Вы тут

Хацелася жыць…


Калі згадваю Платона Галавача, каторы раз цягне разгарнуць кнігу Валянціны Куляшовай «Лясному рэху праўду раскажу...» пра яе бацьку, народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. Платон Раманавіч даводзіўся ёй дзядзькам: «<...> я заўсёды бачу адно і тое ж: да мяне, вельмі, відаць, маленькай, нахіляецца чалавек, твар якога, калі ён схіляе галаву, зацяняе густая льняная шавялюра. Мне так падабаюцца гэтыя мяккія валасы, што, працягваючы руку за падарункам, я спярша дакранаюся да валасоў». Для маці Валянціны ён стаў другім бацькам, «пасля таго, як яна, круглая сірата, трынаццацігадовай пераехала ў Мінск, у сям’ю Платона Раманавіча, за якім была замужам яе старэйшая сястра Ніна».

Гэтакім жа сардэчным і чулым застаўся і ў памяці паэта Міколы Хведаровіча, з якім яны сябравалі: «Пры сяброўскай увазе Галавача рос і развіваўся талент тады зусім маладога паэта Аркадзя Куляшова. Адчуванне «локця» было ў кожнага, хто меў справу з ім». А вылучалі яго нязменныя даверлівасць, адкрытасць. Ніколі не падкрэсліваў сваю «вышэйшасць» у параўнанні з іншымі, хоць ужо ў маладым узросце займаў пасады, пра якія многія толькі марылі. Нездарма сябры называлі яго ласкава — Платоша. Мала пражыў (нарадзіўся 18 красавіка 1903 года, пайшоў у вечнасць 29 кастрычніка 1937-га), а след пакінуў вялікі.


Платон Галавач.

На ўсё хапала

У паўтарагадовым узросце застаўся без маці. З малых гадоў працаваў па найме, летам пасвіў кароў. Гэта не перашкодзіла закончыць Гарбацэвіцкую сямігодку. У 1920-м першы ў вёсцы і адзін з першых у воласці ўступіў у камсамол, стварыў камсамольскую ячэйку. Пісаў карэспандэнцыі, замалёўкі для газеты «Юны камуніст», што выходзіла ў Бабруйску. Да супрацоўніцтва падахвоціла яго рэдактар, пасля вядомы публіцыст, актыўны ўдзельнік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі Вера Харужая.

Прымаў актыўны ўдзел у рабоце камбедаў і ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва. У атрадах асобага прызначэння змагаўся з бандамі. Пасля заканчэння Мінскай партыйнай школы быў інструктарам Барысаўскага павятовага камітэта камсамола. Праз год паступіў у тагачасны Камуністычны ўніверсітэт у Мінску. Скончыўшы яго, у 1926 годзе быў загадчыкам арганізацыйнага аддзела ЦК ЛКСМБ. Яшчэ праз два гады выбралі першым сакратаром ЦК ЛКСМБ. Адначасова стаў адказным рэдактарам газеты «Чырвоная змена». У лістападзе 1929 года — ужо намеснік наркама асветы БССР. У розны час яму давяралі рэдагаваць часопісы «Маладняк», «Полымя», быць кіраўніком літаратурных арганізацый «Маладняк» і Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў.

Менавіта з прызначэннем галоўным рэдактарам часопіса «Полымя» (афіцыйна пасада называлася адказны рэдактар) цудоўна раскрыліся яго дзелавыя і арганізатарскія здольнасці. Янка Купала, які ставіўся да яго надзвычай прыязна, іначай як Платонам Раманавічам не называў. Але грамадская дзейнасць ніколі не перашкаджала плённа працаваць творча. Друкаваўся ў газеце «Савецкая Беларусь», часопісе «Чырвоны сцяг», іншых выданнях. Спакваля з’явілася жаданне ўзяцца за прозу. Пачаў з невялікіх апавяданняў, створаных на дакументальнай аснове. Паспрабаваў сілы і ў крытыцы. У прыватнасці, 15 мая 1925 года надрукаваў у «Звяздзе» артыкул «Дваццаць гадоў творчасці Янкі Купалы».

