Вы тут

Экскурсіі, майстар-класы і рэканструкцыі старога гарадскога побыту


Летні музычна-турыстычны сезон адкрыецца 13 мая і працягнецца да 16 верасня. Аглядныя экскурсіі, танцавальныя майстар-класы і рэканструкцыі гарадскога побыту мінулых стагоддзяў — гэта далёка не ўсе запланаваныя праекты, якімі імкнуцца парадаваць мінчан і гасцей сталіцы.


Фота: pixabay.com

Адзін з галоўных музеяў Мінска — музей гісторыі горада — прапануе бясплатныя аглядныя экскурсіі па Верхнім горадзе з наведваннем сутарэння былой царквы Святога Духа. Так, можна будзе ўбачыць захаваныя аб’екты XVII—XIX стагоддзяў. Экскурсіі будуць праходзіць па суботах. Цікавая ініцыятыва Музея гісторыі горада Мінска — стварэнне абанемента пад назвай «АРТ-выхадныя ў Верхнім горадзе». Па ім можна наведаць адметныя выставачныя пляцоўкі — Мастацкую галерэю Міхаіла Савіцкага, Гарадскую мастацкую галерэю твораў Леаніда Шчамялёва, арт-гасцёўню «Высокае месца» — і пазнаёміцца з іх пастаяннымі і часовымі экспазіцыямі.

Яшчэ адна ўстанова культуры — Музей прыроды і экалогіі — прапануе экскурсію «Горад рамёстваў, горад гандлю». Дзякуючы ёй наведвальнікі змогуць даведацца аб развіцці гэтай сферы ў Мінску ў XVII—XIX стагоддзях. У Траецкім прадмесці будзе арганізавана работа пляцоўкі «Горад майстроў». Як адзначаюць арганізатары, яе галоўнай ідэяй стане рэканструкцыя розных фрагментаў бытавой мастацкай культуры.

Экскурсію з музычнымі ілюстрацыямі, якая пазнаёміць з асаблівасцямі свецкіх прыёмаў і традыцыйнай музычнай культурай беларускіх сядзіб, прапануе музей «Лошыцкая сядзіба». Да таго ж супрацоўнікі музея плануюць запрашаць на адмысловыя экскурсіі з танцавальным майстар-класам «Адзін дзень з жыцця Лошыцкай сядзібы XVI—XVII стагоддзяў».

Між тым у гістарычным цэнтры Мінска арганізуюць невялічкі тэатральны перформанс. Мяркуецца, штодзень, калі гадзіннік Мінскай гарадской ратушы паказвае поўдзень, на цэнтральны балкон будзе выходзіць войт, які павітае прысутных на плошчы і прапануе паўдзельнічаць у тэатралізаваным паказе. Да таго ж працягне працаваць праект «Тэатральны дворык» на адкрытай пляцоўцы гатэля «Манастырскі». З 20.00 да 22.00 кожную суботу будуць ставіць спектаклі дзіцячыя і студэнцкія аматарскія калектывы. Пакажуць сваё майстэрства і прафесійныя акцёры гарадскіх тэатраў.

Адным з галоўных складнікаў летняга музычна-турыстычнага сезона з’яўляюцца канцэрты ў Верхнім горадзе (кожную суботу з 20.00 да 22.00). Праграма разнастайная. Сярод музыкантаў — найлепшыя піяністы краіны.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.