Вы тут

У Пiнску было знішчана дзве трэці жыхароў. Такіх страт горад не ведаў за ўсю сваю гісторыю


 На мінулым тыдні ў многіх краінах свету адзначалі Дзень Катастрофы і Гераізму еўрапейскага яўрэйства. Жалобныя мерапрыемствы ў памяць пра шэсць мільёнаў яўрэяў, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны, прайшлі ў Ізраілі, краінах Еўропы. Адбыўся такі вечар памяці і ў нас, у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Згадалі тых, хто стаў ахвярамі Халакосту на тэрыторыі нашай краіны, а гэта больш за семсот тысяч чалавек. У тым жалобным спісе — дзясяткі тысяч пінчан. 


Напярэдадні

Старажытны Пінск, якому да тысячагоддзя застаецца няпоўныя 75 гадоў, з даўніх часоў быў духоўным, гандлёвым, рамесным цэнтрам Палесся. Вякамі ў суседстве жылі беларусы, яўрэі, палякі, татары, рускія, італьянцы, бывалі немцы і шведы. Яўрэі пасяліліся ў Пінску ў самым канцы ХV стагоддзя і паступова сталі ўплывовымі гандлярамі, прадпрымальнікамі. На працягу ХІХ стагоддзя абшчына прыняла самы актыўны ўдзел у станаўленні горада як гандлёвага і прамысловага цэнтра Палесся. У гэты час тут былі ўзведзены фанерная і запалкавая фабрыкі, судабудаўнічы завод, млын, шэраг іншых значных прадпрыемстваў.

Перад страшным 1941 годам яўрэяў у палескай сталіцы была большасць — у розныя гады ад 60 да 70 працэнтаў насельніцтва. Ва ўсім свеце набылі вядомасць многія і многія яўрэі, пінчукі па паходжанні. Давід Марголін, дэпутат Кіеўскай гарадской думы, кіраўнік кіеўскай чыгункі і параходства на Дняпры, заснавальнік Кіеўскага газавага таварыства і таварыства водазабеспячэння, быў адным з самых уплывовых жыхароў Кіева, яго стараннямі ў 1892 годзе ў горадзе з'явіўся трамвай, другі ў Еўропе. Якаў Веснік, бацька народнага артыста СССР Яўгена Весніка, быў вядомым савецкім дзеячам. Сайман Кузнец, лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне эканомікі, Яфім Аркін — свяціла дзіцячай псіхалогіі. Цэлы шэраг выхадцаў з Пінска сталі выбітнымі дзеячамі ў галіне палітыкі і эканомікі Ізраіля. Спіс можна доўжыць. Цалкам верагодна, што ў другой палове ХХ стагоддзя Пінск таксама праславілі б прадстаўнікі новых пакаленняў гэтага народа. І ў чэрвені 1941 года пінскія яўрэі, як і жыхары горада іншых нацыянальнасцяў, працавалі, гадавалі дзяцей, строілі планы. Горад быў заняты акупантамі 4—5 ліпеня.

У першыя два тыдні вайны толькі невялікая частка яўрэяў паспела эвакуіравацца на ўсход краіны. Больш за тое, у горадзе аказаліся яўрэі-бежанцы з Заходняй Беларусі. Нацысты ўключылі Пінск і Пінскі раён у генеральную акругу Валынь-Падолія рэйхскамісарыята Украіна. Для ажыццяўлення палітыкі генацыду і правядзення карных аперацый услед за войскамі ў раён прыбылі карныя падраздзяленні войскаў СС, айнзатцгрупы, зондэркаманды, тайная палявая паліцыя, паліцыя бяспекі і СД, жандармерыя і гестапа.

І ўжо на наступны пасля акупацыі дзень быў абнародаваны антыяўрэйскі загад. Названым дакументам уведзены шматлікія абмежаванні, у тым ліку абавязковае нашэнне на адзенні жоўтай нашыўкі ў выглядзе шасціканцовай зоркі, забарона пакідаць горад, хадзіць па тратуарах, можна было хадзіць толькі па сярэдзіне дарогі, на вуліцу забаранялася выходзіць на гадзіну раней да наступлення каменданцкай гадзіны. За невыкананне любога пункта загаду пагражаў расстрэл.

