Вы тут

Гродзенскія дэпутаты абмеркавалі актуальныя праблемы ў рабоце з насельніцтвам


Лейтматывам размовы можна назваць накіраванасць на паляпшэнне дабрабыту насельніцтва. Такі падыход, уласна кажучы, абумоўлены самім курсам развіцця краіны. У сувязі з гэтым мясцовыя ўлады скіраваны на вырашэнне пытанняў, якія хвалююць жыхароў гарадоў і вёсак. Адпрацаваны самыя розныя формы ўзаемадзеяння — ад сельскіх сходаў да асабістых прыёмаў грамадзян. Удзельнікі пасяджэння выказалі свае прапановы аб тым, як удасканаліць работу са зваротамі грамадзян органаў мясцовага самакіравання.


Фота аўтара.

Аналіз такой дзейнасці неабходны, падкрэсліла старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта. Бо кожны дэпутат час ад часу павінен задаваць сабе пытанне: ці ўсё, што было абяцана падчас перадвыбарнай кампаніі, зроблена? Вядома, вынікі работы ёсць, але ёсць і пытанні, якія яшчэ трэба вырашыць. І тут многае залежыць ад дэпутата, наколькі гэты чалавек актыўны, неабыякавы, аўтарэтыэтны, здольны ўзяць адказнасць на сябе, як ён супрацоўнічае з органамі ўлады.

— Не варта баяцца зваротаў, — падкрэсліла Алена Пасюта. — Наша задача — якасна выконваць сваю работу. Самае галоўнае — не быць раўнадушнымі да кожнага звароту. І калі чалавеку патрэбная дапамога, тут мы калегіяльна павінны знайсці магчымасці дапамагчы. У такім кірунку нам варта рухацца і прымаць дакладныя рашэнні. У рэшце рэшт, гэта адзін з важных аспектаў паляпшэння ўзроўню жыцця насельніцтва.

Згодна са статыстыкай, колькасць зваротаў у органы кіравання з году ў год памяншаецца. Так, з пачатку года ў мясцовыя органы ўлады паступіла каля дзвюх тысяч зваротаў, што на 25 % менш, чым за такі ж перыяд мінулага года. Больш за 700 тэлефонных званкоў зарэгістравана падчас прамых тэлефонных ліній, а гэта на 200 званкоў менш, чым за леташні перыяд. Праведзена каля 670 прыёмаў грамадзян.

За работай са зваротамі грамадзян сочыць пастаянная абласная міжведамасная рабочая група, створаная ў 2015 годзе. Як паведаміла начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Гродзенскага аблвыканкама Кацярына Федасенка, маніторынг раёнаў паказвае, што ў цэлым работа з насельніцтвам мясцовых выканаўчых органаў і іх структурных падраздзяленняў выконваецца ў адпаведнасці з заканадаўствам. Разам з тым ёсць значныя недахопы, звязаныя з вядзеннем справаздачных дакументаў. Таксама ёсць выпадкі няўзгодненай работы структурных падраздзяленняў.

Каб павысіць дзейнасць органаў улады, у вобласці створана даволі шырокая сістэма работы з насельніцтвам, накіраваная на вывучэнне грамадскай думкі. Такі падыход дазваляе больш аператыўна вырашаць многія праблемы. Тут шмат руціннай работы, але неабходна разбірацца, каб задаволіць інтарэсы канкрэтных людзей, тлумачыць Кацярына Федасенка. У сваю чаргу, і вынікі тут часам больш відавочныя.

У ліку прыкладаў вырашэння важных пытанняў спецыяліст называе атрыманне кватэры, месца ў дзіцячым садку, уладкаванне спартыўнай пляцоўкі, паркавай зоны і іншае. І ўсё гэта магчыма ажыццявіць праз намаганні дэпутатаў, якія рэгулярна праводзяць сустрэчы з выбаршчыкамі, вывучаюць грамадскую думку і патрэбы насельніцтва, садзейнічаюць у развіцці формаў мясцовага самакіравання.

