Вы тут

Стварэнне легенд


Сярод кніжных навінак Выдавецкага дома «Звязда» 2023 года, адрасаваных чытачу-школьніку, не апошняе месца займае кніга Генадзя Аўласенкі «Як сем сыноў лесніка чорта перахітрылі». Цвёрдая вокладка, яркае афармленне, адпаведныя памеры. Выданне ў пэўным сэнсе — працяг кнігі «Таямніцы назваў», што таксама пабачыла свет у ВД «Звязда», але раней. 


Вандруючы па старонках новай кнігі, адразу заўважаеш прыхільнасць аўтара да дыдактыкі. Навідавоку шматлікія паўторы, звароты з пытаннямі да чытача, змена аўтарскай пазіцыі. Пісьменнік спачатку запрашае да дыялогу, абяцаючы суразмоўцу амаль сааўтарства, а пасля правакуе на спрэчку. Так, былых настаўнікаў не бывае. Але ў нашым выпадку гэты факт толькі на карысць чытачу-школьніку. 

А што датычыцца назвы «Як сем сыноў лесніка чорта перахітрылі»: няхай сабе на вокдадку кнігі вынесена адно з самых жывых і аптымістычных апавяданняў, але... Будзем лічыць гэта піяр-ходам. І час пакажа, наколькі ён апраўданы.

Выпуск ажыццёўлены па заказе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. І ў хуткім часе зборнік абавязкова трапіць на бібліятэчныя паліцы ўсёй краіны. Адрасавана выданне чытачу сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту.

У апавяданні, якое змешчана ў кнізе «Пра назву рачулкі Жорнаўкі» першым, Генадзь Аўласенка разважае пра паходжанне тапоніма. Гістарычныя і геаграфічныя звесткі шчодра аздабляюцца казачным сюжэтам. А любая казка, як вядома, з’яўляецца крыніцай мудрасці. На прыкладзе галоўнага героя апавядання хлопца Базыля аўтар папярэджвае чытача: не будзь такім даверлівым і неабачлівым. 

І выснову, чаму рака мае назву Жорнаўка, пісьменнік робіць, абапіраючыся толькі на казачны аповед, без адзінага намёку на навуковую абгрунтаванасць. Але аўтар і не настойвае на сваёй версіі як на самай аўтарытэтнай. Ён вырашае іншую задачу (трэба сказаць — выдатна): падштурхоўвае юнага чытача да творчага пошуку. Маўляў: малады, разумны, дапытлівы, а на тваю думку як?

Упэўнена, што для кагосьці з гэтага роздуму пачнецца шлях у сур’ёзнае краязнаўства. І няхай сабе першыя крокі не зусім самастойныя, а пад наглядам пільнага вока настаўніка. Толькі так і павінна быць, інакш ці варты называць сябе настаўнікам той, хто не змог здзівіць, зацікавіць, паклікаць за сабой?! 

У апавяданні «Пра тое, як утварылася вёска Гаёўка» Генадзь Аўласенка ўжо знітоўвае казачны сюжэт з беларускай міфалогіяй. Пасля звестак аб першых згадках пра населены пункт, датаваных ажно пачаткам XVIII стагоддзя, калі гэты засценак складаўся ўсяго з двух двароў і належаў магнату Агінскаму, пісьменнік нагадвае чытачу пра гістарычныя і палітычныя падзеі і дзеючых асоб таго часу: пра другі падзел Рэчы Паспалітай і Радзівіла — князя, у валоданні якога знаходзілася Гаёўка.

Пачынае аўтар расповед здалёк — з тлумачэння слова «гай», а тады ўжо ў думках-разважаннях пераносіцца ў міфалогію. Па-майстэрску вобразна апісвае міфалагічнага героя — дзеда Гаюна, ад імя якога, на думку пісьменніка, і можна было адштурхнуцца ў пошуках адказу на пытанне пра назву паселішча. І вось перад юным чытачом паўстае істота з целам мядзведзя і галавой чалавека. Толькі замест валасоў і барады — сівы мох. Так уяўлялі ахоўніка лесу і нашы продкі. У далёкія часы людзі ўлагоджвалі Гаюна, ляснога ўладара, усялякімі паднашэннямі. Клалі пачастунак на пянёк са словамі: «Прынёс сняданне Гаёваму дзеду. Ці сам з’ясі, ці ўнучкам аддасі!»

А ўнучкі Гаюна, звалі іх Гаёўкамі, былі маладыя і вельмі прыгожыя. Прыгажэйшыя нават за першых красунь роду чалавечага. З гэтым меркаваннем можна і паспрачацца, бо ўзімку абрасталі красуні густой поўсцю. Але густ — справа асабістая. Вернемся да тэксту: дзе вабнасць і маладосць — там і каханне. А каб не губляць чытацкую увагу, аўтар стварыў непераадольную перашкоду паміж закаханым да бяспамяцтва Янкам і яго абранніцай — унучкай дзеда Гаюна. Адным словам, зрабіў гэтае каханне няшчасным.

Назвы наступных апавяданняў-гісторый красамоўныя. Яны інтрыгуюць і ў той жа час распавядаюць, пра што пойдзе гаворка на старонках твора. Да прыкладу: «Легенда пра занадта прагнага пана і дачку Вужынага Цара», «Як Бай дапамог вяскоўцам балотнага нячысціка пазбавіцца» ці «Як юнак Жодзін злога багацея абхітрыў». Прыпынім увагу на аднайменнай гісторыі «Як сем сыноў лесніка чорта перахітрылі». У Маладзечанскім раёне ёсць вёска з незвычайнай назвай — Семернікі. Згодна з мясцовым паданнем, жыў там, а можа, дзе непадалёку, ляснік. І было ў яго сямёра сыноў. Адсюль і пайшла назва. 

Але што тут такога незвычайнага? Ці мала ў каго ў той час сямёра сыноў было?! Аўтар узяў за аснову вядомы факт і значна пашырыў яго ў сваім аповедзе. І калі б рабіў кароткі пераказ тэксту мужчына, атрымалася б прыкладна так: усе няшчасці на гэтым свеце ад жанчын. Іх хлебам не кармі, а дай паспрачацца са сваім гаспадаром. А з майго пункту гледжання ўсё выглядае крыху іначай. На пярэднім плане зусім не любімае «авось», з дапамогай якога мужык меў намер чорта падмануць. Чым бы дзіця не цешылася, кажуць людзі... Навідавоку ж: сем сыноў — гэта народ, а перамога над хітрыкамі чорта — увасабленне розуму і людской мудрасці. Цікава было б даведацца і думку чытача на гэты конт, таму чытайце, разважайце, спрачайцеся!

Іна ФРАЛОВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.