Вы тут

Надвор'е. У суботу і нядзелю месцамі будуць замаразкі да мінус 5 градусаў


У апошні працоўны дзень гэтага тыдня надвор'е будзе вызначаць атмасферны фронт, услед за якім на тэрыторыю нашай краіны пачне паступаць халоднае паветра з поўначы Еўропы, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота: pixabay.com

Таму ў пятніцу чакаецца воблачна з праясненнямі, у многіх раёнах краіны кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу, а ўначы па поўначы з мокрым снегам. У начныя і ранішнія гадзіны ў асобных раёнах чакаюцца слабыя туман і галалёд. Вецер ноччу няўстойлівы слабы, днём слабы да ўмеранага, месцамі па ўсходзе краіны парывісты. Мінімальная тэмпература паветра ўначы 1—6 цяпла, на большай частцы тэрыторыі Віцебскай вобласці, а на астатняй тэрыторыі месцамі замаразкі ад нуля да мінус 3 градусаў. Максімальная тэмпература паветра днём ад плюс 7 да плюс 12 градусаў, па поўдні краіны паветра прагрэецца да 13—15 цяпла. Атмасферны ціск ноччу істотна не зменіцца, днём будзе слаба расці.

На выхадныя 6—7 мая надвор'е будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, сфарміраваная ў халоднай паветранай масе арктычнага паходжання. У суботу чакаецца пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў. Ноччу і раніцай месцамі па краіне будзе згушчацца слабы туман. Вецер паўночнай чвэрці слабы да ўмеранага, днём па ўсходзе парывісты. Уначы на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаюцца замаразкі ад нуля да мінус 5 градусаў, аднак месцамі мінімальная тэмпература паветра складзе 1—2 цяпла. У сонечнае надвор'е максімальная тэмпература паветра днём чакаецца ад плюс 7 градусаў па паўночным усходзе да 15 цяпла па паўднёвым захадзе краіны.

Досыць холадна чакаецца ў нядзелю. У гэты дзень будзе пераважаць пераменная воблачнасць. Без ападкаў. Вецер пераменных напрамкаў слабы да ўмеранага. Уначы на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца замаразкі 0 — мінус 5 градусаў, месцамі мінімальная тэмпература паветра складзе 1—4 цяпла. Максімальная тэмпература паветра днём будзе ад 8 цяпла да плюс 14 градусаў, па захадзе краіны паветра прагрэецца да 16 цяпла.

Паводле папярэдніх прагнозаў, у панядзелак надвор'е абяцае быць больш спрыяльным. Днём чакаецца без ападкаў. Уначы ўсё яшчэ захаваюцца замаразкі да мінус 5 градусаў, месцамі — 1—5 цяпла. Днём паветра прагрэецца да плюс 10—17 градусаў.

«Вільгацезабяспечанасць сельскагаспадарчых культур добрая, а ў некаторых раёнах Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і на поўначы Брэсцкай вобласці застаецца павышаная, — сказалі ў Белгідрамеце. — У сувязі з кантрасным тэмпературным рэжымам развіццё сельскагаспадарчых культур замарудзілася, аграметэаралагічная абстаноўка стрымлівае з'яўленне ўсходаў яравых, а таксама адрастанне траў».

Паводле інфармацыі аграметэаролагаў, мяжа цвіцення костачкавых культур прасунулася ў цэнтральныя і паўночна-заходнія раёны Беларусі. Паніжэнне тэмпературы паветра да мінус 3 градусаў і ніжэй уяўляе небяспеку ў першую чаргу для квітнеючых пладовых культур.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.