Вы тут

Паэма «Цунамі» запрашае да роздуму пра дарэмнасць спроб схавацца ад неспакою


У літаратуры ёсць тэксты, сапраўдная глыбіня якіх раскрываецца праз дзесяцігоддзі пасля напісання. Адной з прычын падобнай з’явы выступае той факт, што «мяжа чаканняў» аўдыторыі — паказчык досыць кансерватыўны, ён па вызначэнні не будзе павышацца з хуткасцю, з якой здольны ўзрастаць геніяльна адораны і нястомны ў пошуках літаратар.


Аркадзь Куляшоў усёй творчасцю засведчыў прагу ўзыходжання да новых і новых вышынь, паэт па натуры не быў схільны да эксплуатацыі адных і тых літаратурных прыёмаў. Ён абапіраўся на аднойчы адшуканае — але і нязменна паглыбляў, відазмяняў знаходкі.

Вось чаму варта зноў і зноў перачытваць аднаго з геніяў беларускай літаратуры, засяроджваючыся найперш на творах, што былі ў свой час дастаткова неадназначна ўспрыняты сучаснікамі паэта. У дадзеным сэнсе асаблівай увагі заслугоўвае паэма «Цунамі».

Яшчэ ў 1971 годзе У. Гніламёдаў, аналізуючы тэкст, папярэджваў, што за асабістымі лёсамі герояў А. Куляшоў тут прыхаваў нешта больш маштабнае, гаворка, магчыма, пра гістарычную заканамернасць, гатовую бязлітасна караць кожнага, хто спрабуе яе абысці. Думка прагучала на фоне звычных на той час канстатацый: «Цунамі», маўляў, найперш пра каханне, пра вечную гісторыю «ён і яна»…

Пра лірычнасць задумы дружна тады пісалі даследчыкі, а Куляшоў настойліва правiў тэкст, аўтар відавочна спрабаваў узмацніць, падкрэсліць аспекты гучання, якія ўпарта заставаліся па-за ўвагай рэцэнзентаў. Адпаведна аналіз напрамкаў, па якіх вялася карэкціроўка, — падказка, здольная пацвердзіць (альбо абвергнуць) любую з выказаных сёння гіпотэз пра прыхаваную сутнасць задумы твора.

Бо, безумоўна, «Цунамі» — паэма шматузроўневая, яна запрашае да роздуму пра дарэмнасць спроб схавацца ад неспакою сучаснага свету, ёсць у творы антываенныя матывы, развагі пра мастацтва, ролю сродкаў масавай інфармацыі ў сучасным свеце... І ўсе пласты накладзены на расповед пра падарожжа дваіх закаханых, на гісторыю фатальна разарваных атамным выбухам узаемаадносін Яго і Яе, мужчыны і жанчыны.

Думка пра тое, што «Цунамі» — паэма менавіта і найперш пра каханне, выклікае пэўныя сумненні. Звернем увагу: сюжэтная лінія фактычна не мае перадгісторыі, у творы нічога не паведамляецца ні пра прычыны, якія вызначалі намер адплыць у мора, ні пра папярэднюю логіку ўзаемаадносін.

Даследчая манера Куляшова, пры ўсёй яе рамантычнасці, зусім іншая; у тым жа «Сцягу брыгады» выбар мадэлі паводзін кожнага з герояў старанна абгрунтаваны аналізам глыбінных каранёў нават імпульсіўных з выгляду рашэнняў. І калі б паэт у «Цунамі» сапраўды прэтэндаваў на пазнанне флюiдаў, што ўплываюць на ўчынкі закаханых, — наўрад ці мелі б мы падкрэслена недэталізаваную перадгісторыю адносін, ды і вобраз мужчыны аўтар не рабіў бы настолькі ўмоўным. У Куляшова ж герой выступае i мараком, і земляробам, і паэтам, і будаўніком, і паляўнічым...

Што яшчэ «правісае» ў канструкцыі ў выпадку, калі пагаджаемся з меркаваннем, нібы размова найбольш пра гісторыю вечную, пра заўсёднае «яна і ён»? Пры такiм асвятленнi «халастымі» застаюцца важныя ў структуры расповеду вобразы, да прыкладу, «тушы дзвюх акул, прасвечаных смяротнай дозай», ці разбітае люстэрка, пакінутае на беразе побач з непрытомным мужчынам. А, між тым, любая «ненагружанасць» радкоў зусiм для А. Куляшова не ўласціва, ды i па «Цунамi»: калі за згаданым у паэме транзістарам выразна бачаць сімвалічнае падагульненне (маецца на ўвазе ўплыў сродкаў масавай інфармацыі) — чаму лічыцца, што побач ужыты выпадковы, пазбаўлены сэнсаўтваральнасці троп?

Да таго ж і назва, «Цунамі», пакуль лагічнага вытлумачэння ў літаратуразнаўстве не займела. Між тым Алесь Кучар ужо ў 1969-м, адгукаючыся на твор рэцэнзіяй, пачаў артыкул так: «Што такое цунамі? Новая паэма Арк. Куляшова». І першым абзацам публікацыі стала даведка, у якой канстатавалася: цунамі — небяспечны феномен, які ўзнікае як нешта, што павінна праявіцца праз паўзу, ужо наўздагон першаснай катастрофе.

