Вы тут

Па 800 саджанцаў у дзень высаджвае кожны ўдзельнік экалагічнага дэсанта


У складзе першых атрадаў каля 200 старшакласнікаў з розных раёнаў вобласці, перад якімі стаіць задача па аднаўленні лясоў і азеляненні гарадскіх тэрыторый. Пачаўся гэты рух у канцы сакавіка з падрыхтоўкі тэрыторый, навядзення парадку. Цяпер вядзецца работа па высадцы раслін. Толькі ўявіце — за дзень удзельнік атрада высаджвае да 800 хвойных саджанцаў, а 140 чалавек — да васьмі гектараў.


Лясы адновяць у тэрмін

Экалагічныя атрады створаны ў Смаргонскім, Свіслацкім, Шчучынскім і Гродзенскім раёнах. Напрыклад, у Свіслачы на пасадцы лесу працуе 20 школьнікаў СШ № 2, якія аб’яднаны ў атрад «Іскра». Працоўны праект разлічаны на два тыдні і завершыцца 18 красавіка. Як расказала першы сакратар раённага камітэта БРСМ Кацярына Даніловіч, старшакласнікі едуць на работу пасля школьных заняткаў і вельмі адказна ставяцца да сваіх абавязкаў. Тут ёсць і добры матэрыяльны стымул: за 12 дзён можна зарабіць да 200 рублёў.

Сёлета ў Свіслацкім раёне мяркуюць ахапіць студатрадаўскім рухам звыш 170 чалавек, пераважна па сельскагаспадарчым профілі. Прыняць іх у сябе гатова каля дзесяці арганізацый. Зыходзячы са спецыфікі раёна і адсутнасці каледжаў, у склад 15-ці атрадаў увойдуць вучні сярэдніх школ, а таксама навучэнцы і студэнты, якія прыедуць на канікулы дамоў.

— Прадпрыемствы ахвотна бяруць дзяцей: яны адказныя, дысцыплінаваныя, разумеюць, што іх праца — гэта іх даход. Многія не адзін год удзельнічаюць у рабоце студатрадаў. Напрыклад, пасля экалагічнага стартуе сэрвісны атрад па азеляненні гарадской тэрыторыі дэкаратыўнымі раслінамі, — заўважае Кацярына Даніловіч.

Студатрады Смаргонскага і Ашмянскага раёнаў задзейнічаны на базе Смаргонскага вопытнага лясгаса. Тут працуе самы вялікі ў вобласці экалагічны дэсант у складзе 140 чалавек. Работу школьнікі распачалі ў пачатку красавіка.

— Работа разнапланавая, — расказвае галоўны ляснічы Андрэй Шыкавец. — Спачатку атрады займаліся навядзеннем парадку ў лесе, збіралі смецце, паламаныя галіны. Цяпер самая актуальная работа — падрыхтоўка і пасадка дрэў. У сувязі з гэтым прыцягваем школьнікаў да работы на нашым пастаянным лясным гадавальніку. Працэс даволі працаёмкі і вельмі адказны, бо ад таго, наколькі якасна выкапаны саджанец, залежыць яго далейшы рост.

Па словах спецыяліста, школьныя атрады працуюць не горш за работнікаў лясгаса, выконваюць той аб’ем заданняў, які ім даводзіцца. У сярэднім за дзень адзін падлетак высаджвае звыш 800 раслін, а ўвесь экалагічны дэсант запаўняе саджанцамі ўчастак памерам у восем гектараў.

— Гэта даволі значны аб’ем, асабліва падчас сезона, калі лес важна пасадзіць своечасова, — тады ён будзе якасны, — падкрэсліў Андрэй Шыкавец. — Работа вядзецца ў тым ліку і на ўчастках, якія былі пашкоджаны леташнім бураломам, і там, дзе адбылося ўсыханне дрэў. У асноўным робім стаўку на нашы рэліктавыя культуры — сасну і елку. Ніводны ўчастак не застаецца без увагі, усе аднаўляюцца, кожны год плошча лясоў прырастае. І тут атрады школьнікаў прыходзяць на дапамогу.

Па словах першага сакратара Смаргонскага раённага камітэта БРСМ Кацярыны Сарокі, штогод да студатрадаўскага руху далучаецца ўсё больш добраахвотнікаў. У іх ліку вучні дзвюх гарадскіх і адной сельскай школы. Сёлета плануецца ахапіць працоўнай дзейнасцю 440 чалавек па розных профілях — сэрвісным, медыцынскім, будаўнічым, сельскагаспадарчым. Каля 20 арганізацый заявіла аб жаданні прыняць на летні перыяд маладзёжныя атрады.

Папулярнасць студатрадаў расце

У абласным камітэце Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі расказалі аб значнай падрыхтоўчай рабоце напярэдадні пачатку працоўнага маладзёжнага руху. Зацікаўленых маладых людзей пазнаёмілі з асноўнымі відамі работ. З пачатку года вызначана каля 260 аб’ектаў, на якіх зможа працаваць 7,5 тысячы маладых людзей. Найбольшую колькасць месцаў прапануюць прадпрыемствы сельскагаспадарчага профілю. Вядзецца работа па заключэнні працоўных кантрактаў.

У вобласці будзе створаны абласны атрад для работы на аб’екце маладзёжнай будоўлі. У ліку прапаноў — школа і дзіцячы садок у новым мікрараёне Гродна. Летась статус абласной маладзёжнай будоўлі быў прысвоены будаўніцтву анкадыспансера, дзе быў задзейнічаны студатрад з 24 чалавек.

Значная ўвага студатрадаўскаму руху аддаецца мясцовымі ўладамі. Арганізацыя яго дзейнасці была разгледжана нядаўна на пасяджэнні абласнога штаба. Як адзначыў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, сёлета плануецца павялічыць колькасць удзельнікаў студатрадаўскага руху да 8 тысяч чалавек, што на паўтысячы больш, чым летась. Увага будзе скіравана, у тым ліку, на непаўналетніх, якія стаяць на тым або іншым прафілактычным уліку.

— Трэба даць маладым людзям магчымасць заняцца справай і зарабляць грошы сумленнай працай. Таму ўлада і папулярызуе студатрадаўскі рух. У сувязі з гэтым у вобласці рэалізоўваецца ўвесь неабходны комплекс мерапрыемстваў. Яшчэ з восені перад раёнамі стаяла задача па замацаванні і выдзяленні працоўных месцаў прамысловымі і сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, — паведаміў Віктар Пранюк.

Прынятыя меры даюць свой плён. На пачатак красавіка больш як 3,5 тысячы чалавек заявіла аб сваім жаданні ўзяць удзел у рабоце студэнцкіх атрадаў. Амаль палова з іх традыцыйна прыпадае на сферу сельскай гаспадаркі, 30 працэнтаў складзе сэрвісны напрамак. Таксама будуць працаваць педагагічныя, экалагічныя, будаўнічыя, медыцынскія атрады.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота дадзена Свіслацкім раённым камітэтам БРСМ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».