Вы тут

Валянціна Вінярская падзялілася ўнікальным досведам у стварэнні кітайскага харавога калектыву


Чароўнае ўражанне засталося ў наведвальнікаў «Бібліяночы» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, якім пашчасціла трапіць на прэм’ернае выступленне кітайскага харавога калектыву «LoveMusicTeam». Хор быў створаны пяць гадоў таму ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка на факультэце эстэтычнага выхавання. Канцэртная праграма склалася з размаітых па жанры твораў, класічных і сучасных, што выконваюцца на розных мовах. Дырыжорамі выступаюць студэнты, удзельнікі ансамбля. Кіраўнік харавога калектыву, Валянціна Вінярская, старшы выкладчык кафедры музычна-педагагічнай адукацыі, падзялілася досведам у многім унікальнай працы з замежнымі студэнтамі і гісторыяй стварэння калектыву.


— Валянціна Аляксандраўна, як з’явілася ідэя стварэння хору на факультэце?

— У 2018 годзе на факультэце ўзнікла неабходнасць паездкі ў Кітай: наш універсітэт заключыў дамову з Наньянскім тэхналагічным кітайскім універсітэтам, і трэба было накіраваць туды на стажыроўку выкладчыка. Так, паехала я і працавала там з кітайскімі студэнтамі: выкладала фартэпіяна. Было два з паловай месяцы цудоўнай, хоць у многім і складанай працы, без ведання мовы і перакладчыка. Стаялі побач два раялі: я паказвала практыкаванні, а навучэнцы спрабавалі паўтарыць, разумелі адно аднаго праз перакладчык у тэлефонах. Атмасфера стварылася добрая, з’явіліся першыя поспехі, і кіраўніцтва хацела, каб я засталася. Але не вярнуцца я не магла… Калі ж вярнулася, мне і прапанавалі ўзяць хор з дваццаці замежных студэнтаў, астатнія далучыліся потым.

На нашым факультэце многія кітайцы вучацца з першага курса, а яшчэ ёсць праграма «2+2», калі па дамоўленасці з Лаянскім педагагічным кітайскім універсітэтам студэнты прыязджаюць толькі на трэці курс, правучыўшыся два гады ў сябе. Часу ў нас мала: адна гадзіна на тыдзень дырыжыравання і дзве альбо чатыры гадзіны хору, у залежнасці ад вучэбнага плану, таму працуем вельмі інтэнсіўна, кожная хвіліна каштоўная. Да дысцыпліны прывыклі, хаця спачатку былі пэўныя праблемы са спазненнямі.

Адукацыя музычная давузаўская ў іх розная. Школы там прыватныя, ва ўсіх розныя прыярытэты, базы агульнай няма, прадметаў гармонія і сальфеджыа яны не ведаюць. Сістэма выкладання адрозніваецца ад еўрапейскай. У агульнаадукацыйнай школе — толькі першапачатковая рытміка і спевы — і ўсё. Далей кожны займаецца тым інструментам, якім хоча, альбо толькі вакалам…

Натуральна, не ва ўсіх студэнтаў аднолькава добрая падрыхтоўка: у некаторых не было каардынацыі слыху і голасу, у іншых слых не вельмі добра развіты. Але ў хоры ўсё выправілася за кошт метадычнай мэтанакіраванай працы на працягу некалькіх гадоў. Хай такі студэнт не будзе спяваць самастойна, а толькі ў партыі, ён зможа падстроіць свой голас ва ўнісон, каб спяваць чыста.

— Вы з нуля стварылі калектыў, які можа збіраць поўныя залы…

— Мы доўга не выступалі, бо напрацоўвалі рэпертуар. Выйсці да гледача — вялікая адказнасць. Павінен быць і матэрыял добры, і выкананне выключнае.

Сцэна выканаўцу вельмі патрэбна. Але мы не можам выкарыстоўваць яе як эксперыментальную пляцоўку, бо артысты павінны несці людзям радасць, зрабіць свята — усё мусіць быць якасна. І толькі цяпер адчулі ў сабе гатоўнасць да гэтага.

У цэнтры — кіраўнік харавога калектыву «LoveMusicTeam» Валянціна Вінярская.

