Вы тут

Красавіцкі суботнік прайшоў у Пісьменніцкім парку


Ля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі некалькі гадоў назад заснаваны Пісьменніцкі парк, у якім штогод дадаецца новых саджанцаў.


Летась, у кастрычніку, да 85-гадовага юбілея Мікалая Чаргінца ў парку быў пасаджаны дуб. Сёлетняй вясной з’явілася яшчэ адно дрэва з персанальнай пазнакай: «... пасаджана ў знак 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Маўра». Якраз праз некалькі дзён, 28 красавіка, у знакамітага класіка беларускай дзіцячай літаратуры — дзень нараджэння. 

Лагічна, што юбілей адзначаецца таксама і такой добрай сімвалічнай справай. Вялікі знаўца дзіцячай душы, таленавіты педагог пісьменнік Янка Маўр быў і дасведчаным знаўцам роднай прыроды. Варта адных толькі неўміручых «Палескіх рабінзонаў» прачытаць, каб пагадзіцца з гэтым. 

Удзел у суботніку прынялі паэты, празаікі, перакладчыкі Алена Стэльмах, Аляксей Чарота, Анатоль Матвіенка, Генрых Тарасевіч, Леанід Крыванос, Рагнед Малахоўскі, Тамара Бунта і шмат хто яшчэ. 

— Лічу, што такім чынам мы робім некалькі добрых спраў, — падзяліўся думкамі кіраўнік Цэнтра папулярызацыі літаратуры пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі Анатоль Матвіенка, — і класіка ўшаноўваем, і пашыраем прастору Пісьменніцкага парка, і падаём добры ўрок падрастаючаму пакаленню, як трэба шанаваць дрэвы, як трэба ўпрыгожваць горад зялёным уборам... Пройдзе час — і тут, лічы, ужо не на ўскрайку сталіцы, а ў адным з яе культурных цэнтраў, вырасце цэлы дубовы гай. 

— Сапраўды, варта зазірнуць у культурна-асветніцкі каляндар нашай Айчыны, — працягвае думку калегі намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксей Чарота, — і ў нас ужо вымалююцца новыя канкрэтныя клопаты. Тут, у парку, з часам, як мне асабіста падаецца, пісьменнікі маглі б ладзіць урокі экалагічнага выхавання. У нас жа ў СП Беларусі вельмі шмат літаратараў, якія чула ставяцца да прыродаахоўнай праблематыкі, шмат пішуць пра дзівосную прыгажосць лясоў і рэк... Назаву хаця б Валерыя КАСТРУЧЫНА, Васіля ЖУШМУ... А якія неўміручыя творы аб роднай прыродзе пакінулі нам класікі!.. Мо нават тут, у Пісьменніцкім парку, з часам след выкласці адмысловую экалагічную сцяжыну і ладзіць квэсты з разгадкамі розных прыродных таямніц, схаваных у творах беларускіх дзіцячых пісьменнікаў. 

Безумоўна, ініцыятывы для таго і нараджаюцца, каб іх выконваць. А пляцоўкай для добрых спраў па-ранейшаму будзе заставацца Пісьменніцкі парк ля Нацыянальнай бібліятэкі краіны. 

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».