Вы тут

Ультрафіялетавае (УФ) выпраменьванне нясе і пагрозу


Без сонца няма жыцця, радасці і настрою. Але і ў яго ёсць «цёмны бок». Акрамя карысці ўльтрафіялетавае (УФ) выпраменьванне нясе і пагрозу. Пра тое, чым яно небяспечнае для нас і як ад яго засцерагчыся, расказала ўрач-дэрматолаг, касметолаг Наталля Паўловіч.


Колькі ўльтрафіялету нам трэба?

Ультрафіялет спрыяе выпрацоўцы вітаміну D. Паколькі ў Беларусі мала сонечных дзён, то амаль ва ўсіх яе жыхароў назіраецца дэфіцыт вітаміну D. Многія практычна цэлы год ужываюць яго ў сінтэзаваным выглядзе. Сёння лічыцца: для падтрымання неабходнага ўзроўню вітаміну D і добрага стану імуннай сістэмы ў цёплую пару года (вясна-лета) дастаткова быць на сонцы 15-20 хвілін.

Чым небяспечныя А і В?

Спектр УФ-выпраменьвання ахоплівае хвалі даўжынёй ад 100 да 400 нм. Адрозніваюць УФ-А (315-400 нм), УФ-B (280-315 нм) і УФ-C (100-280 нм). Усе УФ-С і прыкладна 90 % УФ-В-прамянёў падчас праходжання сонечнага святла праз атмасферу паглынаюцца азонам, парай вады, кіслародам і вуглякіслым газам. Паверхні Зямлі дасягаюць у асноўным УФ-А і нязначная колькасць УФ-В-прамянёў. І першы, і другі ўльтрафіялет стымулюе выпрацоўку меланіну, які забяспечвае загар. Разам з тым яны вядуць да дэгенератыўных змен у клетках, фібрознай тканцы, крывяносных сасудах, і наша скура пакрываецца рабаціннем, радзімымі і пігментнымі плямамі. Ультрафіялет А пашкоджвае фібрабласты, якія адказваюць за выпрацоўку калагену і эластычнасць скуры, і прыводзіць да яе фотастарэння, узнікнення маршчын. УФ-В-прамяні прымушаюць клеткі некантралявана дзяліцца, што небяспечна злаякаснымі ўтварэннямі скуры: меланомамі і меланацытарнымі пухлінамі.

Група рызыкі

Фактараў, ад якіх залежыць наша ўстойлівасць да УФ-выпраменьвання, — мноства. Адзін з асноўных — гэта фотатып скуры. Усяго іх шэсць: кельцкі, нардычны, цёмны еўрапейскі, міжземнаморскі, інданезійскі, афраамерыканскі. Першыя два найбольш безаабаронныя перад ультрафіялетам. Пры наяўнасці дэрматалагічных захворванняў (такіх, як чырвоная ваўчанка) пры рэгулярным прыёме прэпаратаў, якія робяць скуру адчувальнай да сонца, УФ-прамяні асабліва небяспечныя. Гэтыя катэгорыі людзей павінны карыстацца ахоўнымі сродкамі ўвесь час, нават у пахмурнае надвор’е. Тое ж датычыцца і тых, чыя скура схільная да пігментацыі. Механізмы яе з’яўлення да канца незразумелыя, але адна з асноўных прычын — гарманальныя змены.

Паклапаціся пра сябе самі

Верагоднасць фотапашкоджання скуры існуе круглы год, нават зімой у снежныя дні. Але небяспечней за ўсё знаходзіцца на сонцы (прычым не толькі адкрытым, але нават у цені) з 11.00 да 16.00 вясной і летам. Перавагу ў гэты перыяд трэба аддаваць адзенню з лёну і бавоўны светлых колераў. Абавязкова рэкамендуецца насіць галаўныя ўборы і сонцаахоўныя акуляры. А на адкрытыя ўчасткі скуры варта наносіць ахоўныя крэмы, эмульсіі, спрэі. На ўпакоўцы любога з гэтых сродкаў вы ўбачыце абрэвіятуру SPF (Sun Protection Factor) і лічбы — 10, 25, 30, 50) — гэта абазначэнне сонцаахоўнага фактару і ўказанне на бяспечную працягласць знаходжання на сонцы, калі скура не пачырванее і не з’явяцца апёкі. Напрыклад, калі на цюбіку стаіць 30, гэта азначае, што праз кожныя паўгадзіны знаходжання на сонцы вам давядзецца змазваць адкрытыя ўчасткі скуры. Пры лічбе 50 засцярогі хопіць на дзве — дзве з паловай гадзіны.

У якім парадку наносіць?

Правільны догляд скуры прадугледжвае такую паслядоўнасць: спачатку яе ачышчэнне, потым танізаванне, нанясенне актыўных сываратак (калі таго патрабуе ўзрост) і ў канцы — засцярога ад УФ-выпраменьвання. Як правіла, сродкі з SPF наносяць за 30 хвілін да выхаду на сонца. Спецыялісты рэкамендуюць чаргаваць крэмы з засцярогай ад УФ-А і УФ-В-выпраменьванняў. Калі мы карыстаемся дэкаратыўнай касметыкай, трэба ўлічваць, на які перыяд разлічана яе засцярога ад ультрафіялету. Калі ўсяго на дзве гадзіны, а мы плануем шпацыраваць у сонечны дзень даўжэй, то лепш дадаткова захапіць з сабой спрэй і, калі скончыцца тэрмін дзеяння «дэкаратыўнай аховы», нанесці яго. Набываючы сродкі для УФ-засцярогі, трэба азнаёміцца з рэкамендацыямі вытворцы. Калі ён інфармуе, што крэм прызначаны, напрыклад, для дзяцей, старэйшых за 5 гадоў, то трэба выконваць гэтую рэкамендацыю.

Каб праверыць, ці няма ў вас алергіі на кампаненты ахоўных сродкаў, трэба нанесці іх на ўнутраную паверхню перадплечча і паглядзець на рэакцыю.

Калі ўрачы супраць

Салярыі вядуць да штучнага фотапашкоджання і старэння скуры. У прыхільнікаў такога загару рызыка развіцця злаякасных утварэнняў на 80 % большая.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.