Спрыяла тое, што дыстанцыйна мы шмат удзельнічалі ў конкурсах — запісвалі відэа і адсылалі на спаборніцтвы. Нас сталі добра ацэньваць, і гэта натхніла. На апошнім з іх — конкурсе імя Стравінскага, дзе сярод членаў журы былі спецыялісты з Пецярбургскай кансерваторыі, — мы занялі першае месца. Ішлі такім шляхам, каб адчуваць зваротную сувязь…

Цяпер выступаем і ў школах, і ў бібліятэках, прывыкаем выходзіць на сцэну, каб развівацца далей… Мая галоўная задача — каб студэнты атрымалі сцэнічны досвед як музыканты. Тым больш што дырыжорская прафесія для іх новая, яны ёй ніколі не займаліся — толькі ў нашай ВНУ. Вельмі мала гадзін — усяго адна на тыдзень, і такія складаныя творы паспяваем ставіць! У маіх выхаванцаў закладзены дух спаборніцтва, імкненне дасягнуць добрых вынікаў, што вельмі дапамагае. Таму і бяром няпростыя творы — студэнтам цікава, яны ўсведамляюць, што растуць з кожным пераадоленнем.

— А як складаўся ваш рэпертуар?

— Пачыналі мы з самых папулярных твораў. Напрыклад, «Маліхуа» (у перакладзе з кітайскай мовы — язмін) — песня, якую спяваюць ва ўсім свеце. Мы выконваем яе ў аранжыроўцы брытанскага кампазітара. Як яна трапіла да нас? Гэта яркі прыклад таго, з якіх незвычайных момантаў складаецца наша праграма — з самых адметных «перлінак», выцягнутых з розных закуткоў, быццам са скарбонкі.

«Маліхуа» я калісьці пачула ў выкананні мужчынскага хору Оксфардскага ўніверсітэта. Песня гэтая народная, і яе адметная аранжыроўка, якую зрабіў адзін з удзельнікаў хору, Джон Клэпхэм, вельмі спадабалася. Мы напісалі яму ліст з просьбай выслаць ноты. Неўзабаве ён адказаў, адгукнуўся на просьбу! Мы пераклалі песню на змяшаны хор, адрэдагавалі, дабавілі сола — і студэнты з задавальненнем яе выконваюць!

Рэпертуар люблю нераспаўсюджаны, мне цікава адкрываць патэнцыял музыкі і рабіць яе самабытнай, такой, як адчуваю, — і натхняю гэтым моладзь. Студэнты ўключаюцца ў працэс — мы пачынаем развівацца разам: і яны, і я, бо і для мяне гэта новы матэрыял, які ніколі ні з якім хорам не апрабоўваўся. Пачынаем з нуля, ад засваення матэрыялу да яго шліфоўкі, і адчуваем у гэтым асалоду. Студэнты, як і ўсе, не любяць вучыць, бо гэта няпроста. А пасля, бывае, спрабуем мяняць трактоўкі. Але ж асаблівасць кітайскіх студэнтаў у тым, што трактоўкі ім трэба адразу даваць: у іх усё навучанне заснавана на бясконцым паўторы. Паняцця самастойнай работы, каб нешта дадумаць самім, у іх няма, гэта ўвогуле адсутнічае ў кітайскай педагагічнай традыцыі, усё адбываецца толькі на трэнінгу. Затое ім не надакучвае да бясконцасці трэніраваць выкананне: вось чаму яны такія тэхнічныя музыканты. Што тычыцца пошукаў музыкі і яе сэнсу, да такога яны не звыклі. Таму, калі я на завяршальных этапах пачынаю казаць: «А давайце тут нешта зменім!» — у іх шок! Яны пратэстуюць, кажуць: «Не-нене! Трэба было адразу!..» Але я іх прывучаю не баяцца творчасці і быць гатовымі да любых змен, і цяпер ужо яны на адной хвалі са мной, што вельмі радуе!

Выступленне харавога калектыву «LoveMusicTeam». Дырыжыруе Хуан Цзяахаа.

— Вы для сваіх падапечных больш, чым проста кіраўнік…

— Так, але вернемся да рэпертуару. Песню «Новы год у коле сям’і», якой завяршыўся канцэрт, напісаў вядомы кампазітар Цзін Чэн Чжы. У яго свой харавы калектыў у Кітаі, вельмі многа песень. Мы выконваем два яго творы. Першы — кампазіцыя «Павер у сябе». «Новы год» — нашмат больш складаная, мы рабілі яе досыць доўга. Там дзве часткі, у якіх задзейнічаны труба і барабан, што няпроста было звесці.

