Вы тут

Якімі звесткамі забяспечвае МУС праз асабісты кабінет


 Кожны ўладальнік асабістага электроннага кабінета, які актывізаваў яго, праз адзіны партал электронных паслуг без праблем можа даведацца марку аўтамабіля, наяўнасць страхоўкі і тэхагляду аўто, праверыць, ці не знаходзіцца машына ў вышуку, ці не трапляла яна ў ДТЗ і запытаць шмат якія іншыя параметры аўто. А яшчэ — праверыць наяўнасць правоў кіроўцы, каб даць машыну ў арэнду. Якія яшчэ электронныя паслугі з інфармацыяй ад Міністэрства ўнутраных спраў можа заказаць беларус, расказалі ў Нацыянальным цэнтры электронных паслуг (НЦЭП).


Фота: pixabay.com.

Ведай усё пра аўто

У жніўні 2022-га на адзіным партале з'явілася комплексная паслуга 3.58.01 «Атрыманне сістэматызаваных звестак пра аўто». Дзякуючы ёй, ведаючы толькі VІN-нумар машыны і зрабіўшы толькі адзін запыт, можна атрымаць звесткі пра аўто з чатырох інфармацыйных рэсурсаў: ДАІ, Белтэхагляду, Беларускага бюро па транспартным страхаванні і інфармацыйнай сістэмы транспартных сродкаў (ТС), якія адшукваюцца. А ўжо з 15 лютага сёлета паслугу ўдасканалілі — у яе дадалі магчымасць атрымліваць звесткі, ці не трапляла машына ў ДТЗ (пры гэтым кошт паслугі не павялічыўся і застаўся 3,36 рубля).

Аказваецца паслуга юрыдычным і фізічным асобам пры нястрогай і строгай (з выкарыстаннем электроннага лічбавага подпісу (ЭЛП)) аўтэнтыфікацыі, расказаў Андрэй Бусько, вядучы спецыяліст аддзела электроннай камерцыі НЦЭП:

— Звесткі пра ДТЗ даюцца з АІС Дзяржаўтаінспекцыі. У гэтую інфармацыю ўваходзіць дата здарэння, яго від, катэгорыя, жывёла, якая ўдзельнічала ў аварыі (калі яна была), выява ДТЗ і інфармацыя пра пашкоджанні. Усе гэтыя звесткі можна атрымаць толькі па аўто, якія зарэгістраваныя ў ДАІ (не знаходзяцца на транзітных нумарах). Важны нюанс: унясенне звестак пра ДТЗ у сістэму Дзяржаўтаінспекцыі да 1 студзеня 2022 года было неабавязковым, таму праверыць інфармацыю пра здарэнне, якое адбылося з машынай раней за гэты тэрмін, магчыма, не атрымаецца. Не ўносяцца ў базу і звесткі пра ДТЗ, калі яго ўдзельнікі не выклікалі ДАІ, а афармлялі еўрапратакол.

Паслугу пра аўто, дарэчы, са жніўня заказалі ўжо тры тысячы разоў. Чакаецца, што ў будучыні можна будзе даведацца, ці не знаходзіцца аўтамабіль у залогу, але гэта будзе ўжо самастойнай электроннай паслугай.

Праверка пасведчання кіроўцы на сапраўднасць...

Апошнім часам вырасла колькасць правапарушэнняў і ДТЗ з удзелам перавозчыкаў і аўтамабіляў каршэрынгавай службы, таму былі распрацаваны дзве новыя паслугі. Паслуга 3.06.08 «Пацвярджэнне факта выдачы пасведчання кіроўцы на права кіравання мапедам, матацыклам, аўтамабілем, саставам транспартных сродкаў, трамваем, тралейбусам» дазваляе ў рэжыме рэальнага часу праверыць факт выдачы пасведчання кіроўцы. Яна можа стаць цікавай кампаніям, якія аказваюць паслугі па арэндзе і пракаце ТС, заўважыў спецыяліст:

— Вельмі папулярны кірунак — каршэрынг. Калі чалавек рэгіструецца ў праграме каршэрынгавай кампаніі, ён мусіць прымацаваць пералік дакументаў, сярод якіх — пасведчанне кіроўцы. Праз нейкі час менеджар кампаніі, які праверыў дакументы, вырашае, ці актываваць акаўнт заяўніка. Рызыка ў тым, што з дапамогай графічных рэдактараў можна накласці сваю выяву на фота пасведчання кіроўцы, а сапраўднага дакумента не мець. Наша паслуга дазваляе спыніць факт стварэння акаўнта ў каршэрынгавай праграме чалавекам, які не мае пасведчання кіроўцы. Кампанія, якая замаўляе ў нас паслугу пацвярджэння факта выдачы пасведчання кіроўцы чалавеку, які да іх звярнуўся па арэнду, атрымае пацвярджэнне гэтаму або звесткі, што такога дакумента не існуе.

