Вы тут

Вернасць культурным традыцыям і зварот да нацыянальнага мінулага


У мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» завяршае працаваць выставачны праект «Яркія грані», прысвечаны 50-гадоваму юбілею з дня прысваення ўстанове адукацыі «Мінская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў» статусу школы з мастацкім ухілам. Навучальная ўстанова — адна з майстэрань сучаснага мастацтва нашай краіны. Лічыцца, што менавіта багатыя традыцыі, высокі ўзровень прафесіяналізму педагогаў і навучэнцаў зрабілі за гэтыя гады ўстанову адукацыі адной з найлепшых у Беларусі. У аснове мастацкіх работ навучэнцаў і педагогаў — вернасць культурным традыцыям, а таксама зварот да гістарычнага і нацыянальнага мінулага. 


Уладзімір Шапавалаў «Стары свет», 2007 г.

Выстаўка аб’яднала вельмі розных мастакоў: выпускнікоў, якія скончылі гімназію-каледж мастацтваў у розныя гады, педагогаў-мастакоў — захавальнікаў ведаў і мастацкага вопыту, а таксама работы сённяшніх таленавітых навучэнцаў, якія шукаюць уласны творчы шлях. Натуральна, што для кожнага ўдзел у падобным праекце — добрая магчымасць вярнуцца да вытокаў і прадэманстраваць свае напрацоўкі розных гадоў. 

У часовай экспазіцыі «Яркія грані» прадстаўлена каля 150 работ жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Адразу звяртаюць на сябе ўвагу работы тых аўтараў, імёны якіх добра знаёмы айчыннаму гледачу. Маладая мастачка Юлія Мацура вельмі часта выступае са сваімі пейзажамі і нацюрмортамі на рэспубліканскіх выстаўках і фестывалях. Мэта яе традыцыйных сюжэтаў — паказаць унутраны стан асобнага чалавека, настроіць гледача на рэфлексію. Яе творы вылучаюцца найперш колерам, які, здаецца, не вельмі характэрны для беларускага рэалістычнага пейзажу. Юлія Мацура працуе над рамантычным во¬бразам роднага горада. 

Фрагмент экспазіцыі.

Любую выстаўку ўпрыгожаць работы Алесі Скорабагатай. Мастачка развівае рэалістычны жывапіс, імкнецца насыціць сюжэты індывідуальнымі падтэкстамі, прадэманстраваць новае прачытанне вядомага, дадаць у яго рамантычнае ці гумарыстычнае гучанне. Нечаканы вобраз, цікавае сумяшчэнне, арыгінальны сінтэз — Алеся Скорабагатая імкнецца прыўнесці ў мастацтва штосьці новае, хоць і абапіраецца на класічную еўрапейскую школу жывапісу. Галоўнае, што прываблівае публіку ў творчасці мастачкі, — стыль, які характарызуецца карпатлівай прапрацоўкай дэталей, выдатнымі каларыстычнымі рашэннямі, дасканалай кампазіцыяй. Дарэчы, на выстаўцы «Яркія грані» прысутнічае толькі адна работа таленавітай вучаніцы Мінскай гімназіі-каледжа мастацтваў — «Вячэрні нацюр¬морт» 2005 года. Дзякуючы яму відаць, што да таго, як знайсці ўласны почырк, Алеся Скорабагатая добра паказала сябе ў іншых напрамках, хоць заўсёды эксперыментавала з нацюрмортам. 

Побач змешчана графіка вядомых сёння мастакоў Усевалада Швайбы і Лізаветы Пастушэнкі, якім уласціва пэўная брутальнасць. Гэта адны з нямногіх твораў на выстаўцы, аўтары якіх канцэнтруюцца на змесце, імкнуцца расказаць нетрывіяльную гісторыю. Перамешваюцца прытча і міф, рэальнасць і сюр, у якіх неабходна адшукаць схаваныя коды. 

Вольга Літвін. Фрагмент праекта «Азбука Беларусі», 2022 г.

Апошнім часам ярка заяўляе пра сябе Марыя Сыракваш, якая штораз прэзентуе гледачу своеасаблівыя віртуальныя падарожжы па Беларусі. Летуценнасць, уласцівая характару асобнага чалавека і, мабыць, самой творцы, і настальгію, з якой аўтар глядзіць на свет, мастачка пераносіць у свае сюжэты. На выстаўцы Марыя Сыракваш прадставіла чаканую для гледача вандроўку ў мінулае — у прамым сэнсе. Аднайменны праект 2019 года — гэта тэматычны каляндар з гістарычнымі постацямі і мясцінамі. Невыпадкова спыняем сціплы агляд на творчасці гэтага аўтара. Яна, як і большасць мастакоў на выстаўцы «Яркія грані», цікавіцца ў асноўным мінулым, а не сучаснасцю ці будучыняй, з прыхільнасцю ставіцца да традыцый школы айчыннага мастацтва і шануе культурную спадчыну краіны. Гэта і імкнуліся паказаць стваральнікі выставачнага праекта. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.