Вы тут

Прастора ліста


Палац мастацтва прэзентаваў для мінскіх гледачоў творы беларускай і замежнай станковай і кніжнай графікі ХХ—ХХІ стагоддзяў. Праект сапраўды ўражвае багаццем майстроў і іх работ, шырынёй тэматыкі, разнастайнасцю кірункаў і тэхнік. Да таго ж творы многіх з прадстаўленых аўтараў стануць нечаканым адкрыццём, а гэта ці не галоўнае ў знаёмстве з мастацтвам. І ўсё ж скіраванасць — на гісторыю і сусветную спадчыну, на што так ці іначай арыентуюцца сучасныя беларускія мастакі. 


Фрагмент экспазіцыі, прысвечаны творчасці Уладзіміра Басалыгі.

У рамках маштабнай выстаўкі адбылося адкрыццё праекта «Terragraphica», дзе прадстаўлена заходнееўрапейская графіка ХХ стагоддзя з прыватных калекцый і фондаў Беларускага саюза мастакоў, што выклікае асаблівую цікавасць — сучаснае мастацтва айчынных мастакоў у Беларусі, здаецца, дэманструецца часта, а запаснікі адкрываюць свае каштоўнасці нерэгулярна. У прыватнасці, што тычыцца графікі, — жывапісам ці станковай скульптурай радуюць часцей. 

Куратарам выступае Аляксандр Зінкевіч, які сабраў у некалькіх залах болей як 300 твораў мастацтва. Гэтым разам ён скарыстаў асаблівую канцэпцыю пры стварэнні праекта: прадстаўлены, як правіла, асобныя серыі работ мастакоў, адсутнічаюць этыкеткі-подпісы з назвамі работ і гадамі іх стварэння, затое акцэнт зроблены на імёнах, прозвішчах і гадах жыцця творцаў (тэкст па зусім не відавочнай прычыне даецца на дзвюх мовах — рускай і беларускай). 

Работа Уладзіміра Зуева.

Да таго ж не зазначаны краіны нараджэння і дзейнасці мастакоў, што нязвыкла для выставак такога кірунку. Усё зроблена менавіта так, каб скіраваць увагу на дзейнасці асобнага аўтара як часткі глабальнага мастацкага працэсу, бурлівага і няспыннага. Да таго ж гэта спроба, імкненне прааналізаваць зробленае папярэднікамі і сучаснікамі, а таксама адкінуць убок размовы пра рэгіянальнасць, «местачковасць». Сканцэнтравацца на кантэксце ў такім выпадку даволі складана, але гэта і не падразумяваецца. Усё ж задумай, здаецца, было «перамяшаць» творы розных аўтараў розных пакаленняў і нацыянальнасцей. У тым ліку і з той мэтай, каб чарговы раз даказаць: узровень айчыннай графікі надзвычай высокі. 

Усе работы на выстаўцы можна падзяліць па розных крытэрыях, аднак галоўны з іх — прызначэнне. Так, прадстаўлена графіка станковая і кніжная. Сярод беларускіх мастакоў-ілюстратараў, якіх арганізатары выстаўкі аднеслі да сучасных, — Арлен Кашкурэвіч, Васіль Шаранговіч, Маргарыта Цімохава, Міхаіл Дайлідаў, Фёдар Шурмялёў, Лізавета Пастушэнка... Разважаючы пра вытокі кніжнай графікі ў Беларусі, стваральнікі экспазіцыі прыгадваюць 1970-я гады, калі на кафедры графікі беларускай акадэміі мастацтваў зарадзіліся сучасныя тэндэнцыі ў гэтым кірунку. Натуральна, прыгадваецца імя народнага мастака Васіля Шаранговіча, а таксама імёны яго паслядоўнікаў, якія сёння працуюць на вышэйзгаданай кафедры і лічацца аднымі з найлепшых афарміцеляў кнігі. Гэта Павел Татарнікаў, Уладзімір Вішнеўскі, Юрый Хілько, твораў якіх, на жаль, гледачу гэтым разам не прапаноўваюць. 

Выстаўка графікі — нагода чарговы раз паразважаць не толькі пра мастацтва графікі, але і пра кнігавыданне і лёс кнігі наогул. Напрыклад, ілюстратар Рыта Цімохава прыйшла да высновы, што кніга ніколі не знікне, хоць сёння і губляе сваю функцыю носьбіта інфармацыі. Цяпер добрае выданне ў хатняй бібліятэцы — у першую чаргу артэфакт, частка багатай калекцыі, выдатны твор, існаванне якога магчыма толькі дзякуючы сінтэзу мастацтваў. 

Работа Рамана Раманішына.

