў акупацыю ўвесь час было напоўнена смяротнаю небяспекаю. У суседняй вёсцы Дзіўнава карнікі застрэлілі каля 30 чалавек: 11 мужчын у самым пачатку вайны, а перад вызваленнем — аднаго падлетка і ўсіх старых людзей. Спалілі таксама некалькі сялянскіх хат.

Сяляне паўсюдна галадалі, хварэлі на тыф і іншыя інфекцыйныя захворванні, а лекаў не мелі. Выжывалі хто як мог. Аднойчы змарнелага Віцю Арцем’ева ледзь не застрэліў паліцай за яго наіўны дзіцячы жарт, які чамусьці падаўся нямецкаму халую абразлівым.

Страшнаю з’яваю лічылася марадзёрства. Нелюдзі, якія называлі сябе партызанамі, а на самай справе ніякага дачынення да іх не мелі, рабавалі вяскоўцаў па начах. Дзейнічалі яны як самастойна, так і па ўказанні гестапа. Ужо ў студзені вызваленчага 1944 года ў вёсцы Радзішына ачмурэлыя ад гарэлкі рабаўнікі пазбавілі жыцця зусім маладога хлопца Юрку Кандрацьева толькі за тое, што ён адмовіўся зняць з сябе цёплы кажух ды аддаць ім. Затым забілі сям’ю бежанцаў з населенага пункта Паршына Горацкага раёна.

Сведка пераканаўча распавядае аб прымусовым выгнанні вясковага люду са свайго жытла, аб перасыльным канцэнтрацыйным лагеры на тэрыторыі Аршанскага льнозавода, аб сваёй цяжкай працы разам з аднавяскоўцамі ў тыле і жудасных стратах у выніку дзікунскага нашэсця крыважэрнага ворага. У тым жа Радзішыне, а гэта 56 двароў і 185 жыхароў, за гады ваеннага ліхалецця загінулі на франтах і ў партызанскіх атрадах 27 землякоў. Памерлых людзей ад тыфу, сцвярджае пісьменнік, ніхто нават не лічыў. Затым ён прыводзіць гэткую ж трагічную статыстыку па населеных пунктах Ордаць, Дзіўнава, Шосткі, Маёраўшчына. Вёску Маёраўшчына (16 двароў, 59 жыхароў) акупанты знішчылі агнём поўнасцю.

Нямецка-фашысцкія захопнікі паўсюдна разбурылі ўсе калгасныя пабудовы, пазбавілі жыхароў хатняй жывёлы, птушкі. Сяляне змаглі толькі нейкі час пакарыстацца схаваным у выкапаных раней ямах зернем, але і яго катастрафічна не хапала. У выніку паўсюдна ўладарылі галеча, голад і холад. Нездарма аўтар мемуараў робіць выснову: «Тыя, хто перажыў вайну і ўцалеў, памятаюць яе і бачаць у снах пастаянна…».

Сам ён, зразумела, бачыць таксама. І глыбока перакананы ў тым, што неабходна перадаваць сённяшняй моладзі праўдзівую гістарычную памяць аб мінулым свайго народа, сваёй краіны, бо без паказу аб’ектыўнага мінулага не можа быць светлай будучыні.

Ад сябе з гэткай нагоды дадам: без шчырых успамінаў удзельнікаў і сведкаў свяшчэннай вайны, працаўнікоў тылу немагчыма даведацца ўсю праўду пра той супярэчлівы, страшны час. Таму пісьменнік-краязнаўца Віктар Арцем’еў і піша пра вайну, дзеліцца асабістымі ўражаннямі, перажываннямі з навучэнцамі сярэдніх школ, гімназій і студэнтамі горада Магілёва, з якімі час ад часу сустракаецца. Цяпер жа з яго мемуарамі зможа пазнаёміцца моладзь, ды і сталыя чытачы таксама, не толькі нашага абласнога цэнтра, але і далёка за яго межамі.

Мікола ЛЕЎЧАНКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.