Фактычна за назвай можа хавацца падказка: вось маем фактар № 1, ён — перадумова разбуральнай сілы № 2, тая толькі з выгляду падаецца выпадковай, пазбаўленай пэўнай прычыннай сувязі з першавытокам…

Сёння ёсць магчымасць супаставіць лінію выпрабаванняў, што напаткалі герояў паэмы А. Куляшова, і дынаміку постчарнобыльскіх бед. Не можа не ўразіць дакладнасць апісанага дзесяцігоддзі назад прадбачання: новая бяда, балючы распад суладнага саюза, у абодвух выпадках узнікае (нібы цунамі!) менавіта ў момант, калі выпрабаванне знешняе, заснаванае на матэрыяльным, у большасці падалося пераадоленым, пакінутым ззаду.

Напрошваецца выснова: ці не спрабаваў Куляшоў папярэдзіць сучаснікаў і нашчадкаў, што радыяцыйнае заражэнне страшнае як наступствамі непасрэднымі (пакінутае з-за бяды жытло, забруджаная нябачнай смерцю зямля, дзіцячыя смерці — усё гэта, безумоўна, жахліва), так і не меншай пагрозай, што прыхавана ў псіхалагічным надломе? Наступствы гэтай траўмы нечакана праявяцца пазней, праз гады.

Калі прымем дапушчэнне, што задумывалася паэма-папярэджанне, што перад намі спроба аналізу асноўных, найбольш універсальных наступстваў, спароджаных ядзернымі катастрофамі, сэнс назвы і змястоўнасць вобразаў набудуць больш лагічнае гучанне. Глыбінныя раны, што пакідаюцца падобнымі катастрофамі ў псіхіцы, здольны — так лічыў паэт — усплываць, нібы цунамі, стрэсавымі хвалямі з выгляду нечаканых, а на справе справакаваных нядаўняй бядой узрушэнняў. Гучала папярэ-
джанне: да «посттраўматычнага» сіндрому, асабліва выкліканага маштабным ядзерным выбухам, варта аднесцiся як да надзвычайнай пагрозы.

Дарэчы, час напісання паэмы робіць актуальнай і нават злабадзённай менавіта такую скіраванасць задумы. Не будзем далёка хадзіць, возьмем хаця б беларускую паэзію: верш С. Гаўрусёва «Атамныя смерчы», яго ж «Паясы радыяцыі» ў 1969-м, твор М. Дуксы «Вучоны, як лучыну, шчэпіць атам» (1970)… Увага, у тым ліку дастаткова легкаважная, да праблемы тады праяўлялася нязменна, біць трывогу прычыны былі сур’ёзныя.

Ну, а пра тое, што вырашэнне задач спазнання тэндэнцый, якія маюць універсальны характар, магло i павiнна было падштурхоўваць да максiмальнага «абезаблічвання» вобразаў, нават гаварыць няма чаго. Сапраўды ж не важна, чаму Ён і Яна адплылі ад берага — асноўнае выпрабаванне пакуль не пачалося, менавіта атамны выбух пераверне лад светабачання. Нечаканай пагрозай абернецца нават зямля, у якой ранейшыя пакаленні бачылі аснову існавання... I небяспека нікога не міне, у тым ліку ініцыятараў выбуху: ці не праўда, сімволіка апрамененых смяротнай радыяцыяй акул, чые тушы выкінуты на марское ўзбярэжжа, выглядае арганічна сумешчанай з менавiта такой асноўнай ідэяй «Цунамі»?!

Расколатае люстэрка сігналiзуе пра памкненні перапісаць гісторыю, сказіць дзеля абгрунтавання «натуральнага» распаду трывалых да таго сувязей; «постчарнобыльскія» працэсы прадэманстравалі, што і без дадзенай, на дзесяцігоддзі раней адгаданай Куляшовым падрабязнасці мы ў 90-я гады мінулага стагоддзя не абышліся…

Калі прыгадаць, што менавіта цунамі сталася прычынай катастрофы на Фукусіме, акрэсленая паэтам сімволіка набывае наогул прарочы характар.

Мы не забыліся: аналіз правак, што ўносіліся ў твор, павінен пацвердзіць альбо абвергнуць дапушчэнні, што выказваюцца інтэрпрэтатарам. Дык вось, у часопісным (1968) і змешчаным у зборніку «Сасна і бяроза» (1970) варыянтах ёсць адрозныя радкi. Было: «Не верыць словам суцяшэння. // Гаротнай явы не пазбудуць сны // Шчаслівыя. Нарэшце, як збавенне — // Зямля!»; загучала: «Шэсць дзён маўчала. // На абрыдлым сене // Бед прадчуванне непакоіць сны. // На сёмы дзень, нарэшце, як збавенне — Зямля!»

