Вы тут

Гродзенцы віншуюць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны


Напярэдадні Дня Перамогі да Раісы Сідловай завіталі прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, Кастрычніцкай раённай адміністрацыі горада, прадпрыемства ААТ «Гроднажылбуд», школьнікі, выхаванцы дзіцячага садка і члены Маладзёжнага парламента.


Святочны натоўп сабраўся каля гарадскога шматпавярховіка, каб у чарговы раз павітаць удзельніцу партызанскага руху Раісу Сідлову. Выхаванцы дзіцячага садка № 35 сваімі рукамі зрабілі святочныя паштоўкі, а яшчэ вывучылі песню «Кацюша», якую праспявалі пад акампанемент загадчыцы садка Алены Жыгалы. Таксама прагучалі вершаваныя радкі ў гонар ветэрана.

— Напярэдадні Вялікай Перамогі па ўсёй краіне праходзіць акцыя віншавання ветэранаў вайны. Раісе Іванаўне пайшоў 95-ы год, яна была сувязной партызанскага атрада імя Панамарэнкі ў Барысаўскім раёне. Пасля вайны пераехала на Гродзеншчыну, тут жылі яе родныя, тут выйшла замуж. Яна ўсё жыццё працавала кранаўшчыцай. Такія людзі — прыклад для маладога пакалення, бо мелі вялікую волю да перамогі, любоў да жыцця і сваёй краіны. Такія якасці дазволілі выстаяць у ваеннае ліхалецце і потым уключыцца ў будаўніцтва разбуранай краіны. Раіса Іванаўна ў літаральным сэнсе ўзнімала горад з руін, дзякуючы ёй паўставалі новыя дамы, раслі мікрараёны, — адзначыла старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта.

У Гродне добра ведаюць Раісу Сідлову, якая прайшла баявы шлях яшчэ падлеткам. Сама жанчына з Міншчыны. Напярэдадні вайны яе сям'я жыла ў вёсцы Любатоўшчына. Калі ў вёску прыйшлі фашысты, жыхары пакідалі свае родныя мясціны і хаваліся сярод мясцовых балот. Раісе тады было 12 гадоў.

— З прыходам захопнікаў пачалося страшнае жыццё, — успамінае Раіса Іванаўна. — Нікому не хачу пажадаць таго, што перажыла сама. У 1942 годзе немцы расстралялі майго бацьку, які быў арганізатарам калгаса. З мужчын застаўся толькі брат Аляксандр. Неўзабаве ён пайшоў у партызаны. Прыкладна праз год нам таксама прыйшлося пакінуць дом, бо нам перадалі, што і нас арыштуюць. Так мы з сястрой апынуліся ў партызанскім атрадзе. Мне даручалі збіраць звесткі для камандавання. Мая сястра Зіна стала сапраўдным байцом, хадзіла на заданні. Яна загінула ад выбуху нямецкай міны на маіх вачах. Да гэтага часу бачу, як узляцела ўгару яе сіняя сукенка. З тае пары не магу глядзець на вяршыні дрэў, бо гэта нагадвае тую трагедыю.

Вайна забрала амаль усю яе сям'ю — бацьку, сястру, брата. Маці не стала адразу пасля вайны. Раіса пачала свой працоўны шлях кранаўшчыцай. На кране працавала больш за 20 гадоў на гродзенскім прадпрыемстве «Гроднажылбуд».

Цяпер у яе вялікая дружная сям'я — дзеці, унукі, праўнукі і прапраўнук. Прыемна, што дзяржава клапоціцца пра ветэранаў, кажа яна. Як удзельніца вайны яна атрымлівае выплаты напярэдадні Дня Перамогі. Але справа не толькі ў грашах, лічыць жанчына. І сацыяльныя службы, і медыцынскія работнікі вельмі ўважліва ставяцца да патрэб ветэранаў, аказваюць неабходную дапамогу. Не забывае сваю былую работніцу і прадпрыемства ААТ «Гроднажылбуд».

— Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны змагаліся за мір, за тое, каб будучыя пакаленні не ведалі, што такое вайна, холад і голад. І таму наша мірнае жыццё трэба зберагчы, захаваць краіну і тыя дасягненні, якія беларусы стварылі за мінулы час, — упэўненая Раіса Іванаўна. — У маёй сям'і ўсе патрыёты. Яны ведаюць гісторыю сваёй краіны, якой цаной дасталася незалежнасць. Часта распытваюць мяне аб тым, як мы жылі ў партызанскім атрадзе, як змагаліся. Для нас усіх 9 Мая — гэта самае ўрачыстае свята. Вось і сёлета мы зноў збяромся дружнай сям'ёй, з сябрамі, блізкімі нам людзьмі.

Сёння ў Гродзенскай вобласці пражывае 98 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, з іх 54 — франтавікі. Некаторым з іх мінула сто гадоў. Ёсць такія, хто набліжаецца да гэтай даты. Напярэдадні Дня Перамогі кіраўніцтва вобласці і раёнаў асабіста наведае ўсіх ветэранаў, каб павіншаваць са святам і ўручыць каштоўныя падарункі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».