Вы тут

Ілья Мілашэўскі: Баскетбол ніколі мяне не перастане любіць, як і я яго


Спецыялісты сцвярджаюць, што гэты від спорту як найлепш падыходзіць моладзі. Перспектыўны, дынамічны, хуткі баскетбол 3×3 нібыта адлюстроўвае актыўны характар і амбіцыйныя памкненні маладых людзей. Гэта адносна малады від спорту, які ўзнік у 1950-я гады ў бедных гарадскіх кварталах ЗША. За гэты час ён «дарос» да Алімпійскіх гульняў, атрымаўшы прызнанне ў многіх краінах свету. Беларусь адразу зацікавілася новым відам.


Першыя маладзёжныя спаборніцтвы па баскетболе 3×3, першы чэмпіянат Еўропы да 18 гадоў прайшлі у 2015 годзе ў Мінску на Palova-арэне. Турнір па баскетболе 3×3 стаў адным з самых відовішчных у праграме ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года. Дарэчы, тады жаночая і мужчынская зборныя Беларусі сталі бронзавымі прызёрамі спартыўнага форуму. Не адстае ад іх і моладзь: беларуская жаночая зборная U-17 — бронзавы прызёр Кубка Еўропы, мужчынская зборная U-18 — бронзавы прызёр Кубка свету, у абедзвюх каманд — сярэбраныя медалі першых Гульняў краін СНД. У 2023 годзе беларускія каманды будуць змагацца за медалі ІІ Гульняў краін СНД. Спаборніцтвы па баскетболе 3×3 12–13 жніўня прыме легендарная Palova-арэна ў Мінску.

Да важнага старту разам са сваімі таварышамі рыхтуецца Ілья Мілашэўскі, член нацыянальнай зборнай па баскетболе 3×3, прафесійнай каманды 3×3, гулец рэзервнай каманды клуба «Мінск». Сваёй гульнёй і тэхнічнай падрыхтоўкай ён паспеў выклікаць захапленне аматараў і вялікія чаканні ад спецыялістаў. У камандзе з Кірылам Васкаўцовым, Янам Марыніным, Алексеем Навойчыкам Ілья заняў пятае месца сярод 64 каманд у Студэнцкай лізе АСБ 3×3. Актыўна выступаў у Лізе Дружбы 3×3 Беларусь — Расія, дзе наша каманда скончыла выступленне на першым радку ў рэйтынгавай табліцы. Цяпер усе намаганні баскетбаліста сканцэнтраваны на выступленні ў Адзінай Кантынентальнай Лізе 3×3. А яшчэ Ілья Мілашэўскі — унікальны гулец, які спалучае баскетбол з баскетболам 3×3. Як такое магчыма, ён расказаў «Чырвонцы. Чырвонай змене».

— Ілья, як так склалася, што справай твайго жыцця стаў менавіта баскетбол?

— Усё банальна: старэйшы брат займаўся ім і прапанаваў мне паспрабаваць. Я быў не супраць, малодшыя заўсёды цягнуцца за старэйшымі. Я не вылучаўся асаблівымі фізічнымі данымі, быў большы і шырэйшы за ўсіх хлопчыкаў. Але пасля першай трэніроўкі Аляксандр Іванавіч Вярэніч мне сказаў: «Ты вельмі здольны хлопец». Не ведаю, як, але ён разглядзеў ува мне патэнцыял і параіў не кідаць баскетбол. Я і не збіраўся гэтага рабіць, мне падабаліся трэніроўкі, яшчэ больш падабаліся турніры. Некаторыя скептыкі казалі, што з мяне нічога не выйдзе. А з мяне выйшаў гулец нацыянальнай зборнай.

— Ты выхаванец школы баскетбольнага клуба «Мінск», зараз выступаеш у рэзервовай камандзе. Як гэта — пачынаць кар’еру ў вядучым клубе краіны?

— Я з самага пачатку свайго баскетбольнага шляху бачу ўзровень, да якога павінен імкнуцца. Наш клуб — гэта дакладна выбудаваная структура. Не кожны клуб можа ганарыцца сваёй дзіцячай школай, рэзервовай камандай, у якой маладыя баскетбалісты набіраюцца практыкі. Мы паступова, крок за крокам, з дапамогай спецыялістаў расцём і развіваемся. І мне падабаецца ісці такім шляхам. Вельмі важна, што мы з дзяцінства знаёмыя з гульцамі, у якіх многаму можна навучыцца. На маёй пазіцыі, напрыклад, гэта Саша Кудраўцаў. Гэта чалавек, які паказвае неблагі ўзровень. Ён шмат працаваў над сабой, над сваім здароўем, каб заставацца ў такой форме. Я з дзяцінства ведаю Аляксея Лашкевіча, які зараз трэніруе маладзёжку, мне падабаўся яго баскетбол. І, канешне, капітан каманды «Мінск» Аляксей Трасцянецкі, гулец якому можна пазайздросціць, таму што паказваць такі ўзровень у яго гады — дарагога варта.

