Вы тут

Сенатары абмеркавалі, як у Беларусі наладжана работа з адходамі


Да 2035 года ў краіне павінна перапрацоўвацца 90 % адходаў, якія ствараюцца (у выглядзе другасных матэрыяльных рэсурсаў і сыравіны для кампаставання), для чаго ў краіне ўзвядуць 30 рэгіянальных комплексаў па абыходжанні з адходамі (цяпер працуе восем). Смеццевых палігонаў застанецца толькі 30 на ўсю краіну (цяпер іх 161). Удзельнікі пасяджэння экспертна-кансультатыўнага савета пры прэзідыуме Савета Рэспублікі на чале са старшынёй Наталляй Качанавай у Баранавічах разгледзелі, як у горадзе арганізаваны збор адходаў ад насельніцтва, як яны перапрацоўваюцца і якая прадукцыя ствараецца з атрыманай сыравіны.


Экалагічны дабрабыт

Перад мерапрыемствам члены Савета Рэспублікі наведалі пункт прыёму (нарыхтоўкі) другасных матэрыяльных рэсурсаў і сартавадбна-перагрузачную станцыю. Апошняя была збудавана ў 2011 годзе, прапускная здольнасць складала 30 тысяч тон адходаў за год, і аб'ект ужо меў патрэбу ў мадэрнізацыі, таму ў 2021-м пачалася яе рэканструкцыя, расказаў Максім Сасін, намеснік генеральнага дырэктара Баранавіцкай гарадской ЖКГ па добраўпарадкаванні і будаўніцтве:

— Мадэрнізаваная станцыя ўведзена ў эксплуатацыю ў сакавіку 2023-га, яе магутнасць узрасла да 75 тысяч тон у год, устаноўлены дзве новыя лініі: сартавання адходаў і дасартавання адходаў раздзельнага збору. Да рэканструкцыі з адходаў на станцыі вымалася каля 6 % другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР), цяпер — каля 8 %,
а ў планах — выйсці на адбор 10 % ДМР з агульнага аб'ёму адходаў.

Цяпер станцыя стала адным з васьмі працоўных рэгіянальных комплексаў па абыходжанні з адходамі, дзе перапрацоўваецца смецце не толькі з Баранавічаў, але і з Баранавіцкага, Ляхавіцкага і Ганцавіцкага раёнаў. У гаспадарцы станцыі — не толькі машыны для вывазу адходаў з прыватных падворкаў і шматкватэрнага жылля, але і спецыяльнае аўто — так званы пункт прыёму другаснай сыравіны ад юрыдычных асоб, а таксама мультыліфт — для вывазу адпрацаваных адходаў непасрэдна на палігон. У горадзе, дарэчы, завараны ўжо ўсе смеццеправоды, практычна ўсе шматкватэрныя дамы і 40 % прыватных падворкаў аснашчаны кантэйнерамі для збору цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА) і другаснай сыравіны.

Пры арганізацыі работы з адходамі трэба зыходзіць з забеспячэння аховы наваколля і рацыянальнага прыродакарыстання, бо гэта дазваляе захаваць значную частку натуральных прыродных комплексаў і забяспечыць экалагічны дабрабыт нашых тэрыторый, абазначыла Наталля Качанава, Старшыня Савета Рэспублікі, прыярытэтныя кірункі дзяржпалітыкі ў гэтай сферы:

— Наша краіна дасягнула сур'ёзных вынікаў у навядзенні парадку і добраўпрадкаванні тэрыторый. Сёння гэта пазітыўны імідж, якім мы ганарымся. Чысціня прыроды і экалагічная бяспека — гэта ўжо, па сутнасці, нацыянальны брэнд. Сёння ў краіне дзейнічае салідная прававая база ў галіне абыходжання з адходамі, і мы не першы год працуем па гэтай сістэме. Іншая справа, што трэба працаваць хутчэй і больш эфектыўна.

Пры гэтым павінна быць эканамічная мэтазгоднасць у рабоце, а прадукцыя, што выпускаецца з перапрацаванай сыравіны, мусіць быць канкурэнтаздольнай, падкрэслілі ўдзельнікі пасяджэння. Зараз у краіне з выкарыстаннем перапрацаванай сыравіны вырабляюцца і сродкі гігіены, і новыя пластыкавыя вырабы, і вулічная плітка і пакрыцці, актыўна асвойваецца тэхналогія кампаставання. Вялікі запас для выкарыстання — і ў адходах ад прадпрыемстваў.