Абганяючы час

Аднак першыя апавяданні так і засталіся ў чарнавіках. Літаратурным дэбютам стала апавяданне «Загубленае жыццё» ў газеце «Савецкая Беларусь» (1925, № 251–258). Для свайго часу сюжэт тыповы: паніч-нягоднік спакушае даверлівую і абяздоленую сялянскую дзяўчыну. Аднак твору бракавала мастацкай цэласнасці. Хоць вобраз галоўнай гераіні Ніны засведчыў, што Платон Галавач умее выпісваць няпростыя характары. Паступова апавяданняў сабралася на першую кнігу «Дробязі жыцця» (1927).

Адным з тых, хто ўважліва паставіўся да маладога празаіка, стаў Максім Гарэцкі. Сваё слова пра яго сказаў, выступіўшы ў газеце «Чырвоная змена» з цыклам артыкулаў пра творчасць маладнякоўцаў. Трэці з іх прысвячаўся Платону Галавачу (1928, 18 лістапада). Быў перакананы: «<...> галоўнае ў ідэалагічным змесце твораў Галавача — гэта супрацьстаўленне новага ладу жыцця старому. Апавядаючы аб мінулым, аўтар малюе страшэнную сялянскую беднасць, бяспраўнае становішча працоўнага чалавека, надмерную працу, цемру і забабоны, злосць, сваркі... [...] Вобразы ў яго простыя, жывыя, народныя. Мова — добрая, народная, хоць, на жаль, трапляюцца часам такія расіянізмы, без якіх зусім лёгка абысціся». Знайшлося месца Платону Галавачу і ў літаратурна-крытычнай працы Максіма Гарэцкага ««Маладняк» за пяць гадоў. 1923–1928» (1928).

Платона Галавача цікавіла, што рабілася ў душы тых, хто воляй абставін вымушаны быў змяніць свой звыклы ўклад жыцця. У гэтым сэнсе вельмі характэрнае апавяданне «Уцякач», герой якога чырвонаармеец Павел Голуб, хоць і знаходзіцца ў войску, па-ранейшаму адчувае сябе селянінам. Яго гняце боязь быць параненым, а тым больш забітым. Хто ведае, як усё адбылося б, калі б камандзір не адправіў яго ў разведку. Тады ён і адважыўся на ўцёкі.

Далей ў апавяданні адбываецца тое, што трапляе пад вызначэнне «быкаўская сітуацыя». Пішучы яго, Платон Галавач як бы абагнаў свой час. Ён перадаў адну з тых пагранічных сітуацый, што выстройваюцца ў адзін ланцуг: сумленне — здрада. Паўла Голуба ўжо нішто не ўратуе. Прысуд ваеннага трыбунала ніхто не адменіць: «Чуў апошнія словы прыгавору, чуў злосныя словы таварышаў...

Сціхла... Пачулася кароткая каманда.

Хацелася ўзняць вочы, глянуць на таварышаў, каб убачылі, каб зразумелі, што ён каецца, але галава, быццам налітая волавам, не ўздымаецца. Апушчаныя ўніз вочы бачаць перад сабой бліскучыя канцы цэлага шэрагу штыкоў. Пачуў апошнюю каманду».

Задума і вынік

Майстэрства Платона Галавача расло ад апавядання да апавядання. Аб гэтым сведчыць і аповесць «Вінаваты», у якой задумваўся над спаконвечнай праблемай бацькоў і дзяцей. Акцэнты расстаўлены паводле абставін таго часу. Студэнт тэхнікума Алесь Шавец не хлусіць, прызнаючыся ў лісце таварышу: «Ведаеш, я так веру ў рэвалюцыю, у камуну, што, здаецца, вырваў бы сэрца з грудзей, згарэў бы, каб пераканаць сялян, што толькі ў гэтым выйсце з жабрацтва, беднасці».

