Вы тут

Ад містыкі да меладрамы. Чым жыве беларускі кінематограф


У наступным годзе беларускае кіно адзначыць сваё 100-годдзе. І прыемна канстатаваць, што жыццё на «Беларусьфільме» працягвае віраваць. Тут здымаюць новыя стужкі, даюць пляцоўку для прафесійнага старту маладым, будуюць масты міжнароднага ўзаемадзеяння і вераць, што працяг будзе годны ў гэтай гісторыі. Пытанні развіцця кінематаграфічнай сферы ў Беларусі на сучасным этапе разгледзелі на адной з сустрэч з журналістамі прадстаўнікі кінастудыі.


— За апошнія пяць гадоў, нягледзячы на ўсе цяжкасці, з якімі сутыкаецца свет, наша кінастудыя ўсё пераадольвае, выжывае і развіваецца. І мы ведаем, як і што рабіць далей для яе існавання. Сёння мы маем дакладнае бачанне сваёй стратэгіі. Хачу адзначыць, што на сёння не існуе прыкладу, якой павінна быць дзяржаўная кінастудыя. Мы за гады працы вывучылі розны вопыт і разумеем, што ў кожнай краіны свой шлях. І нам удаецца, прытрымліваючыся свайго бачання, рухацца наперад і знаходзіць сваё месца як у эканоміцы краіны, так і ў кінаіндустрыі ў цэлым, — адзначыў генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімір Карачэўскі. — За апошнюю пяцігодку мы неаднаразова перажывалі складаныя моманты (рэканструкцыя, пандэмія, знешне- і ўнутрыпалітычная сітуацыя), але працягвалі рухацца і ствараць кіно.

Пры гэтым важна разумець, што «Беларусьфільм» сёння — не проста арганізацыя, дзе ствараюць кіно, але і месца, дзе займаюцца яго прасоўваннем, папулярызацыяй, наладжваюць работу з маладымі спецыялістамі. Што датычыцца кінавытворчага працэсу, то сёння тут здымаюць дакументальныя, гульнявыя і анімацыйныя фільмы. Кінаработы прымаюць актыўны ўдзел у шматлікіх фестывалях і набываюць сваю аўдыторыю.

«Падрыў» — у топе

Калі разглядаць сітуацыю запатрабаванасці беларускага кіно на ўнутраным кінарынку, то тут таксама можна знайсці станоўчае. Напрыклад, як распавёў генеральны дырэктар камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Гомелькінавідэапракат» Аляксандр Лаўрыненка, у мінулым годзе ў кінатэатрах Гомельскай вобласці паказалі 515 фільмаў, з якіх 165 — беларускія.

— На жаль, колькасць новых беларускіх фільмаў не вельмі высокая, таму мы працуем з кінастужкамі мінулых гадоў. Так, у нас у топе беларускіх фільмаў «Зоркі сёмага неба» Алены Туравай на 2-3-м месцы, дзе ён дзеліць поспех з карцінай «Тум-Пабі-Дум» Вячаслава Нікіфарава. Альбо калі казаць пра нядаўна выпушчаныя «Беларусьфільмам» кінастужкі, то фільм «Падрыў» Івана Паўлава сярод названых мной 515 фільмаў у топе заняў 8-е месца па касавых зборах і 2-е месца па колькасці гледачоў, — дзеліцца Аляксандр Леанідавіч. — Самае галоўнае — там сабраны маладыя акцёры, якія, на мой погляд, шыкоўна спрацавалі. І атрымалі на выхадзе праект, які аказаўся цікавы для аўдыторыі і запатрабаваны ёю.

«Падрыў» — якраз адзін з тых прыкладаў, калі наглядна дэманструецца, што ў нас імкнуцца і ўмеюць здымаць якаснае, актуальнае кіно, што ёсць добры кадравы склад. Фільм актыўна падарожнічае па фестывалях, а расійскія партнёры кінастудыі плануюць яго паказ у шэрагу кінатэатраў на 9 мая. Таксама, па словах дырэктара кінастудыі, варта чакаць з'яўлення беларускіх дакументальных фільмаў на расійскім канале «Культура», на шэрагу інтэрнэт-платформ.

Фільм пра Коласа здымаюць у Ташкенце

Акрамя гэтага, «Беларусьфільм» арганізоўвае і садзейнічае правядзенню разнастайных мерапрыемстваў, сярод якіх кіналекторыі, кінасустрэчы, кінаклубы і кінаакцыі, Дні кіно і кінафестываль «Лістапад». Так, летась па даручэнні Міністэрства культуры кінастудыя праводзіла вялікую акцыю «Кінаўрокі гісторыі. Ідзі і глядзі», а цяпер плануецца яе працяг ужо ў партнёрстве з расійскімі калегамі. А на міжнародны кінафестываль «Лістапад» у 2022 годзе была пададзена найбольшая за ўсю гісторыі кінафоруму колькасць заявак, і гэта нягледзячы на санкцыі і іншыя крызісы.

