Вы тут

Прайшлі ІІІ Кісялёўскія чытанні да юбілеяў Міцкевіча, Дуніна-Марцінкевіча і Сыракомлі


20 красавіка адбыліся ІІІ Кісялёўскія чытанні «На раздарожжы:  рознаскіраваныя дыскурсы ў беларускай літаратуры ХІХ—ХХ стст.», прымеркаваныя да 225-годдзя Адама Міцкевіча,  215-годдзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і 200-годдзя Уладзіслава Сыракомлі.


Выступае Аляксандр Лакотка.

«…Кожны даследчык — усяго толькі звяно ў назапашванні ведаў… І з гэтага погляду таксама важна побач з шляхамі, якія прыводзяць да адкрыццяў, зафіксаваць непазбежнасць у кожным пошуку няўдачы. Пытаннямі гэтымі будуць займацца даследчыкі і пасля нас. Расставім для іх дарожныя знакі».

Генадзь Кісялёў

Навуковы форум у гонар Генадзя Васільевіча Кісялёва — гісторыка літаратуры, пісьменніка, археографа, крыніцазнаўцы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа — чарговы раз сабраў даследчыкаў. Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

Генадзь Кісялёў — даследчык беларускай літаратуры, гісторыі грамадскай думкі на Беларусі ў ХІХ ст., дзякуючы якому шырока адкрыліся акалічнасці жыцця і творчасці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Паўла Шпілеўскага, Арцёма Вярыгі-Дарэўскага, Ялегі Францішка Вуля, Яна Чачота, Францішка Багушэвіча і многіх іншых знакавых постацей. Асобнае важнае месца займаюць працы Г. Кісялёва, прысвечаныя атрыбуцыі паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». Плён росшукаў навукоўца мае сваё адлюстраванне ў грунтоўных працах «Сейбіты вечнага» (1963), «З думай пра Беларусь» (1966), «Загадка беларускай “Энеіды”» (1971), «Пачынальнікі» (1977, 2003), «Героі і музы» (1982), «Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча» (1988), «Ад Чачота да Багушэвіча» (1993), «Радаводнае дрэва» (1994), «Марцінкевіч герба Лебедзь: Дакументы і матэрыялы пра класіка беларускай літаратуры XIX ст. Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча», «Смак Беларушчыны» (2013) і інш.

Першыя «Кісялёўскія чытанні», прысвечаныя 90-годдзю Генадзя Васільевіча, праходзілі ў фармаце камернай канферэнцыі для адмыслоўцаў, вузкіх спецыялістаў па тэмах, якімі займаўся даследчык, у сценах літаратурнага музея імя Петруся Броўкі, аб’ядноўваліся тэмай «Таямніцы ХІХ стагоддзя» і налічвалі каля дзясятка выступленняў. Увесну 2022 года наступныя, якія прыняла Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі, былі прымеркаваны да 200-годдзя рамантызму ў літаратуры Беларусі, мелі падтытул «навуковыя чытанні», пашыраліся колькасцю выступоўцаў і экспазіцыяй, арганізаванай аддзелам рэдкіх кніг і рукапісаў (цяпер — Цэнтр даследаванняў старадрукаў і рукапісаў).

У гэтым годзе месца сустрэчы не змянілася, а ў праграме было заяўлена больш за 60 (!) выступленняў даследчыкаў з Беларусі, Расіі, Іспаніі і Польшчы. Удзельнікі і слухачы з замежжа і рэгіёнаў, а таксама ўсе, хто па нейкіх прычынах не прысутнічаў, змаглі далучыцца да канферэнцыі анлайн праз платформу Zoom у рэжыме рэальнага часу дзякуючы тэхнічнаму забеспячэнню бібліятэкі (варта адзначыць, што і незвычайнае адкрыццё, і выступленні ў секцыях мелі магчымасць паслухаць не толькі навукоўцы, але і настаўнікі і бібліятэкары).

Чытанні адкрыліся ўрачыста з прывітальных слоў гаспадароў канферэнцыі. Дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа, кандыдат гістарычных навук Станіслаў Юрэцкі падкрэсліў важнасць «Кісялёўскіх чытанняў» для навуковай супольнасці і пажадаў плённай працы ўдзельнікам форуму.