Як бачым, паэт узмацняе матыў прадбачання, дэталізуе нават часавы інтэрвал «шэсць дзён — на сёмы» (а колькі мінула пасля Чарнобыля да ўспышкі дэзынтэграцыйных працэсаў?), такое ўдакладненне заклiкана падкрэсліць прычынную сувязь паміж нядаўняй бядой (атамным выбухам) і псіхалагічным надломам у адносінах Яго і Яе.

Пакуль надлом праяўлены адзiна ў зацятым маўчанні, але ёсць у тэксце яшчэ праўка: замест часопіснага «ветразяў шумлівых не згарну! Каму патрэбны гэтыя ахвяры? // Мы вольнасці з табой зарок далі. // — А  нашы мары? — Будзе горш, // Калі тваім палонам стануць // Нашы мары. — Няхай палон» загучала кніжнае: «ветразяў шумлівых не згарну! Я адшукаю месца, дзе б ні хмары, // Ні цёмныя трывогі не змаглі // Парушыць мар былых. — А што, калі // Палонам нашым стануць мары? — Няхай палон!»

У пазнейшым варыянце прыбраны матыў зладжанасці дум  падарожнікаў, Куляшоў падкрэсліў: надлом, які праз нейкі час праявіцца, азначыўся ці не адразу пасля выбуху. Заменена і матывацыя, якая прыводзiцца дзеля абгрунтавання неабходнасці працягнуць падарожжа: гаворка ўжо не пра «вольнасці зарок», а пра пошукі месца, дзе не азмрочаць лёсу «ні хмары, ні цёмныя трывогі»...

Яшчэ больш істотна правілася «Цунамі» пры падрыхтоўцы Збору твораў паэта. Другі том, дзе змешчаны тэкст, выйшаў у 1975-м. А. Куляшоў, нібы прадбачачы набліжэнне бяды, заўважна ўзмацнiў матыў папярэджання, перасцярогі. Да прыкладу, ён відазмяняе эпізод, дзе героі пакідаюць востраў, які даў ім часовы прытулак: калі ў папярэдніх варыянтах чыталася «Ку-ку! Ку-ку! Зноў лодка на вадзе. // Заслана сенам. Зноў над ёй узняты // Два ветразі. Марак з лясное хаты // Сваю сяброўку верную вядзе», дык мадыфікаваны малюнак інакшы: «Ку-ку! Ку-ку! Гучыць перасцярога. // Шторм наляцеў. Каціўся вал вады // І хмар адтуль якраз, адкуль сюды // Калісьці іх прыбілася пірога...»

Выразна відаць: новае выпрабаванне малюецца (вось ён, матыў другаснай хвалі, што ідзе наўздагон бядзе папярэдняй!) працягам нядаўняй катастрофы, бяда насоўваецца «адтуль якраз, адкуль калісьці» пагнала ў дарогу ядзерная навала. Праз колькі радкоў у тэксце паўторна сустрэнем тое самае: Ён, тлумачачы сяброўцы, чаму даводзіцца зноў адплываць, спашлецца на «Навалу тую, што страху сарвала, // Плот паваліла, загнусіла двор».

Раней акцэнт ставіўся інакш, мужчына прамаўляў пра дакор, «што адгэтуль гоніць без прымусу, // што тут — як рэха чалавечых мук — вяшчунку пасяліў... // — Зязюлю? — Музу».

Куляшоў паслядоўна дадае ў тэкст штрыхі, закліканыя падкрэсліць: праз гады не матэрыяльныя, а найперш псіхалагічныя наступствы катастрофы абернуцца найбольшай пагрозай. «Я плот магу падняць і двор падмесці, // Сарваную страху на кроквы ўзнесці, // Я ўсё зраблю, не пашкадую рук», — партнёр нават пасля такіх слоў каханай не мяняе намеру, цвярозыя аргументы ўжо не бяруцца пад увагу!

У выданні 1975 года пачынае гучаць матыў, якога не было ў ранейшых варыянтах, у творы ўзнікае размова пра распад еднасці, якая доўгі час выглядала непарушнай: «Ён сцерці намагаўся рукавом // Яскравы след, не верачы нягодзе. // Не мог паверыць нечаканай здрадзе...»

Як бачым, прагноз увесь час дэталізаваўся і ўдакладняўся, прычым праўкі — падкрэслiм гэта — прыўносіліся выключна ў эпізоды, суадносныя з прадбачаннем наступстваў атамнай катастрофы! Убачанае дазваляе сцвярджаць: супадзенні паміж ланцужком адлюстраваных у сюжэце падзей і лініяй характэрных для «постчарнобыльскага» грамадства пераўтварэнняў узніклі невыпадкова, паэма і задумвалася як твор-папярэджанне, як сігнал перасцярогі.

Падобнае прачытанне — ці не праўда? — робіць «Цунамі» тэкстам, пазначаным геніяльнасцю стваральніка. Да таго ж прароча пачынае гучаць і аптымістычнасць завяршальных радкоў: героям, насуперак усім выпрабаванням, суджана з’яднацца. Яны — ці хаця іх нашчадкі — здолеюць адкінуць непаразуменні i аднавiць адзінства. Куляшоў верыў у такі фінал.

Алесь ЛАПАТА-ЗАГОРСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?