Пачатак генацыду

З першых дзён пачалося рабаванне маёмасці. Гэтым займаліся нямецкія салдаты, гестапаўцы, польская паліцыя. Яўрэям загадвалася здаць усё золата, воўну, затым шарсцяныя касцюмы, коўдры, скуру для абутку, дамашнюю скаціну. З наступленнем зімы ў людзей адабралі ўсе футры, цёплае адзенне, нават старое і паношанае. За парушэнне было адно пакаранне — смерць. Напрыклад, калі знайшлі футра ў Мошэ Глодара, яго павесілі, Нотэ Мельніка павесілі за тое, што мяняў рэчы на муку. Дачку пекара Ласоўскага спасцігла такая ж доля за абмен воўны на прадукты. Яшчэ адзін яўрэй пазбавіўся жыцця за тое, што зарэзаў цяля для харчавання сям'і.

У жніўні 1941-га ўсе яўрэі Пінска прайшлі рэгістрацыю, а ў маі 1942 года яны былі змешчаны ў гета. У гета акрамя 18 640 пінчукоў трапілі яўрэі з еўрапейскіх краін, а таксама з найбліжэйшых мястэчак. Па часе стварэння пінскае гета стала апошнім на тэрыторыі Беларусі. Гета было агароджана калючым дротам, мела тры выхады, якія ахоўваліся. Вязні працавалі на прадпрыемствах і майстэрнях горада, выконвалі іншую цяжкую працу.

У гета ад самага пачатку ствараліся падпольныя групы. Немцы гэта ведалі і асцерагаліся яўрэйскага супраціву. Таму яны імкнуліся ў першую чаргу знішчаць яўрэяў-мужчын ва ўзросце ад 15 да 50 гадоў, нягледзячы на тое, што такім чынам пазбаўляліся найбольш працаздольных вязняў. Яшчэ 4 ліпеня 1941 года, як толькі занялі горад, фашысты расстралялі па надуманым абвінавачванні 16 маладых яўрэйскіх хлопцаў (аднаму з іх удалося ацалець і збегчы з расстрэльнай ямы, пазней ён стаў каштоўным сведкам). Масавыя расстрэлы працягваліся ў наступныя дні ліпеня. У архіўных дакументах паведамлялася, што да другой паловы 1942 года ў гета амаль не заставалася вязняў-мужчын.

Па гэтай тэме найлепшым экспертам на Брэстчыне, несумненна, з'яўляецца Ірына Яленская, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры эканомікі і бізнесу Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пра даследчыка скажу крыху пазней, а цяпер невялікі фрагмент з артыкула гісторыка:

«Адзінага меркавання пра колькасць загінулых пінскіх яўрэяў у жніўні 1941 года няма. Большасць даследчыкаў вызначае лічбы забітых мужчын у дыяпазоне ад 4,5 да 10 тысяч. У апошні месяц лета масавы расстрэл такой колькасці мірных жыхароў уяўляўся беспрэцэдэнтным. За ўсю гісторыю Пінск не перажываў такіх страт. Здавалася, што нічога больш страшнага ўжо не можа адбыцца. Але, як высветліцца пазней, акцыі жніўня 1941 года папярэднічалі яшчэ больш жахлівым нацысцкім злачынствам. Карнікі спяшаліся знішчыць частку насельніцтва, здольную да супраціву, каб восенню без перашкод ажыццявіць забойства астатніх 18 тысяч пінскіх яўрэяў».

Знішчэнне гета

28 кастрычніка 1942 года пачалося канчатковае знішчэнне гета, немцы ў сваіх дакументах называлі гэта «акцыяй». Яна праводзілася матарызаваным батальёнам паліцыі ў суправаджэнні лёгкіх танкаў. Нешматлікія падпольшчыкі гета спрабавалі аказаць супраціўленне, але былі забіты на месцы.

