Вы тут

Будзьце здаровы, спадар Вінсент!


Выставачныя плошчы Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў на цэлы месяц зрабіліся домам для аўтарскага экспазіцыйнага праекта Віктара Саўчанкі «Прывітанне, спадар Ван Гог!». Аднайменная серыя работ беларускага творцы стала канцэптуальным ядром выстаўкі, урачыстае адкрыццё якой 30 сакавіка было прымеркавана да 170-годдзя аднаго з найбольш уплывовых мастакоў у гісторыі жывапісу. Кампанію работам Віктара Саўчанкі склалі творы яго калег па цэху Ігара Кашкурэвіча, Аляксандра Дзямідава, Валерыя Песіна, Васіля Матусевіча і іншых.


«Аўтапартрэт Ван Гога» (копія), 2020 г.

Жывапісная серыя Віктара Саўчанкі «Прывітанне, спадар Ван Гог!» — мастакоўскі амаж знакамітаму галандцу, чые творчыя дасягненні аказалі фундаментальны ўплыў на развіццё новай выяўлечнай сістэмы і да гэтага дня працягваюць уплываць на мастакоў. Паводле прызнання куратара і цэнтральнага экспанента выстаўкі, жыццё і дзейнасць Ван Гога натхняюць яго, пачынаючы з шаснаццацігадовага ўзросту, калі ў рукі трапіла кніга Леаніда Валынскага «Зялёнае дрэва жыцця», прысвечаная перыпетыям біяграфій выбітных мастакоў канца XIX стагоддзя. Убачанае па-сапраўднаму ўразіла юнака і, трэба думаць, сыграла не апошнюю ролю ў канчатковым выбары прафесіі, умацавала яго ў намеры пайсці па шляху творчай свабоды і самавыяўлення. Гэты шлях дваццаць гадоў назад і прывёў Віктара Саўчанку да работы над азначанай серыяй.

«Крык. Прыступ», 1990—1991 гг.

Створаныя два дзесяцігоддзі таму партрэты паклалі пачатак выставачнаму праекту пад назвай «Прывітанне, спадар Ван Гог!», сутнасць якога аўтар тлумачыць наступным чынам: «Мой праект — не перайманне работ Ван Гога, а спроба постмадэрнісцкага асэнсавання яго творчай спадчыны, спроба разгадаць яго мастацкія коды. Гэта і даніна павагі вялікаму мастаку... Вінсент Ван Гог — герой сучаснай культуры, свайго роду сімвал XXI стагоддзя. Ён з’яўляецца сувязной ніткай паміж эпохай постімпрэсіянізму і творчасцю сучасных мастакоў. І ніхто не ў сілах застацца раўнадушным ад яго гісторыі, ад яго карцін». 

Адметныя і работы, створаныя Віктарам Саўчанкам па матывах карцін галандскага генія: на выстаўцы можна знайсці і буйнафарматныя партрэты, у рысах герояў якіх дзе-нідзе пазнаюцца сучаснікі, і сумаштабныя рэплікі (альбо не?) арыгінальных твораў Ван Гога, і зусім дробныя рэчы, накшталт маленькіх выяў вачэй альбо подпісу жывапісца — нібыта фрагменты вангогаўскіх палотнаў, узятыя ў палон аб’ектыву пільным фатографам ці кінааператарам. Прадметам цікавасці беларускага аўтара паўстаюць розныя аспекты творчага почырку Вінсента Ван Гога. Ад сюжэтаў і рысунка да колеравых спалучэнняў і спецыфікі мазка — Віктар Саўчанка прэпаруе альбо, калі заўгодна, дэканструюе найдрабнейшыя дэталі творчасці папярэдніка. 

«Вочы», 2022 г

Гэткую цікавую назву выставачны праект атрымаў ад назвы палатна іншага вялікага жывапісца XIX стагоддзя «Прывітанне, спадар Курбэ», якая належыць пэндзлю Густава Курбэ і датуецца 1854 годам. На ёй мастак выявіў самога сябе падчас размовы са сваім заступнікам Альфрэдам Бруясам і яго служкам Каласам. (Дарэчы, арыгінальная назва работы — «Сустрэча», другі ж варыянт з’явіўся як насмешка ў асяроддзі тагачасных крытыкаў.) Куратар найноўшай выстаўкі ў НЦСМ спрабуе, такім чынам, убачыць сябе ў Ван Гогу і, наадварот, Ван Гога — у сабе. Заўважце, што Віктар Саўчанка звяртаецца да свайго суразмоўцы наўпрост, тым самым збліжаючы дыстанцыю паміж двума творцамі да межаў аднаго пакоя ці свецкай гутаркі, робячы яе больш інтымнай, сяброўскай.

«Погляд», 2021 г.

Выстаўка адлюстроўвае тэндэнцыі пераемнасці мастацкай філасофіі Вінсента Ван Гога сучаснымі беларускімі мастакамі. Так, акрамя твораў Віктара Саўчанкі, у залах другога паверха НЦСМ гэтымі днямі можна пазнаёміцца з творамі іншых аўтараў і чарговы раз упэўніцца ў тым, якую неверагодную моц займелі адкрыцці Вінсента Ван Гога на полі выяўленчага мастацтва. 

