Вы тут

Як забяспечваюць нармальнае жыццё людзям, адрэзаным ад «вялікай зямлі»


«Звязда» яшчэ ў канцы студзеня наведвала пасёлак Палянаўка, што ў Веткаўскім раёне Гомельшчыны. Тады талымі водамі аказалася затопленая дарога да населенага пункта і найбліжэйшага садовага таварыства. Заложнікамі вялікай вады стала больш за два дзясятка вяскоўцаў. Для людзей, якія мусілі выязджаць з дому па сваіх справах, была арганізавана лодачная пераправа, а калі адталую не ў пару пойму скаваў лютаўскі мароз — пешы маршрут па лёдзе. Цяпер вясновая паводка — Сож сёлета асабліва шчодры на ваду, а побач яшчэ і возера — зноў адрэзала Палянаўку ад астатніх населеных пунктаў сельсавета. Але мясцовыя жыхары перасяляцца на «вялікую зямлю» не збіраюцца. Як у воднай ізаляцыі арганізавана ўсё неабходнае для жыцця людзей, зноў на свае вочы пабачыла карэспандэнт «Звязды».


Лодка-крама

— Традыцыйна вязу шмат рознай «малочкі», хлеба, белай выпечкі, — рыхтуецца «адкрываць» імправізаваную вітрыну прама на носе выратавальнай лодкі прадавец Гомельскага цэнтральнага рынка Сняжана Палякова.

На рэйсах аўтакрамы на гэтым кірунку Веткаўскага раёна спецыяліст працуе восьмы год. Жыхароў Палянаўкі ведае пайменна. Пакуль дабіраемся да пасёлка, проста з ракі прадавец па тэлефоне дае сігнал сваім пакупнікам: «Збірайцеся! Едзем!»

Вялікая вада пасёлак абступіла з усіх бакоў. Для работы лодкі-крамы спецыялісты Веткаўскай выратавальнай станцыі Таварыства выратавання на водах сумесна з мясцовымі жыхарамі абралі месца ў пачатку старадаўняй алеі. Пакуль «швартуемся», першыя пакупнікі ўжо чакаюць на беразе.

— Хтосьці бярэ для сябе, хтосьці і для суседзяў, калі хто з іх не змог прыйсці, — тлумачаць палянаўцы і зачытваюць прадаўцу свае шопінг-шпаргалкі.

— Я вось сама не езджу ў горад. Тут з лодкі ўсё купляю ці муж ідзе раз у трое сутак на змену на работу ў горад і прывозіць прадукты. Ён таксама на лодцы з хлопцамі-ратавальнікамі вяртаецца дадому, — тлумачыць жыхарка Палянаўкі Ала Антоненка.

Прадаўцу Гомельскага цэнтральнага рынка Сняжане Паляковай дапамагае  «адкрываць вітрыну» на лодцы жыхарка Палянаўкі Марыя Лук’яненка.

Па малако, кефір, смятану, хлеб, сасіскі прыйшла да лодкі-крамы і Любоў Малюшына:

— Заказваем у нашай Сняжаны пакуль толькі самае неабходнае, а калі захочацца нечага вельмі смачнага, то нас дастаўляюць на лодцы ў найбліжэйшы аграгарадок, Старое Сяло. Адтуль ужо можна і да Гомеля дабрацца: там закупіцца, а потым на лодцы вярнуцца дамоў.

Даводзіцца перапраўляцца па рацэ і тым з палянаўцаў, каму неабходна зняць грошы з банкаўскай карткі ў горадзе або аплаціць «камуналку», тлумачыць мясцовы жыхар Уладзімір Мельнікаў:

— Да тых жа, хто атрымлівае пенсію праз пошту, на лодцы паштальён прыплывае, — кажа мужчына. Нягледзячы на тое, што ён выбіраецца ў горад, па прадукты, купляе і тавары з лодкі.

Увогуле вясковая аўтакрама, якую на час паводкі давялося перавесці ў плыўфармат, па-ранейшаму сярод жыхароў Палянаўкі карыстаецца вялікім попытам. У пасёлку жыве крыху больш за 20 чалавек, шмат пенсіянераў, некалькі — ужо вельмі сталага ўзросту, і яны ніяк не змогуць паехаць па пакупкі ў горад ці нават у найбліжэйшы аграгарадок. Таму прадавец аўтакрамы для палянаўцаў шмат што прывозіць пад заказ.

— Звычайна пры дастаўцы на машыне абарот большы, бо лодка змяшчае меншы аб'ём прадукцыі, але выходзіць па-рознаму. Перад святамі людзі заказалі шмат. Вязу абавязкова стандартны прадуктовы набор: малако, кефір, смятана, каўбаса, хлеб, батон. Пад заказ — і гародніну, і садавіну. Калі камусьці патрэбныя прамысловыя тавары, таксама — калі ласка. Вязу і мыйныя сродкі, пральныя парашкі, зубныя пасты, шчоткі, — тлумачыць прадавец. Як і з аўтакрамай, у рэйсы на лодцы супрацоўнік выязджае ў Палянаўку два разы на тыдзень.

