Вы тут

У згодзе байкі і санета


Яго шмат чыталі, добра ведалі, але аб ім амаль зусім не пісалі, ды сам ён як быццам гэтага не заўважаў. Аднак жа зважаў, не мог не зважаць на замоўчванне, бо ведаў сабе цану. А хто яшчэ мог аспрэчваць яго першынство ў сатырычным і гумарыстычным спаборніцтве? Хоць якое там спаборніцтва! Сатыра, як сцвярджалі тады, была зброяй у руках партыі. А іх, самых дзейсных стралкоў яе, было некалькі на ўсю літаратуру, якая пасля вайны толькі пачынала гуртаваць свае парадзелыя рады.


Эдуард Валасевіч.

Эдуард Валасевіч у Мінску з’явіўся толькі ў 1952 годзе. У высокім чарнявым мужчыне, што надта звыкла апіраўся на кавеньку, лёгка было пазнаць нядаўняга франтавіка. Сярод яго новых знаёмых, з якімі адразу ж завязалася моцнае сяброўства, таксама былі ўсе тыя, хто прайшоў дарогамі вайны. І іх размовы ніколі не абміналі нядаўніх падзей, хоць кожнага больш ужо цікавілі тэмы літаратурныя. Многія мелі свае кнігі, нават па некалькі. Яго ж першы зборнік «Вершы і байкі» выйдзе толькі праз два гады. Але ў Саюз пісьменнікаў уступіў яшчэ ў 1950 годзе.

Нарадзіўся ў 1918-м у Магілёве. Хоць бацькі, Станіслаў Тамашавіч і Міхаліна Марцінаўна, паходзяць з Беласточчыны, у горадзе на Дняпры апынуліся ў сувязі з вайной. Бацьку працоўны лёс звязаў з чыгункай. Думаў, што і сын пойдзе тым жа шляхам. Ён нават вучыўся ў чыгуначнай сямігодцы. Але калі ў 1935-м памёр бацька, не раздумваючы, пайшоў грузчыкам на чыгунку. У наступным годзе паступіў на рабфак Магілёўскага педінстытута. Так вырашыў яшчэ ў сямігодцы. Не ведаў бацька і ўжо ніколі не даведаецца, што сын жыў яшчэ адным, самым патаемным жаданнем: яго клікала ў свае абдымкі паэзія. Ужо ў 1937 годзе прозвішча Эдуарда Валасевіча мільгала пад допісамі ў газеце «Камунар Магілёўшчыны». У наступным годзе з’явіліся і першыя вершы. Гэта і змусіла перавесціся на літаратурны факультэт педінстытута, які скончыў у 1941 годзе.

Добраахвотна ўступіў у Першы камуністычны знішчальны батальён. Ваяваў у дзеючай арміі на Бранскім і Заходнім франтах. У 1943 годзе цяжка параніла. Пасля доўгага лячэння дэмабілізаваўся інвалідам Айчыннай вайны. Працаваў старшым навуковым супрацоўнікам Дзяржаўнага архіва Аджарскай ССР у Батумі. Вучыўся наноў хадзіць і марыў некалі вярнуцца да толькі што перажытага, якое магло стацца і зусім безвыходным. Яно само прасілася на паперу, змушала да нейкай незвычайнай споведзі, а ён адчуваў, што не гатовы яшчэ да яе. У жанры, на якім спыніў свой выбар, у байцы, таго, вядома ж, сказаць немагчыма. Эзопавага досціпу замала — патрэбна хутчэй за ўсё бачанне і пакутлівае цярпенне празаіка. Пісаў і друкаваў нарысы і часам усё яшчэ верыў, як і яго калегі, што аднойчы перажытае суне ў руку асадку з чарнілам і скажа: «Пішы, час прыйшоў». Але жыццё распарадзілася па-іншаму. Пісаць змусіла не прозу, а санеты. Многія з нас былі здзіўлены тады, калі ўбачылі ў чарговым «Дні паэзіі» яго санеты. Дзіўнае было ў тым, што іх пачаў пісаць закаранелы байкар. А ён толькі ўсміхаўся сваёй вядомай усмешкай, нібыта казаў: «Пачакайце! Хутка прывыкнеце!» Так яно і здарылася. Але тут я сам сябе апярэдзіў. Павінен спыніцца на тым, як сцвярджаў у сабе, упартым ды настойлівым, таго самага байкара.

