Вы тут

Выхаванне прыкладам


Свякроў распавядала, што яе сын, калі быў маленькі, падбіраў і выкідаў у сметніцу кожную абгортку, якая сустракалася на яго шляху. З таго часу асабліва нічога не змянілася. Вясной муж ходзіць і прыбірае смецце за рыбакамі каля нашай вясковай рэчкі. Добры прыклад, як кажуць, заразны. Калі я была ў дэкрэтным адпачынку і часта гуляла па вёсцы з каляскай, дык заўсёды брала з сабой пакет і збірала паперкі ды бутэлькі, якія валяліся ўздоўж дарогі. Цяпер, куды б мы ні ішлі, з радасцю заўважаю, што наш чатырохгадовы Сымон таксама не праходзіць каля кінутай некім паперкі, абавязкова падымае і нясе ў сметніцу.


Кожны раз, вяртаючыся з садка, сын прыносіць мне то чароўнае пёрка, то празрысты каменьчык, то духмяную шышку. Гэты клопат малы пераняў ад таты, які часта радуе мяне незвычайнымі падарункамі. Не раз чула, як ён шэпча Сымону: «А давай назбіраем для мамы розных галінак і паставім у вазу. Вось яна здзівіцца, калі на іх распусцяцца лісцікі!»

Як казаў Міхаіл Жванецкі, колькі сына ні вучы правільным рэчам, ён усё роўна вырасце такім, як ты. Дзеці бачаць, як мы паводзім сябе ў тых ці іншых сітуацыях і капіруюць мадэлі нашых паводзін. У тым ліку і тое, як мы вырашаем праблемы, ставімся да няўдачы. Калі мы хаваем галаву ў пясок, як страусы, уцякаем ад адказнасці, хлусім, то яны хутчэй за ўсё будуць рабіць гэтак жа.

Ніколі не забудуся, як мінулым летам я ўгаварыла мужа паехаць на канцэрт у суседнюю вёску. У разгар свята Сымон, гуляючы, трапіў маленькім каменьчыкам у чужую іншамарку. І ледзь заўважна пашкодзіў фарбу. Мы паспрабавалі даведацца ў людзей, якія стаялі побач, каму належыць тая машына. Але безвынікова: у той вечар было вельмі шмат прыезджых. Тады муж напісаў на паперцы свой нумар тэлефона з просьбай пазваніць і прыціснуў яе «дворнікам» да лабавога шкла. Наступнай раніцай патэлефанаваў уладальнік таго аўто, дарэчы, сваяк музыкаў, якія ладзілі канцэрт. Ён быў прыемна здзіўлены, што мы пакінулі запіску. І не ўзяў з нас ні капейкі.

Неяк у гасцях назірала сітуацыю, як тата зрабіў сыну строгую заўвагу за тое, што ён, замест таго каб бавіць час з іншымі дзецьмі, гуляе ў камп'ютарную гульню. Пры гэтым сам амаль увесь вечар не выпускаў тэлефона з рук. Мне, напрыклад, таксама не падабаецца, што сучасныя дзеці бясконца сядзяць у гаджэтах. Менавіта таму ў Сымона няма свайго смартфона, і мульцікі мы яму паказваем дазіравана. Пры гэтым я разумею, што, калі буду забараняць малому гаджэт, а сама пачну шмат часу праводзіць у інтэрнэце, ён падрасце і перастане мяне слухаць. Можна сто разоў паўтараць, што такое добра і што такое дрэнна, але словы наўрад ці будуць мець чаканы эфект, калі разыходзяцца з дзеяннямі выхавацеляў. Вядомы жарт «рабі, што я кажу, а не тое, што я раблю» з дзіцем не пройдзе.

Не сакрэт, што ачышчаны цукар шкодны для здароўя. Менавіта таму многія бацькі хацелі б, каб іх дзеці елі менш не надта карысных слодычаў. Але самі пры гэтым заядаюць стрэс шакаладкамі і пірожнымі. Прынамсі, знаёмая, калі ўціхую есць марожанае, кажа трохгадоваму сыну, што гэта тваражок. Таму, каб быць шчырымі з сабой, мы з мужам тыдзень таму вырашылі адмовіцца ад цукру. Замяніць яго карыснымі фінікамі, інжырам, морквай, грушамі, мёдам. Калі хочаш навучыць дзіця клапаціцца пра сваё здароўе — трэба пачынаць з сябе. І так ва ўсім. Перад тым, як штосьці з'есці, падумай, а навошта: прынясе гэта карысць ці шкоду? Перад тым, як штосьці сказаць, вызначы, ці не параніш ты сваім словам кагосьці. Перад тым, як нешта зрабіць, пастаў сябе на месца іншага, узваж, ці не будзе камусьці дрэнна ад твайго ўчынку. Каб выхаванне прыкладам (а ён можа быць не толькі станоўчым, але і адмоўным) праз нейкі час бумерангам не вярнулася назад... Памятаеце прытчу пра дзядулю, у якога трэсліся рукі, і калі ён еў, то суп праліваўся на абрус. Сын і нявестка перасталі яго садзіць за стол і падавалі абед за печку. Аднойчы ён хацеў падсунуць міску бліжэй да сябе, але выпадкова ўпусціў яе і разбіў. Нявестка насварылася на старога і сказала, што з гэтага дня будзе падаваць яму ежу ў драўлянай пасудзіне. Праз нейкі час бацькі заўважылі, што іх малы сын старанна скрабе палачкай па дошчачцы. «Што ты робіш?» — пацікавіўся тата. — «Майструю міску, каб, калі вы з маці пастарэеце, карміць вас з яе за печкай»...

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».