З натхняльнай прамовай аб значнасці навуковага набытку Г. Кісялёва, неабходнасці працягу яго справы, а таксама важнасці творчай спадчыны А. Міцкевіча, У. Сыракомлі і В. Дуніна-Марцінкевіча ў беларускім культурным кантэксце выступіў дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэмік, доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар Аляксандр Лакотка.

Новых адкрыццяў удзельнікам чытанняў пажадаў дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Саверчанка, які падкрэсліў ролю літаратуры ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці грамадства, неабходнасць пашырэння кнігі і асветы сярод моладзі. Даследчык прадставіў адно з апошніх выданняў, да якога спрычыніўся, — том выбраных твораў Ядвігіна Ш. Як адзначыў І. Саверчанка, на творчасць пісьменніка літаратура ХІХ ст. паўплывала самым непасрэдным чынам.

Куратар, мадэратар, ідэйны натхняльнік «Кісялёўскіх чытанняў», доктар філалагічных навук, загадчык аддзела тэорыі і гісторыі беларускай літаратуры Інстытута літаратуразнаўства НАН Беларусі Ганна Кісліцына падрабязна распавяла аб задуме правядзення канферэнцыі і яе гісторыі, аб выбары тэм і навуковых абсягаў, падзялілася ўспамінамі пра стасункі і супрацу з Генадзем Васільевічам Кісялёвым.

Ганна Кісліцына прыгадала, як у другіх чытаннях браў удзел Серж Мінскевіч і на іх ужо меў планы на наступныя, але ўлетку 2022 года аднаго з самых плённых перакладчыкаў і даследчыкаў творчасці Адама Міцкевіча не стала. Прысутныя ўшанавалі памяць Сержа Мінскевіча хвілінай маўчання.

Фрагмент часовай экспазіцыі.

Адзначым, што да чытанняў была прымеркавана вялікая, яскравая кніжная выстаўка з фондаў Цэнтра даследаванняў старадрукаў і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, якая складалася з выданняў ХІХ стагоддзя твораў А. Міцкевіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, У. Сыракомлі (у тым ліку прыжыццёвых, некаторых — з аўтографамі аўтараў), а таксама з навуковых выданняў, якія ім прысвечаны — пачэснае месца занялі кнігі Генадзя Кісялёва. Пра экспазіцыю падрабязна распавялі загадчык сектара абслугоўвання Надзея Слука і навуковы супрацоўнік аддзела кнігазнаўства Алена Дзенісенка.

Працягнулі мерапрыемства чатыры кніжныя прэзентацыі. «Нарысы па гісторыі беларускага літаратуразнаўства» прапанавалі ўвазе прысутных супрацоўнікі аддзела тэорыі і гісторыі беларускай літаратуры Яўген Гарадніцкі, Ганна Кісліцына і Алена Карп. Гісторык Сяргей Грунтоў прадставіў кнігу «Фатаграфія і культура памяці ў беларусаў у другой палове ХІХ — пачатку ХХІ ст.». Аб працы над выданнем «Epitaphium ІІ: пахавальная культура народаў Вялікага Княства Літоўскага» расказаў гісторык і архівіст Дзяніс Лісейчыкаў. Літаратуразнаўца Наталля Бахановіч распавяла аб сваёй манаграфіі «Абліччы Іншага ў шматмоўнай літаратуры Беларусі ХІХ стагоддзя».

Матэрыялы чытанняў шматбакова ахапілі ўвесь абсяг ХІХ стагоддзя — у гісторыка-літаратурным і тэарэтычным аспекце, а таксама дазволілі прасачыць рэцэпцыю спадчыны пазамінулага стагоддзя ў ХХ—ХХІ стст. Напрыклад, Ірына Багдановіч распавяла аб Адаме Міцкевічу як адрасаце вершаў Антонія Эдварда Адынца. Новым важным знаходкам, звязаным з радаводам паэта прысвяціў даклад Зміцер Юркевіч. Ганна Кісліцына актуалізавала тэму рамантычнасці Адама Міцкевіча і традыцый беларускага літаратурнага маніфеста. Інеса Баўтрэль паразважала аб уплыве Адама Міцкевіча на беларускую санетыстыку другой паловы ХХ стагоддзя. Вобраз Адама Міцкевіча ў сучаснай беларускай паэзіі разгледзела Таццяна Барысюк.