Гатовыя і адкрытыя, па словах дырэктара кінастудыі, на «Беларусьфільме» і да міжнароднага супрацоўніцтва. У якасці прасторы для сумеснай працы тут разглядаюць не толькі Расію, але і краіны блізкага замежжа, еўрапейскі рынак, далёкае замежжа — накшталт Кітая, Індыі, Лацінскай Амерыкі:

— Сёння нашы фільмы можна знайсці ў тэлепракаце ці на інтэрнэт-платформах у вельмі далёкіх краінах. Летась з трыма фільмамі мы выйшлі на кітайскі рынак. У нас вядзецца актыўная работа з калегамі з Узбекістана, прычым мы не толькі прымаем удзел у Днях кіно, але і ўдзельнічаем у фестывалях адно аднаго, знаёмімся з іх спецыялістамі, вывучаем вопыт. Вядома, здараюцца творчыя праблемы, але мы рухаемся наперад, і цяпер у вытворчасці знаходзяцца нашы сумесныя фільмы — ігравы «Казбек» і дакументальны, прысвечаны Якубу Коласу (яго пачалі рабіць у год 140-годдзя з дня нараджэння класіка, і ў найбліжэйшыя месяцы будуць здымкі ў Ташкенце).

«Беларусьфільм» на сёння мае вялікую колькасць дагавораў з кінастудыямі розных краін свету. Таксама, дзякуючы ініцыятыве беларускага боку, у 2019 годзе быў створаны савет дырэктараў кінастудый краін СНД. За апошнія два гады беларуская кінастудыя садзейнічала стварэнню больш чым дзясятка фільмаў у краінах Сярэдняй і Цэнтральнай Азіі. Упершыню распачалося супрацоўніцтва з Індыяй, што дало і важкі грашовы прыбытак. Дазваляе зарабіць сёння і продаж маёмасных правоў, асабліва калі пашыраецца прысутнасць беларускага кіно як на YouTube-платформе, так і на шэрагу міжнародных пляцовак («Яндэкс», «Іві» і іншыя).

Рэстаўрацыя стужак і мульцікі

А тая акалічнасць, што за апошнія гады кінастудыя палепшыла матэрыяльна-тэхнічную базу, робіць «Беларусьфільм» арганізацыяй поўнага цыкла, з якой выгадна працаваць дынамічна, празрыста і зручна. Ствараючы новае, тут клапоцяцца і пра захаванне ўжо існуючага, назапашанага прафесійнага вопыту і гатовага кінапрадукту. З мэтрамі, якія ў розны час працавалі на кінастудыі, ладзяцца сустрэчы і майстар-класы, а фільмам даюць новае жыццё. Кінастужкі праходзяць рэстаўрацыю і папаўняюць асартымент кінапракатчыкаў як у Беларусі, так і за мяжой. Прычым «ратуюць» (рэстаўрыруюць, алічбоўваюць, дубліруюць, дадаюць субцітры на замежных мовах) беларускую класіку кінамастацтва, арыентуючыся не толькі на ўзрост твораў, але і на запатрабаванасць іх у глядацкай аўдыторыі.

Калі казаць пра выхаванне гледачоў, то пра іх клапоцяцца з самага юнага ўзросту. Мяркую, менавіта таму мультыплікацыйныя фільмы, што выходзяць на «Беларусьфільме», спалучаюць у сабе не толькі прыгожую карцінку, але і годны змест. Сёння, на жаль, што датычыцца тэлебачання, то паказваюць нашы мульцікі ў тэлеэфіры толькі на канале «Беларусь 3», але для аматараў глядзець беларускае ёсць добрая прапанова ў інтэрнэт-прасторы. Кінапракатныя арганізацыі таксама актыўна і ахвотна працуюць з беларускай анімацыяй.

У якасці прыкладу міжнароднага супрацоўніцтва ў дадзеным кантэксце можна згадаць праекты «Казкі старога піяніна» і «Дзіцячы альбом», які беларуская кінастудыя больш за дзесяць гадоў сумесна з расійскімі партнёрамі выпускае блокамі. Гарманічна ўплятаецца праца нашых аніматараў таксама і ў навучальны працэс: згадаць той жа буквар, што ўбачыў свет у 2021 годзе, дзе знаёмства з літарамі суправаджаецца мульфільмамі пра іх. Альбо калі засяродзіцца на змесце фільмаў для дзяцей розных узростаў, то яны знаёмяць сваю аўдыторыю са знакамітымі прадстаўнікамі беларускай культуры і грамадскага жыцця, даюць стымул для разважанняў і прастору для ўласных высноў. Згадайце «Класікі і шахматы», «Максім Багдановіч» і іншыя.