Ірына Яленская піша: «Пачуем галасы пінчан, якія ўспаміналі тыя страшныя дні восені. Вось што расказваў Уладзімір Юльянавіч Кротаў: «Гета было акружана атрадамі немцаў СС, былі пастаўлены кругом кулямёты. Вайскоўцы атрадаў СС, узброеныя дадаткова палкамі і дубінамі, з розных бакоў увайшлі ў гета і сталі выганяць спрэс усіх — старых, жанчын, дзяцей, маці з немаўлятамі, хворых, усіх ударамі палак зганялі на яўрэйскія могілкі паблізу бальніцы. Усіх, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі альбо забівалі ўдарамі палак па галаве на месцы. На могілках таксама ўдарамі палак аддзялялі групы па некалькі сот чалавек і накіроўвалі, увесь час збіваючы палкамі, праз Шчытавую і Ляшчынскую вуліцы за горад на ўчастак былога аэрадрома ў Добрую Волю, дзе былі падрыхтаваны аграмадныя ямы-магілы. Людзям загадвалі распранацца, уводзілі ў ямы, укладвалі радамі і забівалі. Бацькі павінны былі ўводзіць альбо ўносіць у ямы сваіх дзяцей, каб разам памерці. Патокі і цэлыя лужыны крыві стаялі на вуліцах гета і па шляху людзей за горад. Гэта было страшэнна. На свае вочы бачыў на вуліцы трупы людзей у лужынах крыві, раскіданыя па дарозе адзенне, пасмы валасоў, парваныя грошы, дамашнія рэчы...».

«Марыя Сяргееўна Пякарская згадвала: «Пасля таго, як усе былі расстраляныя, пачалося страшнае рабаванне, асабліва ў яўрэйскіх кватэрах, дзе забіралі ўсё каштоўнае. Немцы забіралі лепшае, астатняе даставалася паліцыі. У гэты час насельніцтву нідзе не дазвалялася хадзіць. Хто выходзіў на вуліцу, рызыкаваў быць расстраляным».

Вось што напісаў пінчанін Уладзімір Адамавіч Вербановіч у 1944 годзе: «Тая страшная трагедыя, якая адбылася ў нашым параўнальна невялікім горадзе, не можа быць апісаная ці ахарактарызаваная ў поўным сэнсе слова. Няма тых слоў, якімі можна выказаць тое, што адбылося ў ХХ стагоддзі, калі культура і цывілізацыя дасягнулі найбольшага росквіту... Віноўнікі, якіх нельга назваць людзьмі, асмельваліся заяўляць, што па культуры сваёй стаяць вышэй за ўсе іншыя нацыі... Калі б да вайны з'явіўся нейкі прарок, які б расказаў, што будзе, як гэта будзе адбывацца, яму б ніхто не паверыў. Аднак гэта адбылося...»

Сапраўды, нават самае змрочнае сярэднявечча не бачыла падобных зверстваў.

Выратавацца з таго пекла ўдалося жменьцы людзей, паводле розных звестак, такіх было 40 чалавек. Многім з іх дапамаглі знаёмыя, суседзі. За гэтыя высакародныя ўчынкі дзевяць пінчан удастоены ганаровага звання «Праведнік народаў свету». Імёны арганізатараў і выканаўцаў масавых забойстваў яўрэяў Пінска пазней былі ўстаноўлены. Многія з іх былі арыштаваны і панеслі заслужанае пакаранне.

Помнікі ў горадзе і за горадам

У Пінску і ваколіцах ёсць некалькі памятных знакаў тым трагічным падзеям. Вязняў гета забівалі каля вёскі Пасянічы, а таксама ў раёне вёскі Казлякевічы. У абодвух мясцінах устаноўлены помнікі. Мемарыял ахвярам Халакосту на поўнач ад Пінска, каля былога маёнтка «Добрая Воля», дзе таксама злажылі галовы многія тысячы чалавек, пастаўлены ў 1992 годзе. Тут за гады акупацыі было забіта ўсяго каля 30 000 яўрэяў. У гадавіны сумных падзей да помніка прыходзяць людзі, каб аддаць даніну памяці і смутку. У кастрычніку мінулага года побач з мемарыялам прайшло вялікае жалобнае мерапрыемства з нагоды 80-й гадавіны знішчэння гета. На мітынгу прысутнічалі кіраўнікі Пінскага раёна, дэпутаты розных узроўняў, прадстаўнікі грамадскіх і рэлігійных, маладзёжных арганізацый, дыпламаты.

