Вы тут

Вучоныя расказалі пра беларускія спадарожнікі і жанчыну-касманаўта, якая адправіцца на МКС


Беларусь у найбліжэйшыя гады запусціць некалькі сваіх спадарожнікаў, якія дазволяць вырашаць самыя розныя задачы: ад маніторынгу сітуацыі вакол атамнай станцыі да ранняга выяўлення захворванняў лесу. Ужо сёння ўласныя спадарожнікі прыносяць практычную карысць, у прыватнасці, дазваляюць выявіць анамальнае павышэнне тэмпературы і загаранне, дзякуючы чаму адпаведныя службы імгненна рэагуюць і прымаюць меры. Таму вялікіх лясных пажараў на тэрыторыі нашай краіны ў апошнія пяць гадоў не назіралася.

Напярэдадні Сусветнага дня авіяцыі і касманаўтыкі, які адзначаецца заўтра, эксперты расказалі, як беларускія навукоўцы ўдзельнічаюць у касмічных даследаваннях і калі беларускі касманаўт адправіцца на МКС.


Акадэмік-сакратар аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі НАН Беларусі Аляксандр Шумілін нагадаў, што наша краіна заўсёды актыўна ўдзельнічала ў касмічных даследаваннях. У 2012 годзе Беларусь стала касмічнай дзяржавай, запусціўшы свой касмічны апарат, якім кіруе і сёння. Для гэтага было рэалізавана шэсць праграм Саюзнай дзяржавы. Сумесна з расійскімі вучонымі іх рэалізавана ўжо сем і прыняты яшчэ дзве. Таксама разам з кітайскімі калегамі беларусы запусцілі свой спадарожнік сувязі, а ў 2018 годзе быў запушчаны трэці спадарожнік, ён спраектаваны і выраблены студэнтамі.

Зараз беларусы сумесна з расійскімі вучонымі працуюць над праектаваннем і вырабам новых спадарожнікаў. Адзін з іх з раздзяленнем 0,5 метра будзе запушчаны ў найбліжэйшай перспектыве. Другі — са звышвысокім раздзяленнем 0,35 метра — цягам 5-6 гадоў. Адметна, што такіх тэхналогій, па словах Аляксандра Шуміліна, у свеце пакуль няма. Сёлета ці ў наступным годзе плануецца запусціць і другі студэнцкі спадарожнік.

Акрамя таго, у Акадэміі навук прыступаюць да распрацоўкі тэхналогій запуску мікраспадарожнікаў.

— Гэта спадарожнікі на невысокай арбіце для адпрацоўкі розных тэхналогій і маніторынгу, у тым ліку стану вакол атамнай станцыі — запатрабаваная тэхналогія для вырашэння эканамічных задач, — адзначыў Аляксандр Шумілін.

Па ініцыятыве Прэзідэнта будзе асвойвацца і новы кірунак у галіне касмічных даследаванняў — пілатаваныя касмічныя палёты. У іх возьме ўдзел першая беларуская жанчына-касманаўт.

— Бываюць розныя спецыяльнасці: касманаўт-урач, касманаўт-выпрабавальнік, а ў нас будзе беларускі касманаўт-даследчык. Падрыхтавана праграма навуковых даследаванняў. Усе асноўныя працэдуры выкананы, дзве жанчыны адабраны, — расказаў Аляксандр Шумілін.

Як дадаў начальнік упраўлення аэракасмічнай дзейнасці апарату НАН Беларусі, намеснік кіраўніка Агенцтва па касмічных даследаваннях НАН Пётр Віцязь, кандыдаты прайшлі адбор. Выбрана, хто — асноўны, хто — дадатковы. Цяпер задача — вывучыць распрацаваную ў Акадэміі навук навуковую праграму. Як толькі тэрміны будуць узгоднены з «Раскосмасам», яны паедуць на падрыхтоўку непасрэдна да палёту.

Аляксандр Шумілін таксама расказаў, чым беларускі касманаўт будзе займацца на арбіце:

— Несумненна, будзе праводзіць выпрабаванні і даследаванні нашай апаратуры «Сава», якая распрацавана ў сістэме Мінадукацыі. Адпраўляючы свайго касманаўта, мы імкнёмся, каб ён выкарыстоўваў абсталяванне, спраектаванае і вырабленае ў Беларусі, для назірання за Зямлёй з космасу.

Паводле яго слоў, актуальныя таксама даследаванні верхніх пластоў атмасферы, лясоў.

— У Беларусі больш за 40 працэнтаў тэрыторыі пакрыта лясамі. Унізе не заўсёды можна распазнаць, калі пачынаецца іх захворванне. Тэхналогіі даюць магчымасць убачыць з космасу магчымыя захворванні і, адпаведна, прыняць своечасовыя рашэнні, — адзначыў Аляксандр Шумілін.

Мае наша краіна поспехі ў стварэнні новых кампазіцыйных матэрыялаў і сістэм аховы для мікраэлектронікі.

— Наш беларускі спадарожнік лятае ўжо больш за 10 гадоў. Стандартныя тэрміны эксплуатацыі для космасу — 5 гадоў. Іх мы пераўзышлі ў два разы. Такім чынам, спраектаванае і вырабленае ў Беларусі абсталяванне ўжо паказала сваю надзейнасць. Дарэчы, адна з рэалізаваных саюзных праграм была прысвечана павышэнню надзейнасці і жывучасці касмічнага апарата. Космас — гэта жорсткія рызыкі. Перапады тэмператур на паверхні касмічнага апарата могуць даходзіць да 200 градусаў, далёка не ўсе прыборы могуць вытрымліваць такія змяненні. Важная і магнітная абароненасць. Нас добра абараняе ад выпраменьвання магнітнае поле Зямлі, у космасе гэтага няма, таму патрэбна пакрыццё, якое забяспечвае ахову. Калі б мы запусцілі спадарожнік, а праз год ён выйшаў са строю з-за выпраменьвання, былі б вялікія эканамічныя страты. Усё абсталяванне трэба скампанаваць, абараніць і забяспечыць сумесную работу. Бо гэта вялікая колькасць мікрасхем, электронікі, сістэм сілкавання. Лічу, што мы можам ганарыцца нашымі распрацоўкамі. Быць даследчыкамі касмічнай прасторы — гэта гуляць у вышэйшай лізе, — рэзюмаваў Аляксандр Шумілін.

Алена КРАВЕЦ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.