Акрамя таго, пастаноўка складзена з элементамі тэатралізацыі. Каб перадаць вобраз найбольш эфектна, у працэсе падрыхтоўкі мы самі і прыдумлялі асаблівае сцэнічнае выкананне. Студэнты цудоўна зразумелі сэнс песні, а трактоўку мы зрабілі ў выглядзе імітацыі. Сюжэт традыцыйны: да бацькоў прыязджае малады чалавек сустракаць Новы год — свята, самае галоўнае для кітайцаў, калі ў першы дзень яны ўсе павінны быць у коле сям’і (і толькі на другі і трэці дзень могуць пайсці спачатку да сваякоў, а потым да сяброў — гэта рытуал). І вось па вяртанні ў сям’ю маладога чалавека пачынаюць вучыць жыццю — бацькі, сусед-бізнесмен, які гаворыць, маўляў, навошта табе вучыцца, паглядзі: я ж не вучыўся, але затое маю шмат грошай, давай і ты, як я… Прыходзяць суседкі і паддакваюць… Адпускаюць рэплікі цётачкі, бацькі распытваюць, а чаму ён не ажэніцца — высвятляюць адносіны. У выніку пачынаецца танец накшталт рэпа — гэта эпізод, калі галоўны герой урэшце супраціўляецца і даводзіць, што мае права на ўласнае жыццё: «Я вас вельмі люблю, але чаму я павінен вас слухацца?» Гэта сур’ёзны сэнсавы кавалак! А заканчваецца канфлікт пасля апафеозу перамір’ем: усе танцуюць вальс, свята працягваецца. Маўляў, мы цябе пачулі. Песня яркая, сцэнічная, студэнтам падабаецца — яны ў ёй праз музыку прымяраюць на сябе розныя ролі і самавыяўляюцца! Два гады пра­цавалі над гэтай песняй — яна стала любімай…

А рускую народную песню «Нішто ў полі не калышацца» я выпадкова пачула на YouTube ў выкананні Акадэмічнага кітайскага хору на кітайскай мове. Мяне захапіла незвычайнае трансфармацыя кітайскай мовы, якая пад уздзеяннем рускай мелодыкі змагла раскрыць свае патаемныя моўныя асаблівасці. На слых мы знялі словы, бо ноты засталіся тыя ж, што і былі ў апрацоўцы Івана Панамаркова. Студэнты вывучылі даволі хутка.

Цяпер у нашым рэпертуары 15 тво­раў у розных стылях, сярод іх — і духоўная музыка, і сучасная. Вядома ж, моладзі бліжэй сучасная, але я спрабую навучыць іх уменню выконваць рознастылёвыя творы з розных эпох і жанраў. Так, у нас ёсць нават руская праваслаўная музыка. Самі студэнты не ўвацаркоўленыя, толькі некалькі каталікоў сярод іх, у іншых бабулі-дзядулі — будысты, але большасць не мае да рэлігіі ніякіх адносін. Але каб добра спяваць духоўную музыку, трэба мець духоўны досвед… І тут ёсць месца цуду! Нядаўна мы спявалі твор Кірыла Волкава «К Богородице прилежно ныне притецем». Гэта выбітны маскоўскі кампазітар, яго твор заснаваны на двухгалоссі, напісаным у стылізацыі знаменнага распеву, музыка вельмі глыбокая. І вось не ведаю, за кошт чаго, як і што на іх дзейнічае, але, нічога не разумеючы, толькі доўга распяваючы склады, інтуітыўна яны робяць усё правільна! Гэта фантастычна, гэта здзіўляе: адчуваюць далёкую ад іх традыцыі музыку! Якім чуццём? Магчыма, праз тое, што па сваёй прыродзе кітайцы вельмі музычныя. Я не навязваю, а проста хачу, каб усё было глыбока асэнсавана, адчуты ўсе інтанацыі…

— Неўзабаве студэнты атрымаюць дыпломы аб сканчэнні ўніверсітэта…

— У хуткім часе ўдзельнікі хору вяртаюцца ў Кітай. Таму цяпер наша задача — перакласці многія песні на кітайскую мову. Мне хочацца, каб маладыя спецыялісты ў сябе на радзіме папулярызавалі розную музыку, бо ў Кітаі найчасцей спяваюць нацыянальнае. Чаму б не разнастаіць іспанскімі кампазітарамі, філіпінскімі ці іншымі? Хочацца адаптаваць харавую літаратуру, каб яна распаўсюджвалася ў Кітаі.

Гутарыла Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.