Вы тут

Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з кіраўнікамі вышэйшых судоў замежных дзяржаў


Напачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка засяродзіў увагу гасцей на тым, што іх візіт звязаны са знамянальнай датай для нашай краіны — 100-годдзем Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь. Тое, што гэтая падзея заўважана кіраўніцтвам вышэйшых судоў замежных дзяржаў, не можа не радаваць — у Беларусі высока цэняць дружалюбныя кантакты.


Як адзначыў Прэзідэнт, прадставілася добрая нагода сустрэцца з найлепшымі людзьмі сферы юрыспрудэнцыі. «Ведаю, што ў кіраўніцтва вярхоўных судоў дрэнных не прызначаюць, — падкрэсліў ён. — І дзень ўрачысты, з іншага боку, выпадак прадставіўся — ёсць аб чым пагаварыць».

Перш чым перайсці да абмеркавання некаторых пытанняў у сферы судовай сістэмы, Аляксандр Лукашэнка павітаў усіх прысутных на беларускай гасціннай зямлі. Кіраўнік дзяржавы спадзяецца, што прыезд у Мінск пакіне добры след у жыцці кожнага з іх. 

«Сінхронна і ўзгоднена»

Прэзідэнт нагадаў, што краіны цесна супрацоўнічаюць у розных сферах дзейнасці, у тым ліку ў рамках міжнародных абавязацельстваў па лініі Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Саюзнай дзяржавы, Еўразійскай эканамічнай саюза. «Мы актыўна развіваем сваю прысутнасць на пляцоўках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Само жыццё пацвярджае абгрунтаванасць памкненняў народаў былых савецкіх рэспублік да больш цеснага ўзаемадзеяння. Асабліва гэта актуальна ў наш вельмі няпросты час».

Пры гэтым беларускі лідар звярнуў увагу на тое, што мы адзіныя ў жаданні забяспечыць у сваіх дзяржавах законнасць і парадак, абараніць інтарэсы грамадзян. Па яго перакананні, візіт у Мінск кіраўнікоў вышэйшых судоў замежных дзяржаў паслужыць далейшаму развіццю прафесійнага супрацоўніцтва. «Свята святам, але нашы абавязкі з нас ніхто не здымаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт упэўнены: многія пераўтварэнні ў сферы судовай дзейнасці мы можам праводзіць сінхронна і ўзгоднена. «Наша краіна заўсёды адкрыта для дыялогу, — акцэнтаваў увагу ён. — Павінен вам сказаць, што мы вельмі сур’ёзна назіраем за вамі, за вашымі новаўвядзеннямі ў вашых судах і, робячы пэўныя крокі пры рэфармаванні нашай судовай сістэмы, мы глядзім, каб не забегчы наперад і не сысці ў бок ад вас».

У той жа час кіраўнік дзяржавы запэўніў, што калі прадстаўнікам судовай сістэмы краін Садружнасці неабходна будзе нешта зрабіць на дзяржаўным або міждзяржаўным узроўнях, мы гатовы падтрымаць і рэалізаваць усе канструктыўныя прапановы. «Мы ўжо зрабілі правільны крок ва ўмацаванні ўзаемадзеяння, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Па ініцыятыве нашага Вярхоўнага Суда створаны Савет старшынь вярхоўных судоў дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Гэта дазволіць скаардынаваць нашыя падыходы ў сферы правасуддзя».

«Паслядоўна і абдумана»

Асаблівы інтарэс, па меркаванні Прэзідэнта, уяўляе абмен вопытам у вобласці судовага будаўніцтва. «Пасля распаду некалі адзінай судовай сістэмы новым суверэнным дзяржавам прыйшлося ствараць уласныя нацыянальныя мадэлі судаводства, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Як вы ведаеце, Беларусь пайшла па шляху паслядоўнага ўдасканалення структуры судовай улады. Мы адракліся ад спроб штосьці ламаць, разбураць. Мы разумеем, што стаім на плячах гігантаў. Да нас вельмі многае зроблена судовым будаўніцтвам. Мы гэтым шляхам ішлі, удасканальваліся. Мы рабілі ўсё абдумана, без татальнага пераймання непатрэбнага нам замежнага досведу».

Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што ў Беларусі праведзена некалькі этапаў судова-прававой рэформы. «Судовыя пераўтварэнні знайшлі сваё адлюстраванне пасля пэўных выпрабаванняў, якія мы праводзілі на заканатворчым узроўні, — у нашай Канстытуцыі, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Ведаем, што і ў вас адбываюцца працэсы судовага рэфармавання. Нам цікавыя вашыя дасягненні, і гатовы падзяліцца сваім вопытам. Думаю, што наш старшыня (Старшыня Вярхоўнага Суда, Валянцін Сукала. — „Зв“.) раскажа пра найбольш значныя навацыі ў беларускім правасуддзі».

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што, пастаянна ўдасканальваючы судовую сістэму, удзяляючы вялікую ўвагу будаўніцтву, мы спачатку апрабавалі ўсё на ўзроўні законаў і падзаконных актаў. «А потым, калі пераканаліся ў тым, што гэта кладзецца на нашу грэшную зямлю, мы заслупавалі гэтыя кірункі, гэтыя пытанні ў нашай Канстытуцыі, папраўкі ў якую мы нядаўна прынялі», — рэзюмаваў беларускі лідар. 

«Беларускі вопыт правасуддзя цікавы для замежных партнёраў» 

Старшыня Вярхоўнага Суда Беларусі Валянцін Сукала паведаміў, што створаны ў канцы 2022 года па ініцыятыве беларускага боку Савет старшынь вярхоўных судоў краін СНД ужо пачаў актыўную працу. Рэспубліка Беларусь з’яўляецца ў ім сузаснавальнікам. «Сёння, калі дэвальвуюцца многія нормы міжнароднага права, калі ламаюцца і знішчаюцца міжнародныя прававыя інстытуты, нашы зносіны ў рамках такога Савета з’яўляюцца вельмі і вельмі актуальнымі, — падкрэсліў Валянцін Сукала. — Асноўныя тэмы такога ўзаемадзеяння — гэта стан нашых судовых сістэм, шляхі і напрамкі іх далейшага развіцця». 

Па словах Старшыні Вярхоўнага Суда, беларускі вопыт і наша нацыянальная мадэль правасуддзя маюць свае асаблівасці і могуць быць цікавымі для замежных партнёраў. «У нашай краіне завершаны чарговы, ужо трэці, этап судова-прававой рэформы, у ходзе якога мы рэалізавалі ўсе асноўныя структурныя і функцыянальныя пераўтварэнні ў судовай сістэме, якія мы планавалі, — адзначыў ён. — Канстытуцыйны рэферэндум, які адбыўся, і ўнесеныя змяненні ў Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь ужо на самым высокім заканадаўчым узроўні ўзмацнілі асноўныя прынцыпы пабудавання і функцыянавання судовай сістэмы». 

У нашай краіне захаваная зразумелая і зручная трохзвённая судовая сістэма, якая поўнасцю адпавядае адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму дзяленню нашай краіны на чале з адзіным вышэйшым судовым органам — Вярхоўным Судом, які вызначае судовую палітыку і судовую практыку. «Пры гэтым высокі статус Вярхоўнага Суда ўпершыню замацоўваецца на самым высокім канстытуцыйным узроўні, з адначасовым павышэннем статусу і гарантый для суддзяў Вярхоўнага і Канстытуцыйных Судоў, — звярнуў увагу Валянцін Сукала. — Перадача Вярхоўнаму Суду ўсіх функцый судовага адміністравання і забеспячэння адзінай судовай сістэмы значна палепшыць усе віды матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння судоў, створыць добрыя ўмовы для работы ўсіх суддзяў нашай судовай сістэмы». 

З 2014 года ў Беларусі функцыянуе адзіная сістэма судоў агульнай юрысдыкцыі на чале з адным вышэйшым судовым органам — Вярхоўным Судом. Сістэма судоў агульнай юрысдыкцыі з’яўляецца трохзвённай і складаецца з 157 судоў, у тым ліку Вярхоўнага Суда, абласных і Мінскага гарадскога суда, эканамічных судоў абласцей і Мінска, 142 раённых і гарадскіх судоў.

Вярхоўны Суд разглядае па першай інстанцыі найбольш складаныя катэгорыі спраў, аднесеных законам да яго падсуднасці. Акрамя таго, вывучае і абагульняе судовую практыку, аналізуе судовую статыстыку, распрацоўвае прапановы аб удасканаленні заканадаўства, ажыццяўляе арганізацыйнае, матэрыяльна-тэхнічнае і кадравае забеспячэнне дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі. 

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?