Гэты «Данка» ўжо многага дасягнуў. Школьнікам арганізаваў камсамольскую ячэйку. Змагаўся з бандытамі, працаваў старшынёй сельсавета. У тэхнікуме па-ранейшаму актыўны: узначаліў прафкам. Перакананы: «Я заўжды буду гаварыць, што мы надта шкадуем усіх і ад гэтага жывём вось ужо колькі год і забыліся на небяспеку». Толькі, як высветлілася, яго бацька некалі служыў у сакрэтнай канцылярыі. Алесь гэтага не ведаў. Ды ўсё адно яго выключылі
і з партыі, і з тэхнікума.

Аповесцю, па сутнасці, папярэджваў, наколькі страшная для грамадства ворагаманія. А яшчэ ў адным творы — «Спалох на загонах» — ён, па ўласным прызнанні, імкнуўся «з максімальнай праўдзівасцю паказаць самы працэс калектывізацыі вёскі з усімі цяжкасцямі, з усёй складанасцю класавага змагання, ва ўмовах якога гэты працэс ідзе». Для свайго часу аповесць стала яшчэ адным звяном у літаратурным ланцугу твораў аб пераломных працэсах у беларускай вёсцы. Платон Галавач не спрашчаў працэс перавыхавання вяскоўцаў.
У жаданні мець свой надзел зямлі, сваю гаспадарку, свайго каня, сваю карову бачыў і адмоўнае. Галоўным для яго было, безумоўна, адлюстраваць няпростыя працэсы, якія адбываліся ў сучаснай яму вёсцы.

Чым пільней учытваешся ў той ці іншы эпізод, тым больш пераконваешся: псіхолагам, яшчэ якім псіхолагам быў, паказваючы селяніна! Узяць хоць бы аднаго з галоўных персанажаў Клемса... Хто, як не ён, павінен быў адразу запісацца ў калгас. Ды не спяшаецца... Пісьменнік, наколькі дазваляў яму талент, унутрана супраціўляючыся тым дырэктыўным указанням, паводле якіх калектывізацыя падавалася толькі як суцэльнае шчасце для простага чалавека, спрабуючы адысці ад ідэалагічных схем, праўдзіва раскрываў драматызм людскіх лёсаў.

Вартасці аповесці — у яе набліжанасці да тагачаснага жыцця, у здатнасці аўтара паказаць яго поўна, шырока, аб’ектыўна. Аднак, хоць твор і меў поспех, Платон Галавач разумеў, што яму ўдалося ажыццявіць далёка не ўсё, што хацелася. У канцы артыкула «Як была напісана аповесць «Спалох на загонах»» сцвярджаў: «Але і цяпер, калі звяртаюся да сваіх запісных кніжак, разумею, што поўнасцю з задачай, якую я ставіў перад сабой у пачатку напісання аповесці, не справіўся яшчэ. І таму я кажу, што мая аповесць «Спалох на загонах», якая з’яўляецца бясспрэчным дасягненнем у маёй творчай рабоце, ёсць эскіз для напісання новага вялікага твора пра сялянства, над якім я працую цяпер».

Зямлі пачатак пачаткаў

Спярша хацеў напісаць аповесць «З-за сівых туманоў», але значнасць задумы патрабавала больш шырокага ахопу падзей. У выніку пачалася праца над раманам «Праз гады», які ў маі 1934-га з’явіўся на старонках часопіса «Полымя». Пры жыцці пісьменніка ён двойчы выдаваўся ў арыгінале, а таксама перакладаўся на рускую і польскую мовы.

У рамане ахоплены падзеі з 1913 да 1933 года: Першая сусветная, грамадзянская войны, калектывізацыя. Да ўсяго гэтага, у той ці іншай ступені, маюць дачыненне і героі твора. Дзеянне яго адбываецца не толькі ў беларускай вёсцы Шапятоўцы, але і ў Пецярбургу, на фронце, згадваецца і Сібір, куды ў свой час лёс закінуў некаторых персанажаў, расказваецца пра будаўніцтва энерга-хімічнага камбіната.