— Чым цябе прыцягнуў баскетбол 3×3?

— Было цікава паспрабаваць нешта новае. Баскетбол ніколі мяне не перастане любіць, як і я яго, таму хацелася спазнаць гэты від спорту поўнасцю. Прафесіянал павінен з розных бакоў ведаць сваю справу. На мяне звярнуў увагу трэнер нацыянальнай каманды Дзмітрый Іванавіч Калтуноў, які выхаваў многіх нашых гульцоў, уся наша каманда прайшла праз яго рукі. І так усё закруцілася. Цяпер мая кар’ера ў баскетболе 3×3, як і ў класічным баскетболе, развіваецца паралельна.

— З пункту погляду гульца, у чым іх асноўнае адрозненне?

— У першую чаргу, у разуменні гульні. Гэта самы важны фактар для баскетбаліста. Баскетбол 3×3 больш дынамічны, больш хуткі від спорту. І вельмі важна ўмець своечасова ўзяць паўзу. Гэта складана, паколькі ў баскетболе 3×3 менш часу, прыходзіцца больш бегаць, галава адключаецца вельмі хутка. І ў такіх умовах яшчэ трэба прымаць рашэнне, пажадана правільнае. У класічным баскетболе больш перапынкаў, ёсць час падумаць і прыняць рашэнне. У 3×3 такога няма.

— Згодна з правіламі баскетбола 3×3, трэнер не ўдзельнічае ў матчы, не можа даваць ніякіх парад падчас гульні. Як табе выступаць у такіх умовах?

— У гэтым сезоне Кантынентальная Ліга прапанавала ўвеці «правіла коўчынгу», якое дазваляе трэнеру ўдзельнічаць у матчы. Трэнер можа падбадзёрыць сваіх гульцоў, накіраваць іх. Гэта карысна для гульні і для саміх баскетбалістаў. У турнірах, дзе такога правіла няма, мы самастойна б’ёмся на «паляне». У такіх выпадках трэнера нам замяняе Сяргей Вабішэвіч, мы нават жартуем, што ён наш гуляючы трэнер. Сяргей — вопытны баскетбаліст, у 3×3 гуляе з 2008 года, калі той яшчэ стрытболам называўся. Ён разважлівы, спакойны, стрыманы, можа супакоіць гульню. І мы павінны вучыцца ў яго, пераймаць гэты досвед і таксама ў будучыні паказваць добры баскетбол. Калі пачынаеш патухаць і закіпае галава — гэта не ёсць добра ў любым відзе спорту. У матчах, у якіх Сяргей не ўдзельнічае, правой рукой трэнера станаўлюся я. Любой камандзе патрэбен лідар, а лідар — гэта не той, хто больш кідае і забівае, а той, хто вядзе каманду за сабой, выбудоўвае сістэму гульні і накіроўвае таварышаў на правільны шлях. Я вучуся ў Сярогі прымяняць некаторыя фішкі, якія дапамагаюць мне накіроўваць людзей. Пакуль атрымліваецца.

— Важны элемент спаборніцтваў па баскетболе 3×3 — шоу для аматараў: дыджэй, вядучы, музыка. Гульцам гэта не перашкаджае?

— На класічных баскетбольных гульнях людзі глядзяць, як 12 потных хлопцаў носяцца па пляцоўцы. А баскетбол 3×3 — гэта шоу для гледачоў, таму, канешне, ім павінна быць максімальна цікава падчас матчаў. Асабліва тым, хто не ведае, што такое баскетбол. Гучыць класная музыка, свецяць пражэктары, актыўная група падтрымкі, на пляцоўцы адзін забівае зверху, другі вісне на кольцы, трэцяму нос разбіваюць — людзі бачаць цікавае відовішча. Канешне, многім захочацца яшчэ раз гэта ўбачыць. Я стараюся не думаць аб тым, што адбываецца па-за пляцоўкай — я канцэнтруюся на гульні.