Байкі пачаў пісаць не адразу. У 1944 годзе пакінуў Батумі і вярнуўся ў Магілёў. У педінстытуце выкладаў фальклор і рускую літаратуру. Аднак затрымаўся ненадоўга, неўзабаве ўжо загадваў аддзелам у абласной газеце «За Радзіму». Выступаў не толькі з нарысамі і вершамі, замалёўкамі і фельетонамі. 22 мая 1945 года газета змяшчае яго артыкул «Вобраз маладога чалавека ў савецкай літаратуры», а ўжо 3 чэрвеня друкуецца апавяданне «Насустрач сонцу». У наступным годзе пачнуць друкаваць і яго байкі. Меркаваў аўтар, што сатыра будзе толькі часовым захапленнем, але ўсё нібыта вырашылі чытачы.

— Не магу патлумачыць, за што я спадабаўся чытачу, — прызнаўся мне неяк. — Пачалі закідваць водгукамі, за вочы ледзь не падкідаючы ўгору. І я павінен быў апраўдваць давер.

Былі даспадобы задзірыста-прыжмуравокія, надта трапныя назіранні і ўражанні чалавека, які вельмі лёгка апранае сваіх герояў у вопратку звяроў і птушак, а потым садзіць іх за канцылярскія сталы, дае ў рукі кіраўнічае начынне. Трэба ж умець адсачыць і паказаць чытачу таго, хто жыве з ім побач, ходзіць аднымі сцяжынамі, есць ледзь не з адной міскі, а падробліваецца і маскіруецца заўсёды пад іншага, а часам гатовы з’есці і цябе самога, калі пашанцуе з апетытам і спрыяльнымі абставінамі.

Служба смеху такая: у яе свой вышук, свая служба пільнасці, свая мера пакарання, ці, мякка кажучы, высмейвання. Усё гэта толькі потым зразумеў. А яшчэ — што аўтару, які бярэ ў свае рукі эзопаўскую зброю, патрэбна смеласць. Лірык можа абысціся і без яе — яму дастаткова чуллівасці ды пяшчоты. А сатырыку, бывае, бракуе звычайнага гневу. Не пашкодзіць і не затушуе яго алегарычнага бляску і філасофскі падтэкст. Само жыццё і самі настойлівыя пошукі сродкаў выразнасці пераконвалі яго ў гэтым. Запэўніваў нават матыль з самай кароценькай ранняй байкі, што мела тую ж назву:

Матыль з начы на вогнішча ляцеў,

А даляцеўшы — ён згарэў.

— Ну і дзівак! На што ён спадзяваўся?

Дзеля чаго ў агонь так рваўся?

Ці ж ён за праўду быў змагар? —

Зласліва празвінеў Камар, —

                    Блазнота!

Лепш змрок і зыбкае балота…

                  А я —

                        За матыля!

Ёсць у Эдуарда Валасевіча байка «Калаўрот», якая, магчыма, і не надта заўважана чытачом, але для яго самога была нібыта творчым арыенцірам. У сваіх пошуках потым увесь час згадваў яе. Размова ж у байцы ідзе пра нейкае мізэрнае адкрыццё, якое і яйка выедзенага не варта, але пра якое крычаць так, нібыта гэта вынаходства веку. Прыкладаў такіх «адкрыццяў» у жыцці колькі хочаш! Тэма, як кажуць, не свежая, не новая, ды і ўвасабленне яе не надта свежае. Чым жа тады гэты твор стаў адметны для аўтара? Ды, мабыць, самой падказкай, што і байкар-сатырык павінен пачувацца нейкім калаўротам, не перастаючы круціцца ў прагным віры жыцця.

Тры вядучыя байкары Беларусі — Кандрат Крапіва, Уладзімір Корбан і Эдуард Валасевіч — не спрачаліся між сабой, чые мядзведзі, ваўкі і зайцы лепшыя, а ў таемным спаборніцтве паўтораў і драбнатэм’я пазбягалі і баяліся. Калі чытач у гэтым сэнсе заўважаў не ўсё, дык крытыкі былі пільныя, асабліва маладзейшыя. Вунь як выстраліў артыкул маладога Анатоля Клышкі «За мухай з абухам». Цяжка было і з пошукам імёнаў сваіх герояў. Усё гэта разумеў аўтар «Калаўрота». Перачытваючы сёння яго байкі, сярод герояў сустракаеш і многія рэчы, дрэвы, музычныя інструменты, тыя ж валуны… Ён шукаў!