Для ўдасканальвання выкарыстання адходаў

У Беларусі штогод ствараецца каля 4 млн тон камунальных адходаў, больш за 80 % якіх «вырабляе» насельніцтва, астатняе — адходы прадпрыемстваў. Прымаючы рашэнні па абыходжанні з адходамі, нельга выбіраць паміж аховай наваколля і рацыянальным прыродакарыстаннем, з аднаго боку, і эканомікай — з другога, заўважыла Наталля Качанава:

— Трэба зрабіць так, каб экалагічныя меры сталі крыніцай даходаў і прыносілі прыбытак. Неабходна максімальна выкарыстоўваць унутраныя рэсурсы, у тым ліку і адходы. Бягучыя геапалітычныя рэаліі і глабальнае эканамічнае становішча падштурхоўваюць нас да паскоранага развіцця ў сферы абыходжання з адходамі: укаранення «зялёных» тэхналогій, вытворчасцяў замкнёнага цыкла, кааперацыі з прадстаўнікамі навуковай суполкі.

Каб сістэма абыходжання з адходамі працавала больш эфектыўна, трэба максімальна ўцягваць у абарот другасныя рэсурсы, навесці парадак на аб'ектах захавання адходаў і ўдасканаліць сістэму абарачэння з ЦКА, расказаў Андрэй Хмель, міністр ЖКГ:

— Летась у краіне сабрана амаль 802 тысячы ДМР, што амаль на 10 тысяч тон перавышае заданне. Цяпер у краіне збіраецца амаль 96 % паперы, амаль 70 % шкла, неабходна паскарацца ў зборы палімераў. Колькасць сартавальных заводаў у краіне павінна быць роўнай колькасці палігонаў — у Беларусі будзе па 30 такіх аб'ектаў. Ужо дзейнічаюць аб'екты па сартаванні ў Брэсце і Гродне. У апошнім, дарэчы, будзе рэалізаваны праект па выкарыстанні РДФ-паліва для спальвання яго на цэментным заводзе ў Краснасельску, і да 2025 года тут будзе дасягнуты паказчык выкарыстання больш як 64 % ЦКА. Завяршаецца будаўніцтва сартавальных комплексаў у Оршы, Бабруйску. Сёлета пачнецца будаўніцтва такіх аб'ектаў у Гомелі і Ваўкавыску. Самы буйны (магутнасцю 400 тысяч тон) будзе збудаваны ў Мінску. Да 2025 года ў краіне павінна выкарыстоўвацца 64 % ЦКА (зараз 32 %).

Існуюць праблемныя пытанні ў арганізацыі збору камунальных адходаў, у прыватнасці па забеспячэнні кантэйнерамі, арганізацыі ўтрымання палігонаў. Ёсць пытанні і па закупцы тэхнікі, і па фінансаванні будаўніцтва сартавальных комплексаў, але з часам усё гэта будзе вырашана, дадаў міністр.

Узровень вымання ДМР з камунальных адходаў узрос у 1,6 раза. Фактычна гэта другасная сыравіна, якая выкарыстоўваецца для вырабу прадукцыі. І дзяржава робіць усё, каб падтрымліваць вытворцаў, якія выкарыстоўваюць ДМР, заўважыў Андрэй Худык, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

— За пяцігоддзе ў краіне закрыты амаль усе міні-палігоны, наведзены парадак па вытрымліванні тэхналогій. Такім чынам, пастаянна павялічваецца ўцягванне ЦКА ў эканоміку Беларусі. Сёння найбольшы працэнт вымання другаснай сыравіны з адходаў у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях, але ёсць яшчэ вялікі рэзерв па краіне ў гэтым кірунку.

Па выніках пасяджэння выпрацуюць стратэгію і прапановы далейшага развіцця галіны абыходжання з адходамі, якія будуць разгледжаны парламентарыямі падчас работы над адпаведнымі экалагічнымі законапраектамі.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.