Вы тут

Зборнік твораў пра Налібоцкую пушчу выйшаў у выдавецтве «Беларусь»


«Дзе Нёман гамоніць з пушчай…» — так называецца кніга, выпушчаная выдавецтвам «Беларусь». А магла б назвацца і «Мой родны кут», і «Самая блізкая дарога». Усе гэтыя назвы да яе падыходзяць, бо зборнік твораў, прадстаўленых у ёй, пра Налібоцкую пушчу. У нечым у параўнанні са славутай Белавежскай пушчай яна менш вядомая, аднак усё адно з’яўляецца не толькі гонарам Беларусі. Налібоцкая пушча, ці па-мясцоваму — Налібакі, — найбуйнейшы лясны масіў у Еўропе, які мае міжнародны статус ключавой батанічнай тэрыторыі. Славіцца сваімі прыроднымі ландшафтамі і багатым раслінным і жывёльным светам.


Гэта кажучы па-навуковаму. Калі ж пазнаёміцца з матэрыяламі кнігі, а ў яе ўвайшлі як мастацкія творы — нарысы, вершы, апавяданні, казкі, так і развагі краязнаўцаў, то без перабольшання адчуеш тое паветра, якое лунае тут, нагадваючы: шмат дзівосаў на зямлі, але ні з чым не параўнальная тая першароднасць, якая, на шчасце, захавалася ў гэтых мясцінах з даўніх часоў, па-ранейшаму радуючы сваёй некранутасцю.

Чаму тамашні люд называе пушчу Налібакамі, а не Налібокамі, можна даведацца з нарыса Казіміра Камейшы «Самая блізкая дарога», якім кніга адкрываецца: «У гэтым прамаўленні лёгка прачытаць і гісторыю паходжання самой назвы. Некалі мясціна гэтая славілася сваёй балотнай жалезнай рудой. Калі працавала жалезная рута, гэта значыць арцель, што дабывала каштоўную руду, заўсёды была патрэба наліваць (напаўняць) вадой бакі. Ад гэтых двух слоў — налі бакі! — і склеілася ўрэшце назва: Налібакі». А развагамі Казіміра Вікенцьевіча пра гэтую для яго «самую блізкую дарогу» аповед пра Налібоцкую пушчу і  ваколіцы яе пачынаецца невыпадкова.

Ураджэнец тамашняй вёскі Малыя Навікі, ён стаў сапраўдным летапісцам свайго роднага краю. Не адзін дзясятак паэтычных твораў, шмат і празаічных, публіцыстычных выдаў, але, бадай, няма ні аднаго, дзе б ні згадвалася зямля маленства. Як жа было абысціся без гэтых згадак у нарысе, што ў першую чаргу адрасаваны дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Палюбіўшы Налібоцкую пушчу, яны яшчэ больш палюбяць сваю Радзіму. Таму і згадвае Казімір Камейша сваё дзяцінства, успамінае аб той дарозе, што вяла яго ў вялікі свет жыцця. Адначасова матыў малой радзімы пераклікаецца з роздумам аб усёй нашай зямлі.

Апавядальнік зазірае ў гісторыю, пачынаючы з тых часоў, калі ў тамашніх мясцінах атрымлівалі не толькі жалезную руду, а «праславілася налібоцкае шкло, налібоцкі крышталь! У ХVІІІ стагоддзі князёўна Ганна Радзівіл засноўвае тут найбуйнейшую шкляную мануфактуру. І майстэрства налібоцкага шклянога рамяства здзіўляе ўсю Еўропу.  Шкляныя вырабы  з Налібок зберагаюцца сёння ў музеях Польшчы, Літвы і Украіны, у славутым  Эрмітажы Санкт-Пецярбурга…»

Шмат расказвае Казімір Камейша і аб прыродзе Налібоцкага краю. Гэтыя аповеды падмацоўваюцца ўрыўкамі з асобных яго вершаў. Гучыць песня зямлі, якая нарадзіла яго. Аднак у ёй, гэтай песні, адчувальныя і матывы, якія, несумненна, выклічуць шмат у каго жаданне далучыцца да яе хараства. А таксама даведацца, што тамашні люд ніколі не скараўся захопнікам: «Вогненнай хваляй прайшлася па лясістых абсягах Налібоччыны Вялікая Айчынная вайна. Карнікі з батальёна Дырлевангера, узброеныя да зубоў, жорстка распраўляліся з мірным насельніцтвам, палілі вёскі. Цэлыя легенды ходзяць у нашым краі пра гераічнае змаганне партызан з ворагам. Пушча змагалася і помсціла нямецкім фашыстам».