Напачатку ўзнікаў пазнавальны партрэт аднаго з творцаў. Выкарыстоўваліся нават яго нейкія вартыя пародыі радкі, і тут, як з негатыва, узнікаў сапраўдны пазітыўны твар героя. Некалі, чытаючы байку «Хамсіст», многія пазнавалі і твар самога творцы, пазнавалі і яго радкі:

Сталічны Пісарчук,

Цыбаты і падгалы,

Прынёс у друк

Аднойчы мадрыгалы:

«У мяне жаданне і ў цябе жаданне…

А як скласці разам —

                                 будзе ў нас каханне!»

Рэдактар прачытаў і пырснуў смехам:

— Бач, адшукаўся Дант!

Ну і пацеха…

Ты ж сам, здаецца, кансультант?..

Сэнс байкі ў тым, што героя-аўтара ў яго творчай працы цікавіў толькі нейкі заробак. І, зразумеўшы, што прыбытку ў яго творчых стараннях чакаць дарэмна, падаўся вырошчваць бульбу. З вёскі вёз у горад на продаж, а назад прыязджаў з бочачкай хамсы. Як на сёння, дык можна б і пахваліць такое зручнае прадпрымальніцтва. Але ў аўтара была зусім іншая задача.

Думаю, няма патрэбы тлумачыць, у чым соль аўтарскай задумы. Хай байка недзе і прайграла ў часе, але партрэт героя надта дакладны. І радкі мадрыгала, якія Эдуард Валасевіч прыводзіць у пачатку вершавання, я неаднойчы чуў у літаратурных кулуарах, пад агульны смех, як парадыйныя. Казалі, чытаючы іх са сцэны, прыгінаўся, бо меў высокі, гоністы рост, і, тыцкаючы рукой у кагосьці з прыгожых жанчын, выпальваў: «У мяне жаданне і ў цябе жаданне…» І жанчына, спалоханая, падхоплівалася і пакідала залу. Мастацкі прыём такога роду быў бяспройгрышны.

Спасылаючыся не толькі на эзопаўскую мудрасць і мову, пільна вывучаючы вопыт Лафантэна, Лесінга і Крылова, настойліва выпрацоўваў сваю методыку сатырычнай выразнасці, надаючы байцы гутарковай народнай вобразнасці і непасрэднасці, выкарыстоўваючы пры гэтым і штрыхі самога малюнка, і алегарычны падтэкст. Яго байкі гучалі не толькі на самадзейных сцэнах — часта іх выконвалі і вядомыя артысты. Памятаю, неяк невялічкім пісьменніцкім гуртом выступалі ў вясковым клубе на Астравеччыне. Вечарам, стомленыя дзённай працай, слухачы прасілі чытаць пабольш гумару. А мы, выступоўцы, амаль усе лірыкі. І тут на сцэну выбягае, менавіта выбягае, сярэдніх гадоў высокі і прыемны мужчына ды пачынае чытаць без ніякай прадмовы самую вядомую байку Эдуарда Валасевіча «Хама». Прымаюць яго шумнымі воплескамі, выгукам і дружным смехам…

— А байка чыя, ведаеце? — запытаўся хтосьці з нас.

— Ды не, — прызнаўся той. — Перапісаў у аднаго знаёмага.

Давялося згадаць прозвішча нашага вядомага байкара. І доўга яшчэ ў яго адрас гучалі апладысменты, а, пакідаючы залу, некаторыя цытавалі самі сабе канцоўку з «Хамы»:

Так жонцы дагаджаць Хама стараўся

Да той пары, пакуль сам не папаўся.

А жонка як? З ім села у турму?

Яна шукае новага Хаму.

