Вы тут

Чыстка гальштукаў і рамонт аўто


Стандарты бытавых паслуг, якія дзейнічаюць у нашай краіне, прадугледжваюць, што і ў абласным цэнтры, і ў сталіцы, і ў самай аддаленай і маланаселенай вёсцы чалавек мае права атрымліваць асноўныя паслугі быту. Пра тое, наколькі дадзеная ідэя ажыццёўлена, распавялі прадстаўнікі МАРГ і кіраўніцтва сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва.


Па новых стандартах

Стандарты бытавога абслугоўвання насельніцтва ў апошнія гады пастаянна ўдасканальваюцца. Так, у сакавіку была прынятая пастанова ўрада, якой прадугледжаны змяненні ў адным з галоўных нарматыўных актаў, што рэгулюе дзейнасць бытавога абслугоўвання. Змяненні адкарэкціравалі нормы для адпаведнасці дзеючым нарматыўна-прававым актам. У прыватнасці, пастановай была актуалізавана інфармацыя, якая павінна даводзіцца да спажыўцоў, распавёў начальнік упраўлення сацыяльнай сферы і паслуг Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Алег Васіленка.

— У Беларусі існуе дзяржпраграма па бытавым абслугоўванні «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе», якая заклікана падтрымаць суб'екты, што аказваюць бытавыя паслугі, — адзначыў прадстаўнік МАРГ. — Яна разлічана на 2021—2025 гады і прадугледжвае дадатковае фінансаванне падпраграм «Набыццё транспартных сродкаў, запасных частак да іх, іх рамонт у мэтах развіцця выязнога абслугоўвання сельскай мясцовасці», а таксама «Набыццё абсталявання, запасных частак і рамонт такога абсталявання ў мэтах тэхнічнага перааснашчэння суб'ектаў, якія аказваюць бытавыя паслугі ў сельскай мясцовасці».

Распрацаваны таксама прафесійныя стандарты ў сферы бытавога абслугоўвання, накіраваныя на павышэнне якасці паслуг, для прафесій «лазеншчык» і «касметык». Яны вызначаюць адукацыю асоб, якія жадаюць займацца такой дзейнасцю, іх кваліфікацыю, веды і навыкі.

Мабільныя «дамы быту»

Зразумела, што ў буйных гарадах з паслугамі быту праблем у насельніцтва не ўзнікае. А як ідуць справы ў глыбінцы? У нашай краіне 11 відаў бытавых паслуг павінны аказвацца ў сельскіх населеных пунктах. Гэта, у прыватнасці, рамонт швейных вырабаў, абутку, мэблі, бытавых машын і прыбораў, тэхнічнае абслугоўванне бытавой радыёэлектроннай апаратуры. Абавязковыя таксама паслугі пракату, цырульні і фотапаслугі, прыём заказаў у пральню, хімчыстку, выраб рытуальных рэчаў.

— Бытавыя паслугі на вёсцы аказвае каля 13 % ад агульнай колькасці суб'ектаў, зарэгістраваных у рэестры бытавых паслуг на тэрыторыі Беларусі, — расказаў Алег Васіленка. — Шырокі спектр паслуг аказваецца камбінатамі бытавога абслугоўвання і шматпрофільнымі арганізацыямі, — адзначыў спецыяліст. — Усяго ў сельскіх населеных пунктах працуе 102 такія арганізацыі. Таксама прадстаўлены прыватны сектар, які аказвае шырокі спектр паслуг.

Вельмі часта ў сельскай мясцовасці бытавыя паслугі аказваюцца пры дапамозе выязнога абслугоўвання, сказаў начальнік упраўлення сацыяльнай сферы і паслуг МАРГ.

— Летась назіралася тэндэнцыя росту колькасці суб'ектаў гаспадарання без стацыянарнага аб'екта, то-бок павелічэнне выязнога абслугоўвання, — распавёў Алег Васіленка. — На 1 студзеня бягучага года выязным абслугоўваннем на вёсцы займалася каля 1050 суб'ектаў.

Перасоўныя «дамы быту» — аўтобусы, дзе ёсць «мабільная цырульня». Тут можна здаць у рамонт абутак і адзенне, бытавую тэхніку, аднесці ў чыстку дываны, коўдры і падушкі. Аўтобусы курсіруюць па вёсках згодна з раскладам, іх рух таксама вызначаецца колькасцю папярэдніх заявак. А цэны на рамонт любой складанасці ў перасоўных «дамах быту» даступныя: «расходнікі» майстры закупляюць оптам, і гэта зніжае кошт паслуг для спажыўца. Аўтобусы бытавога абслугоўвання заязджаюць у самыя маланаселеныя і аддаленыя вёскі.

І хоць цяпер назіраецца тэндэнцыя да зніжэння на вёсцы колькасці ІП і фізічных асоб, занятых у дадзенай сферы ў параўнанні з мінулым годам, у цэлым бытавымі паслугамі ахоплена 100 % сельскага насельніцтва, рэзюмавалі спецыялісты. У апошнія гады галіна дынамічна развівалася, у яе пастаянна прыходзілі людзі. Так, напрыклад, у 2022 годзе падлічылі, што ў Брэсцкай вобласці колькасць занятых аказаннем бытавых паслуг на вёсцы за пяць гадоў узрасла ўдвая.