Валерый Рабкавец, старшыня Пінскага гарвыканкама, гаварыў пра даніну павагі землякам, якія бязвінна загінулі ад рук чалавеканенавіснікаў-карнікаў, як крок да ўмацавання міру і згоды ў нашай краіне: «Мы зноў і зноў усведамляем, як небяспечна забываць генацыд, Халакост. Кожны чалавек павінен ведаць гэтую крывавую старонку нашай гісторыі і рабіць усё, каб не дапусціць паўтарэння».

Валянціна Бегеба, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, сказала, што на тэрыторыі Пінскага раёна ў гады акупацыі было забіта людзей больш, чым пражывала ў Пінску да вайны:

— Паводле найноўшых даследаванняў, на Піншчыне было забіта каля 72 тысяч чалавек розных нацыянальнасцяў: савецкіх грамадзян і ваеннапалонных. Тыя калектыўныя жахі і асабістыя трагедыі сёння нельга ўявіць, яны не ўмяшчаюцца ў галаве чалавека, што жыве пад мірным небам. Мы павінны гаварыць пра ваенныя злачынствы, праводзіць мерапрыемствы і акцыі памяці, якія з'яўляюцца не толькі вынікам увагі з боку ўладных структур, але і адказам на запыт беларускага грамадства. Наш агульны абавязак — не дазволіць паўтарэння чорных старонак гісторыі.

У тыя ж дні прайшоў жалобны мітынг і каля помніка па вуліцы Пушкіна ў Пінску, дзе размяшчалася гета. Гэта не толькі месца апошняга прыстанку няшчасных людзей, але і калектыўная магіла амаль пяці тысяч нявінных ахвяраў. Дарэчы, тут фашысты знішчалі не толькі яўрэяў, але і партызан і падпольшчыкаў, вязняў гарадской турмы, забівалі людзей цыганскай нацыянальнасці. Як сведчылі відавочцы, паблізу цяперашняга помніка, у квартале паміж вуліцамі Гогаля і Зялёнай і на Каралінскіх яўрэйскіх могілках нелюдзі ў форме ладзілі для сябе д'ябальскія забавы. Яны збіралі яўрэйскіх дзяцей у групы, бывала, да 50—60 чалавек, і аддавалі іх на здзек галодным сабакам. Да гэтага жывёлін спецыяльна некалькі дзён не кармілі... Мемарыяльны знак устаноўлены тут у 1993 годзе.

Даследчык трагічных старонак гісторыі

У пэўным сэнсе помнікам трагічным падзеям перыяду акупацыі ў Пінску можна назваць і кнігу Яўгена Разенблата, брэсцкага вучонага, і Ірыны Яленскай «Пінскія яўрэі. 1939—1944», якая выйшла з друку ў 1997 годзе. На аснове афіцыйных дакументаў, а таксама ўспамінаў сведак і ўдзельнікаў тых падзей у манаграфіі разглядаюцца розныя аспекты жыцця яўрэйскай абшчыны да вайны. Большая частка кнігі прысвечаная менавіта жыццю ў акупацыі, калі яўрэі спачатку жылі ў стане многіх абмежаванняў і прыніжэння, што стала свайго роду гета адкрытага тыпу, а потым апынуліся ў закрытым гета. Менавіта з дапамогай дакументаў і сведчанняў аўтары даказваюць, што стварэнне гета было адной з прыступак на шляху да фізічнага вынішчэння яўрэйскага насельніцтва. Недахоп харчавання, пітной вады, адзення, пагаршэнне санітарнага стану і медыцынскага абслугоўвання прывялі да рэзкага павелічэння смяротнасці вязняў. А яшчэ пастаянныя прыніжэнні, розныя формы расавай і прававой дыскрымінацыі спрыялі пагаршэнню стану людзей. Масавая антысеміцкая прапаганда станавілася своеасаблівай формай ідэалагічнага генацыду і рыхтавала грамадскую думку да прымальнасці зверскай палітыкі.

У раздзеле «Ліквідацыя гета» на падставе справаздачы аднаго з выканаўцаў акцыі знішчэння, а таксама ўспамінаў вязняў, якія выжылі, назіраецца спроба аднавіць адну з самых жудасных старонак гісторыі Піншчыны.

