Вы тут

У кожным рэгіёне Беларусі ёсць асаблівыя святыні — цудатворныя абразы Божай Маці


Цудатворнай называюць ікону, па малітве перад якой адбылося вылечванне або была атрымана Божая дапамога ў якой-небудзь справе. Але кожная ікона, перад якой узносіцца гарачая і шчырая малітва, — цудатворная. Тым не менш ёсць тыя, што асабліва шануюцца вернікамі, само з'яўленне якіх было цудоўным.


Адно з самых вядомых адбылося 13 жніўня (26-га па новым стылі) 1500 года — жыхары Мінска ўбачылі на водах Свіслачы ікону Божай Маці. Згодна з паданнем, абраз напісаны апосталам Лукой. У X стагоддзі вялікім князем Уладзімірам быў змешчаны ў Дзесяцінную царкву Кіева. Яшчэ праз некалькі стагоддзяў, падчас рабавання горада, татарамі быў кінуты ў воды Дняпра і цудоўным чынам з'явіўся на рацэ перад Мінскім замкам. Абраз заўважылі з-за незвычайнага святла, якое ад яго сыходзіла. Адна з найбольш шаноўных праваслаўных святынь нашай краіны цяпер знаходзіцца ў Свята-Духавым кафедральным саборы сталіцы, злева ад Царскай брамы.

У крыніцах XVІІ стагоддзя акрамя шматлікіх цудаў вылечвання па малітвах перад іконай згадваецца спыненне эпідэміі чумы, «якую абраз не толькі пасля шэсця з ім па горадзе спыніў, але нават адусюль і далей прагнаў», а таксама здабытая, дзякуючы абразу, ваенная перамога. У даўнія часы існавала традыцыя ўпрыгожваць Мінскую ікону Божай Маці зробленымі з розных металаў выявамі розных частак цела (рука, нага, сэрца), гледзячы па тым, у якой частцы свайго цела чалавек, які горача маліўся перад абразом, атрымаў палёгку.

20 мая мы будзем святкаваць 553 гады са дня з'яўлення цудатворнага абраза Божай Маці каля Жыровічаў. Гэта невялікая, памерам з дзіцячую далоньку, ікона ў выглядзе рэльефу на яшме таксама належыць да ліку галоўных з захаваных святынь і гістарычных рэліквій Беларусі. Жыровіцкую ікону знайшлі пастухі ў кроне грушы, якая цвіла ў лесе, таксама па ззянні, што сыходзіла ад яе. Пастухі аднеслі абраз уладальніку тых мясцін княжацкаму скарбніку Солтану. Ён паклаў ікону ў куфэрак, адкуль яна знікла і на наступны дзень зноў з'явілася пастухам на грушы. Пасля гэтага Солтан пабудаваў на месцы з'яўлення іконы царкву, вакол якой паступова вырасла паселішча. Праз некаторы час ікона была страчана ў пажары і зноў знойдзена ў іншым месцы, на гэты раз дзецьмі.

У архіўных дакументах 1580 года апісаны цуд, які адбыўся праз Жыровіцкую ікону, — уваскрэсенне дзяўчыны Раіны з роду Войнаў. Раіна пазней сама сведчыла пра гэты цуд перад каралём Стэфанам Баторыем, а сапраўднасць яе аповеду пацвярджалі некалькі чалавек, у тым ліку канцлер Леў Сапега і каталіцкі епіскап. Гэта толькі адзін з вялікай колькасці цудаў, сярод якіх, акрамя вылечвання, — выратаванні ад пажараў і рабавання манастыра падчас вайны.

Жыровіцкі абраз шануецца праваслаўнымі, католікамі і ўніятамі. Цяпер ён знаходзіцца ва Успенскім саборы Жыровіцкага манастыра злева ад Царскай брамы.

Сёлета на Радаўніцу, 25 красавіка, прыпадае святкаванне Бялыніцкай іконы Божай Маці, якая, згодна з паданнем, была прынесена манахамі Кіева-Пячэрскай лаўры ў пачатку XІІІ стагоддзя. Манахі плылі з захопленага татарамі Кіева ўверх па Дняпры, а потым па яго прытоку Друці. Яны спыніліся на адпачынак на высокім беразе, і ў гэтым месцы па начах ад іконы стала сыходзіць цудоўнае святло. Вандроўнікі вырашылі заснаваць тут манастыр у гонар святога прарока Іліі. Пазней вакол манастыра вырасла паселішча, якое назвалі з-за першага цуду іконы — Белы ночы, або Бялынічы. Так стала называцца і ікона — Бялыніцкая.

З XVІІ стагоддзя святыня захоўвалася ў кармеліцкім кляштары, католікі яе каранавалі ў 1755 годзе. Дарэчы, згодна з каталіцкім паданнем, ікону напісаў анёл. У канцы XІX стагоддзя цудатворны абраз становіцца галоўнай святыняй Бялыніцкага Раства-Багародзіцкага праваслаўнага манастыра. Для Усходняй Беларусі гэта была такая ж значная духоўная святыня, як Жыровіцкі абраз Божай Маці для Заходняй. Пасля закрыцця манастыра ў савецкія часы ікона знаходзілася, як і Крыж Ефрасінні Полацкай, у краязнаўчым музеі Магілёва. І гэтак жа, як Крыж, знікла пасля эвакуацыі экспанатаў у 1941 годзе.