Старэйшына-сувязны

Усе пажаданні адносна прадуктаў ці прамысловых тавараў мясцовыя жыхары перадаюць праз памочніка старшыні Хальчанскага сельвыканкама па пасёлку Палянаўка Аляксандра Францішова. Аляксандр Аляксандравіч, у сваю чаргу, перадае заяўкі прадаўцу аўтакрамы.

— З вечара, напярэдадні рэйса, звязваюся з нашымі жыхарамі або яны са мной, складаю спіс, хто што хоча, і перадаю нашай Сняжане. Увогуле людзі ўсім задаволены, — перадае памочнік старшыні.

Аляксандр Францішоў на такой грамадскай рабоце ў пасёлку — звыш дзесяці гадоў. Аб любой сітуацыі, якая хвалюе палянаўцаў, ён аператыўна інфармуе старшыню сельвыканкама ці адказныя службы ў раёне. Кажа, жыхары пасёлка, адрэзанага ад іншых населеных пунктаў сельсавета паводкай, шчыра ўдзячныя за штодзённую дапамогу спецыялістам Веткаўскай выратавальнай станцыі Таварыства выратавання на водах.

— Я тэлефаную напярэдадні перад зменай. У шэсць раніцы лодка ўжо на ўскраіне вёскі чакае мяне. Дабіраюся да суседняга аграгарадка, дзе можна сесці на аўтобус да Гомеля. Назад з работы мне прапанавалі іншы маршрут: ад Гомеля да Веткі, а адтуль з іншага боку па рацэ да Палянаўкі. Летась таксама была падобная сітуацыя з затопленай дарогай, аднак толькі каля тыдня на лодцы давялося вяртацца дадому, цяпер даўжэй, — дзякуе жыхарка Палянаўкі Марыя Лук'яненка.

Прадавец аўтакрамы прывозіць пад заказ не толькі прадукты першай неабходнасці, але і прамысловыя тавары, неабходныя вяскоўцам.

Марыя Рыгораўна — адзіная з палянаўскіх жанчын, хто мусіць дабірацца па рацэ на работу. Працуе медсястрой апёкавага цэнтра ў Гомелі. Графік яе, смяецца, ужо вывучылі ратавальнікі, што дапамагаюць медыку трапіць на работу.

— У нас у сям'і ўсе вымушаны дабірацца з Палянаўкі па рацэ. Муж таксама едзе ў горад, сын у адзінаццатым класе вучыцца ў школе ў Старым Сяле. Зімой, калі лёд стаяў, яму даводзілася часам прапускаць заняткі, бо на досвітку складана было дабірацца па замёрзлай рацэ. Цяпер на лодцы туды і назад сына дастаўляюць нашы асноўныя памочнікі — хлопцы з Таварыства выратавання на водах, — перадае ўдзячнасць ад сваёй сям'і і іншых палянаўцаў медработнік.

На кантролі выконваючага абавязкі начальніка Веткаўскай выратавальнай станцыі таварыства выратавання на водах Сяргея Сілкіна — прафілактыка бяспекі жыхароў пасёлка падчас паводкі.

Уласны «флот» пакуль пад забаронай

Кожны дзень спецыялісты на дадзеным кірунку дапамагаюць з перавозкай па вадзе жыхарам не толькі пасёлка Палянаўка, але і суседняга дачнага таварыства «Сонечны», дзе жыве сям'я з двума дзецьмі.

— Штодзень робім як мінімум шэсць рэйсаў на гэтым участку, — адзначае выконваючы абавязкі начальніка Веткаўскай выратавальнай станцыі Таварыства выратавання на водах Сяргей Сілкін. — Ніякіх цяжкасцяў з дастаўкай людзей і перавозкай неабходных прадуктаў, рэчаў па згаданай тэрыторыі няма — глыбіні ўсюды дастаткова для праходжання плыўсродкаў. Увогуле перад заступленнем на гэты ўчастак у пачатку красавіка мы правялі і распланавалі некалькі маршрутаў падыходу да пасёлка і садовага таварыства ў залежнасці ад сітуацыі. Бо ў такіх выпадках у тым ліку прадугледжваем і магчымую тэрміновую дастаўку аператыўных службаў або эвакуацыю мясцовага насельніцтва. Наша асноўная задача — забеспячэнне бяспекі людзей на вадзе. Мы звяртаем увагу на тое, што ў бягучы перыяд уведзена агульная забарона на выкарыстанне плыўсродкаў на разводдзі, бо гэта вельмі небяспечна. Праводзім прафілактычныя гутаркі з людзьмі, і магу адзначыць, што сярод мясцовых жыхароў парушэнняў не назіраем.

Памочнік старшыні Хальчанскага сельвыканкама па пасёлку Палянаўка Аляксандр Францішоў заўважае, што цяпер у мясцовых жыхароў ёсць праблемы з падтопліваннем падвалаў. Заяўкі аб дапамозе з адпампоўваннем вады таксама перададуць супрацоўнікам Таварыства выратавання на водах. На абавязковым кантролі застаецца і дастаўка ў пасёлак пры неабходнасці спецыялістаў урачэбнай амбулаторыі і аптэкі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?