Вы тут

Як прайшоў ХХ Усерасійскі фестываль-конкурс сучаснай музыкі


ХХ Усерасійскі фестываль-конкурс сучаснай музыкі для рускага нацыянальнага аркестра «Музыка Расіі» праходзіў з 2 да 6 красавіка ў Маскве пры падтрымцы Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі. Нашу краіну на свяце прадстаўляў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь аркестр народных інструментаў імя народнага артыста Беларусі Л. Л. Іванова Магілёўскай абласной філармоніі (мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор — Дзяніс Чарта). Канцэрт аркестра з поспехам прайшоў 6 красавіка на сцэне Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных.


Ідэя правядзення фестывалю ўзнікла дзякуючы прафесару кафедры аркестравага дырыжыравання акадэміі кампазітару Уладзіміру Бяляеву. Першы фэст прайшоў у маі 2002 года. Да сёння яго галоўная місія — кансалідацыя творчых сіл кампазітараў і дырыжораў з мэтай раскрыцця ўнікальных магчымасцей рускага народнага аркестра, стварэнне новай музыкі для рускіх нацыянальных аркестраў. Гэтыя задачы дапамагае вырашаць Цэнтр сучаснай музыкі для рускага народнага аркестра, створаны адначасова з фестывалем. Пра дзейнасць установы з энтузіязмам распавядае мастацкі кіраўнік фестывалю «Музыка Расіі», мастацкі кіраўнік і дырыжор Рускага народнага аркестра «Душа Расіі», прафесар кафедры аркестравага дырыжыравання Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных Уладзімір Шкуроўскі. Па яго словах, цэнтр — гэта калектыў аднадумцаў, якія любяць рускі народны аркестр і шчыра вераць у яго будучыню, бачаць яго вялікія перспектывы. Цэнтр год за годам адкрывае новыя імёны кампазітараў, новыя творы аўтараў гучаць на сцэне фестывалю «Музыка Расіі» ў выкананні аркестраў з розных гарадоў Расіі.

Сваімі ўражаннямі ад удзелу падзяліўся Дзяніс Чарта: — Пад маім кіраўніцтвам аркестр браў удзел у фестывалі «Музыка Расіі» ўпершыню. Публіка прымала нас вельмі цёпла. Мы прывезлі яркую канцэртную праграму, сфарміраваную з твораў сучасных кампазітараў. Уключылі ў канцэрт творы беларускіх, расійскіх, еўрапейскіх аўтараў. Гучалі беларускія цымбалы — на іх саліравалі Валерыя Ільюшэнка і Яна Дзямідчык. Сола на баяне ў выкананні Пятра Войчанкі нікога не пакінула раўнадушным. Рэжысёрам, сцэнарыстам і вядучым канцэрта выступіў яркі артыст Магілёўскай абласной філармоніі Павел Усовіч. Дарэчы, сцэнарый быў заснаваны на гісторыі аркестра апошніх гадоў. Паездка і выступленне калектыву ў Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных стала новай прыступкай прафесійнага і творчага росту ў нашым жыцці. Прафесары, кампазітары, простыя гледачы адзначалі мяккасць гучання, дакладную перадачу музычных адценняў, глыбокую трактоўку твораў і многае іншае. Вельмі радасна, што наша праца так высока ацэньваецца, тым больш настолькі дасведчанай публікай. Мы вярнуліся ў Магілёў стомленыя, але шчаслівыя, натхнёныя, поўныя ідэй і планаў. Дзякуй фестывалю за магчымасць праявіць сябе, цёплы прыём, новыя знаёмствы творчыя перспектывы!

Матэрыял падрыхтавала Алена ПРУДНІКАВА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.