Вы тут

Вораг майго ворага — мой сябар. Прынцыпы экалагічнага земляробства


Арганічнае земляробства бярэ пачатак у глыбіні стагоддзяў. Па сутнасці, да з'яўлення хімічных угнаенняў і пачатку іх масавай вытворчасці, земляробства было экалагічна чыстым.


Рыхліць — значыць... эканоміць

Адно толькі рыхленне глебы дазволіць скараціць паліў у тры разы. У чым жа тут сакрэт? Аказваецца, з рыхлай глебы вада выпарваецца значна больш павольна. А ў цяжкай, ды яшчэ пакрытай шчыльнай скарынкай зямлі ўтворацца так званыя капіляры, па якіх вада лёгка паднімаецца ўгару і знікае практычна ўмомант. Пры рыхленні такія каналы разбураюцца, і вільгаць даўжэй застаецца ў глебе. Да таго ж рыхлая глеба лепш прапускае ваду пасля дажджоў і паліву.

Вораг майго ворага — мой сябар

Калі на раслінах з'явілася тля, не варта хапацца адразу ж за сродкі для апырсквання, а лепш пачакаць пару тыдняў: за гэты час сад цалкам могуць наведаць насякомыя-памагатыя, якія знішчаць шкоднікаў. Напрыклад, божая кароўка і яе лічынкі штодня з'ядаюць каля 150 тлей. Залатавочка — таксама жаданы госць у садзе: адна лічынка гэтага насякомага на працягу трох тыдняў здольная вынішчыць да 500 тлей! Каб прыцягнуць натуральных ворагаў насякомых-шкоднікаў, вырошчвайце на ўчастку як мага больш дзікіх раслін і не забудзьцеся пра «гасцініцы» для насякомых і хаткі для птушак. А вось на выкарыстанне хімікатаў у эказемляробстве накладзена жорсткае табу.

Мульча супраць пустазелля

Пад пластом мульчы, гэта значыць укрыцця з саломы, лісця, драўнянага пілавіння, няспелага кампосту або тонкага пласта скошанай і падсушанай газоннай травы, глеба застаецца цёплай, вільготнай і рыхлай. Урадлівасць павялічваецца, а рост пустазелля, наадварот, прыгнятаецца. Падобнага эфекту можна дасягнуць і з дапамогай нятканага матэрыялу — спанбонду, або агравалакна. Ім засцілаюць градку і толькі пасля таго высаджваюць культурныя расліны. Для гэтага ў патрэбных месцах робяць крыжападобныя надрэзы. Праўда, пад нятканым матэрыялам павышэння ўрадлівасці глебы чакаць не даводзіцца, затое ў пустазелля практычна не застанецца шанцаў вырвацца на волю.

Іх ігнаруюць смаўжы

Замест таго каб весці пастаянную вайну з гэтымі слізкімі стварэннямі, абзавядзіцеся раслінамі, якія не абуджаюць у шкоднікаў апетыт. Да такіх адносяцца, напрыклад, манжэтка, бадан, ворлік, аканіт, півоня, астыльба, лаванда, герань і дэкаратыўная трава. А вось хосты, вяргіні, аксаміткі, рагулькі і цынія прыцягваюць смаўжоў як магнітам. Такія «далікатэсы» пажадана вырошчваць у гаршках на тэрасе або высаджваць у адкрыты грунт толькі тады, калі яны ўжо дастаткова вялікія і моцныя.

Тонікі для садовай «эліты»

Бражкі і настоі на аснове некаторых відаў пустазелля адпужваюць насякомых-шкоднікаў і спрыяюць росту культурных раслін. Бражка на крапіве дзейнічае як угнаенне, хвошч палявы выкарыстоўваюць для барацьбы з паршой і іржой, піжма дапамагае супраць тлі. Для падрыхтоўкі чарадзейных зёлак 1 кг свежай травы заліваюць 10 л вады і ставяць на сонца. Праз 14 дзён настой будзе гатовы. Для падкорму раслін разводзяць 1 л настою ў 10 л вады для палівання. Для барацьбы са шкоднікамі апырскваюць расліны растворам настою, разведзеным у вадзе ў суадносінах 1:20.

Кампост — «паліва» для раслін

Шматлікія мікраарганізмы ператвараюць здробненыя садовыя і кухонныя адходы ў багаты на пажыўныя рэчывы перагной, у ім жа размнажаюцца і многія карысныя насякомыя. Для кампаставання адходаў спецыялісты рэкамендуюць падрыхтаваць адразу дзве ёмістасці: адну — для свежай і паўперапрэлай сыравіны, другую — для спелага «прадукту». Абедзве ёмістасці павінны непасрэдна кантактаваць з глебай. Найлепшы час для ўнясення «чорнага золата» — вясна. Кампост паляпшае структуру глебы і адначасова ўгнойвае яе. Яго ўносяць у верхні пласт глебы або змешваюць з садовай зямлёй і дадаюць у ямы пры пасадцы дрэў, кустоў і травяністых мнагалетнікаў. Важна: у кампоставую кучу нельга класці апрацаваныя хімікатамі расліны, бо хімічныя рэчывы лёгка пераходзяць у кампост.

Маўрытанскі газон замест звычайнага

Калі ў вас ёсць вольны ўчастак з беднай на пажыўныя рэчывы глебай, пасейце ў пачатку мая маўрытанскі газон — сумесь розных лугавых траў. У дадзеным выпадку ўлетку будзе і чым палюбавацца, і чым прыцягнуць насякомых-апыляльнікаў на ўчастак. Гэтыя маленькія памагатыя як паветра патрэбныя на агародзе — для якаснага апылення агародных раслін. Нават 2 м такога газона дастаткова, каб прыцягнуць мноства карысных гасцей на градкі. А там і шчодры ўраджай не прымусіць сябе чакаць!

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.