Як адзначалася падчас пасяджэння, рабоце са зваротамі грамадзян аддаецца асаблівая ўвага. Бо часам за завротам канкрэтнага чалавека відаць праблему ў рэгіёне. Фактычна, звяртаючыся да дэпутата, чалавек уносіць прапанову па ўдасканаленні дзейнасці органаў кіравання. У сваю чаргу, улады прапануюць розныя формы ўзаемадзеяння. Гэта і прыёмы грамадзян у акругах, і прамыя лініі, і сустрэчы з выбаршчыкамі, і дні інфармавання, і дыялогавыя пляцоўкі. У Свіслацкім раёне ў дадатак да гэтага праводзіцца анкетаванне кожнага сельсавета адносна праблем, з якімі сутыкаюцца жыхары. Гэта дазваляе мець больш поўную карціну таго, чым жывуць людзі ў кожным населеным пункце, своечасова прыйсці на дапамогу тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Выкананне мерапрыемстваў бярэцца на кантроль райсаветам, паведаміў старшыня Свіслацкага раённага Савета дэпутатаў Віктар Суботка. Напрыклад, за мінулы год і тры месяцы бягучага года атрымана больш за 60 прапаноў, якія прызначаны да выканання. Большая частка датычыць добраўпарадкавання населеных пунктаў і рамонту дарог. Ёсць пытанні па забеспячэнні якаснай вадой, рамонце жыллёвага фонду, вулічным асвятленні.

— У апошнія гады ў выніку сістэмнай работы колькасць зваротаў змяншаецца, — расказаў Віктар Суботка. — Напрыклад, летась у раённы Савет дэпутатаў звярнулася дзевяць чалавек. Больш як у два разы зменшылася ў 2022 годзе колькасць зваротаў падчас прамых ліній.

Старшыня Свіслацкага райсавета лічыць, што гэта стала магчыма дзякуючы якаснаму вырашэнню пытанняў, якія ўваходзяць у кампетэнцыю ЖКГ.

Трэба сказаць, што падчас пасяджэння Прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў былі закрануты праблемныя пытанні ў рабоце жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Гэта той аспект, які традыцыйна акумулюе больш за усё скаргаў. Старшыня Ваўкавыскага райсавета Віталь Навіцкі заўважае, што прадпрыемства ЖКГ не ў стане ахапіць усе патрабаванні насельніцтва. Напрыклад, за мінулы год паступіла 20 калектыўных зваротаў па лініі ЖКГ. А усяго ў 2022 годзе ва ўсе інстанцыі, на інтэрнэт-партале, па нумары 115 і ў іншыя органы Ваўкавыскага раёна зарэгістравана 40 тысяч зваротаў, з іх большая частка датычыць менавіта жыллёва-камунальнай сферы.

— Многае зроблена, але шэраг пытанняў чакае вырашэння. Трэба завяршыць добраўпарадкаванне могілак, устанавіць ліхтары на некаторых вуліцах, адрамантаваць дарожныя ўчасткі і пешаходныя дарожкі, устанавіць дадатковыя аўтастаянкі. Разам з тым на мерапрыемствы, якія мы плануем ажыццявіць сёлета, бюджэтныя сродкі выдзелены, і ў рамках прадугледжанага фінансавання гэтыя работы будуць праведзены з належным кантролем якасці, — паведаміў Віталь Навіцкі.

Да ўсіх прысутных была даведзена інфармацыя аб выдзяленні Міністэрствам ЖКГ сродкаў на рамонт дарог і дахаў. Асабліва гэта датычыць найбольш вострых пытанняў, якія цягнуцца даўно і патрабуюць ужо неадкладнага вырашэння. Сродкі будуць размеркаваны ў раёны вобласці згодна з аб'ектыўнай патрэбай.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».