Ізраільскія археолагі даследавалі пячору ўзростам 2000 тысяч гадоў і заявілі, што яна можа быць месцам пахавання «павітухі Ісуса» Саламеі. У пячоры, якая была месцам паломніцтва тагачасных хрысціян, навукоўцы выявілі новыя артэфакты, піша Lіve Scіence.
У прыватнасці, былі знойдзены сотні гліняных масленых лямпаў, пакінутых паломнікамі. Таксама на сценах знайшлі надпісы, у тым ліку на арабскай мове, высечаныя вернікамі. Даследаванні праводзіліся ў пячоры паблізу старажытнага горада Лахіш за 48 кіламетраў ад Іерусаліма.
У рамках першага этапу раскопак археолагі вывучалі пярэдні двор каля ўвахода ў пячору. Ён упрыгожаны мазаічнай падлогай, а сама пячора складаецца з некалькі камер з высечанымі ў іх пахавальным нішамі. Пячора Саламеі раней была закрытая для наведвальнікаў, але пасля заканчэння раскопак яе адкрыюць для ўсіх ахвотных.
Гісторыя пра Саламею ёсць у апакрыфічным Евангеллі ад Якава. У Евангеллі ад Якава гаворыцца, што Саламея была памочніцай іншай невядомай акушэркі падчас з'яўлення на свет Ісуса. Згодна з паданнем, яна не верыла ў некранутасць Дзевы Марыі, таму рука Саламеі засохла, але вылечылася пры дакрананні да калыскі Ісуса.
Навукоўцы ў пачатку новага года выявілі новы від карлікавага ўдава ў эквадорскай Амазонцы і назвалі яго Tropіdophіs cacuangoae, піша Phys.org.
Паводле даных Міністэрства навакольнага асяроддзя Эквадора, другая частка назвы ўдава, даўжыня якога не перавышае 20 сантыметраў, дадзена ў гонар актывісткі руху за правы карэнных народаў пачатку XX стагоддзя Далорэс Какуанга. З 1930-х да 1960-х гадоў яна выступала за правы карэнных народаў Эквадора.
Навукоўцы расказалі, што два экзэмпляры карлікавага ўдава былі знойдзены ў нацыянальным запаведніку «Калонса Чалупас» і ў прыватным парку «Сумак Каўсай». Гэтыя два выяўленыя ўдавы трапідафіса папоўнілі агульную колькасць вядомых навукоўцам асобін-эндэмікаў для Паўднёвай Амерыкі — цяпер іх шэсць.
«Гэтыя змеі настолькі старажытныя, што знайсці або сутыкнуцца з адной з іх — вялікая ўдача», — сказаў агенцтву AFP эквадорскі даследчык Марыё Янез з Нацыянальнага інстытута біяразнастайнасці.
Згаданы від незвычайны тым, што мае рудыментарную тазавую частку, характэрную для прымітыўных змей. Некаторыя лічаць гэта доказам таго, што змеі паходзяць ад яшчарак.
Навукоўцы Інстытута паказчыкаў здароўя і ацэнкі, які базіруецца ва Універсітэце Вашынгтона, правялі даследаванне па ацэнцы доказу рызык для здароўя, звязаных са звычкамі курыць, ужываць чырвонае мяса і рэдка есці гародніну. Узаемасувязь звычкі з тым ці іншым захворваннем ацэньвалі ад адной да пяці зорак. Вынікі даследавання былі апублікаваны ў часопісе Nature Medіcіne.
Ім стаў пяцізоркавы рэйтынг сувязі паміж курэннем і ракам лёгкіх, што азначае надзвычай важкія доказы залежнасці прычыны і выніку. Сувязь паміж спажываннем неапрацаванага чырвонага мяса і ракам прамой кішкі атрымала толькі дзве зоркі, гэта значыць, доказы сувязі паміж ежай і хваробай слабыя ці супярэчлівыя.
Да такога ж рэйтынгу прыйшлі вучоныя пры вывучэнні сувязі паміж спажываннем неапрацаванага чырвонага мяса і ракам малочнай залозы, дыябетам і ішэмічнай хваробай сэрца. Не больш за дзве зоркі атрымалі таксама доказы пазітыўнага ўплыву ўжывання гародніны на зніжэнне рызыкі ішэмічнай хваробы сэрца і гемарагічнага інсульту.
Навукоўцы ўдакладнілі: іх высновы не даказваюць шкоду ці карысць ад ужывання прадуктаў, яны паказваюць узровень дакладнасці сцверджанняў аб тым, што чырвонае мяса выклікае рак кішэчніка, а багацце гародніны ў рацыёне гарантуе выключнае здароўе.
Нізкі рэйтынг указваў на тое, што сцверджанні аб узаемасувязі хвароб і прадуктаў могуць змяніцца па меры правядзення больш якасных даследаванняў і назапашвання большай колькасці доказаў.
