Вы тут

Транспартны комплекс развіваецца насуперак сучасным выклікам


Сітуацыю ў транспартнай галіне абмеркавалі падчас сустрэчы міністр транспарту Аляксей Аўраменка з актывам Беларускага прафсаюза работнікаў транспарту і камунікацый на чале з яго старшынёй Мікалаем Мацюком.


Удзельнікі мерапрыемства адзначылі, што транспартны комплекс Беларусі, нягледзячы на сучасныя выклікі, устойліва забяспечвае сацыяльныя, вытворчыя і знешнеэканамічныя мэты. Пры гэтым транспарт традыцыйна ўносіць значны ўклад у экспарт паслуг, а транспартныя камунікацыі ў поўнай меры задавальняюць попыт на перамяшчэнне ўнутрырэспубліканскіх і транзітных грузавых і пасажырскіх патокаў. У Беларусі распрацавана і рэалізоўваецца Стратэгія інавацыйнага развіцця транспартнага комплексу да 2030 года, якая прадугледжвае меры, што забяспечваюць удасканаленне работы транспарту і яго інфраструктуры.

Дарэчы, мерапрыемства прайшло ў фармаце дыялогу: пытанне — адказ. Прысутныя засяроджвалі ўвагу на зарплаце работнікаў галіны, прыцягненні і замацаванні кадраў, паляпшэнні якасці дарог, абнаўленні аўтапарка, падтрыманні бяспекі пасажыраў і кіроўцаў.

Як адзначыў Аляксей Аўраменка, ён гатовы выслухаць кожнага, хто хоча выказаць меркаванне наконт работы транспарту Беларусі, паколькі менавіта на месцах, у калектывах відаць тыя праблемы, якія неабходна вырашаць у першую чаргу. Пацікавіўся міністр і сітуацыяй у працоўных калектывах. Прысутныя падкрэслілі, што абстаноўка стабільная, але крыху зменшылася зарплата ў работнікаў. Аляксей Аўраменка адзначыў, што заробкі варта павышаць за кошт павелічэння эфектыўнасці працы, аб'ёму работ, дадатковых гарантый па калектыўным дагаворы.

Шэраг пытанняў датычыў якасці, рамонту і будаўніцтва дарог. Напрыклад, гэта турбуе прадстаўніка галіновага прафсаюза Віцебскай вобласці. Аляксей Аўраменка зазначыў, што сёння прымаюцца ўсе неабходныя меры па рэканструкцыі цвёрдага дарожнага пакрыцця. У Беларусі запланавана адрамантаваць каля тысячы кіламетраў аўтатрас рэспубліканскага прызначэння і каля тысячы кіламетраў мясцовых дарог. Працягваецца рэканструкцыя аўтамабільнай дарогі Р53 Слабада — Навасады на ўчастку ад Смалявіч да Жодзіна (больш за 14 км). Увод запланаваны на 2024 год.

Таксама ў гэтым годзе пачнецца рэканструкцыя адрэзка аўтамабільнай дарогі М3 Мінск — Віцебск ад Лагойска да Плешчаніц працягласцю 15 км.

Падчас сустрэчы была таксама агучана тэма абнаўлення аўтапарка. Напрыклад, прадстаўнік Брэсцкай вобласці распавёў, што гарадскія і прыгарадныя аўтобусы зношаныя на 70 працэнтаў.

Міністр падкрэсліў, што ў Беларусі дзейнічае Дзяржаўная праграма «Транспартны комплекс» на 2021—2025 гады. У яе межах набываецца пасажырскі транспарт. У мінулым годзе закуплена 50 тралейбусаў і 195 аўтобусаў. А за першы квартал сёлета набылі 20 тралейбусаў і 44 аўтобусы. У распрацоўцы — механізмы і крыніцы набыцця новай тэхнікі.

Напрыканцы сустрэчы міністр падзякаваў усім прысутным за змястоўную і прадметную размову. І нагадаў, што найпершая задача на месцах, у калектывах — ствараць добрыя ўмовы працы для работнікаў і шукаць крыніцы павышэння заработнай платы.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.