Вы тут

Пісьменніца Алена Стэльмах атрымала прэмію ФПБ ў галіне культуры


Па традыцыі Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўручае прэміі ў галіне працы за самыя выдатныя і значныя прафесійныя дасягненні. Найлепшыя з найлепшых вызначаюцца раз на два гады. Сёлета яе ўладальнікамі сталі як асобныя работнікі, так і цэлыя калектывы прадпрыемстваў. Сярод узнагароджаных і наша калега, пісьменніца і журналістка першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, якая стала лаўрэаткай у галіне літаратуры, мастацтва, журналістыкі і аматарскай творчасці.


Фота з фэйсбука Алены Стэльмах

— Гэта адна з самых прэстыжных прэмій у нашай краіне. Усе пісьменнікі, творцы ідуць доўгім шляхам свайго творчага жыцця і даказваюць сваім прафесіяналізмам, што яны могуць яе атрымаць. Дасягненні творчых людзей аўтарытэтнае журы разглядае на асобным этапе. Усе прэтэндэнты дасягнулі поспехаў кожны ў сваёй сферы, — дзеліцца Алена Анатолеўна. — Што датычыцца майго лаўрэатства, мяне ўзнагародзілі за кнігу «Навасады. Дзяржынскі раён». Там мая малая радзіма. І галоўная сутнасць гэтай кнігі для мяне як аўтара ў тым, што я маю вялікае жаданне, каб кніга пра свае вытокі, пра свой радавод, пра тое месца, дзе нарадзіўся чалавек і дзе яго карані, каб такую кнігу меў кожны. Каб такая кніга была ў кожнай сям’і, у кожным доме, таму што мая кніга — расповед пра тое, адкуль пайшло маё жыццё, мой род. Я збірала матэрыял, запісваючы ўспаміны родных, блізкіх, суседзяў, землякоў. Працавала ў архівах, каб засведчыць дакументальна, хто былі мае продкі. Гэтая тэма мяне хвалявала, і таму ўсё склалася ў кнігу, якая змяшчае і шмат дакументальнага матэрыялу, і творы паэтычныя і празаічныя, якія нарадзіліся на маёй роднай зямлі, у тых мясцінах, што мяне асабліва кранулі. Для мяне дадзеная кніга — сваеасаблівы майстар-клас, дзе я гатовая кожнаму расказаць, што трэба помніць сваю гісторыю і як можна яе ствараць. А для мяне як для асобы вельмі важна расказаць пра тыя мясціны і людзей, у якіх я вучылася, спасцігала жыццёвыя ўрокі. Тым больш што вёска — тое месца, адкуль для нас, беларусаў, пачынаюцца вытокі нашай культуры, нашай свядомасці, нашага нацыянальнага гонару. З такіх мясцін, кніг і складаецца наша Беларусь, наша культура, літаратура. А гэтая прэмія дае магчымасць творчаму чалавеку быць пачутым, бо, магчыма, мой вопыт, які застанецца ў кнізе, натхніць некага на яго ўласныя пошукі, даследаванні ўласнага жыцця. Нас, лаўрэатаў, такая ўзнагарода стымулюе на далейшую стваральную працу.

Віншуем Алену Анатолеўну і жадаем новых поспехаў і плёну ў творчай рабоце.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?