Напісанае Казімірам Камейшам пра Налібоцкую пушчу, несумненна, будзе цікавым не толькі юным чытачам. Як мне здаецца, яно стане і пэўным узорам для тых пісьменнікаў, якія захочуць у сваіх творах расказаць пра мясціны, дарагія ім з маленства. Асабліва калі пазнаёмяцца з паэзіяй, прозай аўтараў, якія неаднаразова публікаваліся.
Вось у каго вучыцца, як трэба пісаць пра дарагое сэрцу. 

Укладальнік Валерый Кастручын падабраў для кнігі творы, у якіх гучыць не толькі тэма Налібоцкай пушчы. Але яны таксама да месца, бо ў іх тэма Радзімы набывае важнае раскрыццё. Гэта ўрыўкі з «Новай зямлі» Якуба Коласа і з «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага, вершы «Светлы Нёман-чарадзей», «У Шчорсах» Язэпа Пушчы, «Сярод лясоў Наднёманскіх» Максіма Танка і іншыя. У іх, як няцяжка заўважыць, і замілаванне прыродай Беларусі, хараство якой перадаецца праз яе раслінны і жывёльны свет.

Гэта тычыцца і твораў, якія выклічуць цікаўнасць найперш у чытачоў малодшага ўзросту. Сярод іх і Уладзімір Мазго, які ўсё больш пераконвае, што дзіцячая паэзія — яго сапраўднае прызванне. Ён не імкнецца да твораў разгорнутых. Яго вершы, як правіла, кароткія па змесце, у чым пераконвае і «Свіцязь», змешчаны ў гэтым зборніку, а казкі вылучаюцца ўдалым спалучэннем фальклорнай асновы і ўласна аўтарскай фантазіі. Гэта відаць і па казцы пра зубра «Адзінец», дзе па-майстэрску абыгрываецца, адкуль у зубра з’явіліся рогі. Каваль Дзяцел выкаваў яму рогі, каб прагнаў ворагаў-ваўкоў. Увесь твор цікавы, а яго завяршэнне — асабліва: «З той пары, // Мае сябры, // Носяць рогі // Ўсе зубры. // А ваўкоў // Ратуюць ногі, // Калі ўстане //Ля дарогі // Зубр,  // Як гэты Адзінец… // Тут і казачцы — // Канец».

У радасць дзеткам будуць вершы «Пажар», «Бабры» Васіля Віткі, «Пра мядзведзя, тэлевізар і мёд», «Баравічок», «Пасля дажджу» Міколы Маляўкі, апавяданні «Пушысты Хвасточак» Яраслава Пархуты і «Прыгоды бабра Ходзькі» Валерыя Кастручына, іншых аўтараў. А Казімір Камейша выступае з цэлай вершаванай падборкай, дзе кожны твор да месца. Ёсць у кнізе і публіцыстычныя, нарысавыя матэрыялы: «Графская пушча, або Ласіныя мухі» Алеся Наварыча, «Тайны  Налібокскай пушчы», «Буян і Венера — на варце» Васіля Шакуна…

Шматлікія здымкі Анатоля Клешчука і Валерыя Кастручына, выкарыстаныя ў выданні, не проста дапаўняюць тэкст — яны нагадваюць своеасаблівую візітоўку, якая выклікае жаданне наведацца туды, «дзе Нёман гамоніць з пушчай…», спяваючы сваю адвечную песню, у якой паядналіся ўчарашняе і сённяшняе, а разам усё ператвараецца ў мелодыю любові да зямлі нашай роднай — Беларусі.

Алесь ВІШНЕЎСКІ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.