Яшчэ студэнткай гістфака Ірына Яленская пачала працаваць у Пінскім занальным дзяржаўным архіве. Там яна ўпершыню сустрэла паказанні сведак, якія нідзе і ніколі не публікаваліся. Тады студэнтка так захапілася вывучэннем гэтай старонкі гісторыі горада, што гэты кірунак стаў асноўнай тэмай яе навуковых пошукаў на многія гады.

Ёй пашанцавала ў тым сэнсе, што яе студэнцкія гады супалі з перыядам, калі здымалі грыф сакрэтнасці з мноства дакументаў. І тыя з іх, якія складаліся акупацыйнымі органамі ўлады, а потым былі захоплены байцамі Чырвонай Арміі пры вызваленні, цяпер трапілі ў рукі даследчыцы. Як высветлілася, шэраг дакументаў да яе трымалі ў руках толькі прадстаўнікі спецслужбаў і архіўныя работнікі, больш да іх з 40-х гадоў ніхто не дакранаўся. Згодна з архіўнымі правіламі, у кожнай справе падшываецца ліст выкарыстання, і часта на ім прозвішча маладой даследчыцы пісалася першым.

— Гэта былі не проста дакументы — гэта былі лёсы людзей, у абсалютнай большасці трагічныя, — згадвае Ірына Яленская. — Сказаць, што знаёмства з матэрыяламі пакідала цяжкія ўражанні — не сказаць нічога. Гэта пераварочвала душу, мяняла ўяўленне пра свет, у нейкія моманты ставіла пад пытанне веру ў людзей наогул... Ёсць такі пласт дакументаў, які сведчыць пра, здавалася б, неверагоднае — поўнае расчалавечванне людзей. Для непадрыхтаванага спецыяліста працаваць з такім матэрыялам заўсёды цяжка. І, мабыць, толькі з гадамі я набыла адносны імунітэт... Але ж калі акунаешся ў гэты матэрыял, прыходзіць разуменне, што гэта варта рабіць. Бо трэба ведаць праўду, якой бы яна ні была.

Ірына Эдуардаўна шмат робіць для папулярызацыі гістарычных звестак, праводзіць асветніцкія мерапрыемствы ў гарадскіх структурах і ў сваім універсітэце. Некалькі гадоў таму на мясцовай тэлестудыі правяла цыкл перадач пра лёсы вязняў гета. Яна мае звесткі пра ўсіх вязняў пінскага гета, пра тое, як мяняўся яго склад. І кампетэнтна можа сведчыць пра зверствы фашысцкага акупацыйнага рэжыму. Гісторык працавала не толькі з архіўнымі дакументамі, у 90-я гады было яшчэ магчымым запісаць успаміны відавочцаў. Яшчэ жылі людзі, якія помнілі трагічныя падзеі. Яна хадзіла, сустракалася, запісвала. З калегамі яны шукалі сведак у краінах былога Саюза, Польшчы, Ізраілі, прасілі іх прыслаць успаміны. Цяпер гэтыя матэрыялы становяцца бясцэннымі.

І кожнае выступленне навукоўца на падставе названых дакументаў выглядае як пасланне ў будучыню. «На мой погляд, у Пінску павінен з'явіцца новы помнік — напамін пра жыццё, пакуты і гібель вязняў гета, — разважае Ірына Яленская. — Не прывычны абеліск, па якім толькі прамільгне погляд гараджаніна ці госця горада, які спяшаецца па сваіх справах, а асаблівы, унікальны знак, аб які літаральна спатыкнешся поглядам і застынеш... Знак, падобны на сцяну, якая прымусіць хоць на імгненне спыніцца і тым самым ушанаваць памяць пра тых, хто загінуў у 1941—1942 гадах. У нашым горадзе шмат таленавітых, творчых людзей, веру, што яны могуць прапанаваць арыгінальны праект, які ўвасобіць тэму генацыду часоў Вялікай Айчыннай вайны у Пінску. Такі памятны знак стане сімвалам асуджэння нацысцкіх злачынстваў, нашай клятвай захоўваць гістарычную памяць».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота pіnsknews.by

Аўтар выказвае падзяку Ірыне Эдуардаўне Яленскай за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.


Праект створаны пры фінансавай падтрымцы  ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта  № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.  

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.