Адным з першых сярод беларускіх пісьменнікаў Платон Галавач задумаўся над праблемамі інтэлігенцыі, якая ў час эпахальных зрухаў у жыцці грамадства вымушана была шукаць сваё месца. І гэта раскрыта на прыкладзе прадстаўнікоў як старога, так і маладога пакаленняў (Галынскі, які нямала пабачыў у сваім жыцці, паэт-аграном Ягупла, малады Пілацееў). Аднак не будзе перабольшаннем сказаць, што і гэтым разам яго найперш цікавіў лёс працоўнага сялянства. Ён раскрываецца на прыкладзе братоў Шкробатаў.

Старэйшы Мікіта, хоць і з цяжкасцю, але дасягнуў дастатку, разбагацеў. Здавалася б, паколькі «выхад у людзі» даўся нялёгка, каштаваў вялікіх фізічных і духоўных высілкаў, павінен са спагадай ставіцца да абяздоленых, слабых. Атрымалася ж наадварот. Прага нажывы, багацця засціла яму вочы. Ужо не хоча па-сапраўднаму бачыць тое, што адбываецца наўкола. Таму і выганяе з хаты свайго хворага брата Паўла, хоць разумее, што той сам не выжыве. Віжуе за сялянамі, якія хочуць новага жыцця, гатовы запісацца ў калгас.

Куды больш псіхалагічна-заглыблена раскрыты вобраз яго брата Тарэнты. Ён спрабаваў знайсці сваё шчасце ў Сібіры. Падаўся ў перасяленцы разам з Паўлам. Давялося ні з чым вяртацца назад. Але мары займець свой кавалак зямлі не пакінуў, таму разам з іншымі сялянамі выступіў супраць памешчыка. А ў выніку апынуўся на катарзе, пасля мёрз у акопах, а тут — рэвалюцыя. Ажыццяўленне мары так блізка: «ён цвёрда верыў, што даб’ецца зямлі».

І гэта на самай справе так, ды зноў змены — калектывізацыя. Яна ж не адпавядае таму стаўленню да зямлі, якое блізкае Тарэнту, у чым ён бачыць сутнасць свайго жыцця: «Усё з зямлі жыве. Усё за яе трымаецца, і лішні ты, чалавек, на зямлі, калі не маеш свайго ўласнага месца на ёй, ці, калі, скажам, цесна табе на такой вялікай планідзе, калі вузак твой шнур на ёй. Зямля таго любіць, хто цвёрда на ёй стаіць, хто шырокім крокам ведае на ёй сваю часціну».

Не адразу прыходзіць Тарэнта да высновы, што яго месца з іншымі. З наскоку на падобны ўчынак не мог рашыцца, бо гэта сапраўдны гаспадар зямлі, а гаспадар, перш чым зрабіць нейкі важны крок, усё абдумае і ўзважыць. У сына ён пытаецца, шукаючы адказ для самога сябе: «<...> А цяперака што ж, рашыцца ўсяго і ў табун ісці? Добра — на сваіх дзяцей рабіў, а цяпер на чужых рабіць?» Аднак выбару для яго ўжо няма: ці ў калгас уступаць, ці трапіць пад раскулачванне.

* * *

Як і кожны ў яго ўзросце, Платон Галавач жыў новымі творчымі планамі. У маі 1936 года ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» выступіў з аповесцю «Носьбіты нянавісці» аб барацьбе з белапалякамі ў Грамадзянскай вайне. Тэма яе прагучала і ў аповесці «Яны не пройдуць» (1937). Герой яе — удзельнік Першай сусветнай вайны, кавалер Георгіеўскага крыжа Рыгор Каленік — з прыходам ворагаў стварыў партызанскі атрад. Жыў Платон Галавач і новымі задумамі. Раман «Дарога ў свет», прысвечаны 20-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі, збіраўся закончыць у сакавіку 1937 года. Адначасова пісаў раманы «Ён» і «Вялікі Дняпро».

Яго другая кніга апавяданняў называлася «Хочацца жыць». На адлегласці часу яна ўспрымаецца крыху інакш — «Хацелася жыць». Ім, маладым, акрыленым, напоўненым верай ва ўсё лепшае, хацелася жыць, тварыць. Яны гэта і рабілі, колькі адпусціў Усявышні.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.