Праз 60 гадоў, у 1991 годзе, у дзень памяці цудатворнай іконы, у Бялынічах у прыстасаваным памяшканні быў асвечаны праваслаўны храм у яе гонар. Да гэтай падзеі была знойдзена копія абраза, якую 70 гадоў захоўвала мясцовая жыхарка Акуліна Арэхава. У 2005 годзе ў цэнтры пасёлка завяршылася будаўніцтва новай царквы ў гонар Бялыніцкай іконы Божай Маці.

Два разы на год адзначаецца памяць апякункі паўночнага рэгіёна краіны — Аршанскай іконы Божай Маці. Няма падрабязнасцяў яе з'яўлення, вядома толькі, што гэта адбылося цудоўным чынам у 1631 годзе падчас заснавання мужчынскага Куцеінскага Свята-Богаяўленскага манастыра каля Оршы на беразе ракі Куцяінкі. Абедзве даты памяці святыні (2 жніўня і 18 верасня) звязаны з днямі памяці прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага, змагара за праваслаўе на беларускіх землях, які, дарэчы, служыў у Куцеінскім манастыры, верагодна, у той час, калі там была выяўлена цудатворная ікона. Цяпер спіс іконы захоўваецца ў Аршанскім Успенскім жаночым манастыры.

Вельмі цікавая і такая характэрная для Беларусі гісторыя апякункі Палесся — цудатворнай іконы Божай Маці Юровіцкая. З'яўленне яе звязана з дзейнасцю каталіцкіх манахаў. Створаная на пачатку XVІІ стагоддзя на тэрыторыі Заходняй Украіны, ікона спачатку належала польскаму палкаводцу Станіславу Канецпольскаму, потым была падорана манаху-іезуіту Марціну Тырноўскаму, які і прывёз яе ў Юровічы ў 1673 годзе. Аднак, калі айцец Марцін хацеў з'язджаць з Юровічаў, коні яго не паслухаліся і ён пачуў голас Божай Маці, якая сказала, што абраз павінен застацца тут. Для цудатворнай іконы быў пабудаваны храм, потым місія і манастыр, пазней сабор. Абраз стаў адной з галоўных святынь ВКЛ, яго шанавалі як католікі, так і праваслаўныя. У XІX стагоддзі касцёл быў перададзены праваслаўным, яшчэ да гэтага арыгінал абраза быў заменены спісам, але шанаванне яго, згодна з канонам, прадоўжылася. У савецкія часы Юровіцкі манастыр быў закрыты, цудатворны абраз лічыўся страчаным. У 2006 годзе быў знойдзены і адрэстаўрыраваны рэдкі спіс XVІІІ стагоддзя Юровіцкай іконы Божай Маці, якую ў народзе называюць «Міласэрнай». Цяпер аднаўляецца і Юровіцкі манастыр.

Сярод святынь Брэсцкай епархіі ёсць Ражкоўская ікона Божай Маці, з'яўленне якой адбылося 28 верасня 1942 года. У гэты дзень нямецкія акупанты сагналі 58 сем'яў вёскі Ражкоўка ў Камянецкім раёне на маленькую вясковую плошчу. Малых дзяцей забралі ў маці і адвезлі ў суседнюю вёску. Моладзь адабралі для адпраўкі ў Германію. Мужчынам загадалі выкапаць вялікую яму. Да гэтай ямы прыгналі старых і жанчын. Людзі падалі на калені, плакалі і маліліся. У гэты час над месцам пакарання смерцю з'явіўся нямецкі самалёт, які зрабіў круг і прызямліўся. З самалёта выйшаў нямецкі афіцэр, які распарадзіўся адкласці расстрэл на дзве гадзіны, а пасля гэтага прывёз загад аб адмене пакарання. Усе ражкоўцы вярнуліся дадому, у тым ліку дзеці і моладзь. Адна з жанчын у той жа дзень нарадзіла дзяўчынку. Нямецкі маёр пазней прывёз у вёску выразаную з дрэва выяву Божай Маці і расказаў, што, калі ён ляцеў над Ражкоўкай, у небе з'явілася яму Багародзіца і сказала: «Выратуй! Забіваюць невінаватых!» Пазней нямецкі салдат-мастак па расповедах маёра аднавіў абраз. Вяскоўцы ўжо праз месяц склалі і асвяцілі царкву ў гонар свайго цудоўнага выратавання. У 2008 годзе іканапісцы з Санкт-Пецярбурга напісалі новую ікону, якая адпавядае праваслаўным канонам і захоўвае максімальна магчымае падабенства з разным абразом 1942 года. Штогод 28 верасня ражкоўцы пасля богаслужэння ідуць хрэсным ходам да крыжа, які ўсталяваны на месцы расстрэльнай ямы, у памяць аб выратаванні ўсіх жыхароў у гэты дзень у 1942 годзе.

І гэта толькі некалькі з вялікай колькасці святынь нашай зямлі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.