У той ці іншай форме прад’яўленыя ім усяму свету знаходкі і мастацкія прыёмы (сярод такіх у першую чаргу называюцца колеравыя эксперыменты) знайшлі праламленне і ў творах Ігара Кашкурэвіча, і Аляксандра Дзямідава, і Валерыя Песіна, і Васіля Матусевіча, і Уладзіміра Акулава, і Андрэя Плясанава, прадстаўленых у экспазіцыі. Усе гэтыя аўтары так ці іначай, яўна або ўскосна палемізуюць з Ван Гогам, яго мастакоўскімі перакананнямі і стылем і па большай частцы знаходзяць паразуменне са знакамітым галандцам. 

У рамках выстаўкі прадугледжана мноства суправаджальных мерапрыемстваў, у тым ліку экскурсіі, падчас якіх пра ўсе падобныя нюансы можна даведацца, што называецца, з першых вуснаў — ад саміх мастакоў альбо ад куратара Віктара Саўчанкі.

«Хлеў», 2020 г.

Цікава ведаць

■ Подпіс галандца ва ўсе часы выклікаў асаблівую цікавасць у прыхільнікаў і даследчыкаў яго творчасці. Не стала выключэннем і найноўшая выстаўка ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, хэдлайнер якой Віктар Саўчанка прысвяціў росчырку куміра асобную карціну. Што ж такога асаблівага хаваюць у сабе гэтыя сем літар? Па-першае, шмат работ Ван Гога засталіся без подпісу ўвогуле, бо іх аўтар адрозніваўся, як сцвярджаецца, надзвычайнай патрабавальнасцю да сябе і многія свае творы лічыў у лепшым выпадку эцюдамі. Аднак і подпіс вылучаўся нетрывіяльнасцю: замест прозвішча, як рабілі яго сучаснікі і да гэтага часу робяць мастакі па ўсім свеце, Ван Гог пакідаў на карцінах толькі імя — Вінсент. Знаўцы звязваюць такія паводзіны з прыроджанай сціпласцю творцы і няўпэўненасцю ва ўласных мастакоўскіх здольнасцях. Да таго ж, гэткі просты зварот скарачаў дыстанцыю паміж аўтарам і гледачом.

■ Вінсент Ван Гог лічыцца адным з найбольш запатрабаваных мастакоў не толькі ў асяроддзі галерыстаў і музейшчыкаў, але, што заканамерна, і на ценявым рынку. Работы жывапісца з’яўляюцца жаданай мішэнню для зладзеяў і махляроў з усяго свету, а сам Ван Гог не адно дзесяцігоддзе ўтрымлівае верхнія месцы ў разнастайных спісах аўтараў, чые творы найчасцей падвяргаюцца злачынным замахам. Першае з шэрагу сенсацыйных выкраданняў адбылося ў 1988 годзе ў Гарадскім музеі Амстэрдама, адкуль прапалі па адной карціне Поля Сезана, Іагана Ёнгкінда, а таксама знакамітыя «Сланечнікі» Вінсента Ван Гога. З той пары назвы палотнаў галандскага постімпрэсіяніста трапляюць у крымінальныя хронікі з незайздроснай рэгулярнасцю. Так, карціне «Сланечнікі» не пашчасціла зноў аказацца ў руках зламыснікаў усяго праз тры гады пасля першага абрабавання (у кампаніі ажно 20 іншых твораў майстра!), а работа пад назвай «Выхад паствы з Рэфармацкай царквы ў Нюэнене» пасля выкрадання на працягу чатырнаццаці гадоў насіла тытул аднаго з самых шуканых твораў мастацтва ўвогуле. Скрадзенае ў 2002 годзе палатно знайшлі толькі ў 2016-м — за люстэркам неапалітанскай спартыўнай залы, якая належала мафіёзнай сям’і.

■ На дадзены момант біёграфам Ван Гога вядома ўсяго адна фатаграфія майстра — мастаку на ёй 19 гадоў. Праўда, яшчэ да нядаўняга часу лічылася, што такіх выяў дзве. Так, з 1973 і да 2018 года ў амстэрдамскім музеі жывапісца захоўваўся фотапартрэт, як лічылася, 13-гадовага Вінсента Ван Гога. Якое ж здзіўленне чакала даследчыкаў, калі пяць гадоў таму па выніках вывучэння эпісталярыю знакамітага творцы і праведзенай судова-медыцынскай экспертызы даследчыкі прыйшлі да высновы, што на ўсім вядомай фатаграфіі выяўлены не хто іншы, як 15-гадовы брат жывапісца — Тэа Ван Гог. Гісторыя міфу сягае каранямі ў 1957 год, калі фота было ўпершыню апублікавана бельгійскім біёграфам галандскага мастака Маркам Эдо Тральбо з праўдзівым, але, тым не менш, двухсэнсоўным подпісам «Партрэт Ван Гога (прыкладна 1866 год)».

Каміла НАВІНКІНА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.