Напэўна, не толькі я — шмат хто з нас, знаёмячыся з творамі сатырыкаў ды гумарыстаў, хто не бачыў на свае вочы іх саміх, уяўляюць дужа ўсмешлівымі, дужа няўседлівымі, нават задзірыстымі. Тое, што гэта не так, я зразумеў, калі ўпершыню пабачыў Кандрата Крапіву. Твар сатырыка, чые творы змушалі смяяцца да ўпаду, здалося, не памятаў ніводнай усмешкі. Гэтага не скажаш пра Эдуарда Станіслававіча. Прырода так вымудравала яму вусны, што, здавалася, з іх не сыходзіла ўсмешка нават у час смутку ці роздуму. Ён, пэўна, і нарадзіўся з ёю. Вусны акругляліся, калі размаўляў ды ўсміхаўся, і нагадвалі каўток добрага моцнага напою. Вусны былі трубачкай. Застаўся на нейкім фотаздымку і яго твар з кароценькімі вусамі і цёмнай лёгкай бародкай. Сябры жартавалі: «Бародка ў Эдзіка — ад байкі, а вусы — ад санета».

Праўда, не сунімаліся скептыкі: «Калі байкар пачынае пісаць санеты, дык добрага чакаць не варта». Аднак строгі і разважлівы Кандрат Крапіва ў сваёй прадмове да кнігі выбранага Эдуарда Валасевіча “Лірыка і сатыра” (1988) сказаў так: «Юбілейная кніга паэзіі беларускага байкара Эдуарда Валасевіча “Лірыка і сатыра” (паэт сустракаў сваё сямідзесяцігоддзе. — К. К.) адкрываецца санетамі. Чытач, які звык мець справу з сатырычнымі творамі гэтага аўтара, мабыць, крыху здзівіцца з нагоды такой метамарфозы. Але ж, на маю думку, нічога нечаканага тут няма. У байкара ж таксама жывая, пяшчотная душа, і, пры пэўных абставінах і перыпетыях, скажам, — квітнеючая вясна або залатая восень — душа байкара напаўняецца лірычнымі мелодыямі і, натуральна, спявае!

З гісторыі літаратуры мы ведаем, што пераважная большасць лірыкаў звярталася час ад часу да сатыры. І, наадварот, многія сатырыкі спявалі элегіі і серэнады».

А Рыгор Барадулін у сваіх біяграфічных нататках «На таку майго веку» згадвае, як на пасяджэннях літаб’яднання пры «Чырвонай змене» ў 1950-я гады «байкар Эдуард Валасевіч расказваў пра санет».

З Эдуардам Станіслававічам я пазнаёміўся і пасябраваў, калі працаваў на Рэспубліканскім радыё. Ён узначальваў Беларускае аддзяленне Усесаюзнага агенцтва па аўтарскіх правах СП СССР. Разам са сваім бухгалтарам туліўся ў цеснаватым пакойчыку у засценні часопіса «Нёман». У пакоі амаль заўсёды было людна, бо заходзілі сюды не толькі творцы ад літаратуры, але і люд тэатральны. Часта сустрэчы набывалі і чыста размоўны характар і працягваліся ў пакоях «Нёмана».

Калі выйшаў на пенсію, нярэдка сустракаліся ў яго дома. Мог патэлефанаваць яшчэ з ранку і сваім вясёлым голасам прапанаваць: «Гатую смачны абед, так што прашу да мяне!» І збіралася на кухні цэлая сябрына. Ведаў цану сяброўству і сяброў выбіраў не толькі па ўзросце ды чыне. Прыцягваў сваёй простасцю, шчырасцю і адкрытасцю. Такім жа заставаўся і ў творчасці. Напісана і выдадзена ім шмат. Нават таго, што я маю ў сваёй бібліятэцы з яго аўтографамі, мнагавата для пераліку. Гэта і «Казёл адпушчэння», і «Рак з кляшнёй», і «Рагаты анёл», і «Полюсы», і «Кругавая парука». У яго творчым набытку ёсць кнігі і для дзяцей, а таксама творы драматургіі, а яшчэ шматлікія пераклады. І ўсё ж жанр байкі пераважае. Яму прысвяціў усё сваё творчае жыццё. Шмат якія творы сталі народнымі. Які б век ні прарочылі самой байцы, бясспрэчным застаецца адно: усё таленавітае, у якога ёсць жыццёвая аснова, будзе запатрабаваным.

У любым часе!

Казімір КАМЕЙША

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?