Вы тут

Давайце пазнаёмімся! Тэтрагонія, або новазеландскі шпінат


Шпінат новазеландскі — цікавая разнавіднасць шпінату, хоць ён і не з'яўляецца яго батанічным сваяком. Гэта аднагадовая расліна, яго батанічная назва — тэтрагонія («чатырохвугольны» ў перакладзе з грэчаскай) звязаная з вуглаватай формай яго пладоў, якія змяшчаюць 2-5 семечкі.


У наш час новазеландскі шпінат шырока вырошчваюць ва ўсіх краінах Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропы і ЗША. На нашых агародах гэтая расліна — вялікая рэдкасць, хоць лісце яе вызначаецца павышанымі смакавымі якасцямі.

Новазеландскі шпінат не губляе сваіх таварных якасцяў пры цвіценні, адрозніваецца выключна хуткарослай ліставой масай. Вырошчваць яго можна на ўвесь летні сезон.

Зяленіва ў новазеландскага шпінату мясістая — з адной расліны яго зразаюць па некалькі разоў. Лісце ў яго ромбападобнае, патоўшчанае, зубчастае, з кароткімі хвосцікамі, цёмна-зялёнае, вельмі сакавітае. Размяшчаюцца лісты па спіралі на моцна разгалінаваным, нізка размешчаным сцябле, які мае часам чырванаватае адценне.

Для новазеландскага шпінату характэрны кароткі перыяд ад з'яўлення ўсходаў з насення да гатоўнасці парасткаў да ўборкі — усяго 55-60 дзён, а ад высадкі расады — 25-30 дзён. Расліны патрабавальныя да цяпла і вільгаці, пры недахопе вады лісце грубее. Расліна наогул не пераносіць замаразкаў, святлолюбівая, але яе з поспехам можна вырошчваць і ў паўцені.

У адрозненне ад звычайнага шпінату, які пры вырошчванні летам хутка стралкуецца, новазеландскі шпінат дае багатую масу зяленіва, якая нарастае з сярэдзіны лета да позняй восені.

Пажыўная каштоўнасць расліны прыкладна такая ж, як у звычайнага шпінату. У ёй шмат калію, кальцыю, жалеза, ёду. Багаты ён і лёгказасваяльнымі для чалавечага арганізма бялкамі.

Новазеландскі шпінат мае вельмі прыемны далікатны смак, прычым у ежу выкарыстоўваецца як у свежым выглядзе, так і ў вараным. У апошнім выпадку ў ход ідуць нават самыя тоўстыя парасткі.

Новазеландскі шпінат падыходзіць для высаджвання на градкі з любымі іншымі культурамі, якія патрабуюць вялікай колькасці пажыўных рэчываў, — з капустай, сельдэрэем, фенхелем. Аднак з часам ён моцна разрастаецца, таму яго нельга саджаць блізка да іншай гародніны.

Новазеландскі шпінат варта вырошчваць на добра акультураных, багатых на арганічныя рэчывы, лёгкіх па механічным складзе глебах, на адкрытых участках. Бедныя, халодныя і цяжкія гліністыя глебы для яго вырошчвання не падыходзяць.

Новазеландскі шпінат размножваюць расадай або сяўбой насення ў грунт. Абодва спосабы заслугоўваюць увагі, паколькі дазваляюць манеўраваць тэрмінамі збору ўраджаю.

Насенне прарастае вельмі павольна, усходы з'яўляюцца праз 18-20 дзён пасля сяўбы. Каб паскорыць іх з'яўленне, насенне перад сяўбой трэба замочваць у цёплай вадзе на працягу двух сутак, змяняючы яе праз кожныя восем гадзін.

Сцёблы ў новазеландскага шпінату сцелюцца па зямлі і патрабуюць вельмі шмат месца. Пры актыўнай зрэзцы зяленіва адлегласць паміж раслінамі ў радзе павінна складаць 35-40 см, а паміж радамі — 50-60 см.

Калі парасткі шпінату дасягаюць вышыні 12-15 см, у іх прышчыпваюць верхавіны, што адразу выклікае ўзмацненне галінавання і ўтварэння новага лісця. Кусты моцна разрастаюцца. У гэты час іх прарэджваюць канчаткова (да 40 см паміж раслінамі). Паліваюць новазеландскі шпінат па меры неабходнасці. Калі лісце стала цвёрдым, яго неабходна зразаць, і на месцы старога хутка вырастае іншае, маладое і сакавітае.

Прыбіраюць новазеландскі шпінат шматразова, зразаючы верхавіны парасткаў або лісты не радзей чым раз на тыдзень, паколькі яны хутка цвярдзеюць. Рабіць гэта трэба нават тады, калі для ежы яны не патрэбныя, паколькі канцы парасткаў добра адрастаюць толькі пры пастаянным абрэзванні. Збіраюць іх з канца чэрвеня да восеньскіх замаразкаў.

Для поўнага забеспячэння зяленівам сям'і з чатырох чалавек з сярэдзіны лета да позняй восені дастаткова мець на ўчастку дзесяць раслін новазеландскага шпінату.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?