Вы тут

На Віцебшчыне падыходзіць да завяршэння сяўба ранніх яравых культур


На Віцебшчыне падыходзіць да завяршэння сяўба ранніх яравых культур: аграрыі справіліся з задачай на 99 працэнтаў. На чарзе ў гаспадарак паўночнага рэгіёна — кукуруза, рапс, аднагадовыя травы. Завяршыць вясновыя палявыя работы працаўнікі плануюць да 20 мая.


Механізатар Максім Кураш.

У бягучым сезоне віцебскім хлебаробам неабходна асвоіць 314 тысяч гектараў пасяўных плошчаў. З іх ужо засеялі 125 тысяч га збожжавых і зернебабовых, 22 тысячы — рапсу, 5,2 тысячы гектараў кукурузы, аднагадовых траў і лёну — 8,3 і 10,5 тысячы гектараў адпаведна. На палях паўночнага рэгіёна кіпіць работа ад відна да відна: сельскагаспадарчыя планы вобласці выконвае каля шасці тысяч адзінак тэхнікі. І нядзіўна, што праз месяц пасля старту пасяўной кампаніі амаль усе раёны вобласці ўжо залажылі залатую аснову будучага ўраджаю.

У ліку іх — і паўночны Віцебскі раён. Тут, у сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве «Ліпаўцы», зернебабовыя культуры поўнасцю адсеялі некалькі дзён таму. Следам — 100 гектараў рапсу, цяпер механізатары шчыруюць на палях, адведзеных пад аднагадовыя травы.

«У кароткія тэрміны асвоілі 731 гектар плошчаў, адведзеных пад раннія яравыя культуры. Скончылі сеяць рапс, на 700 гектарах пасеем травы, яшчэ 950 адведзена пад падсеў. Пад царыцу палёў — кукурузу — падрыхтавалі 1700 гектараў. Акцэнт робім не толькі на хлебнае золата, але і на зялёны корм, пашыраем плошчы. Галоўнае — забяспечыць гаспадарку сваімі кармамі, тады і мяса будзе, і малако», — расказвае галоўны аграном СУП «Ліпаўцы» Юлія Правалінская.

Цікавы эксперымент з зялёнай масай правялі тут у мінулым сезоне. На 86 гектарах віцебскія аграрыі пасадзілі нехарактэрную для паўночнага клімату шматгадовую культуру — казлятнік з сямейства бабовых. Працэс сяўбы яго быў не з лёгкіх, аднак сёлета поле радуе сваімі ўсходамі, пры добрым раскладзе казлятніку можна сабраць па 250 цэнтнераў з гектара. І работнікі «Ліпаўцоў» у поспех свой вераць.

Адзін з тых, хто стаяў каля вытокаў гэтага эксперыменту і іншых складаных палявых работ, — вопытны механізатар з 15-гадовым стажам Максім Кураш. Без профільнай адукацыі, але з моцнай любоўю да тэхнікі і сельскай гаспадаркі, ён пачаў свой шлях у прафесію ў Верхнядзвінскім раёне ў мясцовым калгасе. А пасля адказнага спецыяліста запрасілі ў Прыдзвінскі край. Разам з жонкай Вольгай, дачушкай Дар'яй і сынам Кірылам Курашы рванулі ў «Ліпаўцы».

Пяты год Максім Мікалаевіч ездзіць на «Беларусе» па палях гаспадаркі, задзейнічаны на ўсіх этапах падрыхтоўкі глебы. Майстэрства і ўпартасць у падыходзе да любога працэсу кіраўніцтва цэніць высока, таму і давярае механізатару самыя адказныя ўчасткі. Спадарожніца па жыцці Вольга Ігараўна падтрымлівае мужа не толькі дома, але і на рабоце: яна таксама працуе ў «Ліпаўцах» на пасадзе вядучага ветурача. На ніву сельскай гаспадаркі Максім Мікалаевіч ступіў следам за бацькам, а яго дзеці, асабліва малодшая Даша, таксама вельмі любяць пракаціцца з бацькам у трактары. Цяпер ва ўсіх аграрыяў гарачая пара: з 6 гадзін раніцы і да 8 вечара не змаўкае тэхніка, гадзіна на адпачынак і абед — і зноў клічуць чорныя разоры. І хоць вольнага часу ў Кураша няшмат, аднак знаходзіць ён у сваім напружаным графіку без выхадных месца для рыбалкі, якая з'яўляецца для мужчыны душэўнай аддушынай.

Механізатар Павел Дашкевіч.

Знаёмячыся з людзьмі, на якіх трымаецца гаспадарка, заўважаеш, што моц невялікіх «Ліпаўцоў» заключаецца ў сямейных дынастыях, якія працуюць тут. Павел Дашкевіч у СУП — навічок, ён пераехаў у раён зусім нядаўна разам з жонкай Галінай. Бацька і дзед Дашкевіча былі ў Верхнядзвінскім раёне вядомымі механізатарамі, таму ў братоў Паўла і Леаніда разважанняў наконт прафесіі і быць не магло.

Чатыры гады таму ў гаспадарку пад Віцебскам з сям'ёй прыехаў старэйшы брат Леанід, а цяпер яны шчыруюць за стырном удвух. Ад брата Павел пераняў не толькі сакрэты работы на зямлі, але і тэхніку — чырвонага «Беларуса» 3022, на якім падрыхтоўвае глебу сёння. Жонка Галіна ўладкавалася на ферму аператарам машыннага даення, плячом у плячо сужэнцы пішуць свой працоўны летапіс і наладжваюць быт на новым месцы. Ім, як і Максіму Курашу, прадпрыемства выдзеліла дом з камфортнымі ўмовамі і агародам, пры пераездзе кіраўніцтва падтрымала людзей і фінансава. Нягледзячы на цяжкі графік і стомленасць, Дашкевічы трымаюць сваю гаспадарку: карову, курэй. «А як па-іншаму жыць вяскоўцам? Да працы звыклыя, і на рабоце паспеем пасеяць, і дома агарод абрабіць. Вясновыя клопаты для людзей ад зямлі аднолькавыя», — усміхаецца Павел Ільіч.

І такіх прыкладаў, калі ў гаспадарцы працуе ўся сям'я, у «Ліпаўцоў» нямала. А што яшчэ трэба для таго, каб работа была ў радасць? Падтрымка, вера і любоў... да сельскай гаспадаркі, вядома.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».