— У 2021 годзе наша мужчынская зборная U-18 упершыню стала бронзавым прызёрам Кубка свету па баскетболе 3×3. Чаму цябе навучыў той турнір?

— Да гэтага часу памятаю кожную гульню, кожны момант, такое не забываецца. Памятаю, што зроблена не так, памятаю тыя эмоцыі, якія нас ахапілі пасля гульні за трэцяе месца. Памятаю ўсё дэталёва. Хацелася б тады ў паўфінале ў амерыканцаў выйграць, і мы маглі гэта зрабіць, але нас падвяла чарада памылак, дробязі і недапрацоўкі. Але пасля паражэння ад амерыканцаў мы зрабілі высновы. У матчы за «бронзу» мы сустрэліся з камандай Егіпта, ад якіх у кваліфікацыі пацярпелі адзінае паражэнне з вынікам 17:20. У вырашальнай гульні мы сабраліся і перамаглі іх з вынікам 21:9. Таму што ў тым матчы яны гулялі ў той баскетбол, які мы хацелі. Застацца на вяршыні складаней, чым заскочыць на яе. Пасля Кубка свету ў нас быў Кубак Еўропы. І мы спачатку адно ачко прайгралі славенцам, якія сталі чэмпіёнамі, затым украінцам, якія занялі другое месца. Затым на чэмпіянаеце свету адно ачко прайгралі ўкраінцам. Тады ўжо мы спусціліся з нябёсаў на зямлю, зразумелі, што на нас настройваюцца як на моцнага саперніка і паводзіць сябе трэба адпаведна.

— Зразумела, усе твае намаганні накіраваны на баскетбол. А ці ёсць у студэнта БДПУ імя Максіма Танка час на студэнцкае жыццё?

— На жаль, амаль няма. Увесь мой час займаюць трэніроўкі, зборы, спаборніцтвы. На вучобу часу таксама застаецца мала. У мяне цікавая спецыяльнасць «Менеджмент у турызме», якая ў будучыні адкрые шмат кірункаў і магчымасцяў, калі раптам не складзецца з баскетболам. Таму я стараюся быць добрым студэнтам, але, шчыра кажучы, не заўсёды атрымліваецца. Стараюся не прапускаць самыя любімыя дысцыпліны. З дзяцінства душа ляжыць да англійскай мовы, гляджу фільмы, чытаю кнігі. Не магу сказаць, што свабодна, але добра валодаю англійскай мовай. Мне цікавыя анатомія і біямеханіка, бо хочацца разумець, як працуе мой арганізм і што я магу ўдасканаліць не толькі каб быць больш актыўным на пляцоўцы, але і больш здаровым.

— Ілья, у гэтым сезоне ты ўвайшоў у дзясятку найлепшых баскетбалістаў Студэнцкай лігі Расійскіх чыгунак. Якія ў цябе ўражанні ад яе?

— Пакуль мы не выступалі ў Студэнцкай лізе, я за ёй не сачыў. А калі сталі яе ўдзельнікам, зразумеў, які гэта маштабны турнір. Студэнцкая ліга — не толькі гульні — гэта медыйнасць, высокі ўзровень арганізацыі, высокі ўзровень каманд, нягледзячы на тое, што гуляюць студэнты. Ёсць каманды, якім яшчэ трэба патрэніравацца, ёсць каманды, з якімі было цяжка гуляць.

— Якія гульнявыя фішкі можна пазычыць у такіх каманд?

— Першае, што кідаецца ў вочы: гульцы каманд, якія знаходзяцца наверсе табліцы, адключаюць галаву і гуляюць у сваё задавальненне. Відаць, што яны не першы год гуляюць адзін з адным і разумеюць партнёра з паўслова, з паўпозірку, чаго хацелася б і нам пажадаць. У некаторых момантах мы адключаем галаву, але мы не атрымліваем асалоду ад гульні — мы больш думаем, чым робім. Калі атрымліваеш асалоду ад таго, што робіш, усё атрымліваецца само сабой. Калі не атрымліваеш задавальнення ад любімай справы — значыць, гэта не любімая справа. У гэтым сезоне мы перамаглі каманду МДАФК. У мінулым сезоне прайгралі ім 30 ачкоў, а ў гэтым абыгралі сяміразовых чэмпіёнаў Лігі ў іх дома. Тады мы самі не зразумелі, як гэта зрабілі. У тым матчы мы былі вельмі згуртаваныя, кожны гуляў за сябе і «за таго хлопца», і мы атрымлівалі задавальненне ад баскетбола. Вось адсюль і вынік. Класным быў дамашні матч супраць каманды УрФУ. Увесь матч гулялі ачко ў ачко, як казалі каментатары, лідар мяняўся разоў 20. Але мацнейшымі аказаліся мы. У такія моманты адчуваеш сябе на сёмым небе ад шчасця з матылькамі ў жываце.

