Вы тут

У Пухавіцкім краязнаўчым музеі прайшлі мерапрыемствы да юбілею Васіля Гарбацэвіча


У мастацкай галерэі Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да 130-годдзя драматурга Васіля Гарбацэвіча. Былі запрошаны члены раённага Савета ветэранаў і навучэнцы Мар’інагорскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. У якасці вядучых літаратурнай імпрэзы «Беларускія абрады ў творчасці беларускага драматурга Васіля Гарбацэвіча» выступілі навучэнцы другога курса Вікторыя Трушына і Мацвей Мядзведзеў.


Асоба Васіля Гарбацэвіча цікавіць навучэнцаў і супрацоўнікаў каледжа не толькі таму, што ён таленавіты драматург, пісьменнік-зямляк. Васіль Савіч у 1936/1937 навучальным годзе выкладаў у Мар’інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме беларускую мову і літаратуру. У народным музеі гісторыі ўстановы адукацыі захоўваецца аўтограф пісьменніка, у якім ён успамінае кароткі, але плённы перыяд свайго настаўніцтва. Поспех быў відавочным — у той год на пераводных экзаменах ні адзін навучэнец не атрымаў адзнаку ніжэй за чатыры.

Асаблівая ўвага ў гэтым аўтографе адведзена знаёмству з Міхаілам Рудовічам — адным з шаснаццаці дукорскіх партызанаў, якія загінулі ў барацьбе з польскімі акупантамі ў 1920 годзе. Подзвіг Міхаіла Рудовіча і яго таварышаў Васіль Гарбацэвіч паклаў у аснову п’есы «Чырвоныя кветкі Беларусі». Лёс твора незайздросны: на момант напісання пісьма нават аўтар не меў яе асобніка. Пазней п’еса адшукалася і была выдадзена ў 1959 годзе (выданне таксама захоўваецца ў народным музеі гісторыі каледжа). А ў канцы 1960-х гадоў яна была пастаўлена на сцэне клуба Мар’інагорскага сельскагаспадарчага тэхнікума. Галоўную ролю Андрэя Блажко выконваў студэнт аддзялення «Агранамія», які праз пятнаццаць гадоў стаў дырэктарам тэхнікума, — Валянцін Свірыдаў. Васіль Гарбацэвіч прысутнічаў на прэм’еры і не толькі высока ацаніў мастацкія здольнасці навучэнцаў, але і выказаў шчырыя словы ўдзячнасці за папулярызацыю яго творчасці.

Святкаваўся юбілей Васіля Савіча і ў каледжы. Выкладчыкі і навучэнцы склалі цікавую квэст-гульню «Тэатр аднаго настаўніка», у якой удзельнічаюць тыя, хто вывучае беларускую літаратуру. Аформлена тэматычная выстаўка, дзе цэнтральнае месца адведзена аўтографу пісьменніка. Знойдзены сумесныя фотаздымкі Васіля Гарбацэвіча з Героем Савецкага Саюза Уладзімірам Лабанком, чыё імя носіць каледж (Васіль Савіч быў настаўнікам будучага героя — нашага знакамітага выпускніка). Яшчэ раз прачытана і прааналізавана п’еса «Чырвоныя кветкі Беларусі».

Алена СВІРЫДАВА, выкладчыца Мар’інагорскага дзяржаўнага АТК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».