Зміцер Дрозд звярнуў увагу на этапы стварэння біяграфіі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, праблемы і перспектывы новых даследаванняў. Пераемнасць традыцый паэта ў творчасці Цёткі прасачыла Дарыя Карчашкіна. Юлія Масарэнка прааналізавала вершаванае апавяданне В. Дуніна-Марцінкевіча «Літаратарскія клопаты», паразважала над жанравым вызначэннем твора і яго аўтабіяграфічнай асновай. Асаблівасці трансфармацыі вобраза селяніна ў літаратуры Беларусі другой паловы ХІХ стагоддзя вызначыў Ігар Запрудскі, у тым ліку на матэрыяле твораў В. Дуніна-Марцінкевіча. Віктар Жыбуль разгледзеў літаратуразнаўчае асэнсаванне жыцця і творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча ў працах Адама Бабарэкі. Адметнасці творчых і жыццёвых узаемадачыненняў Уладзіслава Сыракомлі і Зоф’і Тшашчкоўскай з Манькоўскіх (псеўд. Адам М-скі) на матэрыяле ліставання паэткі заўважыла Марына Варабей.

Даклады ўдзельнікаў канферэнцыі не абмежаваліся толькі постацямі юбіляраў. Вячаслаў Мартысюк разгледзеў літаратуразнаўчую спадчыну Івана Насовіча. Праблему атрыбуцыі зборніка «Успаміны старога ліцвіна» (1860) узняў студэнт філалагічнага факультэта БДУ Глеб Лявонцьеў. Дзмітрый Вінаходаў, дацэнт Санкт-Пецярбургскай асацыяцыі беларусістаў, рэканструяваў храналогію біяграфіі Яна Баршчэўскага. Даследчыца Ірына Бурдзялёва звярнулася да вызначэння жанравай гібрыднасці кнігі І. Яцкоўскага «Аповесць з майго часу, альбо Літоўскія прыгоды», а Алена Манкевіч разгледзела ўвасабленне палескіх рэалій пачатку ХІХ стагоддзя ў падарожным нарысе Юзафа Ігнацы Крашэўскага «Пінск і Піншчына». Дактарант Універсітэта Ла Лагуна (Іспанія) Наталля Астрэйка звярнулася да жаночага сентыменталізму ў беларускай і іспанскай літаратуры ХІХ ст.

Традыцыйна прагучалі выступленні, прысвечаныя навуковаму набытку Генадзя Кісялёва і ўспаміны пра яго. Напрыклад, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта, доктар філалагічных навук Мікола Хаўстовіч прачытаў даклад «Загадкі Генадзя Кісялёва: Юльян Мрочак», а бібліятэкар Дзмітрый Давідоўскі распавёў пра Генадзя Кісялёва-чытача.

Секцыйныя выступленні суправаджаліся дыскусіямі. За падвядзеннем вынікаў удзельнікі абмеркавалі ход канферэнцыі, адзначылі цікавыя тэмы, якія былі ўзняты і агучаны. Ганна Кісліцына падзякавала ўсім, хто змог далучыцца да форуму. Словы пашаны прагучалі для супрацоўнікаў ЦНБ НАН Беларусі і за прапанаваную ўжо у другі раз пляцоўку, і за тэхнічнае суправаджэнне, у тым ліку, магчымасці візуалізацыі і анлайн-трансляцыі, і за грунтоўную выстаўку і неацэнную дапамогу ў арганізацыі (асабліва было падкрэслена адзінства афармлення матэрыялаў па канферэнцыі — банераў, праграм, запрашэнняў). Напрыканцы, ужо ў зусім нефармальнай размове, многія падтрымалі думку, што падобныя вузкаспецыялізаваныя мерапрыемствы — рэдкая з’ява і вельмі патрэбная, таму варта працягваць.

Кацярына ЦІМАНОВІЧ

Фота Марыны ВАРАБЕЙ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.