... і абмежаванні

Можа здарыцца, што пасведчанне кіроўцы ў чалавека ёсць, але права доступу на кіраванне аўто ў яго абмежавана. Высветліць гэта дапаможа паслуга 3.06.09 «Праверка наяўнасці звестак аб абмежаванні ў праве кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі па ідэнтыфікацыйным нумары, выдадзеным пасведчанні кіроўцы».

Абмежаванне (на год ці два) можа накладацца, напрыклад, з-за медыцынскай даведкі, атрымаць якую чалавеку, у якога маюцца пэўныя парушэнні (сардэчныя, псіхалагічныя), будзе праблематычна, пакуль стан здароўя не стабілізуецца.

— Напрыклад, калі ў сістэме ёсць запіс, што чалавек звяртаўся па меддапамогу з прычыны павышанай трывожнасці ці стрэсу і атрымліваў лячэнне, гэта стане прычынай для абмежавання кіравання аўто, напрыклад, на год, і садзіцца за руль гэты тэрмін яму нельга. Калі злоўжываць гэтым абмежаваннем, можна і пасведчання кіроўцы пазбавіцца, — прывёў прыклад Андрэй Бусько.

Бывае, што чалавек ужо мае акаўнт у каршэрынгавай кампаніі, а абмежаванні на права кіравання ці канфіскацыю пасведчання кіроўцы атрымаў пазней, але ж працягвае карыстацца сэрвісам. Кампаніі варта заказваць паслугу праверкі абмежавання на кіраванне, таму што калі такая асоба арандуе аўто і яе спыняць, то каршэрынгавы ТС могуць канфіскаваць на карысць дзяржавы (калі пасведчанне было адабрана за язду ў нецвярозым стане), і такія выпадкі не рэдкасць.

Абедзве паслугі (кожная каштуе 0,84 рубля) дапамогуць прыняць правільнае рашэнне і адказным асобам у арганізацыях, якія ажыццяўляюць пасажырскія і грузавыя перавозкі (напрыклад, аўтобуснаму парку), бо зразумела, што кіроўцу можна дапускаць на маршрут, калі ў яго ёсць пасведчанне і няма абмежаванняў на кіраванне. Ініцыятарамі стварэння гэтых паслуг, якія запрацавалі з сакавіка, фактычна і сталі каршэрынгавыя кампаніі, якія да гэтага не маглі аператыўна праверыць наяўнасць у грамадзяніна пасведчання кіроўцы (гэтыя звесткі маглі атрымліваць толькі ўпаўнаважаныя органы).

Сям'я, рэгістрацыя, легітымнасць

Блок паслуг МУС, распрацаваных згодна з Указам № 107 «Аб біяметрычных дакументах», датычыцца атрымання інфармацыі, якой няма на ІD-картцы. Гэта паслуга 3.50.01/1 «Атрыманне звестак аб месцы жыхарства і месцы знаходжання грамадзяніна (з атрыманнем згоды фізічнай асобы)». Згода атрымліваецца ў электронным выглядзе праз падпісанне ЭЛП асобы. Паслуга 3.50.01/2 «Атрыманне звестак аб месцы жыхарства і месцы знаходжання грамадзяніна (без атрымання згоды фізічнай асобы)» аказваецца, калі орган, які запытвае звесткі, мае на гэта законныя падставы, расказала Алена Занько, вядучы спецыяліст аддзела электроннай камерцыі НЦЭП:

— Гэтыя звесткі даюцца з сістэмы Уліку грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства па месцы пражывання і месцы знаходжання. Запыт ідзе па ідэнтыфікацыйным нумары дакумента, які сведчыць асобу, і даце нараджэння чалавека.

Паслуга 3.40.01/1 «Атрыманне персанальных даных (ПД) з ДзІС «Рэгістр насельніцтва» пры ўмове згоды фізічнай асобы» і паслуга 3.40.01/2 «Атрыманне персанальных даных з ДзІС «Рэгістр насельніцтва» без згоды фізічнай асобы» датычацца звестак аб складзе сям'і і дзецях.