Брытанскія вучоныя з Універсітэта Лідса правялі даследаванне і высветлілі, чаму людзям падабаецца шакалад, паведамляе навуковы партал Phys.org.
Даследчая група сцвярджае, што ключавую ролю ў адчуванні шакаладнага смаку адыгрываюць цвёрдыя часцінкі какавы, якія з'яўляюцца пры судакрананні дэсерту з языком, адзначаецца ў матэрыяле.
Акрамя таго, калі шакалад дакранаецца да сліны, вылучаецца тлушчавая плёнка. З-за яе ствараецца эфект раставання, які шмат каму падабаецца. Аднак даследаванне паказала, што незалежна ад таго, колькі ў шакаладзе тлушчу, 5 працэнтаў ці 50 працэнтаў, ён усё роўна будзе раставаць, і гэта ніяк не паўплывае на смак.
«Нашмат важней тое, што пласт тлушчу павінен размяшчацца з вонкавага боку шакаладу. Гэта надае яму прыемны смак», — сцвярджаюць навукоўцы.
Даследчыкі спадзяюцца, што неўзабаве вытворцы змогуць вырабляць шакаладныя цукеркі з тым жа смакам, але без дадавання занадта вялікай колькасці тлушчу.
У штаце Невада ў ЗША ёсць месца, дзе сабрана велізарная колькасць астанкаў Shonіsaurus popularіs — аднаго з найбуйнейшых іхтыязаўраў, які вырастаў да чатырнаццаці метраў у даўжыню. Узрост астанкаў — каля 230 мільёнаў гадоў; у тыя часы тут было трапічнае мора. З нейкай прычыны большасць мясцовых іхтыязаўраў загінула адначасова. Прычына іх гібелі, вядома ж, цікавіць палеантолагаў, але ці не больш апошнія спрабуюць зразумець тое, чаму так шмат гэтых яшчараў апынулася ў адным і тым жа месцы. Прычым прыплылі сюды зусім дарослыя яшчары, іхтыязаўраў-падлеткаў тут амаль не знайсці.
Супрацоўнікі Смітсанаўскага інстытута, Оксфардскага ўніверсітэта, Брусельскага вольнага ўніверсітэта і іншых навуковых цэнтраў зноў вывучылі астанкі іхтыязаўраў, якіх у гэткай агульнай дагістарычнай магіле налічваецца як мінімум 112. Частка з іх застаецца ўмураванай у горную пароду, і даследчыкі выкарыстоўвалі найноўшыя метады сканіравання, каб вывучыць размяшчэнне жывёл адна адносна адной і пабудаваць трохвымерную мадэль усяго месца. Да гэтых даных дадаліся звесткі аб хімічным складзе тутэйшых парод, старыя фатаграфіі, палявыя нататкі тых, хто вывучаў мясцовых іхтыязаўраў раней, і г. д.
Галоўны адказ далі камп'ютарная мікратамаграфія і рэнтгенаўскія прамяні, з дапамогай якіх вывучалі структуру замураваных у камені астанкаў. У артыкуле ў Current Bіology гаворыцца, што акрамя касцей дарослых яшчараў, тут можна знайсці маленечкія косці іхтыязаўравых эмбрыёнаў і нованароджаных (раней іх проста не заўважалі — не маглі заўважыць). Даследчыкі мяркуюць, што іхтыязаўры збіраліся тут для родаў, падобна таму, як цяпер гэта робяць розныя марскія, ды і не толькі марскія, жывёлы (напрыклад, шэрыя кіты нараджаюць у Каліфарнійскім заліве, куды прыплываюць на зіму). Таму на іхтыязаўравых «могілках» ёсць астанкі толькі дарослых жывёл. Косці яшчараў размеркаваны па некалькі зонах, і некаторыя з іх адрозніваюцца па ўзросце ад іншых на сотні тысяч гадоў — гэта значыць у тыя «радзільныя воды» іхтыязаўры прыплывалі з пакалення ў пакаленне.
А вось чаму тут здарылася масавая гібель іхтыязаўраў, даследчыкі пакуль так і не ведаюць. Раней меркавалі, што яшчары памерлі з-за таксічных водарасцяў, якіх раптам з'явілася занадта шмат, ці з-за вялікага вывяржэння вулканаў, але новыя даныя ні тую, ні іншую гіпотэзу не пацвярджаюць.
Сяргей СТАРЫНАЎ
Фота з адкрытых крыніц
З пачаткам навучальнага года рэгіструецца і рост захваральнасці на рэспіраторныя інфекцыі.
Як адзначаюць фінансавыя эксперты, рынак жылой нерухомасці выйшаў на беспрэцэдэнтна высокія паказчыкі па колькасці здзелак.
З рэжысёрам «Кіношнікаў» — наша размова пра мары і іх увасабленне ў рэальнасць.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?