Што тычыцца станковай графікі, то яе прадстаўляюць беларускія мастакі Георгій Паплаўскі, Мікалай Селяшчук, Леў Алімаў... Важная частка выстаўкі — работы сусветна вядомых майстроў, у тым ліку ўраджэнцаў Беларусі. Марк Шагал і Восіп Цадкін, Напалеон Орда і Анатоль Тычына, Сальвадор Далі і Пабла Пікаса, Сандра Бракіта і Жан Батыст Менье... Пералік знакамітых мастакоў можа даўжыцца вельмі доўга. 

Аднак не хацелася б абыходзіць увагай меней папулярныя прозвішчы. Творы многіх з графікаў вельмі ўдала ўпісаліся ў канцэпцыю выстаўкі і прагучалі не меней упэўнена, чым кампазіцыі майстроў. Ды і куды ж без фаварытаў? Хочацца згадаць работы славацкай мастачкі Катарыны Вавравай. Яна стварае казачны свет, у якім асабістая фантазія літаральна сутыкаецца з рэчаіснасцю. Матывы яе творчасці перагукаюцца з сюжэтамі сусветнай літаратуры і мастацтва, з падзеямі гісторыі. Часта Катарына Ваврава звяртаецца і да біблейскіх падзей, да якіх ставіцца з павагай. 

Вельмі запамінальныя работы ўкраінскага графіка Канстанціна Каліновіча. Ён даследуе глыбокія філасофскія тэмы з дапамогай пераасэнсавання знакамітых мастацкіх сюжэтаў. Так, гэта ўпэўнены зварот да творчасці майстроў еўрапейскага жывапісу. Асацыяцыі ўзнікаюць з сюжэтамі, напрыклад, Дзюрэра, Брэйгеля, Босха... У цэнтры ўвагі мастака — развагі пра час і вечнасць і пра ролю мастацтва ў гэтым рэчышчы. Якім яно было для папярэднікаў? З чым дайшло до чалавека XXI стагоддзя? Якім бачыцца яго лёс? Спробы адказаў на гэтыя пытанні заўсёды цікавыя. 

Работа Марка Шагала.

Незвычайнымі падаюцца сюжэты Юрыя Наздрына з Расіі, які прастору лістоў разбівае рытмічнай структурай ліній, форм і фарбаў. Яркая характарыстыка — спантанныя плямы і яркія малюнкі, якія ствараюць уражанне нерэальнасці таго, што адлюстравана. Да таго ж прываблівае пачуццё гумару мастака, якім Юрый Наздрын вылучаецца сярод многіх аўтараў. 

Вабяць своеасаблівай жывапіснасцю работы Душана Калая, знакамітага славацкага графіка і жывапісца. Колер для мастака — сродак адлюстравання асаблівага сусвету, дзе дзейнічаюць свае законы і логіка. Яго ілюстрацыі адрозніваюцца вытанчанасцю, дынамічнай штрыхоўкай і стараннай прапрацоўкай дэталяў. Натуральна, графіка наогул з тых відаў мастацтва, дзе размытасць, наўмысная недасканаласць не вітаецца. Экспазіцыі ў Палацы мастацтва чарговы раз нагадваюць аб тым, што ў графіцы віртуознасць, майстэрства, імкненне да дасканаласці маюць першаснае значэнне. 

Работа Фёдара Шурмялёва.

Убачыць выстаўкі беларускай кніжнай і станковай графікі і «Terragraphica», размешчаныя на двух паверхах Палаца мастацтва, можна, як заўсёды, нядоўга — да 23 красавіка. (Выставачны план гэтай пляцоўкі, з аднаго боку, здзіўляе, з іншага — захапляе.) Між тым пажадана мець у запасе некалькі гадзін вольнага часу — усё ж твораў вельмі шмат і яны патрабуюць глыбокай маўклівасці, удумлівага сузірання і вельмі пільнай увагі да дэталяў. Так ці інакш, па творчасці толькі некалькіх згаданых аўтараў можна зразумець, што аўдыторыя падобнага праекта павінна быць падрыхтаванай. Гаворка не пра мастацкую адукацыю ці веданне тэхнік, стыляў і пад. Змест, падтэкст і ў ідэале кантэкст — вось якіх ведаў патрабуюць ад гледача. Зразумела, пласты мастацтва і літаратурныя крыніцы, да якіх звяртаюцца графікі, ілюстратары, маюць самы шырокі ахоп. Для тых, хто павярхоўна знаёмы з гэтым відам творчасці і імкнецца ведаць болей, выстаўкі такога роду не падыходзяць, бо закранаюцца надзвычай глыбокія карані. Аднак гэта ні ў якім разе не антырэклама ці адгаворванне. 

Яўгенія ШЫЦЬКА, 

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.