— «Бенефісам абаронцы стала гульня на дмашнім туры з УрФУ, дзе Ілья ўласнаручна „зацягнуў“ канцоўку, забіўшы чатыры трохачковыя ў вырашальны момант», — з такой характарыстыкай цябе ўключылі ў топ-10 гульцоў Студэнцкай лігі Расійскіх чыгунак. Ці часта ўдаецца «зацягнуць» канцоўкі і забіваць у вырашальны момант?

— Такое здараецца нячаста, і гэта, як правіла, залежыць ад выпадку і ад трэнерскай устаноўкі. Я не баюся ўзяць на сябе вырашальны кідок або зацягнуць атаку. Як мне здаецца, гэтая лідарская барцоўская якасць надае ўпэўненасці не толькі маім партнёрам па камандзе, але і трэнеру. У тым матчы з УрФУ так атрымалася, што нехта ўзяў на сябе першую чвэрць гульні, нехта — другую. А я ўзяў на сябе апошнюю чвэрць гульні, канцоўку і не пралічыўся. Магчыма, дапамагло тое, што я не баюся нікога на пляцоўцы, таму што самы галоўны вораг — гэта я сам. Усё ў тваёй галаве. Калі выходзіць з думкамі, «я ўсіх парву», то ўсіх парвеш. А калі выходзіць з думкамі што сапернік мацнейшы за цябе, то ён гэта дакажа. Самая важная задача, якую я сабе стаўлю, — гэта каб сапернік гуляў так, як я хачу, а не так, як хоча ён.

— У гэтым сезоне ты ўдзельнічаў у Лізе дружбы 3×3. Якія ўражанні пакінуў гэты турнір?

— Я ўдзельнічаў у чатырох з шасці тураў, у двух стаў чэмпіёнам. У сённяшнай сітуацыі, калі мы, на жаль, адхіленыя ад міжнародных стартаў, такія турніры нам неабходныя, каб атрымліваць гульнявую практыку, падтрымліваць форму і набірацца вопыту перад выхадам на міжнародную арэну. Топавыя расійскія каманды маюць добры ўзровень, і мы можам на роўных з імі спаборнічаць.

— А што скажаш наконт Адзінай кантынентальнай лігі 3×3?

— Гэты турнір вельмі моцны, вельмі круты па арганізацыі, па ўзроўні каманд. Калі на Лігу дружбы прыязджаюць не ўсе, то на адзіную кантынентальную лігу ўсе збіраюцца найлепшымі саставамі. «Касячыць» катэгарычна забаронена. Там патрэбна поўная канцэнтрацыя ўсе 10 гульнявых хвілін. Таму што гуляць з сапернікамі, якія вышэй за цябе на 20–30 сантыметраў, — гэта цяжка. І мы паказвалі нядрэнную гульню, але недзе саперніку пашанцавала больш.

— Летам Беларусь прыме ІІ Гульні краін СНД, у праграму якіх уключаны і баскетбол 3×3. Чаго ты чакаеш ад гэтага турніру?

— Я не хачу ўдарыць у гразь тварам перад заўзятарамі. Калі апранаеш майку зборнай Беларусі, ты прадстаўляеш не толькі сябе, а краіну, трэнера, бацькоў. Ты поўнасцю ў адказе за тое, што робіш. А калі гуляеш дома, упэўненасці і матывацыі павінна быць яшчэ болей. Я думаю, што арганізацыя Гульняў будзе на найвышэйшым узроўні, таму што Беларусь ужо прымала такія турніры. Упэўнены, мы пакажам, што беларусы ўвогуле шмат на што здольныя.

— Ілья, падзяліся, калі ласка, сакрэтам сваёй матывацыі.

— У першую чаргу, я люблю баскетбол і гэта мая асноўная матывацыя. Для мяне гуляць у баскетбол — як умець чытаць і пісаць, жыццёва неабходна, гэта мой базавы навык. Мяне матывуюць мае бацькі, блізкія, каханая дзяўчына. Класічны баскетбол, баскетбол 3×3 — алімпійскія віды. У мяне ёсць матывацыя выйграць алімпійскі медаль і ўпісаць сваё імя ў гісторыю.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БФБ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.