Чаго хоча спажывец?

Якія ж бытавыя паслугі ў найбольшай ступені карыстаюцца попытам у беларусаў? У сельскай мясцовасці запатрабаваныя цырульні, арэнда і пракат, вытворчасць і рамонт адзення, паслугі па мыцці, а таксама па рамонце абутку і вырабаў са скуры, адзначаюць у МАРГ. У гарадах найбольш патрэбныя людзям рамонт транспартных сродкаў і паслугі касметалогіі.

Дарэчы, менавіта сфера бытавых паслуг — адна з тых галін, дзе пастаянна ствараюцца новыя працоўныя месцы і куды штогод прыходзяць людзі, якія жадаюць працаваць і зарабляць. Так, у сталіцы толькі за мінулы год тут створана тысяча працоўных месцаў і з'явілася каля 320 новых аб'ектаў. Усяго ж у Мінску бытавым абслугоўваннем занята каля 39 тысяч чалавек.

— Інфраструктура бытавых паслуг прадстаўлена разгалінаванай сеткай арганізацый малога бізнесу. На пачатак года ў сталіцы бытавыя паслугі аказвалі 9929 суб'ектаў гаспадарання. Стацыянарная сетка налічвае 8138 аб'ектаў, а таксама 3551 суб'ект гаспадарання аказвае паслугі з выездам да заказчыка на месца, — паведаміла начальнік аддзела развіцця гандлю і паслуг аб'яднання «Сталічны гандаль і паслугі» Анастасія Макарская.

У мінчан, як і ў жыхароў абласных цэнтраў і іншых буйных гарадоў Беларусі, самымі запатрабаванымі па выніках мінулага года сталі рамонт і тэхабслугоўванне аўтатранспарту і салоны прыгажосці (цырульнікі, каларысты, касметолагі і г. д.).

— Гэта амаль 60 % ад усяго аб'ёму аказаных паслуг у Мінску, — падкрэсліла Анастасія Макарская. — Летась аб'ём бытавых паслуг па Мінску аказаны на суму 711,2 мільёна рублёў, а тэмп росту да ўзроўню мінулага года склаў 119,6 %.

З улікам запатрабаванасці

Арыентуючыся на спажывецкі попыт, пашыраецца і прапанова. І хоць сталіца чакана лідзіруе па разнастайнасці адпаведных паслуг, абласныя цэнтры імкнуцца не адставаць. Так, напрыклад, Брэст стаў другім пасля Мінска па колькасці суб'ектаў, занятых у сферы аказання бытавых паслуг. А на Віцебшчыне сярод іншага насельніцтву сёлета прапануюцца нават чыстка гальштукаў і біязавіўка валасоў для мужчын. Ну а сталічныя прадпрыемствы па выніках мінулага года працягнулі развіццё і мадэрнізацыю. Напрыклад, лазневая гаспадарка «Гарадскія лазні «адкрыла два СПА-комплексы — у «Лазні № 8» па вуліцы Веры Харужай і ў ЛАК «Сухарава» па вуліцы Сухараўскай. Прафесіяналы бытавога абслугоўвання актыўна адкрываюць для сябе новыя мікрараёны, прычым прыходзяць туды ў ліку першых, часам апярэджваючы гандаль і іншыя сферы: вось і міні-комплекс бытавых паслуг ужо адкрыўся ў новым сталічным мікрараёне па вуліцы Рудабельскай.

— Нашы прадпрыемствы працягваюць падтрымліваць ветэранаў, фізічна аслабленых асоб, пенсіянераў і шматдзетныя сем'і, — падкрэсліла Анастасія Макарская. — Гэтым катэгорыям спажыўцоў даюцца зніжкі на асноўны пералік бытавых паслуг. Летась такой прапановай у сталіцы скарысталіся 204 тысячы чалавек.

Паколькі ў сферу бытавых паслуг пастаянна прыходзяць індывідуальныя прадпрымальнікі і фізічныя асобы (самазанятыя), начальнік упраўлення сацыяльнай сферы і паслуг МАРГ падкрэсліў, што ажыццяўленне дзейнасці па аказанні бытавых паслуг заўсёды павінна пачынацца з уключэння ў адпаведны рэестр. Адносна ж уключэння ў рэестр летась таксама памяняліся нарматыўныя акты, адзначыў Алег Васіленка. Дарэчы, рэестр бытавых паслуг карысны не толькі работнікам згаданай сферы, але і спажыўцам. У ім утрымліваюцца адрасы аб'ектаў, дзе можна атрымаць неабходную паслугу, а таксама інфармацыя аб юрыдычнай асобе або індывідуальным прадпрымальніку, які ажыццяўляе той ці іншы від бытавых паслуг. Гэтую інфармацыю можна атрымаць анлайн праз партал электронных паслуг gov.by. Размешчана яна і на сайце МАРГ.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».