Што выбірае моладзь

— Я сама, як глядач, у кінатэатры заўсёды чакаю падтрымкі. Кіно бывае рознае, і тэмы ў ім могуць падымацца самыя разнастайныя: як складаныя, так і сумныя, і нават трагічныя, але разам з тым фільмы не павінны пакідаць пачуццё безнадзейнасці. Чалавек пасля прагляду павінен атрымліваць, наадварот, станоўчы зарад, які дазволіць яму жыць далей, дасць сілы для змагання з абставінамі і натхніць дапамагаць тым, хто побач, — дзеліцца рэжысёр, сцэнарыст, кіраўнік студыі маладзёжнага кіно «Смолка» нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Алена Турава. — Паўстае і другая праблема — як вярнуць гледача ў кінатэатры. Каб глядзелі не толькі замежныя фільмы, але і наш прадукт. Тут засяроджвацца трэба на рэкламе, прычым пачынаць работу ў гэтым кірунку яшчэ да выхаду фільма. Каб не было сітуацыі, што наша кіно крытыкуюць, нават не гледзячы. Вы разбярыцеся, паглядзіце, а потым вызначайцеся: спадабалася альбо не. Калі мы навучымся рабіць так, каб нас ведалі найперш у нашай краіне, калі пачнём паважаць сябе, то ў нас больш шанцаў, што нас з павагай будуць успрымаць іншыя.

На сучасным этапе «Беларусьфільм» працягвае арыентавацца на стварэнне кіно розных жанраў. Так, хто любіць містыку, той пойдзе на новую інтэрпрэтацыю «Чорнага замка Альшанскага» па рамане Уладзіміра Караткевіча, а іншыя дачакаюцца выхаду кінастужкі ў жанры меладрамы, камедыі ці баевіка. У кожнага твора, у тым ліку і для кінаэкрана, заўсёды знойдзецца свой глядач. Цікава назіраць і за маладымі рэжысёрамі, а іх імкнуцца падтрымліваць на кінастудыі і даваць прастору для творчага выяўлення. У працэсе здымак, напрыклад, знаходзіцца кінакамедыя дэбютанта Кірыла Халецкага. Распрацаваны праект «Гарадская казка» з пераможцамі маладзёжнага пітчынгу (праходзіў у рамках «Лістападу»), над якім будзе працаваць рэжысёр Дзмітрый Сарока. Яшчэ тры маладыя рэжысёры будуць працаваць над праектам пад рабочай назвай «Старонкі з агульнага сшытка», дзе плануецца аб'яднаць фільмы-прыпавесці. Па словах Алены Віктараўны, у кожным выпадку маладыя таленты робяць спробу праз свае фільмы заяўляць пра сябе, дэманструюць свае думкі і стыль.

Кіно пра нас саміх

Падсумоўваючы, можна сказаць, што, перш чым слухаць крытыкаў і меркаванні, маўляў, беларускае кіно перажывае часы заняпаду, варта паглыбіцца ў тэму і прааналізаваць яе з розных бакоў. Можна бясконца аглядацца і спрачацца, у каго трава больш зялёная. І кожны, вядома, застанецца пры сваім. Але галоўнае — можа, нават авансам, але верыць і любіць сваё.

— Кінематограф здольны аказваць грандыёзны ўплыў на наша жыццё. А тэхнічныя ўмовы цяпер такія, што здымаць можа кожны і спрабуе тое рабіць. Іншае пытанне: што здымаць? Гэта пытанне сістэмнае, пытанне: выхавання і ўсведамлення таго, хто мы ёсць, што мы сабой уяўляем, — звярнуўся да прысутных мастацкі кіраўнік заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Тэатр-студыя кінаакцёра», кінарэжысёр, старшыня Савета па развіцці кінематаграфіі Аляксандр Яфрэмаў. — Мяркую, менавіта гэта адно з актуальных пытанняў, якія ёсць на сучасным этапе развіцця нашага айчыннага кінематографа. Таму і адна з найважнейшых задач заключаецца ў тым, каб зразумець і ўсвядоміць, хто мы і што маем, якія праблемы стаяць перад нашым грамадствам і перад намі, яго грамадзянамі. І яе мы павінны вырашаць усе разам. Таму кінематограф, які мае зараз з'явіцца, павінен даследаваць нас саміх, расказваць пра нашу сучаснасць і яе праблемы. І натхняць на іх вырашэнне.

Алена ДРАПКО

Фота з сайта belarusfіlm.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.