— Прынцып іх атрымання аналагічны паслугам, пералічаным вышэй. Прычым запыт у ДзІС «Рэгістр насельніцтва» робіцца толькі па ідэнтыфікацыйным нумары. Калі ж па паслугу звяртаецца юрыдычная асоба, яна падпісвае зварот сваім ЭЛП, — падкрэсліла спецыяліст. — У адказе прыходзіць некалькі блокаў інфармацыі: ПД сужэнца і ПД аб дзецях (іх пол, імя, дата нараджэння, рэквізіты дакумента, які сведчыць асобу, калі малыя яго атрымлівалі, і нават дата пазбаўлення бацькоўскіх правоў, калі такое было).

Паслугі 3.40.01/2 ф і 3.50.01/2 ф любая асоба можа атрымаць і адносна самога сябе. Яны могуць спатрэбіцца, калі чалавек не давярае праверку гэтых звестак арганізацыі, — тады ён праз адзіны партал атрымлівае інфармацыю аб сабе і паказвае арганізацыі. Усе гэтыя паслугі бясплатныя, удакладніла Алена Занько.

У Рэгістры насельніцтва няма звестак пра сапраўднасць дакументаў, але можна даведацца пра іх легітымнасць з дапамогай паслугі 3.40.08 «Праверка легітымнасці дакументаў, якія сведчаць асобу». Запытваецца яна па ідэнтыфікацыйным нумары ІD-карткі, а ў адказе прыходзіць прыкмета легітымнасці дакумента на дату запыту. Гэтая паслуга платная (0,84 рубля), за выключэннем выпадкаў, калі арганізацыя мае заканадаўчую падставу на бязвыплатнае атрыманне інфармацыі. Паслуга можа спатрэбіцца, напрыклад, работадаўцы або банкам для заключэння дагавораў.

Заява — аплата — працяг заказу паслугі

Менавіта такі алгарытм неабходна выканаць, каб атрымаць паслугу 3.19.02 «Прадастаўленне фізічным асобам звестак пра правапарушэнні, што захоўваюцца ў адзіным дзяржаўным банку аб правапарушэннях», якую асоба можа запытаць у дачыненні да самой сябе ці свайго падапечнага, апекуном якога яна з'яўляецца, патлумачыла прадстаўніца НЦЭП:

— У сваім асабістым кабінеце чалавек запаўняе заяву на атрыманне паслугі па атрыманні звестак аб правапарушэннях ці судзімасцях. Пасля ён падае заяву і аплачвае яе: адна базавая велічыня (на сёння — гэта 37 рублёў) плюс 0,84 рубля за саму паслугу, калі адказ патрэбны ў паскораным рэжыме цягам трох рабочых дзён (дзень адпраўкі заявы пры гэтым не лічыцца рабочым днём), і палова базавай плюс 0,84 рубля — калі адказ звычайны (цягам 15 дзён). Пасля аплаты неабходна вярнуцца да паслугі і націснуць кнопку «Працягнуць»! Калі гэтага не зрабіць, то заява не сфарміруецца канчаткова: не прыйдуць звесткі, што яна аплачана, і запыт не адправіцца ў асабісты кабінет супрацоўніка МУС, дзе чалавек хоча атрымаць даведку.

З-за такога ланцужка дзеянняў узнікае шмат непаразуменняў. Людзі пасля аплаты заявы часта не завяршаюць заказ паслугі (не ціснуць кнопку «Працягнуць»), а потым скардзяцца, што аплата ёсць, а паслугі няма.

— Людзі заказваюць такую інфармацыю, як правіла, да нейкіх падзей, напрыклад, калі некуды ад'язджаюць і ім патрэбна віза. Яны плацяць за паскораны адказ, а яго няма. Пры гэтым яны мусяць фізічна прыходзіць у вызначаны орган па дакумент. Каб атрымаць адказ у электронным выглядзе, асоба мусіць прайсці строгую аўтарызацыю і падпісаць заяву ЭЛП фізічнай асобы, таму большасць абірае варыянт забраць адказ самастойна, — удакладніла Алена Занько. — Тэрмін гатоўнасці даведкі, дарэчы, такі не імгненны, бо працэс адказу на яе не аўтаматызаваны. Супрацоўнік МУС, атрымліваючы заяву на паслугу, уручную правярае ў некалькіх крыніцах, ці прыцягвалася асоба да адказнасці, а потым, ізноў жа ўручную, уносіць гэтыя звесткі ў даведку.

Калі здарылася сітуацыя з незавершаным заказам паслугі і чалавек зразумеў сваю памылку, можна вярнуцца ў асабісты кабінет і завяршыць свой запыт — тэрміну, які б абмяжоўваў час заказу паслугі, не існуе. Але найперш, раяць у цэнтры, трэба быць уважлівым і прытрымлівацца інструкцыі пры заказе паслугі.

Ірына СІДАРОК 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.